https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гедзімін (? — 1341)


Памяць пра Гедзіміна захавалася ў рэштках замкаў на Беларусі і ў Літве. Адзін з іх, Лідскі, або замак Гедзіміна, рэстаўраваны, цяпер ён мае першапачатковы выгляд і сімвалізуе той час — суровы і грубы. У Італіі пачыналася Адраджэнне, пісалі свае неўміручыя радкі Дантэ і Петрарка, а ў гэтым кутку Еўропы людзі думалі, як выжыць у полымі войнаў, як абараніць сваё права на жыццё. Замест храмаў будаваліся замкі, а ў агрубелых душах не было месца для прыгожага і мастацкага.

Ваяр і ўладар Гедзімін пайшоў далей за папярэднікаў у сваіх дзяржаўных здзяйсненнях. Пры ім вялася грандыёзная будоўля мураваных замкаў па лініі Трокі, Вільня, Меднікі, Гародня, Наваградак, Ліда, Крэва, Мядзел. Абапіраючыся на гэтыя замкі, Гедзімін хацеў даць адпор крыжакам. Патрэбна было намаганне ўсёй дзяржавы. Княжацкія слугі зганялі просты люд насыпаць валы, капаць ірвы, збіраць з палёў камяні і цягнуць іх на будоўлю. З тых часоў жывуць выразы: «Каб цябе закаталі ў Вільню горы капаць!» або «Каб ты на Крэўскі замак каменне цягаў!» Нялёгкае было будаўніцтва. Недахоп дойлідаў, майстроў і рамеснікаў Гедзімін кампенсаваў запрашэннем іх з Нямеччыны.

Новай сталіцай дзяржавы Гедзімін робіць былы Крывы — горад пад новай назвай Вільня, ад назвы рачулкі Вілейкі, што ўпадала тут у Вілію (па-беларуску Вяллю). Ужо ў 1323 годзе Вільня ў Гедзімінавых граматах называецца каралеўскім горадам. Лічыцца, што Гедзімін і заснаваў Вільню. У «Хроніцы Быхаўца» расказваецца, як падчас ловаў Гедзімін заснуў на Тур'яй гары і прысніў жалезнага ваўка, які выў, нібыта сто ваўкоў. Вяшчун растлумачыў ягоны сон: «Княжа, воўк вялікі жалезны азначае — горад сталічны тут будзе, а што ў ім унутры раве, дык слава яго будзе сягаць на ўвесь свет». Археолагі адабралі ў Гедзіміна славу заснавальніка Вільні. Яны ўстанавілі, што старажытнае гарадзішча Вільня пад назвай Крывы-горад існавала ўжо ў ХІ—ХІІ стагоддзях. Пасяленне крывічоў знаходзілася і на левым, усходнім беразе Віліі. Пабудаваны Гедзімінам замак на Крывой гары абараняў гэтае пасяленне з Захаду. Узгорыстая мясцовасць вельмі аблягчала абарону горада. «З гэтага вынікае, што не сон пра жалезнага ваўка і не прадраканне чарнакніжніка далі Гедзіміну думку заснаваць тут сталіцу дзяржавы, але веданне вайсковай справы, прычым ён не мог не бачыць выгады размяшчэння. Гедзімін быў вялікі палкаводзец свайго часу і варты прыкладу, хоць ён і паганец», — пісаў ордэнскі пасол Кондрад Кібург.

Адзінае, у чым нельга з ім пагадзіцца, дык сцвярджэнне аб Гедзімінавым паганстве. Князь цытуе Евангелле, ведае Святое Пісанне. Магчыма, ён, як і яго ваяры, спавядаў ідэі ранняга хрысціянства-арыянства, што для хрысціянскіх іерархаў было страшнейшым за паганства.
Менавіта ідэямі арыянства — павагі да чалавека як да боскага стварэння — і можна растлумачыць рэдкую верацярпімасць Гедзіміна. «Я не забараняю хрысціянам служыць Богу па іх звычаі. Русінам — па-свойму, а мы служым Богу па нашым звычаі, і ва ўсіх адзін Бог». Значыць, Гедзімін служыў таму ж Богу, што і хрысціяне, толькі па нашым звычаі. Для католікаў Гедзімін аднаўляе спалены крыжакамі касцёл у Наваградку і будуе новы ў Вільні. Ён падтрымлівае праваслаўную епархію ў сваёй дзяржаве. У нейкай ступені Гедзімін падняўся над рэлігіяй, для яго няма розніцы паміж русінам і літвінам ці жамойтам — усе яны ягоныя падданыя і роўныя перад ім. Пры Гедзіміне ВКЛ вырасла амаль удвая. Гэты феномен гісторыкі тлумачылі «слабасцю заходнярускіх зямель» і нібыта незвычайнай моцай літоўскіх заваёўнікаў — тэорыя, якая цяпер не вытрымлівае не толькі сур'ёзнай крытыкі, але і простых пытанняў. Як маглі аслабець тыя ж Полацк, Віцебск, Смаленск, якія не былі заваяваны татара-манголамі і дзейсна гандлявалі праз Рыгу з Ганзейскім саюзам? А гандаль — першасная крыніца даходу гэтых гарадоў. І як маглі ўзвысіцца спустошаныя крыжакамі літоўскія землі і іх князькі? Адкуль яны бралі гэтыя міфічныя сілы? З лясоў і пушчаў? Заслуга Гедзіміна была ў тым, што ён выступаў як прадстаўнік новай княжацкай дынастыі. Адбылася дынастычная рэвалюцыя, калі ад прадстаўнікоў старой дынастыі Рурыкавічаў, што канчаткова дэградавала і не змагла абараніць сваю краіну і народ і прыняла мангола-татарскае ярмо, проста пазбавіліся. Ліцвінскія князі юрыдычна не падначальваліся Залатой Ардзе, а значыць і на іх уладанні яна не магла прэтэндаваць. Гэта было выратаванне.

Уладу Гедзіміна прызналі шэраг сталіц удзельных княстваў: Менск, Пінск, Тураў, Берасце. У Віцебску княжыў Гедзімінаў сын Альгерд, жанаты з дачкой апошняга віцебскага князя з русінскай дынастыі. Смаленскі князь прызнаваў Гедзіміна сваім «отцом» — уладаром. Такім чынам, амаль усе этнічныя беларускія землі былі сабраны ў адну дзяржаву, што і паспрыяла далейшаму фарміраванню народа, які называўся літвінамі, і толькі ў ХХ стагоддзі пачаў называцца беларусамі.

Гедзіміну ўдалося зрабіць тое, што да яго не змог зрабіць ні адзін старажытнабеларускі князь, нават славуты Усяслаў Чарадзей. У далучаных землях Гедзімін «старыны не рушыў і навіну не ўводзіў», г. зн. захаваў ранейшы ўклад жыцця.

З далучэннем «рускіх земляў» Гедзімін пачаў тытулавацца як кароль літвінаў і русінаў. У яго быў шанц ператварыць ВКЛ у моцную еўрапейскую краіну праз прыняцце каталіцтва. Аб сваім намеры Гедзімін паведаміў у 1322 годзе ў пасланнях да папы і нямецкіх гарадоў. Аднак з-за супрацьдзеяння паганскіх жрацоў і праваслаўных святароў, ордэнскіх інтрыг Гедзімін вымушаны быў адмовіцца ад свайго намеру. Ён цяжка перажываў гэтую няўдачу. Але ўсё ж не хацеў быць закладнікам гістарычных абставін. І пазней у больш спрыяльных умовах ён вярнуўся да свайго намеру. Каб не залежаць ад ордэнскіх ці польскіх святароў, Гедзімін запрасіў да сябе чэшскіх святароў і мноства хрысціян. «Свае ж, параіўшыся, князя атруцілі», — піша чэшскі летапісец Бенеш. А гэта перакрэслівае версію, што Гедзімін нібыта загінуў у 1341 годзе падчас штурму ордэнскага замка Баербург. Гедзімін зрабіўся ахвярай сваёй палітыкі, бо задумаў парушыць старыну і ўвесці навіну.

Як і яго слаўныя папярэднікі Тройдзень і Віцень, Гедзімін ваяваў з Тэўтонскім ордэнам і стрымліваў крыжацкі націск. 27 ліпеня 1320 года Гедзімін разбіў ушчэнт ордэнскае войска на чале з вялікім маршалам Генрыхам фон Плоцке. Аднак крыжакі па-ранейшаму нападалі на Жамойць і Літву, таму Гедзімін у 1325 годзе ахвотна пагадзіўся на саюз з польскім каралём Уладзіславам Лакеткам і нават аддаў сваю дачку Альдону за яго сына. Літвінскія дружыны Давыда Гарадзенскага і Альгерда Віцебскага ў 1326 годзе і 1327-м хадзілі ў паход на Брандэнбург. Падтрымліваў Гедзімін і Рыгу ў барацьбе з ордэнам. Абараняў Гедзімін у 1333-м і 1339 гадах ад маскоўскіх нападаў Смаленск, і, каб не заўчасная смерць, ён мог бы яшчэ шмат зрабіць — прынамсі праз хрышчэнне паганцаў з дапамогай папы ператварыць ВКЛ у каралеўства. І тады можна было пазбегнуць многіх бед і гістарычных пературбацый, не была б заключаная Крэўская ўнія, і гісторыя Літвы-Беларусі склалася б зусім інакш.

Вітаўт Чаропка

Крыніца 



 

Кoличество переходов на страницу: 543


Комментарии