Хто вінаваты ў тым, што на самым высокім узроўні ў сённяшняй мастацкай літаратуры не адлюстравана рэчаіснасць?.. Зразумела, самі пісьменнікі, аўтары яшчэ не напісаных раманаў.
З перакладчыкамі на рускую мову праблем не было. Караткевіча, напрыклад, выдатна перакладала Валянціна Шчадрына
З перакладчыкамі на рускую мову праблем не было. Караткевіча, напрыклад, выдатна перакладала Валянціна Шчадрына
Хоць пра тое, што варта прыўнесці ў літаратуру нешта новае, заўжды рупіліся не толькі літаратуразнаўцы і крытыкі, але і высокія адказныя асобы ў частцы кантролю за літаратурным працэсам. Сведчыць пра гэта і наступны дакумент, які знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь: дакладная запіска старшыні Дзяржкамдруку БССР М. І. Дзяльца, падпісаная ім 4 снежня 1985 года і адрасаваная ў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі. Запіска адрасавана непасрэдна ў Аддзел культуры ЦК.
Якім быў 1985 год для пісьменніцкага, кнігавыдавецкага асяроддзя толькі праз адну запіску не разгледзіш. Ды і тэкст даклада заўсёды вымагае сухіх ацэнак і жадання вымаляваць канкрэтную перспектыву (пажадана не падманлівую), нейкім чынам абгрунтаваць яе. Пра тое, што і як балела грамадству, чытачам у дачыненні роднага слова, роднай кнігі, можна ў некаторай ступені меркаваць па выказванні Васіля Быкава на адной з сустрэч (у снежні 1985 года ў Доме культуры ў Барысаве)... Пытанне: «Якое месца наша літаратура [займае] у свеце?
Ці ведаюць яе на Захадзе? У Францыі? У Сарбоне?» Адказ Васіля Уладзіміравіча: «Не надта ведаюць. Кніжнага буму няма. Кнігарні завалены гожа выдадзенымі кнігамі. Здаецца, у 9-м Інстытуце ў Сарбоне выкладаюць мовы Савецкага Саюза, а беларуская мова не выкладаецца»…
А што да мастацкіх твораў, якія прыйшлі да чытача ў 1983 — 1985-м, то гэта і «Кар’ер» Васіля Быкава, і «Свае і чужынцы» Івана Чыгрынава, і раман Вячаслава Адамчыка «Год нулявы», і шмат іншага з вышыні сённяшняга часу, што можна лічыць як мастацкія з’явы.
«У адпаведнасці з пастановай ЦК КПБ „Аб рабоце Саюза пісьменнікаў БССР па кіраўніцтве літаратурна-мастацкімі часопісамі рэспублікі“ (ад 9 снежня 1983 г.) Дзяржкамвыдат БССР прыняў загад № 51 ад 13.03.84 аб задачах выдавецтваў і камітэта, якія вынікаюць з дадзенага дырэктыўнага рашэння», — так пачынаецца «размова» «кніжнага» міністра, самага блізкага да літпрацэса кіраўніка дзяржоргана з пільнымі байцамі ідэалагічнага фронту…
М.Дзялец адразу пачынае пералік канкрэтных крокаў, якія, на яго і Дзяржкамдруку погляд, павінны паспрыяць справе. «...1. Вызначаны і ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на стварэнне больш спрыяльных умоў у рабоце рэдакцый часопісаў і паляпшэнне работы выдавецтваў, якія выдаюць мастацкую літаратуру. У тым ліку прынятыя меры па паляпшэнні выдавецтвамі „Мастацкая літаратура“ і „Юнацтва“ адбору, перакладу, выдання і прапаганды на беларускай мове найлепшых твораў братэрскіх літаратур...»
Якімі ж крытэрыямі кіраваліся ў сярэдзіне 1980-х у гэтай справе выдаўцы і іх куратары з органа дзяржкіравання? «...Пры адборы і планаванні выданняў па гэтых раздзелах выдавецтвы пачалі больш строга кіравацца рэкамендацыямі Дзяржкамвыдата СССР і Саюза пісьменнікаў СССР, Дзяржкамвыдата БССР і Саюза пісьменнікаў БССР, а таксама пісьменніцкіх арганізацый іншых рэспублік. У бягучыя і перспектыўныя тэматычныя планы ўключаюцца, як правіла, творы вядомых пісьменнікаў класічнай і сучаснай літаратуры. Перавага аддаецца таксама творам, якія адзначаны Ленінскімі, Дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі. З улікам гэтых патрабаванняў праводзілася работа ў 1984 і 1985 гадах, а таксама складзены перспектыўныя тэматычныя планы на XІІ пяцігодку».
Як высвятляецца, ёсць нават і механізмы, што вынікаюць з прынцыпаў гэтай увагі... «У выдавецтве „Мастацкая літаратура“ вядзецца картатэка навінак найлепшых твораў літаратур народаў СССР. Гэта дазваляе аператыўна атрымліваць дакладную інфармацыю пра патрэбнае выданне пры яго планаванні і выпуску...» Можна, вядома ж, зыходзячы з нашых сучасных памкненняў да «сусветнай лічбавізацыі» такую форму разглядаць як выключна архаічную... Але хацелася б заўважыць наступнае: сёння мастацкі пераклад літаральна гібее. Усё тое, што робіцца праз выпускі адроджанага альманаха «Далягляды», праз саматужныя памкненні асобных перакладчыкаў і некаторых выдавецтваў (у выпадку, калі іх да пэўных выданняў падштурхнулі самі літаратары-перакладчыкі) штосьці выдаць, носіць вельмі агульны, вельмі бессістэмны характар. Як выправіць гэта — можа быць, і знайшоўся б адказ на такое пытанне, калі б не шукалі адказаў на іншае пытанне:
«А навошта гэта трэба..?»
М. Дзялец канстатуе ў дакладной запісцы: «У 1984 — 1985 гадах у перакладзе на беларускую мову выдавецтва выпусціла 2 кнігі лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР, 3 кнігі лаўрэатаў рэспубліканскіх дзяржаўных прэмій (у 1983 годзе былі выдадзены: 1 кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і 2 кнігі лаўрэатаў рэспубліканскіх прэмій). Усяго ж за гэтыя гады выйшлі 44 кнігі (у 1983 годзе — 21 кніга).
Літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову выдаецца па серыях: „Паэзія народаў СССР“, „Проза народаў СССР“, а таксама асобнымі несерыйнымі выданнямі».
Выдавецтва і Дзяржкамдрук, уся сістэма дзяржаўнай падтрымкі зацікаўлены і ў прапагандзе праз новыя перакладныя выданні ў тым ліку беларускай нацыянальнай літаратуры. «...У асноўным па серыях выдаюцца ў перакладзе на рускую мову і найлепшыя творы беларускіх пісьменнікаў: „Бібліятэка беларускай аповесці“ , „Беларускі раман“ (пачатыя ў 1972 годзе). У 1984 годзе гэты раздзел выданняў папоўніцца серыямі: „Беларуская паэзія“ (уключае выбраную лірыку вядучых паэтаў класічнай і сучаснай беларускай літаратуры); „Кніга перакладчыка“ (кожная кніга выходзіць у выглядзе анталагічнага зборніка беларускіх паэтаў, складзенага адным перакладчыкам). З 1987 года адкрываецца новая серыя: „Беларуская проза“. Яна будзе ўключаць найлепшыя творы розных жанраў вядучых сучасных празаікаў рэспублікі. Гэтая серыя заменіць дзве серыі, якія цяпер дзейнічаюць: „Бібліятэка беларускай аповесці“ і „Беларускі раман“. Творы беларускай класікі будуць выходзіць асобнымі выданнямі і па-за межамі серый».
Была выбудавана па-свойму ўнікальная праграма, якая насіла сістэмны характар у прапагандзе літаратур народаў СССР і ў пашырэнні ведання пра беларускую нацыянальную літаратуру праз рускую мову. Рэспубліка была зацікаўлена ў гэтым! Хоць і тады, чатыры і болей дзесяцігоддзі назад, зрабіць гэта было даволі няпроста. І не толькі з пункту гледжання адсутнасці матэрыяльных сродкаў. Якраз з імі у разумных межах відавочных праблем не існавала. Не ўсё тады вымяралася рыначнымі падыходамі…
«Найноўшыя мастацкія творы братэрскіх рэспублік, — сведчыць кіраўнік Дзяржкамдруку, — друкуюцца ў штогодніку „Братэрства“, які выдаецца з 1983 года...»
Аднаму з аўтараў гэтых радкоў давялося цесна кантактаваць з пісьменнікамі іншых тагачасных савецкіх рэспублік, чые творы былі змешчаны ў тыя і наступныя гады ў беларускім альманаху «Братэрства». У памяці тое, з якім піетэтам гаварылі пра зробленае туркменскія пісьменнікі Каюм Тангрыкуліеў, Тыркіш Джумагельдыеў, Амандурды Джанмурадаў…
З дакладной запіскі: «Выдавецтва „Юнацтва“ выпускае на беларускай мове серыю „Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР“. Кожная кніга гэтай серыі ўбірае ў сябе найлепшыя творы прозы і паэзіі якой-небудзь адной саюзнай рэспублікі. Ужо выдадзены тры такія зборнікі: творы ўкраінскіх, літоўскіх і беларускіх аўтараў.
У наступнай пяцігодцы будзе завершаны выпуск гэтых выданняў па астатніх 12 саюзных рэспубліках».
У 1985 годзе пачаты выпуск зборніка перакладной літаратуры народаў СССР «Ветразь». Зборнік задуманы ў якасці штогадовага выдання, у якім будуць друкавацца найлепшыя творы для дзяцей і юнацтва, якія толькі што з’явіліся ў свет у другіх саюзных рэспубліках і сяброўскіх сацыялістычных краінах».
Другая частка дакладной запіскі ў ЦК у большай ступені звязана з тымі рэаліямі, якія ўплывалі ў той час на развіццё, само існаванне літаратурна-мастацкіх часопісаў…
«...2. Рэдакцыі часопісаў ставілі пытанне аб прадастаўленні права на заключэнне з аўтарамі дагавораў па сацыяльным заказе. Пастановай ЦК КПБ даручана вырашыць гэта пытанне ва ўстаноўленым парадку.
Дзяржкамвыдат БССР лічыць, што дзеючае ў рэспубліцы заканадаўства па аўтарскім праве, а таксама ўрадавыя рашэнні па гэтым пытанні, у тым ліку пастанова Саўміна БССР № 129 ад 28 красавіка 1977 года «Аб стаўках аўтарскага ўзнагароджвання за выданне твораў навукі, літаратуры і мастацтва» (са зменамі і дапаўненнямі, якія ўнесены пастановай Саўміна БССР ад 12.06.79 № 189), прадстаўляюць такое права рэдакцыям часопісаў. У 13-м пункце заключных заўваг да гэтай пастановы сказана, што пры заключэнні выдавецкай дамовы літаратурнага заказу на літаратурна-мастацкі твор аўтару выплочваецца аванс у памеры 25 працэнтаў узнагароджвання, зыходзячы з абумоўленых дамовай ставак. З 15-га пункта гэтых заўваг вынікае, што даденая пастанова распаўсюджваецца на літаратурна-мастацкія творы, якія друкуюцца ў часопісах адпаведна, і дае ім права выплаты авансу пры афармленні замоў на літаратурна-мастацкія творы.
Аднак рэдакцыі часопісаў ніколі не выкарыстоўвалі гэтага права. І ў перыяд 1984 і 1985 гадоў яны не аформілі ніводнай дамовы літаратурнага заказу і не прадставілі яго ў выдавецтва «Полымя» (асобных бухгалтэрый у перыядычных выданняў не было. Усе фінансавыя пытанні вяліся праз выдавецтва «Полымя» ажно да пачатку 1990-х гадоў. — Аўт.).
Відаць, гэта адбываецца таму, што кіраўнікі рэдакцый не жадаюць закранаць устаноўлены для кожнага часопіса рашэннямі дырэктыўных органаў фонд аўтарскага ганарару, які яны выкарыстоўваюць для выплаты толькі за надрукаваныя творы.
Дзяржкамвыдат лічыць, што з гэтых самых фондаў варта выплочваць авансы пры заключэнні рэдакцыямі часопісаў дагавораў у лік будучых літаратурных заказаў. Такія авансы выплочваюцца ў лік будучых затрат і ўтрымліваюцца затым пры канчатковай выплаце ганарару пасля публікацыі твора. Адпаведна, ніякага перарасходу ўсталяваных для часопісаў фондаў ганарару не адбудзецца.
Калі ж мець на ўвазе дадатковыя фонды ганарару дзеля гэтых мэт, то запатрабавалася б спецыяльнае рашэнне ЦК КПСС».
Пытанне, між тым, даволі важнае. Яно — пытанне вартай аплаты творчай працы — заставалася і застаецца няпростым і ў наступныя дзесяцігоддзі.
У снежаньскай дакладной запісцы за 1984 год «кніжны міністр» звярнуў увагу яшчэ на адно «заданне» ЦК Кампартыі: «...3. У пастанове ЦК КПБ пастаўлена задача ўсвядоміць пытанне пра патрэбу ў перакладчыках твораў мастацкай літаратуры з рускай і моў іншых народаў Савецкага Саюза і мерах па іх падрыхтоўцы.
У перакладчыках з рускай мовы праблемы няма. Многія пісьменнікі, журналісты, філолагі і іншыя спецыялісты ў дасканаласці валодаюць як беларускай, так і рускай мовай. Ад выдавецтваў і рэдакцый часопісаў патрабуецца толькі больш сур’ёзны падыход да падбору перакладчыкаў з рускай мовы на беларускую. Крыху менш шырокія магчымасці перакладаў з украінскай мовы, але і тут асаблівых цяжкасцяў не сустракаецца. У рэспубліцы ёсць нямала спецыялістаў, здольных забяспечыць добры ўзровень перакладаў з украінскай на беларускую.
Значна складаней праблема перакладаў на беларускую мову з моў другіх народаў краіны. Гэтая задача вырашаецца ўсё яшчэ пераважна перакладам з рускай мовы. Так будуць ісці справы і ў бліжэйшай будучыні.
Разам з тым па лініі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР і Дзяржкамвыдата БССР прымаюцца некаторыя меры, скіраваныя на пашырэнне практыкі перакладу непасрэдна з арыгіналаў братэрскіх літаратур. Так, у цяперашні момант, па накіраванні з нашай рэспублікі, у адной з ВНУ Грузіі вывучае грузінскую мову студэнт Белдзяржуніверсітэта, які мае схільнасці да літаратурнай творчасці».
Міхаіл Іванавіч Дзялец уносіць і канкрэтную, даволі разумную прапанову: «Дзяржкамвыдат БССР лічыць, што гэту праблему варта вырашаць на больш сур’ёзнай аснове. На наш погляд, мэтазгодна прыняць рашэнне аб прыёме на філалагічныя аддзяленні шэрагу беларускіх ВНУ маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (будучых літаратурных перакладчыкаў) з іншых саюзных рэспублік для паглыбленага вывучэння беларускай мовы і праходжання перакладчыцкай практыкі пад кантролем беларускіх кнігавыдаўцоў, літаратараў і філолагаў. Для такіх асоб неабходна адкрыць у нашых ВНУ не менш за 20–25 месцаў ( у сярэднім да паўтара-двух месцаў на рэспубліку) і ўстанавіць для іх павышаныя стыпендыі, таму што на студэнцкую стыпендыю спецыяліста з вышэйшай адукацыяй для такой падрыхтоўкі падабраць надзвычай складана. (Падобная практыка падрыхтоўкі перакладчыкаў ужо прымяняецца ў Грузінскай і Эстонскай саюзных рэспубліках.)
Устанаўленне мяркуемага парадку дазволіла б нашай рэспубліцы пасылаць у іншыя рэспублікі на ўзаемных раўназначных умовах сваіх будучых перакладчыкаў для вывучэння мовы адпаведнай братэрскай рэспублікі. Натуральна, што падбор кандыдатур для такой вучобы павінен ажыццяўляцца пад пільным кантролем і па рэкамендацыях творчых саюзаў, дзяржкамвыдатаў і ВНУ рэспублік...»
Здавалася б, сухая і даволі ўнутраная для пісьменніцкіх спраў тэма. А між тым ад яе вырашэння і сёння залежаць не толькі міжнародныя літаратурныя сувязі, іх развіццё, а яшчэ і характар нашай дружбы з рознымі народамі і краінамі. Мастацкі пераклад быў і застаецца важным складнікам будаўніцтва зносін у фармаце міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва.
Аўтары:
Вячаслаў Селяменеў/Кастусь Лешніца
Звязда, 25 снежня 2023
Звязда, 25 снежня 2023
Кoличество переходов на страницу: 103
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |