Заснавальнік навуковай беларускай археалогіі
(1814 - 1873)
Тышкевічы - шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага. Сярод яго прадстаўнікоў было шмат знакамітых асоб: выдатных палітыкаў, таленавітых военачальнікаў, вядомых вучоных, творчых людзей, шчодрых мецэнатаў. Найбольш вядомымі з Тышкевічаў былі браты Канстанцін і Яўстафій, якія заклалі асновы беларускай навуковай археалогіі.
Яўстафій, малодшы з братоў, нарадзіўся 18 красавіка 1814 года ў Лагойску. Пачатковую адукацыю, як было прынята ў той час у дваранскіх сем'ях, ён атрымаў дома. Багатая бібліятэка, дамашняя калекцыя, у тым ліку старажытных рукапісаў і рэчаў, радавы архіў, апавяданні бацькоў садзейнічалі выхаванню Яўстафія Тышкевіча. З 1824 года ён вучыўся ў Віленскай, а пазней у Мінскай гімназіях. Пасля заканчэння вучобы ў 1831 годзе Яўстафій прыехаў у Пецярбург, дзе працаваў у канцылярыі Ордэнскага капітула Расійскай імперыі. Службу сумяшчаў з работай у бібліятэках, што дало яму магчымасць значна папоўніць веды ў гуманітарных навуках і выявіць новыя матэрыялы па гісторыі Беларусі.
У 1835 годзе Яўстафій Тышкевіч перавёўся ў канцылярыю віленскага генерал-губернатара, а праз некаторы час у Харкаў, дзе атрымаў чын губернскага сакратара. Там ён працаваў у архівах, бібліятэцы Харкаўскага ўніверсітэта, наведваў Кіеў. У 1840 годзе выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў Лагойск. Яўстафій Тышкевіч быў ганаровым апекуном школ, маршалкам шляхты Барысаўскага павета. У 1847 годзе ён стаў членам часовай камісіі па зборы і выданні старадаўніх актаў, грамат і прывілей XVI-XVIII стагоддзяў гарадоў Мінскай губерні. У 1848-1854 гадах быў куратарам Мінскай гімназіі.
Яшчэ з юнацкіх гадоў Яўстафія Тышкевіча прыцягвалі старажытныя помнікі Лагойшчыны. Не звяртаючы ўвагі на свае графскія тытулы, браты Яўстафій і Канстанцін, а часам і бацька, бралі ў рукі лапаты і з дапамогай мясцовых сялян раскопвалі старажытныя курганы. Часам, пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзенне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песні, легенды, паданні, шчырую размову сялян пра побыт, паўдзельнічаць у абрадах. Захоплены загадкамі старажытнага свету, Яўстафій Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высветліць, ці ёсць у іх заканамернасць і сувязь з культурай плямёнаў, што калісьці жылі на Беларусі. Гэта захапленне археалогіяй прыйшло да яго ў 20-гадовым узросце.
Ён вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку і іншых мясцінах, набываў вопыт у аналізе знаходак і іх класіфікацыі. У 1842 годзе Яўстафій Тышкевіч выдаў кнігу "Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы". Даследчык першым даў адказы на многія пытанні археалогіі, заклаў фундамент гэтай навукі ў Беларусі, актыўна прапагандаваў ідэю навуковых кантактаў з археолагамі іншых краін. Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і азнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, ён у 1843 годзе падарожнічаў па краінах Скандынавіі, пабываў у Хельсінкі, Стакгольме, Капенгагене. Працаваў у архівах і бібліятэках, дзе ўдалося знайсці шмат новых матэрыялаў па гісторыі сярэднявечча Польшчы і Беларусі, пазнаёміўся з вучонымі. Усе свае знаходкі і адкрыцці, зробленыя ў час падарожжаў, апісаў у працы "Лісты пра Швецыю".
Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Яўстафій Тышкевіч збіраў матэрыял па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. Вынікам дзесяцігадовых пошукаў стала праца "Апісанне Барысаўскага павета", якую сучаснікі назвалі здабыткам беларускай даследчай думкі XIX стагоддзя. У кнізе адлюстравана шырокая палітра краязнаўчых звестак - геаграфія, гістарычны ракурс у шырокім дыяпазоне, уключаючы апісанне войнаў, побыт гараджан, сялянскае жыццё, апісанне храмаў, мясцовы фальклор. Грунтоўна займаючыся фальклорам, Яўстафій Тышкевіч сабраў больш як 450 прымавак і прыказак.
Асаблівую цікавасць у даследчыка выклікалі музеі, прынцыпы стварэння іх экспазіцый і арганізацыя музейнай справы. Ідэя стварэння музея, які павінен быў стаць цэнтрам гістарычнай навукі і культуры, стала мэтай жыцця Яўстафія Тышкевіча. Першым крокам у ажыццяўленні гэтай высакароднай справы было адкрыццё ў 1842 годзе музея ў радавым маёнтку ў Лагойску. Экспазіцыю склалі сабраныя пры раскопках багатыя археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі (калекцыі манет і гербаў, старажытныя рукапісы і кнігі, зброя рыцараў, творы мастацтва і інш.).
У 1845 годзе ў Вільні ў доме сваяка Яўстафій Тышкевіч арганізаваў краязнаўчую выстаўку. Сюды была перавезена частка дамашняй калекцыі. Толькі праз 10 гадоў, у 1856 годзе, дзякуючы настойлівасці і энтузіязму Тышкевіча, падтрымцы сваякоў і сяброў, добраахвотных ахвяраванняў Віленскі музей старажытнасцей быў урачыста адкрыты ў будынку Віленскага ўніверсітэта. Гэта быў самы шчаслівы дзень у жыцці 42-гадовага Яўстафія, які спецыяльна вывучаў музейную справу ў Даніі і Швецыі. Музей папаўняўся экспанатамі з Мінска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Навагрудка, Ліды, Пінска, Браслава, Паставаў і інш. Яму даследчык ахвяраваў сваю бібліятэку (тры тысячы адзінак) і разам з братам Канстанцінам - археалагічную калекцыю (дзве тысячы адзінак).
Браты заклікалі сучаснікаў, калі тыя нечакана знойдуць у сваіх уладаннях старажытную манету або каменную сякеру, не выкідваць, а ахвяраваць музею з мэтай "папаўнення і вывучэння краю не толькі ў гістарычных, сельскагаспадарчых і статыстычных адносінах". Адклікаліся сябры і нават незнаёмыя: перадавалі ў Вільню самыя розныя знаходкі, пачынаючы ад бронзавай статуэткі старажытнай багіні кахання Мільды і завяршаючы знойдзеным пад Радашковічамі звонам з надпісам: "В лето 6000-е 9 сот 28-е создан бысть сей святой троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек".
Кожную нядзелю наведвальнікі Віленскага музея старажытнасцей любаваліся этрускімі вазамі, рэліквіямі з Пампеі, Геркуланума, а таксама каштоўным крыжам, падораным польскім каралём Жыгімонтам Першым Старым касцёлу ў мястэчку Гайна ў 1514 годзе. "Тлумачальны слоўнік Бракгаўза і Ефрона" прысвяціў музею спецыяльны артыкул.
У 1855 годзе была створана Віленская археалагічная камісія, старшынёй якой стаў Яўстафій Тышкевіч. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў дзейнасць музея была афіцыйна забаронена. У 1865 годзе ў адпаведнасці з загадам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва была створана спецыяльная камісія "для разбору і прывядзення ў належны парадак прадметаў, якія знаходзіліся ў Музеі старажытнасцей". Пачалася вялікая экспрапрыяцыя: па патрабаванні Мураўёва львіную долю экспанатаў вывезлі ў Румянцаўскі музей у Маскву, частку аддалі на захаванне Віленскай публічнай бібліятэцы. Яўстафія Тышкевіча вызвалілі ад усіх пасад, і ён у 1865 годзе, абражаны і зняважаны, пакінуў Вільню. Пазней, дзякуючы намаганням беларускага археолага Івана Луцкевіча, частка калекцыі была знойдзена і ўвайшла ў фонд Беларускага музея ў Вільні.
Памёр Яўстафій Тышкевіч у 1873 годзе. У канцы жыцця даследчык стварыў альбом "Магілы сямейства Тышкевічаў", выдадзены асобнай кнігай у Вільні. З літаратурных твораў захаваліся яго вершы, стылізаваныя пад фальклор, аповесць "Нашы краі", успаміны пра Валенція Ваньковіча, Яна Рустэма, Ігната Ходзьку і інш. Навуковая дзейнасць Яўстафія Тышкевіча была высока адзначана сучаснікамі. Ён быў выбраны ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.
БЕЛТА, 15 апреля 2014
Кoличество переходов на страницу: 2341
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |