У Нацыянальным гістарычным музеі прэзентавалі копію друкарскага станка Іагана Гутэнберга і высокатэхналагічны макет скарынаўскай Бібліі
Гэтыя прадметы зоймуць сваё месца ў экспазіцыі музея і будуць знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй і традыцыямі кнігадрукавання.
Вынаходства друкарскага станка Іаганам Гутэнбергам у сярэдзіне ХV стагоддзя сталася сапраўднай рэвалюцыяй у распаўсюджванні інфармацыі і ведаў. Калі раней кнігі каштавалі вялікіх грошай і былі даступныя толькі заможным людзям, то новая тэхналогія зрабіла іх вытворчасць нашмат больш хуткай і таннай, а значыць, навука і асвета наблізіліся да простых людзей.
Мастак Юрый СУХАЎ, які спецыяльна для музея стварыў копію гутэнбергаўскага станка, расказаў, што цікава было працаваць не толькі над узнаўленнем самога механізма, але і назіраць за тым, як фарміравалася, акрэслівалася тэхналогія кнігавыдання. Знешні выгляд і адметнасці гэтага механізма творца запазычыў, падгледзеў у Маскоўскім гістарычным музеі, дзе захоўваецца ўзорны стан. Там жа ёсць і апісанне дэталяў станка. Калі спрасціць, то ён складаецца з двух слупоў, змацаваных перакладзінамі, што фіксуюцца з дапамогай кліноў; паміж імі — прэс, які прыводзіцца ў рух рычагом і перадае на паперу ціск.
— Вельмі важна было, каб знешне станок быў падобны на гутэнбергаўскі і працаваў. Дзякуючы гэтаму прадмету сёння мы можам уявіць, як пачыналася беларускае кнігавыданне і які механізм наш першадрукар Францыск Скарына ўзяў за аснову ў сваёй працы, — дадае Юрый Сухаў.
Дарэчы, падобны стан, выраблены мастаком, знаходзіцца і ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.
У пачатку верасня з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы ў Мінск «завітае» пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 года, але часткі гэтай кнігі беларусы могуць пабачыць і нават пагартаць ужо сёння. Праўда, у выглядзе высокатэхналагічнага макета.
— На гэтым работа па папаўненні інтэрактыўнага кніжнага фонду не скончылася, будзем алічбоўваць іншыя старадрукі з нашай калекцыі, дапаўняць кнігазбор картамі, — кажа намеснік дырэктара гістарычнага музея Аляксандр ХРАМОЙ. — Так наша спадчына становіцца бліжэйшай, і мы маем магчымасць пабачыць нават тыя рэчы, што знаходзяцца далёка ад Беларусі, але з'яўляюцца часткай нашай гісторыі і культуры.
Са спадчынай Скарыны наведвальнікаў музея пазнаёміць і новы інфакіёск. Тут, на інтэрактыўнай старой карце, можна ўбачыць месцы, дзе бываў і працаваў першадрукар, а на новай карце пазначаныя гарады, дзе ёсць помнікі выдатнаму асветніку.
Сімвалічна, што хутка новыя тэхналагічныя распрацоўкі з гістарычнага музея будуць прадстаўленыя на радзіме першадрукара. Іх пабачаць наведвальнікі Свята беларускага пісьменства ў Полацку.
Марына ВЕСЯЛУХА
Кoличество переходов на страницу: 447
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |