Імя Ефрасінні Савельеўны Зяньковай залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю роднай Беларусі. Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін горада Віцебска — яна заслужыла гэтыя званні бескампраміснай барацьбой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Патрыётка згуртавала вакол сябе для сумеснай барацьбы з ворагам такіх жа юнакоў і дзяўчат з найбліжэйшых вёсак у Обальскую падпольную камсамольскую арганізацыю «Юныя мсціўцы», стаўшы яе сакратаром. На рахунку адважных камсамольцаў — дзясяткі дыверсій. Так падпольшчыкі помсцілі фашыстам за сваю параненую зямлю.
Фруза Зянькова нарадзілася ў вёсцы Ушалы Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі яе былі малапісьменнымі, але ўсяляк падтрымлівалі імкненне сваіх дзяцей да вучобы. Брат Мікалай стаў трактарыстам, а Фруза пасля заканчэння сельскай сямігодкі паступіла ў Віцебскую школу ФЗН швейнікаў. Пасля працавала на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі». У ліку найлепшых работніц была накіравана на вучобу ў швейна-тэкстыльны тэхнікум. Паспела скончыць толькі першы курс, як пачалася вайна. Паспрабавала з групай навучэнцаў прабрацца за лінію фронту, каб стаць байцом Чырвонай Арміі. Але зрабіць гэта не атрымалася. Давялося вяртацца дамоў.
У вёсцы Ушалы Фруза з сяброўкай Валянцінай Шашковай хавалі параненага чырвонаармейца Фёдара Пялюгіна, даглядалі яго. Пра гэта дазналіся фашысты. Байца схапілі, прывязалі да аўтамашыны і волакам прыцягнулі ў Обаль. Пакутніцкая смерць салдата глыбока ўразіла дзяўчат, і яны пакляліся помсціць фашыстам.
У арганізацыю «Юныя мсціўцы» ўвайшлі 38 юнакоў і дзяўчат. Усе яны былі залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя Леніна. Нядаўнія школьнікі, што сталі падпольшчыкамі, забяспечвалі жыхароў навакольных вёсак і станцыі Обаль партызанскімі лістоўкамі. Дзякуючы камсамольцам партызаны ведалі аб размяшчэнні агнявых кропак ворага, перамяшчэнні транспарту па чыгунцы і шашы, аб перадыслакацыі войск. Адважныя мсціўцы амаль кожную ноч здзяйснялі дыверсіі на варожых аб’ектах. Яны спалілі масты на шашы Віцебск — Полацк ля вёсак Ферма і Крупеніна, адправілі на той свет зондэрфюрэра СС і трох афіцэраў, якія яго суправаджалі, залажыўшы міну запаволенага дзеяння ў аўтамабіль. Пазней узарвалі станцыйную вадакачку, арганізавалі дыверсіі на льнозаводзе, электрастанцыі, кірпічным заводзе, у камендатуры.
Былы камісар партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Леніна Барыс Маркіянаў успамінаў: «Кіраўніком падпольнай маладзёжнай арганізацыі была выбрана менавіта Фруза, таму што да таго часу выканала дзясяткі адказных і складаных заданняў, зарэкамендавала сябе выдатным арганізатарам і заслужана карысталася аўтарытэтам сярод таварышаў. Патрыётка, нягледзячы на смяротную небяспеку, кожныя два дні прыносіла ў атрад разведвальную інфармацыю, якую атрымлівала ад Мікалая Аляксеева і Ніны Азолінай, аб руху варожых эшалонаў на фронт і з фронту, характары грузаў».
Зямля гарэла пад нагамі акупантаў. А падпольшчыкі доўгі час заставаліся няўлоўнымі. Толькі пры дапамозе правакатара фашысты натрапілі на след патрыётаў. У канцы лета 1943 года амаль усе былі арыштаваны, а восенню пасля жорсткіх катаванняў і здзекаў расстраляны, не выдаўшы тых, хто застаўся на волі. Толькі дзякуючы шчасліваму выпадку не трапіла ў лапы фашыстаў Фруза. Яна вярталася з задання з Полацка (вазіла туды міны), а Аркадзь Барбашоў, які пазбег арышту, здолеў папярэдзіць яе. Акупанты, не знайшоўшы Фрузы, як заложніц арыштавалі, а потым расстралялі яе маці і цётку.
Вярнулася з вайны Ефрасіння Савельеўна з падарваным здароўем і параненай душой. Пасля вызвалення Віцебска была на камсамольскай рабоце ў Чыгуначным райкаме камсамола. Выйшаўшы па стане здароўя на пенсію, доўгі час працавала ў гарваенкамаце. Нарадзіла і выхавала дачку Святлану, якая стала ўрачом. А кім будзе ўнучка Вікторыя, даведацца не паспела: цяжкая хвароба скасіла Ефрасінню Савельеўну ў 1984-м у 60-гадовым узросце…
«Маё шчасце ў тым, што я здолела прайсці, не спатыкнуўшыся, па цяжкіх дарогах жыцця, усім смерцям назло, перажыць вайну, убачыць сваімі вачыма пераўтвораную, залечаную ад ран родную зямлю, убачыць сонечнае дзяцінства сваёй дачкі Святланы, — гаварыла Ефрасіння Савельеўна ў адным з інтэрв’ю. — Я шчаслівая і ад усведамлення таго, што мне ёсць на што азірнуцца, што для сённяшняй радасці дачкі, для сённяшніх усмешак усіх нашых дзяцей нешта зрабіла і я».
Ефрасіння Савельеўна была камунікабельным, даступным чалавекам, нягледзячы на высокія званні. Яе акружалі шматлікія сябры. І цяпер, у дзень яе нараджэння ля магілы збіраюцца людзі, успамінаючы яе гераічныя справы, ускладаюць кветкі. Яна рабіла ўсё, каб заўтра не памерла ніколі…
Кoличество переходов на страницу: 952
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |