https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ігар Лучанок: Мая палітыка — гэта мае песні


Гаварыць з Лучанком — ох як няпроста. Але дужа цікава. Ён — чалавек імпульсіўны, эмацыянальны, парывісты. У нечым наіўны, безабаронны, як дзіця. І як дзіця — даверлівы, ранімы. Аднак, калі справа датычыцца рэчаў для яго важных, прынцыповых, Ігар Міхайлавіч становіцца рэзкім, катэгарычным, бескампрамісным. З-за гэтага часам узнікаюць непаразуменні, канфлікты.
______________________________________________________

Зрэшты, такое бывае ва ўсіх геніяльных людзей. А тое, што Лучанок — геніяльны кампазітар, не могуць адмаўляць нават яго апаненты.

Ігар ЛучанокЁн — меладыст ад Бога. Нават калі б ён стварыў толькі адну песню «Мой родны кут» на словы Якуба Коласа, то і пры гэтым імя Лучанка засталося б навечна ў аналах нацыянальнай культуры. Здавалася б, простая, бясхітрасная мелодыя, але колькі ў ёй закладзена пяшчоты, любові да роднага краю, якія глыбіні ўтрымліваюцца ў гэтым народным, да слёз беларускім меласе. Таму не дзіва, што ў песні, хоць ёй ужо не адзін дзясятак гадоў, розныя выканаўцы працягваюць адкрываць усё новыя і новыя фарбы, новыя адценні, новыя нюансы.

Не так даўно на юбілейным канцэрце Нацыянальнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча «Мой родны кут» выконваў Пётр Ялфімаў у суправаджэнні народнага аркестра і камернага хору. Я не ведаю, якія чароўныя кнопачкі знайшлі ў гэтай мелодыі выканаўцы, але адбыўся самы сапраўдны цуд: песня загучала дзівосна свежа, неверагодна кранальна і гэтак магутна, духаўздымна, што зала слухала, стаіўшы дыханне, а пасля ўзарвалася шквалам гарачых, удзячных воплескаў, якія не аціхалі, напэўна, хвілін дзесяць.

А ў Лучанка ж такіх песень — дзясяткі, сотні. «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Зачарованая мая»… Можна пералічваць і пералічваць. А ён не стамляецца пісаць новыя творы. Заўсёды ў жыццёвым і творчым палёце.

Да Лучанка слава, прызнанне прыйшлі даволі рана. Яму было ўсяго дваццаць восем, калі ягоная песня «Памяць сэрца» атрымала першую прэмію на Усесаюзным конкурсе савецкай песні. Сам старшыня журы, легендарны Леанід Уцёсаў падышоў пасля да маладога кампазітара і, моцна паціснуўшы руку, выказаў цёплыя словы ўдзячнасці.

У дваццаць дзевяць Лучанку была прысуджана камсамолам прэмія Беларусі, у трыццаць чатыры — прэмія Ленінскага камсамола, у трыццаць восем — Дзяржаўная прэмія БССР. Ён узнагароджаны ардэнамі «Знак Пашаны», Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, Францыска Скарыны, шматлікімі медалямі.

Усе самыя высокія званні атрымаў, калі яму не было яшчэ і пяцідзесяці. Заслужаны дзеяч мастацтваў — у трыццаць пяць, народны артыст БССР — у сорак чатыры, народны артыст СССР — у сорак дзевяць. Ён адзін з нямногіх у Беларусі, хто мае ганаровае званне заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

І абсалютна дакладна: І. Лучанок — першы беларус, які стаў уладальнікам імянной зоркі на Плошчы зорак эстрады ў Маскве. А вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі напісаў пра жыццё і творчасць слыннага кампазітара дзве цудоўныя кніжкі — «Басанож па зорках» і «Мелодыя душы».

Многія дзеячы савецкай, расійскай і беларускай культуры паспелі сказаць пра Ігара добрыя словы.

Ціхан Хрэннікаў: «Ігар Лучанок валодае меладычным дарам і добра адчувае песенны вобраз. Сваёй музыкай ён узбагаціў нашу агульную культуру».

Леў Ашанін: «Лучанок ніколі не гнаўся за модаю, за сенсацыйнымі трукамі. Ён жыве ў музыцы».

Іван Мележ: «Дарагі Ігар, з адной толькі «Спадчынай» ты ўжо смела можаш крочыць у вечнасць».

Пімен Панчанка: «Трансліраваўся творчы канцэрт Лучанка з Калоннай залы Дома Саюзаў. Надзвычай цікава. Таленавіты, чорт!»

Сам жа Ігар Міхайлавіч сказаў пра сябе вельмі сціпла: «Мару, каб душа мая, якую я ўклаў у песні, хаця б маленькай часцінкай перадалася маім слухачам, тым, хто любіць народную мелодыю, хто адчувае ў маіх песнях святло, надзею.

Буду шчаслівы, калі застануцца хаця б адна-дзве мае песні. Тады і я, кампазітар, буду жыць».

Мой родны кут

— Ігар Міхайлавіч, гэта праўда, што вы паходзіце са старажытнага дваранскага роду?

— Праўда. Але я даведаўся пра гэта нядаўна. І то не сам. Мне дапамог мой сябра, пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Калі ён узяўся пісаць пра мяне кнігу, то вырашыў заглыбіцца ў архівы, даследаваць карані нашага роду. І высветлілася, што мая маці Аляксандра Герасімаўна Жук — са старажытнага дваранскага роду. Роду, які вядомы яшчэ з Сярэднявечча.

Першым даўным-даўно зарэгістраваў свой сямейны герб сандамірскі ваявода Ян. І адбылося гэта ажно ў 1352 годзе. Амаль семсот гадоў таму. Во куды, у якую глыбіню, сягаюць карані нашага роду!

Не магу сказаць, ці ведалі пра гэта мае бацькі. Ва ўсялякім разе, размовы такой дома ніколі не вялося. Пры савецкай уладзе ганарыцца гэтым не даводзілася. Наадварот, сваё шляхетнае паходжанне старанна замоўчвалі, інакш можна было атрымаць ярлык «вораг народа», «агент польскай дэфензівы». Ва ўсіх анкетах, біяграфіях звычайна пісалі: з сялян альбо з рабочых.

— Вы згадалі пра сямейны герб. Ці маеце вы яго выяву? Што сімвалізуе ваш герб?

— Маю. Дзякуючы таму ж Ліпскаму, які знайшоў гэты герб у архівах і зрабіў мне яго копію. Што на ім адлюстравана? На блакітным полі — срэбная падкова з замацаваным зверху срэбным крыжам. На ім, гэтым крыжы, сядзіць чорны груган з залатым пярсцёнкам у дзюбе. А яшчэ там намаляваны рыцарскі металічны шлем — як знак таго, што ў гэтым родзе былі воіны, абаронцы Айчыны. Карона ж — сімвал знатнасці, улады, велічы. Срэбная падкова — на шчасце, а крыж над ёй — знак заступніцтва Бога.

— Мець такі герб — трэба было заслужыць. Гэта вялікі гонар і пашана. Чым жа займаліся вашы далёкія продкі? У якіх мясцінах яны жылі? Чым праславілі нашу зямлю?

— З тых Жукоў, з якіх паходзіць мая маці, усе былі землеўладальнікі. Адзін з іх — Людвіг Аляксандравіч Жук, матчын прапрадзед, меў 81 дзесяціну зямлі. Чым ён займаўся яшчэ, акрамя хлебаробства, архіўныя дакументы не паведамляюць.

А вось пра яшчэ аднаго продка, майго прапрадзеда Фёдара Лучанка, сёе-тое ўдалося раскапаць. Аказваецца, ведучы немалую сялянскую гаспадарку, ён выконваў яшчэ і абавязкі войта. Па тым часе — гэта немалая пасада. Па сутнасці, ён быў начальнікам над жыхарамі сваёй, а можа, і суседніх вёсак.

Пазней Фёдар Лучанок пераехаў у Язоўкі Ігуменскага павета, меў там немалы надзел зямлі. Унук яго Лукаш стаў бацькам Міхаіла, а той — маім бацькам.

Дзеда Лукаша помню слаба. Ён памёр, калі мне было чатыры гады. Але ведаю, што гэта быў высокі, дужы мужчына. Гаспадар. Поля меў не багата — шэсць дзесяцін, аднак жыў заможна. Калі прыйшлі агітаваць за калгас — усё аддаў, а сам у калгас не пайшоў. Застаўся адзінаасобнікам. Спяваў у царкоўным хоры. Чытаў Біблію.

Лукаш быў тройчы жанаты, а памёр бабылём. Такая вось доля…

— А як склалася доля ў вашых бацькоў?

— Напачатку здавалася, што і мой бацька застанецца на зямлі, падоўжыць род хлебаробаў. Ён рана навучыўся касіць і араць, малаціць і сеяць. Умеў абыходзіцца з канём, кароваю. Аднак душа яго цягнулася да іншага. Змайстраваў дудку, падбіраў на ёй галасы птушак, выводзіў мелодыі, якія гучалі тады на вясковых вяселлях, вечарах танцаў.

Лукаш бачыў гэтае захапленне сына, але не замінаў яму. Наадварот — заахвочваў. Адшкадаваўшы немалыя грошы, купіў нават сапраўдную скрыпку. Больш за тое, адвёз сына за рэчку Чарняўку, у вёску Заботы — да Сідаравых хлопцаў. Каб навучылі Мішу іграць на гэтым няпростым інструменце. І кемлівы, таленавіты хлопец так авалодаў скрыпкаю, што пагалоска пра музыку-самавука дайшла ажно да дзядзькі Галубка.

— Да Уладзіслава Галубка, знакамітага тэатральнага рэжысёра і акцёра? А як гэта адбылося?

— Трупа Галубка, як вы ведаеце, была вандроўнай. Аднойчы яна апынулася на Ігуменшчыне. Нехта падказаў Галубку, што там-та і там-та ёсць такі хлопец, які выдатна іграе на скрыпцы. Уладзіслаў Іосіфавіч паслаў ганца ў Язоўкі. А потым была сустрэча і з самім Галубком. Пра што яны гаварылі, як дамовіліся — бацька асабліва не расказваў. Але ў кнізе ўспамінаў пра Уладзіслава Галубка ёсць невялічкі аповед і майго бацькі. Дык вось ён там піша, што Галубок доўга з ім размаўляў, расказваў пра сваіх артыстаў, перасоўны тэатр і нарэшце запрасіў працаваць разам. І бацька пагадзіўся.

Так Міхаіл Лукіч Лучанок стаў, як запісана ў адной з яго анкет, рабочым сцэны Беларускага дзяржаўнага перасоўнага тэатра БССР. І адбылося гэта 20 лютага 1926 года.

«Але чаму рабочым сцэны?» — можаце запытацца вы. Адкажу. Паколькі гэта быў тэатр на калёсах, то кожны артыст, калі была патрэба, станавіўся і грузчыкам, і рабочым сцэны, і асвятляльнікам, і прыбіральшчыцай. Вось Міхаіла Лукіча і запісалі ў рабочыя. Напэўна, яшчэ і дзеля пралетарскага каларыту. Хаця асноўная праца ў яго была, канешне ж, у тэатральным аркестры.

— А маці ваша мела якое-небудзь дачыненне да тэатра, да мастацтва наогул?

— Ніякага.

— Дык як жа яны пазнаёміліся, калі жылі далёка адно ад аднаго?

— Пазнаёміліся падчас гастроляў тэатра ў Крупскім раёне, дзе Аляксандра Герасімаўна працавала настаўніцай. Яна ўжо скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, прыродазнаўчае аддзяленне, і мела адпаведны дыплом. Тады гэта было вялікай рэдкасцю — універсітэцкая адукацыя. Таму, відаць, простаму сялянскаму хлопцу, скрыпачу-самавуку, няпроста было заваяваць сэрца адукаванай дваранкі. Аднак жа неяк заваяваў!

Пажаніліся мае бацькі ў 1931 годзе. Прыехалі ў госці да Лукаша ў Язоўкі. А той рады: сын узяў жонку вучоную, з багатай сям’і. Зладзілі вяселле. І пражылі Аляксандра Герасімаўна і Міхаіл Лукіч ў любові і згодзе пяцьдзясят тры гады.

Спачатку жылі ў Мінску. Здымалі пакойчык у доме на Ігуменскім тракце — цяпер вуліца Маякоўскага. У гэтым доме нарадзілася мая старэйшая сястра Ларыса, а пазней, у 1938 годзе, і я. Бацька паспеў ужо скончыць медыцынскі інстытут і атрымаць дыплом урача. З тэатрам Галубка, відаць, не без настойлівых угавораў маладой жонкі, ён развітаўся яшчэ ў 1931 годзе.

У энцыклапедыі вы можаце прачытаць, што я нарадзіўся ў Мар’інай Горцы. Гэта няпраўда. Не верце гэтаму. Нарадзіўся я ў Мінску, але пражыў у ім усяго трыццаць восем дзён. Справа ў тым, што па заканчэнні медінстытута Міхаіл Лукіч атрымаў накіраванне ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Было месца і ў Мінску, але яго адправілі ў правінцыю. Відаць, з надзеяй, што той больш у сталіцу не вернецца. Як-ніяк ён цэлых пяць гадоў працаваў з самім Галубком, а Галубок — «вораг народа». Таму яго лепш трымаць на адлегласці.

Псіхбальніца знаходзілася на ўскраіне Магілёва, у пасёлку Пячэрск. Нашу сям’ю пасялілі тут жа, на тэрыторыі бальніцы, у асобным цагляным доме. Папраўдзе кажучы, жыццё тут, за бетоннай сцяной, сярод душэўна хворых людзей давалася бацьку нялёгка. Ды і нам з сястрой не было асабліва куды выйсці пагуляць.

Скарыстаўшыся тым, што дачцэ трэба ісці ў першы клас, а ў Пячэрску школы не мелася, і што жонцы-настаўніцы таксама няма працы, Міхаіл Лукіч стаў прасіцца, каб яго перавялі ў бальніцу Магілёва. І летам 1940 года мы пераехалі туды ў жылы раён чыгуначнай станцыі. Пасяліліся ў доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. Сястра пайшла ў школу, а бацька стаў працаваць на трыццатым урачэбным участку станцыі Магілёў.

Ды радасць наша была кароткай. Мне не споўнілася і трох гадоў, калі пачалася вайна.

Трывожная памяць

— Ігар Міхайлавіч, а вы тое ліхалецце крыху памятаеце? Як склаўся лёс вашай сям’і з пачаткам вайны?

— З вайной усё пераблыталася ў нашай сям’і. Я тады, хоць і маленькі быў, памятаю адзін эпізод. Мы некуды беглі, вакол нас узрываліся снарады. І раптам у маім чаравіку развязаўся шнурок. Мы прыпыніліся, каб завязаць. І тут наперадзе ўзарвалася бомба. Калі б мы пабеглі, нас бы накрыла…

Яшчэ помню, як начавалі ў лесе паблізу Пячэрска. Мы — мама, сястра Ларыса і я — уцяклі туды з Магілёва, які немцы бамбілі. Бацьку мабілізавалі крыху раней. Перад самай вайной ён скончыў трохмесячныя курсы і атрымаў званне ваенурача 3-га ранга. З пачаткам вайны яго прызвалі на службу. На шчасце, яму яшчэ ўдалося ўзяць дазвол на эвакуацыю сям’і. У тыя дні якраз фарміраваўся новы эшалон на ўсход. Мы паспелі трапіць на гэты цягнік. Ехалі ў таварным вагоне. Людзей — як мурашак. Над намі ляталі самалёты, кідалі бомбы. Цягнік часта спыняўся, загружалі раненых. Урэшце рэшт мы даехалі да станцыі Марозаўская, гэта пад Сталінградам, і нас высадзілі. Зімавалі на хутары Бакланава, у доме Марачкіных. У гаспадыні сваіх было пяцёра дзяцей ды нас яшчэ трое. Галадалі і мёрзлі страшна.

Але аднойчы здарыўся цуд. Бацька, якога вайна прывяла на Сталінградскі фронт, адшукаў нас на хутары і забраў да сябе. Некалькі дзён мы жылі ў Сталінградзе на вакзале. А пасля пераехалі ў Сальск, куды бацьку накіравалі на працу.

— Ігар Міхайлавіч, вайна пакінула ў вашай душы балючы след?

— Як вам сказаць… Часам было вельмі страшна, асабліва калі побач узрываліся снарады, калі на маіх вачах гінулі людзі. Няпроста перажыць холад і голад. Але дзяцінства ёсць дзяцінства. Помню, мы, хлапчукі, злавілі ў полі зайчыка. Пушысценькі такі, шэранькі, цёплы. Ён галодны, і мы галодныя. Але гулялі разам, не пакрыўдзілі звярка.

Альбо яшчэ. Перад вачыма, як жывы, стаіць дзень, калі з Сальска вытурылі немцаў. Выйшаў я на вуліцу, іду па шарпаку, нагой ільдзінкі падбіваю. Хораша так, весела!..

Помню, як прывялі мяне ў школу, у першы клас. Сцены напалову разбураныя — у будынак трапіла бомба. Холадна. Чарніла замярзала. А сшыткі мы рабілі з газет. Пісалі на палях, між радкоў… Але прага да вучобы была вялікая. Усім нам хацелася хутчэй стаць дарослымі, адукаванымі і ўключыцца ў аднаўленне разбуранай краіны.

Ёсць у мяне пра знаходжанне ў Сальску і матэрыяльнае сведчанне. За некалькі дзён да ад’езду на радзіму мы з мамай пайшлі на мясцовы рынак. Там інвалід, мастак-самавук, маляваў партрэты ўсіх жадаючых. Мама пасадзіла мяне перад ім, і праз паўгадзіны партрэт быў гатовы. З надпісам: «Сальск, 21 ліпеня 1946 года».

Праз тыдзень мы зноў садзіліся ў таварняк, і за нашым вагонам, помню, беглі мае аднакласнікі з чыгуначнай школы нумар дзевяць і махалі мне на развітанне рукамі.

А ў мяне наперадзе была сустрэча з роднай Беларуссю, якую я мала ведаў, але якая вабіла мяне і хвалявала.

Нараджэнне песні

— Ігар Міхайлавіч, якім вам запомнілася вяртанне на радзіму — радасным, шчаслівым ці, можа, наадварот, сумным, тужлівым?

— Ведаеце, дзіцячая душа — надзвычай чуйная да ўсяго і пераменлівая ў настроях. Развітанне са школьнымі сябрамі, з горадам, у якім мы пражылі амаль пяць гадоў, канешне ж, не магло не выклікаць у маёй душы шчымлівай тугі. Але як толькі цягнік пайшоў па беларускай зямлі, радасць і ўсхваляванасць бацькоў перадалася і мне. Я з вялікай цікавасцю разглядаў гарады, праз якія мы праязджалі, — Гомель (тут бацька працаваў на самым пачатку вайны), Бабруйск (калыска мамінага дзяцінства), невядомыя мне Асіповічы…

А сышлі мы на станцыі Пухавічы. Убачылі звычайныя вясковыя хаты, самотныя, бязлюдныя вуліцы і разгубіліся. Бацька стараўся нас развесяліць, падбадзёрыць:

— Ну, што насы павесілі? Бярыце рэчы і пойдзем шукаць наш маёнтак.

Маёнткам аказаўся прыстанцыйны драўляны барак. Адна яго палова прызначалася для жылля, а ў другой размяшчалася чыгуначная амбулаторыя. Начальнікам гэтай медыцынскай установы і стаў мой бацька.

Аднак у бараку мы пражылі не доўга. Бацька вырашыў пасяліцца ў Мар’інай Горцы, раённым цэнтры. Ён перавёз з вёскі Язоўкі бацькоўскі дом, які пуставаў з вайны. Накрыў яго шыферам, пафарбаваў, прыбудаваў веранду, выкапаў калодзеж, агарадзіў сядзібу новенькім плотам. Мама пасадзіла на ўчастку шмат кветак, вінаград, некалькі кустоў бэзу, грэцкі арэх, айву. А самае галоўнае — на агародзе раслі агуркі, памідоры, клубніцы, якія мне, васьмігадоваму хлапчуку, здаваліся тады найсмачнейшымі ў свеце.

У новым доме час ад часу гасцявалі сваякі — бацькавы сёстры Тоця і Насця, якія пешкам прыходзілі з Язавак, за трыццаць кіламетраў, а часам збіраліся калегі, сябры бацькоў. І тады мама ставіла на стол сваю фірмовую ягадна-яблычную наліўку, а бацька даставаў скрыпку — і да позняй ночы ў хаце гучалі песні.

Усё гэта разам стварала атмасферу ўтульнасці, камфорту, абжытасці і давала адчуванне сапраўднага шчасця.

— І колькі вы пражылі тут, у атмасферы сямейнага шчасця?

— Чатыры гады. У Мар’інай Горцы я пайшоў у другі клас, а, калі скончыў пяты, бацькі аддалі мяне вучыцца музыцы. Прафесійна. Да гэтага я займаўся самастойна. У мяне быў акардэон-чвэрць, цымбалы, і яшчэ стаяла ў доме чорнае шыкоўнае піяніна, якое бацька купіў у некага з мар’інагорцаў. Першыя ўрокі музычнай граматы мне даў бацька. А пасля я крыху наведваў самадзейныя заняткі, якія вяла наша суседка Ганна Генадзьеўна.

Але бацькі палічылі, што гэтага мала, каб стаць сапраўдным музыкам. І ў жніўні 1950 года мама прывезла мяне ў Мінск. Знайшлі плошчу Свабоды, музычную школу-дзесяцігодку. Ішоў якраз набор навучэнцаў. І вось першы экзамен. Заходжу я ў клас. Сядзяць важныя мужчыны. Адзін з іх пытаецца: «Ну, што ты нам можаш сыграць?» І паказвае на піяніна. Я сеў і нешта — не помню ўжо што — сыграў. Бачу, экзаменатары не ў захапленні. Кажу ім: «Я ўмею і на акардэоне». Сыграў ім вальс, польку, марш. Камісія павесялела. А я асмялеў: «Магу яшчэ на цымбалах». Пашапталіся. Праверылі слых і абвясцілі: «Прымаем цябе цымбалістам». У той год якраз адкрываўся клас па цымбалах, і я ў ім аказаўся адным з першых вучняў.

— І вы ў свае трынаццаць гадоў засталіся ў вялікім горадзе адзін. Без бацькоў. Не сумавалі?

— Напачатку сумаваў. А пасля ўцягнуўся ў заняткі, не было ўжо калі сумаваць. Дый амаль кожную нядзелю ездзіў у Пухавічы. А то мама з сястрой прыязджалі да мяне. А на наступны год бацькі дзеля мяне пераехалі ў Мінск. Бацька ўладкаваўся ўрачом у здраўпункт чыгуначнай бальніцы, мама — завучам у вячэрнюю школу, а Ларыса (яна на той час скончыла медвучылішча) — лабаранткай у акадэмічным інстытуце. Нам нават выдзелілі сваё жыллё — асобны пакойчык у доме нумар тры па вуліцы Фрунзе. Вы ведаеце гэты дом — якраз насупраць сённяшняга Дома літаратараў.

— Ігар Міхайлавіч, дык вы, аказваецца, прафесійны цымбаліст?

— А вы думалі!.. За тры гады я настолькі дасканала асвоіў гэты інструмент, што стаў адным з лепшых вучняў у класе. Мяне нават здымалі для кіначасопіса «Навіны дня». А ў газеце «Советская Белоруссия» змясцілі здымак хлопчыка з цымбаламі, у піянерскім гальштуку. Гэта быў я! (смяецца).

А вучыўся я ў выдатнага настаўніка — вядомага беларускага цымбаліста Аркадзя Астрамецкага. Лаўрэата першага Усесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інструментах. Пазней ён стаў народным артыстам Беларусі. І, напэўна, хацеў, каб і я пайшоў яго шляхам. Ва ўсякім разе, відаць, не без рэкамендацыі майго настаўніка на другім годзе навучання мяне залічылі артыстам аркестра народных інструментаў, якім кіраваў Іосіф Жыновіч.

— Чакайце, а колькі ж вам тады было?

— Чатырнаццаць гадоў! І я нейкі час хадзіў не толькі на заняткі ў музычную школу, але і на працу. Паколькі я быў невысокага росту, мяне пасадзілі ў першым радзе аркестра. Помню, мы рыхтаваліся да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Рэпетыцыі — кожны дзень, па некалькі гадзін. Развучвалі сімфаньету Мікалая Чуркіна «Беларускія малюнкі», народныя танцы «Лявоніха», «Мікіта», акампаніравалі народнаму артысту СССР Мікалаю Ворвулеву. Але паездкі не адбылося: памёр Сталін.

А неўзабаве я аркестр пакінуў. Справа вось у чым. У дзявятым класе сур’ёзна захапіўся фартэпіяна. Да гэтага мяне падахвоціў піяніст Рыгор Шаршэўскі, за плячыма ў якога была Ленінградская кансерваторыя, школа высокай музыкі. Гэта ён адкрыў для мяне Чайкоўскага, Рахманінава, Скрабіна, Баха, Бетховена, Ліста, Шапэна, Пракоф’ева, Шастаковіча… А кампазітар Віктар Белы ўвёў мяне ў свет кампазіцыі. З-за яго я праседзеў два гады ў дзявятым класе.

— А што здарылася?

— Захапіўся кампазіцыямі, пайшоў прасіць кіраўніцтва школы, каб мяне перавялі ў клас фартэпіяна. А дырэктар Ізраіль Рыгоравіч Герман паставіў умову: «Калі пойдзеш у дзясяты — выпусцім цымбалістам. Калі застанешся яшчэ на год у дзявятым — будзеш піяністам». Я падумаў, падумаў і вырашыў стаць другагоднікам.

— І гэтае рашэнне, як мне падаецца, стала паваротным, вырашальным у вашым лёсе. У вітруозным музыку пачаў нараджацца таленавіты кампазітар.

— Напэўна, можна сказаць і так. Хаця нараджэнне гэтае адбылося не адразу, не аўтаматычна з пераходам у клас фартэпіяна. Мелодыі, якія часам узнікалі, цепліліся ў маёй душы і раней, цяпер загучалі больш выразна, папрасіліся на паперу. І першыя песні былі напісаны менавіта ў тым камунальным пакойчыку па вуліцы Фрунзе. Некаторыя з іх не захаваліся, але адна гучыць і сёння. Гэта — «Песня пра Мінск» на словы народнага паэта Пімена Панчанкі.

— Ігар Міхайлавіч, скажыце, калі ласка, а як наогул нараджаецца песня? Гэта доўгі, пакутлівы працэс ці, наадварот, імгненнае творчае азарэнне?

— Ведаеце, творчасць — гэта надзвычай цікавая, загадкавая рэч. А нараджэнне песні — заўсёды таямніца. Адзін тужыцца, прыкладае Бог ведае колькі намаганняў, каб стаць знакамітым, а нічога не атрымліваецца. А вось самадзейны кампазітар Пятрэнка напісаў на словы Веры Вярбы «У суботу Янка ехаў ля ракі», здавалася б, просценькую песню, а народ заспяваў. І спявае да гэтага часу.

Не ўсё бывае раўназначным нават у самага таленавітага кампазітара. Хачатуран напісаў шмат цікавых п’ес, а ведаюць і любяць пераважна «Танец з шаблямі». Альбо той жа паланез «Развітанне з Радзімай» Агінскага…

Адна песня нараджаецца, як кажуць, у адзін прысест, выплёскваецца з душы адразу ўся, ад пачатку да канца, і не патрабуе пасля ні дапрацоўкі, ні шліфоўкі. А іншая — даецца цяжка, круціш яе і так, і гэтак, а ў ёй усё нешта муляе, усё нешта не тое. І часам траціш не адзін дзень, а то і тыдзень, пакуль нарэшце не знойдзеш прымальнае рашэнне.

У песні галоўнае што? Мелодыя. А ў мелодыі ёсць інтанацыя, ёсць матыў. Некалькі гукаў — гэта матыў. Але аснова — мелодыя. Мне Бог даў мелодыю. І пакуль ёсць сілы, пакуль у маёй душы гучыць мелодыя, будуць нараджацца песні.

Шлях да прызнання

— Я разумею: талент даецца ад Бога. Але ж гэты Боскі дар можна развіць, умацаваць, а можна загубіць, закапаць, вобразна кажучы, у зямлю. Што трэба для таго, каб творца максімальна рэалізаваў свой прыродны творчы патэнцыял?

— Многае: не ленавацца, не распыляцца, не раскідвацца на дробязнае, другаснае. Але найперш — многа і сур’ёзна вучыцца.

На шчасце, я гэта зразумеў дастаткова рана. Адразу пасля музычнай школы паступіў у кансерваторыю. І вучыўся адразу на двух факультэтах: у Анатоля Васільевіча Багатырова праходзіў клас кампазіцыі, а ў Рыгора Ільіча Шаршэўскага, заснавальніка беларускай фартэпіяннай школы, удасканальваў выканальніцкае майстэрства. Некалькі гадоў быў ленінскім стыпендыятам.

А яшчэ я любіў даследчыцкую работу. Актыўна ўдзельнічаў у навуковым студэнцкім таварыстве, выступаў з лекцыямі, ездзіў у фальклорныя экспедыцыі. Дарэчы, па выніках такіх паездак наша група выдала цікавы зборнік музычнага фальклору, за што мы атрымалі першую прэмію Акадэміі навук. І ў гэтым таксама надзвычай неабходная, карысная вучоба.

— Ігар Міхайлавіч, а чаму вы, лепшы выпускнік кансерваторыі, ужо дастаткова вядомы, таленавіты кампазітар, не засталіся ў сталіцы, а паехалі на перыферыю?

— Гэта была прапанова майго настаўніка Анатоля Багатырова. Як я цяпер разумею, ён хацеў, каб я, будучы кампазітар, акрамя тэорыі, акунуўся яшчэ і ў рэальнае жыццё, адчуў усе яго плюсы і мінусы. Для творчага чалавека гэта вельмі важна.

Мяне размеркавалі ў Гомель выкладчыкам музычнага вучылішча. І літаральна з першых дзён я пераканаўся, што гэта правільнае рашэнне. У мяне сталі завязвацца творчыя кантакты з мясцовай інтэлігенцыяй, з’явіліся задумы новых музычных твораў.

На жаль, стала падводзіць здароўе. Давалася ў знакі перанапружанне падчас вучобы на двух факультэтах. Зімой адчуў сябе вельмі кепска. І вырашыў ехаць у Мінск. Там мяне адразу паклалі ў бальніцу. Пасля гэтага з’ездзіў яшчэ ў Есентукі. І ў Гомель мяне бацькі ўжо не адпусцілі. З дапамогай сяброў уладкаваўся выкладчыкам кафедры музыкі ў Мінскі педагагічны інстытут.

— А праз год нечакана апынуліся ў Ленінградзе…

— Ведаеце, мне ад самага пачатку шанцавала на добрых людзей, клапатлівых настаўнікаў. Выдатны наш кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, які змяніў Багатырова на пасадзе рэктара кансерваторыі, сустрэўшы мяне аднойчы на нейкім канцэрце, запытаўся, ці не хацеў бы я паехаць на стажыроўку ў Ленінградскую кансерваторыю. Канешне, я з радасцю пагадзіўся.

У Ленінградзе мяне напаткала яшчэ адна прыемная нечаканка: экзамен у знакамітай кансерваторыі прымаў сам Дзмітрый Шастаковіч. Азнаёміўшыся з некаторымі маімі творамі, ён распытаў, дзе я працую, што раблю, а пасля цвёрда сказаў: «Гэта не ваша справа. Вы — кампазітар!» Вось гэтае бласлаўленне генія музыкі я з удзячнасцю нясу праз усё сваё жыццё.

Два гады вучобы ў Ленінградзе мне многае далі. Я скажу, магчыма, банальныя словы, але, паверце, гэта сапраўды так: я стаў бачыць далей, глыбей. Абвастрыўся слых, адкрыліся новыя гарызонты.

— І тым не менш ваша вучоба на гэтым не спынілася.

— Гэта праўда. Я — вечны вучань (смяецца). Дзвюх вышэйшых музычных устаноў мне аказалася мала. Захацелася скончыць аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі. І зноў мне дапамог Уладзімір Алоўнікаў. У кастрычніку 1967 года я быў вызвалены ад абавязкаў выкладчыка кафедры кампазіцыі Беларускай кансерваторыі і залічаны аспірантам кансерваторыі ў Маскве. На два шчаслівыя гады я стаў вучнем Ціхана Хрэннікава, строгага і вельмі патрабавальнага настаўніка.

Выпускныя экзамены ў мяне прымалі два прафесары, два народныя артысты, два вядомыя ў краіне кампазітары — Ціхан Хрэннікаў і Мікалай Аладаў. І абодва паставілі мне «выдатна». А ў якасці дысертацыі я напісаў кантату «Невядомы салдат», якая спадабалася Хрэннікаву і якая высока ацэнена беларускімі музыказнаўцамі.

— Вернемся, аднак, да песень. Вы даволі рана атрымалі прызнанне як кампазітар. Першыя ўжо вашы музычныя творы, напісаныя яшчэ студэнтам кансерваторыі, былі заўважаны крытыкай, пра вас пісалі рэспубліканскія газеты, часопісы, вас любілі здымаць фотакарэспандэнты, запрашалі на радыё. Але ўсё гэта, так сказаць, папулярнасць мясцовага значэння. А калі да вас прыйшла больш шырокая вядомасць, першая ўсесаюзная слава?

— Магу назваць нават канкрэтную дату. Гэта здарылася 23 кастрычніка 1966 года. Тады ў Маскве праходзіў Усесаюзны конкурс на лепшую савецкую песню, прысвечаны 50-годдзю Вялікага Кастрычніка. Дваццаць дзён на сцэне Маскоўскага тэатра эстрады гучалі песні Ісаака Дунаеўскага, Дзмітрыя Пакраса, Міхаіла Блантэра, Васіля Салаўёва-Сядога, Дзмітрыя Шастаковіча, Барыса Макравусава і іншых выдатных кампазітараў.

Прагучала на гэтым высокім форуме і мая песня «Памяць сэрца», напісаная на словы паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня і выкананая тады маладым, малавядомым спеваком Віктарам Вуячычам. Мы, канешне, на вялікі поспех не разлічвалі — ужо сам факт удзелу ў такім прэстыжным конкурсе быў для нас немалой узнагародай.

Журы конкурсу ўзначальваў народны артыст Савецкага Саюза Леанід Уцёсаў. У складзе журы — спявачкі Клаўдзія Шульжэнка, Гелена Веліканава, кампазітары Ігар Шамо, Барыс Цярэнцьеў, Уладзімір Алоўнікаў…

І вось надышоў судны дзень. Абвяшчаюць дыпламантаў — нас не назвалі. Агучылі імёны тых, хто заняў трэцяе месца. На жаль, не мы. Абвяшчаюць другую прэмію — міма. І раптам чуем: «Пераможцамі конкурсу сталі…» І гучаць нашы прозвішчы. Мы — лепшыя!

Папраўдзе кажучы, у гэта спачатку цяжка было паверыць. Трапіць у кампанію такіх знакамітасцей і стаць першым  здавалася нечым неверагодным, нейкай фантастыкай. Але гэта была сапраўдная перамога, прызнанне беларускай песні, яе аўтараў.

Расказвалі пасля, што Леанід Уцёсаў, слухаючы нашу песню, ажно праслязіўся. А калі ўручаў дыплом пераможцы, падарыў мне сваю кнігу «С песней по жизни». І размашыстым почыркам надпісаў: «Победителю конкурса советской песни тов. Лученку Игорю Михайловичу с симпатией».

У Мінск мы вярнуліся героямі. На вакзале нас сустракалі кветкамі, шчырымі абдымкамі — сябры, сямейнікі, афіцыйныя асобы. Але справа нават не ў гэтым. Песня «Памяць сэрца» вывела нас на новую арбіту. Яна як бы наноў нарадзіла мяне як кампазітара, а Віктара Вуячыча — як спевака. Нас прызналі на ўсіх прасторах Савецкага Саюза. Афіцыйныя ўлады надалі нам званні народных артыстаў Беларусі.

— Сорак гадоў таму ў Маскве ў Калоннай зале Дома саюзаў адбыўся першы аўтарскі канцэрт маладога кампазітара Ігара Лучанка. Што значыла для вас гэта падзея?

— Значыла многае. Разумееце, атрымаць перамогу на Усесаюзным конкурсе — гэта магла быць і выпадковасць. Ну, удалося чалавеку напісаць добрую песню, добра яе выканаць, плюс яшчэ, магчыма, нейкія сімпатыі членаў журы. Словам, гэта яшчэ не поўнае прызнанне. Гэта ўсяго толькі аванс, які ты павінен апраўдаць усёй сваёй далейшай творчасцю. А вось аўтарскі канцэрт, ды не абы-дзе, а ў Маскве, у Калоннай зале Дома саюзаў — гэта ўжо сур’ёзнае прызнанне.

Дарэчы, на тым канцэрце мае песні выконвалі зоркі савецкай эстрады — Марыя Пахоменка, Галіна Нянашава, Віктар Вуячыч, Валерый Кучынскі, Анатоль Падгайскі, Тамара Раеўская, дзіцячы хор Усесаюзнага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Віктара Папова, аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Юрыя Сіланцьева, ансамбль «Песняры» з Уладзімірам Мулявіным. Бралі ўдзел паэты Леў Ашанін, Мікалай Дабранраваў, кампазітары Аляксандра Пахмутава, Марк Фрадкін…

Палітыка і творчасць

— Кажуць, кампазітарскі талент Ігара Лучанка перш за ўсё заўважыла і ацаніла ўплывовая па тым часе маладзёжная арганізацыя Беларусі — Ленінскі камсамол…

— Гэта праўда. Уплывовай арганізацыя была таму, што ўплывовымі былі яе лідары, якіх ведала і цаніла ўся рэспубліка,— Генадзь Жабіцкі, Уладзімір Падрэз, Арсен Ваніцкі, Генадзь Анціпаў, Канстанцін Платонаў, Вячаслаў Радомскі… І я заўсёды лічыў і лічу вялікім гонарам для сябе, што менавіта камсамол заўважыў маладога кампазітара і прысудзіў яму прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.

А калі праз год я атрымаў яшчэ і прэмію Усесаюзнага камсамола, мяне сталі называць камсамольскім кампазітарам. У гэтым няма нічога зняважлівага. Наадварот. Я шчыра ганарыўся тым, што моладзь прызнала мяне, што я стаў яе своеасаблівым кумірам. Мяне сталі запрашаць на розныя маладзёжныя мерапрыемствы. У складзе маладзёжных дэлегацый аб’ездзіў паўсвету. Быў удзельнікам трох Сусветных фестываляў моладзі і студэнтаў — у Берліне, у Гаване і ў Маскве. Магу з поўнай адказнасцю сказаць: тыя фестывальныя дні — памяць на ўсё жыццё.

— Ігар Міхайлавіч, а ці не перашкаджалі такія вось шматлікія мерапрыемствы вашай творчасці?

— Толькі дапамагалі! Новыя знаёмствы, новыя ўражанні, як правіла, нараджалі і новыя песні. Для Берлінскага фестывалю я напісаў песню «Мы ідзем па зямлі», якую падхапіла і заспявала моладзь розных краін. У Гаване незабыўнымі сталі сустрэчы з Фідэлем і Раулем Кастра. А рытмы Кубы, яе музыка і песні натхнілі мяне на песню «З намі ты разам, Куба», якая стала лаўрэатам Сусветнага форуму моладзі.

— Вы сказалі, што аб’ехалі паўсвету. А не спрабавалі падлічыць, колькі ўсяго краін удалося наведаць?

— Аднойчы мы з сябрам Уладзімірам Ліпскім спрабавалі гэта зрабіць. Налічылі шэсцьдзясят краін і збіліся з ліку. Дый справа, па вялікім рахунку, не ў гэтым. Галоўнае — што засталося ў душы, у памяці пасля той ці іншай замежнай паездкі.

Незабыўнай засталася для мяне паездка на Міжнародны фестываль песні ў Чылі. Па-першае, выдатна прагучалі мае «Верасы» ў выкананні Віктара Вуячыча. Пасля гэтага нас з Віктарам сталі пазнаваць на вуліцах, вітаць радаснымі воклічамі і шчырымі ўсмешкамі. Па-другое, вельмі цёплай, сардэчнай была сустрэча з прэзідэнтам Чылі Сальвадорам Альендэ. А Луіс Карвалан запрасіў на загарадны пікнік, дзе я іграў, а прысутныя спявалі.

Асобна трэба сказаць пра знаёмства з сусветна вядомым чылійскім паэтам Пабла Нерудам. Ён аказаўся не толькі цікавым суразмоўцам, але і выдатным чытальнікам сваіх вершаў. Упершыню я тады пашкадаваў, што на верлібры не ўмею пісаць песні.

Двойчы пабываў у Амерыцы. Першы раз — з ансамблем «Песняры». Канцэрты праходзілі ў многіх гарадах, і на ўсіх эстрадах — з аднолькавым поспехам. Гучалі не толькі мае песні, але і творы іншых савецкіх кампазітараў. Амерыканцы апладзіравалі «Песнярам» стоячы. Тады ў нас гэта яшчэ не было прынята і нам такая экзальтацыя гледачоў была нязвыклай, здавалася дзівам. Для мяне тая паездка стала добрым экзаменам, праверкай на трываласць маіх песень.

Зусім іншы, таямнічы, па-усходняму загадкавы свет сустракаеш у Кітаі. Туды мы паехалі як парламентарыі — Анатоль Лук’янаў, старшыня Вярхоўнага Савета СССР, і я, член камітэта па міжнародных справах. У той паездцы Анатоль Іванавіч адкрыўся для мяне яшчэ і як неблагі паэт. Я нават на адзін з яго вершаў напісаў песню «Іван-чай», якая прагучала па Усесаюзным радыё і адзін час была даволі папулярнай.

Такія паездкі, вядома ж, забіралі нямала часу. Але назваць іх марнымі не магу. Ужо хоць бы таму, што яны пашыралі мой кругагляд, дапамагалі глыбей разумець і цаніць прыгажосць і багацце роднай зямлі. Як пяецца ў адной з маіх песень, «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…»

— Ігар Міхайлавіч, аднак жа ваш час забіралі не толькі замежныя паездкі, але і актыўная грамадская дзейнасць. Я маю на ўвазе дэпутацтва.

— Шчыра скажу: я ў дэпутаты не імкнуўся. Мяне ўгаварылі. Пераканалі, што мая прысутнасць у парламенце будзе садзейнічаць вырашэнню шматлікіх праблем культуры. І ў лютым 1985 года я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

І, напэўна, някепска працаваў, калі праз чатыры гады быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Час пачынаўся бурны. У грамадстве наспявалі вялікія перамены. Усе мы верылі, што перабудова, якая пачалася, усталюе атмасферу дэмакратыі і галоснасці, якасна зменіць наша жыццё. І я, хоць не лічыў сябе палітыкам, з галавой акунуўся ў дэпутацкія клопаты. Тое, што выказваў у песнях, тое адстойваў і з высокіх трыбун.

— А паралельна з гэтым, наколькі я ведаю, вы яшчэ прымалі актыўны ўдзел як член журы ў фестывалі савецкай песні ў польскім горадзе Зялёна Гура. І нават кажуць, што вы сталі ініцыятарам і арганізатарам адпаведнага фестывалю, але ўжо польскай песні, у Беларусі.

— Праўду кажуць. Справа ў тым, што горад Зялёна Гура быў пабрацімам нашага Віцебска. І ў мяне ўзнікла ідэя як знак узаемнай павагі арганізаваць падобны фестываль у Віцебску. Але не думайце, што ўсё так лёгка вырашылася. Абабіўшы парогі не аднаго дзясятка міністэрскіх кабінетаў, я так нічога і не дабіўся. І тады пайшоў шукаць падтрымкі ў ЦК КПСС. І знайшоў! Там інтэрнацыяналізм цаніўся высока. А менавіта гэта ідэя была закладзена ў аснову задуманага фестывалю.

Для перамоў у Варшаву вылецела дэлегацыя, у якой былі загадчык аддзела культуры ЦК КПСС Юрый Воранаў, загадчык аддзела культуры ЦК КП Украіны Барыс Іваненка і старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Ігар Лучанок. Палякі ідэю ўхвалілі. Было прынята рашэнне: фестываль у Віцебску арганізаваць!

— І яшчэ ходзіць пагалоска, што вы тады ж сабралі і прывезлі з Польшчы два мяхі нот…

— Ну, наконт мяхоў — гэта перабольшанне (смяецца). Але добрую торбу запісаў лепшых, папулярных польскіх песень я сапраўды прывёз. І аддаў іх Беларускаму дзяржаўнаму аркестру, каб развучылі. А сам узначаліў журы, куды запрасіў самых аўтарытэтных кампазітараў, спевакоў — Марка Фрадкіна, Эдзіту П’еху, Льва Лешчанку, беларускіх калег.

І летам 1988 года фестываль польскай песні ў Віцебску адкрыўся. У вядомым цяпер летнім амфітэатры, які спецыяльна пабудавалі да адкрыцця мерапрыемства. На фестываль прыехалі не толькі спевакі з Польшчы, але і амаль з усіх рэспублік Савецкага Саюза. Цёплыя прывітанні прыслалі Міхаіл Гарбачоў і Войцэх Ярузельскі. Атрымалася сапраўднае свята песні.

Праз два гады з не меншым поспехам адбыўся і другі фестываль. А далей пачалося нешта незразумелае. Палітычныя перамены ў Польшчы, жнівеньскія падзеі 1991 года ў Маскве рэзка змянілі палітычны клімат. Закрыўся фестываль савецкай песні ў Зялёнай Гуры. Новыя палітыкі сталі патрабаваць закрыць і фестываль польскай песні ў Віцебску. Не ведаю нават, як мне ўдалося, але ў той крытычны момант я зрабіў усё, каб віцебскі фестываль захаваць. Праўда, змяніўшы яго канцэпцыю, паклаўшы ў аснову ідэю славянскай еднасці, збліжэння нацыянальных культур. І назву прыдумалі новую — «Славянскі базар».

Ідэю падтрымалі Міністэрства культуры Беларусі, а таксама міністэрствы культуры Расіі і Украіны. Разам з дачкой Пятра Машэрава Наталляй я ўзначаліў арганізацыйны камітэт Міжнароднага музычнага фестывалю славянскай песні. Для падрыхтоўкі свята запрасілі з Масквы вопытнага шоў-бізнесмена Сяргея Віннікава. І ўлетку 1992 года «Славянскі базар» быў урачыста адкрыты.

Але даволі хутка я ў ім расчараваўся. «Базар» сталі паціху ператвараць у камерцыю, у бездухоўнасць. Галоўным станавілася не славянская песня, а долары. А калі Беларусь сталі наогул адсоўваць ад фестывалю, я ўстаў і сышоў. Гэты факт шырока вядомы.

Сышоў, але не апусціў рукі. Стаў змагацца за вяртанне «Славянскага базару» да першапачатковай ідэі. Напісаў вялікае, аргументаванае пісьмо Прэзідэнту Беларусі. У гэтым пісьме я не толькі падрабязна выклаў праблемы, але і прапаноўваў канкрэтныя меры па іх вырашэнні. І заключыў так: «Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Спыніце гвалт на «Славянскім базары». За правядзеннем фестывалю патрэбен дзяржаўны, фінансавы і мастацкі кантроль…»

І мой голас быў пачуты. Міжнароднае свята песні ў Віцебску Прэзідэнт узяў пад свой патранаж. Беларуская песня, беларускія выканаўцы і калектывы выйшлі з ценю і заявілі пра сябе ярка і самабытна.

— Ігар Міхайлавіч, а што гэта быў за зігзаг у вашай творчай біяграфіі — хаджэнне ў рэктарства?

— Вы маеце на ўвазе кіраўніцтва нашай кансерваторыяй? Так, тры гады я быў рэктарам гэтай шаноўнай навучальнай установы. Але не па сваёй волі. Мяне паклікалі ў ЦК КПБ і прапанавалі гэту пасаду. І хоць я аднекваўся, упіраўся, рашэнне было прынята. І я літаральна з першых дзён сутыкнуўся з неверагоднымі, незнаёмымі мне цяжкасцямі і праблемамі. Семсот студэнтаў, сто семдзесят прафесараў, дацэнтаў, выкладчыкаў. Тысячы квадратных метраў адміністрацыйных будынкаў, якія трэба рамантаваць, добраўпарадкоўваць. А яшчэ персанальная адказнасць за расходаванне немалых бюджэтных сродкаў…

Словам, усе гэтыя клопаты закруцілі мяне з такой сілай, што я стаў блытаць дзень з ноччу, вясну з летам. Стараўся паспець усюды, куды клікалі, дзе абавязаны быў прысутнічаць па статусе рэктара. А яшчэ ж хацелася нешта і сачыняць, і выступаць з новымі творамі перад людзьмі. Паступова стаў разумець: далей так не пацягну. І я напісаў заяву аб звальненні з пасады рэктара па ўласным жаданні.

— Але ж у вас засталася яшчэ адна сур’ёзная пасада — старшыня Саюза кампазітараў Беларусі. Калі не памыляюся, вы на гэтай пасадзе ўжо больш за трыццаць гадоў?

— Трыццаць пяць!

— Ну і навошта гэты клопат вам, Ігар Міхайлавіч? Пры вашым здароўі, пры вашай загружанасці творчымі праектамі?

— А гэта не мне патрэбен Саюз кампазітараў, а я — Саюзу. Калі калегі мяне выбіраюць, прытым выбіраюць тайным галасаваннем, як я ім магу адмовіць. Стараюся апраўдваць іх давер. А клопатаў розных сапраўды хапае. То справаздачныя канцэрты, то юбілеі, то пахаванні. Аднаго трэба прадставіць на званне — даўно заслужыў, другому прабіць кватэру — каторы год з сям’ёю туляецца па прыватных, трэцяму дапамагчы ўладкаваць сына ў Сувораўскае вучылішча…

І ўсімі гэтымі пытаннямі я вымушаны займацца. Пытаннямі, скажу вам, няпростымі. Але калі хоць нешта ўдаецца вырашыць станоўча, то я адчуваю не меншае задавальненне, чым ад напісання новай добрай песні. Хаця, канешне ж, творчасць была і застаецца галоўнай справай майго жыцця, самая вялікая мая палітыка.

Сябры, каханне, сям’я

— У вас многа сяброў сярод калег…

— Многа не многа, але тымі, што ёсць, я шчыра ганаруся. Іосіф Кабзон, Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Леў Лешчанка… З Уладзімірам Мулявіным мы сябравалі доўгія гады. Аднойчы я нават, каб падтрымаць свайго сябра, лёг разам з ім у бальніцу. Валодзю трэба было рабіць аперацыю, а ён ніяк не рашаўся. Мая маральная падтрымка пайшла яму на карысць.

Шматгадовая дружба звязвае мяне з касманаўтамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам. Бываючы ў Мінску, яны ніколі не забываюць пра мяне. А я стараюся пабачыцца з імі, калі бываю ў Маскве.

— Кажуць, цяпер сяброўства сярод людзей мастацтва — вялікая рэдкасць. Адносіны ўсё больш меркантыльныя.

— Правільна кажуць. Цяперашнія многія творцы сталі дужа грашовымі. А я не грашовы. Не рыначны. І не прадажны. Мне нічога не трэба. У мяне ўсё ёсць. А здароўя вы мне не дадзіце (смяецца). Дарэчы, сярод вашага брата таксама розныя людзі сустракаюцца. Ёсць журналісты, а ёсць журналюгі. Адзін такі, грашовы, аднойчы мне прапанаваў: дайце пяцьсот даляраў і я абмажу гразёю любога, каго вы скажаце. Я паслаў яго далёка-далёка…

— Ігар Міхайлавіч, давайце на заканчэнне пагаворым пра рэчы больш прыемныя. Скажам, пра каханне. Дзе і як вам удалося паланіць сваю цяперашнюю жонку, Сашу Чэканаву?

— Тое, што Саша — мой лёс, я зразумеў з першай сустрэчы. А пазнаёміўся з ёю ў Пухавічах, куды яна прыехала ў Дом адпачынку. У нас аказалася шмат агульных інтарэсаў: Саша вучылася ў Брэсцкім музычным вучылішчы, я — у Ленінградскай кансерваторыі. Мы гаварылі і не маглі нагаварыцца. Упершыню я адчуў, якое гэта шчасце — узаемнасць пачуццяў, роднасць душ.

Два тыдні мы правялі разам. Потым раз’ехаліся кожны ў сваю навучальную ўстанову. Але ўжо не маглі адно без аднаго. То я ездзіў да Сашы ў Брэст, то яна да мяне ў Ленінград. А праз нейкі час вырашылі пажаніцца. Распісаліся ў ЗАГСе, і я прывёў сваю маладую жонку ў невялічкі пакойчык дома па вуліцы Фрунзе. Праўда, мядовы месяц мы правялі ў бацькоўскім доме ў Пухавічах.

З таго часу мы з Сашай разам. Летась адзначылі залаты юбілей. За гэтыя паўвека мая верная спадарожніца праехала са мною па гарадах і вёсках дзясяткі тысяч кіламетраў, пабывала на ўсіх маіх аўтарскіх канцэртах у Беларусі, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, у многіх краінах свету. Перапісала сотні кілаграмаў нот. Прапусціла праз сваё сэрца ўсе мае радасці і беды.

Я ўдзячны сваёй жонцы, што яна была і застаецца галоўнай апорай у маім жыцці. Гэта яна, мая Саша, натхніла мяне на мае лепшыя песні — «Алеся», «Вераніка», «Зачараваная» і многія іншыя. Яна — першы слухач кожнай маёй новай песні і першы, самы патрабавальны крытык, а часам і першы выканаўца пад мой акампанемент.

— Ігар Міхайлавіч, вы можаце сказаць, што пражылі шчаслівае жыццё?

— І так, і не. Я шчаслівы ў тым, што маю добрую сям’ю, што мае песні любяць і спяваюць у народзе. Але я пражыў няпростае жыццё. Многае перажыў. У мяне было тры клінічныя смерці. І вось нядаўна перанёс дзве не зусім удалыя аперацыі, у выніку чаго вымушаны хадзіць з кіёчкам. Розныя людзі мне прычынілі шмат зла, шмат розных непрыемнасцяў. Але не будзем пра гэта. Я па-ранейшаму пішу песні, маю шмат творчых планаў. Яшчэ ў страі. У поўным страі!

Гутарыў Зіновій Прыгодзіч
Надрукавана ў часопісе "Полымя"
Звязда, 11 снежня 2016



 

Кoличество переходов на страницу: 960


Комментарии