https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чароўнае святло Стэфаніі Станюты


Як жа я ўдзячная лёсу за тое, што мне пашанцавала стаць хоць кропелькай у жыцці гэтай вялікай актрысы!.. Са Стэфаніяй Міхайлаўнай Станютай мы пазнаёміліся ў Віцебску, летам 1990 года, калі Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыехаў з гастролямі ў наш абласны цэнтр. Тут яна радавала мясцовых тэатралаў выкананнем ролі Мод у спектаклі «Гаральд і Мод», пастаўленым тады яшчэ зусім маладым рэжысёрам Мікалаем Пінігіным.

Я не тэатральны крытык і не магу вось так «па костачках» разабраць спектакль. Я проста глядачка, звычайная глядачка. Эмацыянальная і даверлівая, якая прагне даведацца нешта новае, акунуцца ў свет мастацтва, сустрэцца з чужым жыццём. Можа, нават яго пражыць, калі да гэтага вымусіць майстэрская ігра сапраўдных мастакоў. Я плачу з імі і смяюся, пакутую і радуюся. Выбіраю сабе героя ці гераіню, якія імпануюць мне, і іду з імі да канца спектакля.

Так было і на гэты раз. Я выбрала Мод, графіню Мадлен. Узнёслую і такую зямную, дапытлівую і пяшчотную, са сваім успрыманнем падзей, што адбываюцца вакол яе, жартаўлівую і сур’ёзную, самазабыўную і самаахвярную. Яна вяла мяне разам з Гаральдам у свет сваіх захапленняў, чароўны свет паэзіі і музыкі, кахання і сапраўднага сяброўства, дабрыні і любові да ўсяго, што ёсць на зямлі, вучыла не зважаць на нейкія часовыя цяжкасці, што бываюць у жыцці кожнага чалавека, не схіляць голаў пад ударамі лёсу, забіваць у сабе раба. Яна ператварыла Гаральда з бяздумнага васемнаццацігадовага юнака з яго недарэчнымі жартамі (накшталт вытанчаных псеўдасамазабойстваў) у высокаадухоўленую асобу, здольную нават кахаць. Так! Да сустрэчы з Мод гэтае пачуццё яму было невядома; нявесты, якіх сыну «пастаўляла» маці, не цікавілі яго. А вось Мод… Гэтая 80-гадовая жанчына — язык не паварочваецца сказаць «бабуля» — зачаравала Гаральда. Ён прапануе ёй руку і сэрца. Але… позна. Позна таму, што Мод даўно вырашыла ў дзень свайго 80-годдзя памерці. І гэтае рашэнне яна выконвае: за некалькі хвілін да прыходу Гаральда прымае атрутныя таблеткі. Гора юнака невымернае. Ён так пакутуе, што сэрца разрываецца, бачачы яго пакуты.

І тады ў мяне ўзнікае падазрэнне, што Мод не такая добрая, як здаецца да апошніх хвілін спектакля. Яна не мела права пакідаць Гаральда на гэтым свеце аднаго-аднюткага, акружанага натоўпам людзей, якія яго не разумеюць. Ды і не хочуць разумець. Звыкшыся з яго «жартамі», яны не звяртаюць на юнака ўвагі.

Пранізала думка: Мод здрадзіла Гаральду, здрадзіла сваёй смерцю. Прыручыла яго і пакінула. Узгадалася фраза з казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц»: «Ты назаўсёды ў адказе за тых, каго прыручыў». Захацелася тут жа высветліць гэтае пытанне ў выканаўцы галоўнай ролі. І пасля спектакля разам з заслужанай артысткай БССР, актрысай тэатра імя Я. Коласа Людмілай Іванаўнай Пісаравай (на жаль, і яе ўжо няма сярод нас) мы зайшлі ў грымёрку да народнай артысткі СССР Стэфаніі Міхайлаўны Станюты. Я бачыла яе ў многіх кінафільмах, а ў спектаклях чамусьці не надаралася. І вось сустрэча! Вядома, актрыса была стомленая, таму размову мы адклалі.

А назаўтра ў невялікім гасцінічным нумары я расказала Стэфаніі Міхайлаўне пра свае сумненні наконт Мод. Яе вельмі здзівіла мая думка. Яна сказала, што такое чуе ўпершыню і не зусім са мною згодна. Мод не памерла, яна проста перайшла ў іншы стан, у іншае вымярэнне; яна заўсёды будзе побач з Гаральдам: ён гэтага ніколі не заўважыць, але ўсё тое, што Мод дала яму за час кароткіх сустрэч, застанецца з ім назаўсёды. «А як жа каханне?!» — не згаджаюся я. Стэфанія Міхайлаўна пераконвае мяне ў тым, што маладыя вельмі хутка захапляюцца, але і хутка перастаюць кахаць. Так што ў Гаральда гэта пройдзе. «Дай Бог», — думаю я.

А размова перакінулася ўжо на іншае. Гаворым пра сучаснае мастацтва, тэатр, кіно. Згаджаемся, што ў кіно, ды і на сцэне, шмат натуралізму. Нават інтымнае, што магчыма толькі паміж дваімі, толькі для дваіх, выносіцца на ўсеагульны агляд. Сцэны гвалту, зубадрабільных боек, сексу — якое ж гэта мастацтва? Стэфанія Міхайлаўна кажа, што, можа, яна старамодная, але не разумее сённяшні кірунак мастацтва і такім яго не ўспрымае.

— А як вы сябе адчуваеце сярод маладых акцёраў, актрыс у тэатры імя Янкі Купалы? — пытаюся я.

— Такой жа, як яны. Нароўні. У мяне і думкі не ўзнікае, што я старэйшая за іх. Проста мы адзін калектыў, і нам разам працаваць. Усе разам і вырашаем, як лепш рабіць спектаклі.

— Вось вы, чалавек з велізарным не толькі жыццёвым, а і акцёрскім вопытам, сваю ролю іграеце, як бачыце яе, як адчуваеце? Ці цалкам падпарадкоўваецеся рэжысёру?

— Талент акцёра ў тым, каб сыграць так, як патрабуе гэтага ад яго рэжысёр. Рэжысёр бярэцца ставіць спектакль пасля таго, як прачытае п’есу, расставіць акцэнты, убачыць у думках цэласны спектакль, вызначыць акцёраў, якія здольны ўвасобіць яго задуму. Рэжысёр — гэта дырыжор, пад кіраўніцтвам якога п’еса набудзе закончанасць. А акцёры — музыканты, якія выконваюць сваю ролю на сваім інструменце. У выніку атрымліваецца зладжаны ансамбль, які з задавальненнем глядзяць і слухаюць. А што было б, калі б кожны іграў па-свойску ў аркестры? Бязглуздзіца!

Стэфанія Міхайлаўна вядзе мяне да акна, паказвае раскладзеныя на шырокім падаконніку зробленыя яе рукамі пацеркі, кулоны, бранзалеты. Я стараюся ўгадаць, з чаго ж такая прыгажосць. І… памыляюся. Аказваецца, усё з прыроднага матэрыялу. Вось гэтыя пацеркі — з насення жоўтай акацыі і кавалачкаў шышак ліванскага кедра, гэтыя — з насення белай акацыі. Кулон — з матузка карычневай замшы і распілаванага ўпоперак маньчжурскага арэха, пакрытага лакам. Бранзалет — з ачышчаных костачак фінікаў. І ўсё такое неардынарнае, прывабнае, што імгненна ахоплівае думка навучыцца рабіць такія ўпрыгажэнні і насіць самой, дарыць сябрам, як Стэфанія Міхайлаўна (і ў мяне захоўваюцца яе падарункі.)

Потым мы разам доўга хадзілі па Віцебску. Стэфанію Міхайлаўну пазнавалі. Яна бянтэжылася, калі яе спынялі і гаварылі кампліменты. А адзін паклоннік на праспекце Фрунзэ кінуўся да Стэфаніі Міхайлаўны, схапіў яе за рукі і пачаў іх цалаваць, са слязьмі на вачах гаворачы словы падзякі, расказваючы пра сябе, запрашаючы яе дадому. Потым, не маючы пад рукою кветак, каб аддзячыць актрысе за тую асалоду, якую яна яму заўсёды прыносіць, выцягнуў з кішэні пакецік кавы ў зярнятах і спрабаваў перадаць ёй. Я разумела яго, разумела яго і Стэфанія Міхайлаўна, але ад кавы адмаўлялася. Я ўгаварыла яе ўзяць. Чалавеку трэба было нешта зрабіць у тую хвіліну для свайго куміра. Іншага ў яго не было, іншага ён не прыдумаў.

Віцебск — горад і Стэфаніі Міхайлаўны. Маладзенькай актрысай пасля заканчэння Беларускай драматычнай студыі ў Маскве пад кіраўніцтвам В. Смышляева і С. Гіяцынтавай яна разам з выпускнікамі ўсяго курса ў

1926 годзе прыехала сюды — у Беларускі драматычны тэатр, які тады называлі БДТ-2. Наогул, успамінала Стэфанія Міхайлаўна, тады ў Віцебску віравала культурнае жыццё. У той час тут стварала цэлая плеяда выдатных мастакоў. Людзі мастацтва згуртоўваліся, сустракаліся, перадавалі адзін аднаму часцінку свайго светаўспрымання. Хутка віцябляне ўбачылі на сцэне тэатра першыя спектаклі — народную драму «Цар Максімільян» у апрацоўцы Рэмізава і Міцкевіча, «Эрас і Псіхея» Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда. Працавалі акцёры з поўнай аддачай сіл, захоплена і апантана. Гэта быў першы іх тэатр, месца, дзе яны маглі самавыявіцца. Адным словам, гэта было іх жыццё. Стэфанія Міхайлаўна памятала свае першыя ролі, не-не ды заспявае песню з «Цара Максімільяна» (там яна іграла Венеру), раскажа, як працавала над ролямі Псіхеі, Агавы з «Вакханак». Казала, што ўсё быццам учора было.

Выйшаўшы замуж, актрыса вымушана была паехаць з Віцебска ў горад свайго дзяцінства Мінск. Тут яна нарадзілася, хадзіла ў царкоўна-прыходскую школу, потым у гімназію, тут жылі яе родныя. Тата Міхаіл Пятровіч першым заўважыў у дачушкі талент пераўвасабляцца. Ды і наогул Стэфа была пластычная, з выдатным музыкальным слыхам, вельмі любіла танцаваць. Ужо ў 1919-м (а тады ёй было 14 гадоў) яна выйшла на сцэну ў Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі Ф. Ждановіча. І таму бацька без ваганняў дазволіў ёй ехаць вучыцца ў Маскву на актрысу. З цеплынёй і павагай Стэфанія Міхайлаўна ўспамінала бацьку. Гэта напісаны ім «Партрэт дачкі» (які, дарэчы, захоўваецца ў мастацкім музеі Беларусі) па задуме Мікалая Пінігіна «ўдзельнічаў» у спектаклі «Гаральд і Мод». Цяга да прыгожага ў Стэфаніі ад бацькі. Дзякуючы свайму прыроднаму таленту і яго падтрымцы стала яна актрысай.

Прыехаўшы ў Мінск, Стэфанія Міхайлаўна ўладкавалася ў БДТ-1 — цяперашні Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Янкі Купалы — і з 1931 года і да канца жыцця (а пакінула нас легенда беларускай сцэны ў лістападзе 2000-га ва ўзросце 95 гадоў) не расставалася з ім. Колькі роляў сыграла — не пералічыць! Зацыкленасці на нейкім амплуа ніколі не было. Рэжысёры дазвалялі ёй паказваць сябе з розных бакоў. Каго толькі яна ні іграла! Характарныя, камедыйныя, драматычныя ролі — усё было пад сілу таленту. Яе гераіні шчодрыя і чалавечныя, мудрыя і душэўныя. Ярка камедыйныя, востра сатырычныя вобразы ў выкананні Стэфаніі Станюты спалучаліся з высокім драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, набылі закончанасць дзякуючы яе эмацыянальнасці, выразнасці жэста, мімікі, слова, уменню карыстацца іроніяй, гратэскам. А хто не памятае фільмаў з яе удзелам! Нагадаю толькі некаторыя — «Белыя Росы», «Мама, я жывы!», «Трывожны месяц верасень», «Цешча», «Атланты і карыятыды», «Мы — хлопцы жывучыя», «Час выбраў нас», «Развітанне з Мацёрай» і многія-многія іншыя…

Мы доўга гулялі па Віцебску. Мне прыемна было побач з Актрысай, слухаць яе. Ніводзін знаёмы мне чалавек не ведаў столькі, колькі ведала яна. Вечарам у яе быў спектакль, трэба было адпачыць. Ды і костачка на назе назаляла ў не вельмі зручным абутку. Мы купілі палавіну вялікага кавуна і пайшлі да яе ў гасцініцу «баляваць». Стэфанія Міхайлаўна прасіла прабачэння за тое, што няма чым мяне пачаставаць.

— Ведаеш, — казала яна мне, — якія я ў дзяцінстве прысмакі ела! Шакалад з рознай начынкай, вельмі смачнай, прыгожа аформлены. Рознае печыва. Пальчыкі абліжаш! Праўда, гэта яшчэ да рэвалюцыі было. Дзе ўсё падзелася? Вось бы нам гэта на стол! Пачаставала б цябе як мае быць!

Але дарэвалюцыйных прысмакаў няма, і мы рэжам кавун. Ён крэкча пад нажом, распырскваючы чорныя зярняты.

— Я навучу цябе бабчынай прымаўцы, якую яна мне заўсёды паўтарала тры разы перад тым, як пакаштаваць нешта першы раз у сезон, — у вачах Стэфаніі Міхайлаўны загарэліся смяшлівыя агеньчыкі. — «Навіна ў рот, здароўе — у жывот, мядзведжая сіла, зайцоў паварот». Скажы тры разы — і ўсё будзе так.

Мы смяяліся, ласуючыся «навіной», потым размова перайшла на сур’ёзнае. Чаму людзі перасталі хадзіць у тэатр? Дзе, на якім этапе тэатр страціў гледача? Іграюць жа акцёры выдатна, і п’есы добрыя ставяць. 85-гадовая актрыса думала больш не пра сябе, а пра сваіх маладых калег. Як ім будзе працаваць у такой сітуацыі? Ды і наогул цяжэй становіцца. За свой зароблены рубель амаль нічога не купіш, даводзіцца «даставаць»… Дарэчы, назаўтра мы пайшлі з ёю «даставаць» белвестаўскія боты. Яны тады былі па талонах. Народную артыстку СССР загадчыца магазіна ўважыла, толькі папрасіла напісаць заяву з просьбай прадаць ёй абутак. Боты аказаліся вельмі зграбнымі і зручнымі. Стэфанія Міхайлаўна заўсёды дзякавала мне, казала, што ногі ў іх «як спяць», і костачку не намульваюць.

Потым, калі я была ў яе ў гасцях у сціплай кватэрцы, застаўленай кветкамі, па вуліцы Карастаянавай у Мінску, актрыса казала:

— Пашанцавала мне вельмі, як быццам для мяне напісалі п’есу французскія драматургі Хігінс і Кар’ер. Мод — мой агеньчык у канцы тунэля. Не ведаю, ці будзе ў мяне падобная роля. Роля, пры выкананні якой я здолела б так самавыявіцца. Гэта як іграць саму сябе. Разумееш? — і вочы яе зноў загарэліся.

Разумею, яшчэ як разумею. Ад знаёмства, нават сяброўства са Стэфаніяй Міхайлаўнай засталося ў мяне адчуванне, быццам чысцюткай вадой умылася з той крыніцы, да якой яна мяне падвяла. Як яе Мод падвяла Гаральда да чыстага, светлага кахання.

Таццяна КУЗЬМІЧ, г. Віцебск.
Звязда, 8 мая 2015



 

Кoличество переходов на страницу: 1008


Комментарии