https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


70 гадоў таму савецкіх немцаў Паволжа аб`явілі дыверсантамі і шпіёнамі


28 жніўня 1941 года быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, які стаў пачаткам дэпартацыі немцаў Паволжа на спецпасяленне ў Сібір і Казахстан. Навошта гэта рабілася і якія былі нюансы гэтай справы, расказвае гісторык, даследчык нацыянальных працэсаў у Беларусі Уладзімір Гуленка:

— Гэты ўказ, падпісаны Калініным і Горкіным, амаль невядомы шырокаму колу чытачоў, таму для далейшага разумення падзей дазвольце мне спачатку працытаваць яго: "По достоверным данным, полученным военными властями, среди немецкого населения, проживающего в районах Поволжья, имеются тысячи и десятки тысяч диверсантов и шпионов, которые по сигналу, данному из Германии, должны произвести взрывы в районах, населенных немцами Поволжья. О наличии такого большого количества диверсантов и шпионов среди немцев Поволжья никто из немцев, проживающих в районах Поволжья, советским властям не сообщал, следовательно, немецкое население районов Поволжья скрывает в своей среде врагов советского народа и Советской власти. В случае, если произойдут диверсионные акты, затеянные по указке из Германии немецкими диверсантами и шпионами, в Республике немцев Поволжья или прилегающих районах и случится кровопролитие, Советское правительство по законам военного времени будет вынуждено принять карательные меры против всего немецкого населения Поволжья. Во избежание таких нежелательных явлений и для предупреждения серьезных кровопролитий Президиум Верховного Совета СССР признал необходимым переселить все немецкое население, проживающее в районах Поволжья, в другие районы с тем, чтобы переселяемые были наделены землей и чтобы им была оказана государственная помощь по устройству в новых районах...".

Напэўна, вы заўважылі ў тэксце недарэчныя да кантэксце словы: "надзяліць... зямлёй і ўгоддзямі", аказаць "дзяржаўную дапамогу"... Каму? Дыверсантам, шпіёнам і іх укрывальнікам? Праўда, стыль гэтага дакумента можна зразумець, бо ён прымаўся ва ўмовах цяжкага становішча на фронце і было імкненне пазбегнуць любой рызыкі ў гэты час. Аднак, ведаючы хоць трошкі сапраўднае становішча спраў у аўтаноміі, алагічнасць указа проста кідаецца ў вочы. У рэспубліцы тады пражывала 380 тысяч немцаў. Большасць з іх — дзеці, жанчыны і старыя. Акрамя немцаў, жылі там і рускія, казахі, калмыкі — усяго каля 200 тысяч чалавек. Дык што атрымліваецца — усё дарослае насельніцтва з немцаў было шпіёнамі і дыверсантамі? Гэта яны павінны былі "узарваць" сваіх дзяцей і родных на пшанічных палях (бо буйной прамысловасці там не было)? Ці, можа, гэтыя немцы хавалі шпіёнаў і дыверсантаў? Але гэтыя "дзясяткі тысяч шпіёнаў і дыверсантаў" у маленькую аўтаномію на Паволжы проста фізічна не маглі пранікнуць. Бо людзі ў вёсках ведалі адзін аднаго на працягу пакаленняў і незнаёмыя людзі не змаглі б застацца тут незаўважанымі. Дарэчы, так і адбылося: чэкісты, закінутыя сюды ў форме нямецкіх парашутыстаў для праверкі "лаяльнасці" тутэйшага насельніцтва, па ўспамінах відавочцаў, атрымалі дастойны адпор. Дый на пачатак вайны на службе ў Чырвонай Арміі знаходзіліся дзясяткі тысяч савецкіх немцаў — яны нават былі сярод гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

— Чаму ж тады убачыў свет гэты ўказ?

— У свядомасць савецкіх людзей доўгія гады ўкаранялася думка, што указ ад 28 жніўня 1941 года быў жыццёва неабходны. Аргументаў на гэты кошт прыводзілася шмат, але яны ўсе не вытрымліваюць крытыкі. Драматызм лёсу паволжскіх немцаў, як і ўсіх савецкіх немцаў, заключаны ў тым, што іх жыццё неправамерна звязвалася з адносінамі паміж СССР і нацысцкай Германіяй.

Менавіта палітыка фашызму, накіраваная на аб'яднанне ўсіх немцаў незалежна ад краіны пражывання, выклікала насцярожанае стаўленне і да савецкіх немцаў. Так, сапраўды, разлік Гітлера на немцаў з Польшчы, Чэхаславакіі, Югаславіі і Францыі, на думку гісторыкаў, сябе апраўдаў, але ці мог ён абаперціся на немцаў з СССР? Давайце паразважаем. Так, "аб'яднальная" прапаганда нацыстаў эфектыўна ўздзейнічала на немцаў, якія пражывалі ў еўрапейскіх краінах, і прычынай гэтаму былі розныя перадзелы кантынента апошніх гадоў, калі пасля Першай сусветнай вайны Германію пазбавілі тэрыторый, якімі яна валодала стагоддзямі. Але зусім іншай была сітуацыя з немцамі, якія пражывалі на тэрыторыі СССР. Вядома, Гітлер разлічваў на іх падтрымку, але з гэтага нічога не атрымалася. Пра гэта напісаў Луі дэ Іонг у кнізе "Нямецкая пятая калона ў Другой сусветнай вайне": "У Савецкім Саюзе нямецкія органы разведкі не змаглі абаперціся на дапамогу нямецкай нацыянальнай меншасці, бо яна пражывала ў такіх глыбінных раёнах Расіі, што наладзіць з ім сувязі аказалася немагчымым...". Трэба ўзгадаць таксама гісторыю немцаў Паволжа: іх жыццё на той момант было больш за 2 стагоддзі звязана з гісторыяй Расіі, яны ўдзельнічалі ў дзяржаўным, вайсковым, навуковым, літаратурным і эканамічным жыцці, іх прадстаўнікі былі сярод дзекабрыстаў, рэвалюцыянераў і г. д. Такім чынам, яны былі часткай савецкага народа — гэта былі такія ж самыя рабочыя і сяляне, што і ў іншых нацыянальнасцяў.

Безумоўна, калі б было прынята звычайнае рашэнне аб эвакуацыі мірнага насельніцтва з зоны, да якой набліжаюцца баявыя дзеянні, то ўсё выглядала б зусім інакш: не было б і гаворкі пра несправядлівасць, праяўленую ў дачыненні да цэлага народа. Бо хоць указ фармальна тычыўся толькі немцаў Паволжа, але яго дзеянне распаўсюдзілі фактычна на 1,5 мільёна савецкіх немцаў: пачалося іх высяленне з Украіны і Крыма, Каўказа, Масквы і Ленінграда. Вядомыя таксама выпадкі высялення грамадзян нямецкай нацыянальнасці і ў Сярэдняй Азіі. Нямецкія вёскі Сібіры і Казахстана гэтай акцыі не падвергліся, але трэба мець на ўвазе, што шмат якія з гэтых вёсак пасля 37-га года наогул засталіся без мужчын, старэйшых за 16 гадоў.

Перасяленцаў, якія прыбылі ў раёны Сібіры і Каўказа, рассялялі па вёсках па некалькі сем'яў. Пры ад'ездзе ім дазвалялася ўзяць толькі мінімум рэчаў, таму амаль усе яны не былі гатовыя да жыцця ў новых умовах.

— А што было з тымі немцамі, якія ужо служылі ў Чырвонай Арміі?

— У першы год вайны былі знятыя з фронту вайскоўцы нямецкай нацыянальнасці — яны былі мабілізаваны ў працармію, складзеную з перасяленцаў. Яны працавалі ў тайзе, у шахтах, на будаўніцтве ўральскіх заводаў. Пазней у працармію былі накіраваны і нямецкія жанчыны, старэйшыя за 16 гадоў. Дарэчы, у савецкія часы аб працарміі было вядома вельмі мала, нават само слова "працармія" не ўжывалася ў друку. Тыя публікацыі, якія былі, адлюстроўвалі толькі іх працоўны ўнёсак у перамогу. А пра цяжкае фізічнае і маральнае становішча працармейцаў ніхто не пісаў. А варта сказаць, што яны утрымліваліся ў лагерах, абнесеных калючым дротам, на вышках іх вартавалі аўтаматчыкі. На працу трэба было хадзіць пад канвоем. І гэта пры тым, што сярод працармейцаў былі камуністы, камсамольцы, ветэраны грамадзянскай вайны, учарашнія чырвонаармейцы і камандзіры, якія мелі раненні і баявыя ўзнагароды за заслугі перад Радзімай. Не меншым за голад і цяжкую працу быў і маральны груз — іх, савецкіх людзей, лічылі памагатымі фашыстаў. Хоць адзіным крытэрыем вінаватасці гэтых савецкіх немцаў была іх нацыянальнасць.

Цікава, што пабег з працарміі прыраўноўваўся да дэзерцірства з фронту, але, нягледзячы на гэта, з працарміі беглі... на фронт! Бо імкненне ваяваць са зброяй у руках супраць ворага, непрыняцце зневажальных умоў працарміі былі мацнейшымі за страх смерці. Паколькі трапіць на фронт з нямецкім прозвішчам было немагчыма, таму вайскоўцы і працармейцы выдавалі сябе за прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў — напрыклад, яўрэяў, бо прозвішчы былі падобныя. І хто ведае, колькі іх загінула за час вайны пад чужымі прозвішчамі?..

— Пасля Вялікай Перамогі працармейцаў распусцілі па дамах?


— Да канца 1947 года працармія ў асноўным была дэмабілізаваная, і шмат якія савецкія немцы атрымалі права вярнуцца ў тыя месцы, куды іх выслалі ў 1941 годзе. Яны жылі надзеяй на тое, што ім дазволяць вярнуцца ў родныя мясціны, але іх чакала расчараванне: 26 лістапада 1948 года выйшаў новы указ, у якім было напісана, што немцы, як і калмыкі, інгушы, чачэнцы, карачаеўцы, балкарцы, крымскія татары і прадстаўнікі іншых народаў, пераселены навечна і што іх выезд са сваіх месцаў паселішча без асаблівага дазволу органаў МУС караецца катаржнымі работамі тэрмінам у 20 гадоў.

— Няўжо усё савецкія немцы былі такімі сумленнымі і ніхто не пайшоў на супрацоўніцтва з фашыстамі?

— Нельга выключыць факты супрацоўніцтва часткі савецкіх немцаў, якія апынуліся ў акупацыі, з германскімі ўладамі (у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі): з матэрыялаў пра савецкіх немцаў-падпольшчыкаў вядома, што гітлераўцы прыцягвалі іх, напрыклад, у якасці перакладчыкаў. Напэўна, частка тых, хто быў вывезены пры адступленні немцаў у Германію, магла апынуцца і ў складзе гітлераўскай арміі, калі пачалася татальная мабілізацыя. Аднак можна сказаць з упэўненасцю, што на супрацоўніцтва з акупантамі яны ішлі не па "сваяцтву крыві" і не па нацыянальнай прыкмеце: такія выпадкі, як, дарэчы, і ў іншых нацыянальнасцяў, матываваліся асабістымі якасцямі людзей. Казаць пра масавае здрадніцтва савецкіх немцаў, пра нейкія змовы супраць савецкай улады нельга, бо ў гісторыі няма такіх фактаў і прыкладаў.

— Рэабілітацыі савецкія немцы дачакаліся?


— 13 снежня 1955 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў новы Указ "Аб зняцці абмежаванняў у прававым становішчы з немцаў і членаў іх сем'яў, якія знаходзяцца ў спецпасяленні". У адпаведнасці з ім спецпасяленні здымаліся з уліку, а немцы і члены іх сем'яў вызваляліся з-пад адміністратыўнага нагляду органаў МУС. Аднак другі пункт указа паведамляў, што зняцце з немцаў абмежаванняў па спецпасяленні не значыць, што ім даецца права вяртацца ў тыя мясціны, адкуль яны былі выселены. Толькі яшчэ праз дзевяць гадоў чарговым указам з савецкіх немцаў былі знятыя цяжкія абвінавачванні ў памаганні нямецка-фашысцкім захопнікам. Што тычыцца аўтаномнай рэспублікі савецкіх немцаў, то, у адрозненне ад чачэна-інгушскай, карачаева-чэркескай і калмыцкай аўтаномій, якія была адноўлены яшчэ пасля ХХ з'езда, немцам па-ранейшаму не дазвалялі вяртацца ў месцы, дзе яны пражывалі да вайны. А тое, што указ 1964 года не апублікаваў масавы друк, захавала дыскрымінацыйныя моманты ў дачыненні савецкіх немцаў. Пасля 1965 года, калі дэлегацыі савецкіх немцаў двойчы ставілі пытанне аб аднаўленні аўтаноміі, гэты народ поўнасцю пазбавіўся нацыянальнай мастацкай самадзейнасці — на месцах яе сталі разглядаць як "праяўленне нацыяналізму", "імкненне да нацыянальнай адасобленасці", "рассаднік аўтанамісцкіх ідэй" і г.д. Аматарам мастацкай самадзейнасці прапанавалася "спяваць у агульным хоры, з усімі разам". А дазвол вяртацца ў родныя мясціны савецкім немцам быў дадзены толькі ў 1974 годзе.
______________________
Гістарычная даведка:

Прыцягненне замежнікаў у Расію пачалося задоўга да царавання Кацярыны ІІ, але масавым стала ў часы яе праўлення. Выклікана такая неабходнасць была тым, што трэба было засяляць, асвойваць і замацоўваць за царскай каронай ускрайныя землі Расіі ў Ніжнім Паволжы, на Паўночным Каўказе і ў Паўднёвай Расіі. У 1762, 1763, 1764 гадах былі выдадзены царскія маніфесты, якімі замежнікі з еўрапейскіх дзяржаў запрашаліся ў Расію. Першымі былі паселішчы са шматлікіх раздробленых княстваў Германіі, а потым да іх далучыліся іншыя нацыянальнасці — шведы, французы, швейцарцы і галандцы. Але паколькі прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасцяў было не так шмат, з часам яны анямечыліся і сталі таксама называцца немцамі Паволжа. У Першую сусветную вайну назіраліся антынямецкія настроі: у прыватнасці, было прынята рашэнне выселіць нямецкіх каланістаў з Валыні, закрыць нацыянальныя школы, забароніць нямецкую мову ў справаводстве і перапісцы і г. д. Рыхтавалася высяленне і нямецкіх каланістаў Паволжа, аднак Лютаўская рэвалюцыя спыніла гэты працэс. Пасля перамогі савецкай улады з расійскіх немцаў быў сфарміраваны Екацярынінштадскі камуністычны полк, які ваяваў супраць германскіх акупантаў на Украіне. У 1918 годзе І з'езд Саветаў нямецкіх калоній Паволжа прыняў рашэнне аб утварэнні вобласці немцаў Паволжа. 19 кастрычніка 1918 года гэтае рашэнне зацвердзіў Саўнаркам, а ў 1924 годзе аўтаномная галіна была пераўтворана ў Аўтаномную рэспубліку немцаў Паволжа (АССР НП).

Павел Бераснеў
Звязда, 27 жніўня 2011 


 

Кoличество переходов на страницу: 2001


Комментарии