Яна мела тры вялікія мары: даляцець да зорак «і самой паглядзець як там што на самай справе», вылечыць усіх анкалагічных хворых, напісаць багата кніжак. Яна любіла мора і палёты на самалётах. Была добрай лекаркай, таленавітай дыктаркай, адоранай паэткай і аўтаркай песень, перакладчыцай. Уважлівай жонкай і клапатлівай маці, бабуляй. А яшчэ — вялікай пакутніцай і шчырай верніцай...
Але чаму — была? Яе песні і сёння гучаць па радыё і са сцэны, вершы, паэмы і апавяданні захапляюць чытачоў, а жыццё застаецца прыкладам спагады да чалавека, неверагоднай дабрыні і вялікай самаахвярнасці. Яна — ёсць. Сёння разам з яе дачкой Алесяй Саротнік (далей — А.С.) і ўнучкай Валерыяй (далей — В.С.) мы ўспамінаем маці, бабулю Анэлю Тулупаву. Яна пайшла з жыцця з-за цяжкой хваробы, перад смерцю прыняўшы таемны пострыг і стаўшы манахіняй Неанілай...
— Пытанне пра таемнае манаства паэткі Анэлі Тулупавай, напэўна, — адно з найскладанейшых, але разам з тым яно ўзнікае найчасцей. Як сям'я, сябры ўспрынялі гэты крок? Ці зразумелі, прынялі?
А.С.: Зразумейце, калі ласка: таемнае манаства на тое і таемнае, каб пра яго не даведаліся. Што да сяброў — для некага гэта быў шок, для «мірскіх» сяброў, дарэчы. Але я не памятаю асаблівых рэакцый з боку тых, для каго гэта сапраўды мела сэнс. А мы — нам давялося даведацца таму, што трэба было адзяваць і хаваць яе па асабістым чыне. Зразумелі, прынялі — пра гэта гаворка не ідзе, чалавек ішоў да гэтага і гэтага хацеў, усё астатняе — паміж ёй і Богам. Кропка.
— Напэўна, ёй было складана несці паслух, манаства не ў сценах манастыра, дзе гэта заканамерна і цалкам укладваецца ва ўспрыманне людзей, але дома, у грамадстве?
А.С.: Адкажу, як змагу. Па-першае, ізноў таемны пострыг павінен заставацца таемным, разумееце? Пра паслушэнства мы не можам ведаць. Канешне, можна заўважыць тое, што на паверхні — бо чалавек пакрысе змяняецца. Яна некаторы час паспела яшчэ паездзіць па святых месцах, нават да некалькіх старцаў. Па-другое, пострыг, як мы даведаліся пры пахаванні, адбыўся незадоўга да яе смерці — а тады ўсё было цяжка...
— Калі я слухала радыёперадачу «Крылы» з Галінай Шаблінскай, гераіняй якой неяк была ваша мама, бабуля, то звярнула ўвагу на адно яе выказванне. Нягледзячы на тое, што спадарыня Анэля прайшла шмат выпрабаванняў у сваім жыцці, яна кажа, што была шчаслівая нават у самыя страшныя гады, знаходзіць станоўчае нават у часы ваеннага ліхалецця. Кажа, што людзі былі добрыя і спагадлівыя. Як лічыце, дзе крыніца такога шчасця, бязмернай веры ў чалавека?
А.С.: Мне гэта падаецца вызначальнай рысай усяго пасляваеннага пакалення — падумайце самі, каб перажыць такое бедства, як вайна, трэба знаходзіць у сабе моц верыць, што важна — верыць у людзей. Бо як інакш? Вось і маці была такой.
— Чытаючы расповеды пра жыццё Анэлі Тулупавай, дзіву даешся, колькі можа перажыць чалавек... Ваеннае дзяцінства, нястача, адукацыя акушэркі, ганаровае донарства, пошук свайго паэтычнага голасу. Здрада першага каханага. Але яе сэрца не ачарсцвела, яна не страціла веры ў свае сілы, захавала той самы «настрой пеўня» (як яна сама казала), каб змагацца і перамагаць. Проста неверагодны прыклад жыццёвай моцы такой маленькай жанчыны!
А.С.: «Перажыць» тут не зусім карэктнае слова. Вы ж самі і сказалі пра «настрой пеўня» (смяецца). Маці нават на экзамены ішла з думкай: «Хто каго — я экзамены, ці яны мяне». Так што жыццёвыя нягоды і ўсё гэткае для яе былі не іспытамі, якія трэба «перажыць», а хутчэй... выклікамі, калі можна так сказаць. Дуэлямі, з якіх яна выходзіла пераможцай. Усё атрымліваецца наадварот — яе жыццёвая смеласць і здольнасць рызыкаваць, тое, што яна не баялася браць на сябе адказнасць, яе «медыцынская» храбрасць і ўменне хутка і спакойна прымаць рашэнні — гэта ўсё і дапамагала не ачарсцвець яе сэрцу і розуму і прыцягвала да яе людзей.
— Кажуць, што спадарыня Анэля мела дар прароцтва. Сама прыдумала сабе вобраз першага кахання і потым яго сустрэла, ён аказаўся менавіта такім, як яна ўяўляла. Прадказвала некаторыя рэчы і ў побыце. Ці сапраўды гэта так?
А.С.: Смех смехам, але нешта такое было, так. Вось толькі, з яе ўласных слоў, яна, быў час, малілася, каб гэты дар, калі ён не ад Бога, знік. І ён знік. Думайце пра гэта, што хочаце.
— Важную ролю ў жыцці жанчыны адыгрывае каханне, сям'я, рэалізаванасць у ролі маці, жонкі. Спадарыня Анэля тут раскрылася напоўніцу, была шчаслівай у шлюбе?
А.С.: Сям'я ёсць сям'я — усяго было, і радасцяў і нягод, але ж жыццё з таго і зроблена. Маці, паверце, была даволі цвёрдым чалавекам, не схільным да сантыментаў. Бацька, дарэчы, адным з першых паверыў у яе як у паэта — дагэтуль захаваўся вялізны, тоўсты слоўнік Якуба Коласа, сапраўдны клад для лінгвіста ўвогуле, што казаць пра журналіста і пісьменніка, — які быў ягоным шлюбным падарункам.
В.С.: Што тычыцца мяне, не бяруся судзіць пра іх з дзедам і маці жыццё як сям'і, я не ведаю і не магу ад сябе сказаць, якой яна была маці, а якім бацькам быў мой дзед, — але яны былі адмысловымі дзедам і бабуляй. Гэта я асабіста ведаю дакладна і добра.
— Валерыя, я ведаю, што вы таксама пішаце. Наколькі моцны ўплыў бабулі на вашу творчую індывідуальнасць?
В.С.: Яна, скажам так, падрыхтавала глебу для таго, каб на ёй нешта літаратурнае пачало потым фарміравацца. Разумееце, бабуля памерла, калі мне было трынаццаць гадоў, і не сказаць, каб я многа пісала тады. Усё пачалося пасля яе сыходу з жыцця. Але я ўсё ж такі лічу бабулю своеасаблівым маяком — з боку стылю, як мінімум, з боку пабудовы верша і рыфмы.
— Неяк ва ўспамінах вы пісалі, што часам, працуючы над новымі творамі, у думках спрачаецеся з бабуляй. У якіх пытаннях вашы меркаванні не супадаюць?
В.С.: А давайце абыдземся, мабыць, толькі канстатацыяй факта? Бо гэта асабістыя рэчы, пра якія ведалі толькі мы з бабуляй. Што магу сказаць: ведаючы мой сённяшні характар і яе той, які я памятаю, цяпер спрэчак было б занадта многа — нават у плане побыту, што ўжо казаць пра філасофскія і рэлігійныя пытанні. Але, магчыма, з гэтай жа прычыны я так прагну час ад часу падзяліцца менавіта з ёю, а не з бацькамі ці сябрамі тым, што вынаходжу, — у літаратуры, у рэлігіі і гэтак далей.
— Я чытала, што спадарыня Анэля не шкадавала лістоў, якія ёй пісалі, з лёгкасцю развітвалася з адзеннем, таму засталася толькі вясельная сукенка. А як жа з рукапісамі? Яны засталіся?
В.С.: Нешта засталося — дарэчы некалькі рэчаў яна-такі здала ў архіў. Я вельмі добра памятаю, як у школьныя гады рашала задачкі на бабуліных старых рукапісах — гэта, па большай частцы, былі чарнавікі, канешне. Што не перашкаджала мне, замест таго, каб рабіць хатняе заданне, чытаць яе вершы.
— Ці захоўвае архіў паэткі новыя творы, якія яшчэ чакаюць свайго шляху да чытача?
А.С.: Чакае выдання пасмяротны зборнік «Мой сад» — яе выбранае і крыху самых позніх вершаў, што друкаваліся выключна ў перыёдыцы. І не ведаю, ці дачакаецца — бо ляжыць у выдавецтве каторы год. Трэба адзначыць, пры жыцці маці амаль не друкавала сваю прозу, — а яна ў яе ёсць. Калі мы збіралі да яе
65-гадовага юбілею інфармацыю пра ўсе творы, то ў слоўніку беларускіх пісьменнікаў знайшлі толькі тры вельмі раннія апавяданні. А ўжо значна пазней, вось у тых самых рэдкіх рукапісах, нам траплялася яшчэ колькі аўтабіяграфічных апавяданняў, што маці пісала ў 17-19 гадоў, яны нідзе не друкаваліся ў той час. А яшчэ, адна вялікая аповесць пра вайну. Амаль усё, акрамя аднаго апавядання, мы змаглі надрукаваць. Я мару пра зборнік матулінай прозы — хоць яе і не так многа было. Ці хоць бы пра перавыданне трох яе дзіцяча-падлеткавых твораў. І, канешне, працягваю спадзявацца, што аднойчы матулін «Мой сад», яе, так скажам, падвядзенне вынікаў жыцця, «прарасце» да чытачоў.
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |