https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзякуючы «Звяздзе» Максім Гарэцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай


У пачатку 1919 года адзін з рэдактараў «Звязды» Вільгельм Кнорын запрасіў Максіма Гарэцкага да сябе на работу. На той час газета выходзіла ў Мінску. Але неўзабаве рэдакцыя перабралася ў Вільню. З ёй пераехаў і пісьменнік...

У Вільні ён застаўся і пасля раптоўнага захопу горада польскімі войскамі: не паспеў вярнуцца ў Мінск. Супрацоўнічаў з мясцовымі выданнямі. Калі 1 чэрвеня 1919 года там адкрылася першая Беларуская гімназія, у якой усе прадметы выкладаліся па-беларуску, вельмі ўзрадаваўся. І не толькі таму, што хацеў выкладаць. Аказваецца, што тамтэйшая настаўніца Леаніла Чарняўская складала чытанку для школьнікаў «Родны край». З ёй акурат і імкнуўся пазнаёміцца Гарэцкі.

Як толькі з'явілася магчымасць, завітаў у гімназію. З першых вуснаў даведаўся, што чытанка, над якой працавала Чарняўская, не адзіны яе занятак па выхаванні дзяцей у нацыянальным духу. Вось-вось павінен быў выйсці з друку яе зборнік «Дзяціныя гульні». Леаніла была чалавекам эрудзіраваным, па-сапраўднаму ўлюбёным у літаратуру — гэта і прывабіла Максіма Іванавіча. А калі тая прызналася, што чытала яго кнігу «Рунь», той, пэўна, скакаў ад шчасця.

Дый і самую настаўніцу талент не абышоў: пісала абразкі, апавяданні. Родам Леаніла была з вёскі Таргуны, што на Віцебшчыне (сёння гэта Докшыцкі раён), гадавалася ў сялянскай сям'і. Паколькі сям'я была немалая (падрастала шасцёра дзяцей), ледзьве зводзілі канцы з канцамі, таму часта пераязджалі з месца на месца. Аднак, хоць і цяжка жылося, бацька дбаў, каб дзеці атрымалі адукацыю. Дый сам умеў чытаць і пісаць.
Асабліва дапытлівай і стараннай была Леаніла. Да ўсяго яна мела добрую памяць, многае схоплівала на хаду. Не выпадкова, калі ў 1902 годзе паступала ў першы клас Віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, па ўсіх прадметах атрымлівала «выдатна». Асабліва запомніліся ёй урокі літаратуры. У старшых класах іх вёў Фядот Кудрынскі, які ў свой час быў настаўнікам Якуба Коласа. Фядот Андрэевіч вельмі ганарыўся сваім былым вучнем. Расказваў навучэнцам, што сустракаўся з ім, калі той у 1907 годзе працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва». Паведаміў, што неўзабаве выйдзе першы паэтычны зборнік Якуба Коласа «Песні-жальбы». Даведаўшыся пра гэта, Леаніла ўзрадавалася: можна будзе прыдбаць яшчэ адну цікавую кнігу.

Па размеркаванні дзяўчына прыехала ў вёску Залессе, што на Вілейшчыне. Вучыла не толькі дзяцей. Хутка знайшла паразуменне
і з дарослымі. Вяскоўцам адразу спадабалася маладая настаўніца, якая была адкрытай, бачыла ў іх роўных сабе. Па вечарах, у вольны ад работы час разам спявалі народныя песні, ладзілі карагоды. Пра вечарыны, якія арганізоўваліся новай настаўніцай, неўзабаве даведаліся ў навакольных вёсках. Асобна займалася Чарняўская з сялянскімі дзяўчатамі. Для іх яна стварыла нешта накшталт гуртка. Вучыла вязаць, шыць, давала парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, расказвала пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. Тым жа, хто ўмеў хоць крыху чытаць, давала кнігі.

Максім Гарэцкі як толькі ўбачыў Леанілу, зразумеў, што яна акурат тая дзяўчына, якая яму патрэбна. Шмат агульнага было ў іхніх поглядах на жыццё, літаратуру. Абодва апантаныя ідэяй нацыянальнага адраджэння. А яшчэ...
Гэтае «яшчэ» заўважыў і Гаўрыла Гарэцкі, які пабачыў братаву жонку ў першы год пасля яе шлюбу з Максімам. У 1983 годзе ва ўспамінах пра Чарняўскую «Жанчына вялікага сэрца і мужнасці» ён успамінаў: «Была яна вельмі прыгожая, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам, добразычлівасцю, прыхільнасцю, дабрынёю, спагадаю. Голас быў глыбокі, грудны, меладычны. Постаць зграбная, стройная. Каса пышная. Рухі павольныя, плаўныя. Беларуская мова чыстая, напеўная. Леаніла Чарняўская была выключна ласкавая, уважлівая, далікатная».

Максіму Гарэцкаму была даспадобы і яе сарамлівасць. Не любіў людзей самаўпэўненых. Дый сабе нічога падобнага не дазваляў. А тут сама даверлівасць, адкрытасць. Часам спрачаліся па літаратурных справах, але адно на аднаго не крыўдавалі. Ведалі: у спрэчцы нараджаецца ісціна.

Пісьменнік наведваўся да Леанілы рэгулярна. Балазе, ад Базыльянскіх муроў, дзе пасяліўся ён у Вільні, да Вастрабрамскай вуліцы не так і далёка. Тут і знаходзіўся будынак першай Беларускай гімназіі. Да яго прымыкаў дом, у якім жыла яна, ягонае каханне і надзея. У гэтым ён ужо ніколькі не сумняваўся.

Паступова ўсё больш пераконваўся, што не адны асветніцкія і літаратурныя турботы цягнуць яго на Вастрабрамскую вуліцу. І зусім не яны прымушаюць яго затрымлівацца ва ўтульным пакойчыку да позняй ночы. Прыйшло каханне, і менавіта яно надавала віхурным дням надзею на лепшае, спадзяванне на шчасце.
Як жа ўзрадавалася Леаніла, калі аднойчы — лета яшчэ толькі ўбіралася ў свае правы — ён з'явіўся на парозе з вялікім букетам руж. Хоць не, радасць прыйшла крыху пазней. Спачатку ж, убачыўшы Максіма ў дзвярах, дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць. На вуліцы страляніна — ніколі, здаецца, такой не было. Кулі так пасвістваюць, што ажно ў пакоі чутно. А ён на спатканне сабраўся! Ды як сердаваць, калі Максім, як заўсёды, у настроі. Усміхаецца шчыра, адкрыта, ветліва. А яшчэ кветкі прынёс... Дзе толькі і адшукаў іх такой парой?!

Пасля гэтага часта заходзіў да яе з нязменным букетам у руках. Аднаму Богу вядома, дзе знаходзіў столькі руж. Спрабавала адгаворваць. Маўляў, навошта так часта, турботна ж гэта. Адгаворвала, а ў душы радавалася. І за саму ўвагу, і за шчырасць. І, вядома ж, за тое, што лёс падарыў ім абодвум тую першую сустрэчу, якая ад звычайнага знаёмства перайшла ў сяброўства, а затым прывяла да кахання.
Абвянчаліся яны 16 ліпеня 1919 года ў Прачысценскім саборы. Калі сталі жонкай і мужам, Максім Гарэцкі перабраўся да Леанілы на кватэру. Яны ўжо разам працавалі ў гімназіі. Ён выкладаў беларускую літаратуру, адначасова рабіў гэта і на настаўніцкіх курсах. Яна па-ранейшаму была настаўніцай пачатковых класаў. Працягвала працаваць і над чытанкай «Родны край». Так ужо атрымалася, што спачатку была складзена і выйшла ў 1919 годзе «Другая пасля лемантара кніга для чытання». Значыць, трэба было прыспешваць з'яўленне хрэстаматыі для першага класа. Дый і для трэцяга, чацвёртага... Так што турбот ставала, але былі яны прыемныя. У нечым дапамагаў і Максім, які пачаў выступаць у крыху нязвыклай для сябе ролі дзіцячага пісьменніка.

Выдатная свацця выйшла са «Звязды»! Не ўзяў бы Кнорын Гарэцкага на работу ў рэдакцыю, той мог бы і не трапіць у Вільню, а гэта значыць, не пазнаёміўся б са сваёй жонкай.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Крыніца 



 

Кoличество переходов на страницу: 491


Комментарии