https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чаму сёння сорамна не ведаць кітайскую мову


Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў госці да мінскага паліглота Юрася ЖАЛЕЗКІ.

Першае, што кідаецца ў вочы ў двухпакаёўцы — гэта паліцы з кнігамі на замежных мовах і стосы спісаных агульных сшыткаў. На працоўным стале гаспадара — старэнькі нямецкі радыёпрыёмнік, які працуе ад інтэрнэту і «ловіць» усе каналы свету. Свайго жыцця спадар Юрась не ўяўляе таксама і без тэлевізара. Нават спадарожнікавую антэну ён усталяваў з адной толькі мэтай: каб мець магчымасць глядзець 120 каналаў на розных мовах. А вось мабільным тэлефонам паліглот не карыстаецца. Кажа, няма неабходнасці. Ды і часу больш застаецца на вывучэнне замежных моў. Менавіта ім вось ужо шмат гадоў Юрась Жалезка прысвячае кожную вольную хвілінку. І вынік навідавоку.

«Іспанскую вывучыў за месяц адпачынку»

— Я магу свабодна размаўляць на 18 мовах свету, — пачынае здзіўляць суразмоўца. — На англійскай, французскай, іспанскай, партугальскай, італьянскай, нямецкай, галандскай, шведскай, нарвежскай, ірландскай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, беларускай, рускай, эсперанта і кітайскай.

З намі ж спадар Юрась гаворыць на чысцюткай беларускай. Усцешыла, што менавіта ёй паліглот аддае перавагу і ў штодзённым жыцці.

— Што ж тут дзіўнага? Гэта мая родная мова. Мова Караткевіча, Гарэцкага, Купалы, Коласа... Як можна растлумачыць, чаму вы любіце сваё дзіця? Тое ж самае і з роднай мовай.

Хоць, як высветлілася, месца дзіву тут усё ж такі ёсць. Юрась Жалезка вывучыў беларускую мову ў свядомым узросце, услед за польскай. Бо бацькі, хоць і родам з Мінска, заўсёды размаўлялі па-руску. А ў школе родную мову выкладалі дзеля галачкі.

— Спадар Юрась, кажуць, беларуская мова па мілагучнасці на другім месцы пасля італьянскай...

— Шмат хто так кажа. Немцы таксама лічаць, што нямецкая — на другім месцы пасля італьянскай. Як па мне, дык кожная мова прыгожая па-свойму, кожная мае свой цуд.

...Маё захапленне мовамі пачалося ў 9 класе. Неяк у рукі трапіўся часопіс «Навука і жыццё», яго выпісвалі бацькі. Там быў артыкул пра савецкіх паліглотаў, якія ведалі ад 15 да 40 моў. Усе тыя мовы былі пералічаны ў інтэрв'ю. Мяне вельмі захапіў той артыкул! Некалькі разоў перачытваў яго. І думаў: «Змагу я так, як яны, ці не?»

Пачаў з таго, што сур'ёзна ўзяўся за школьную англійскую. І запісаўся на курсы нямецкай мовы ў Доме афіцэраў. Пасля школы з лёгкасцю паступіў у Інстытут замежных моў. Скончыў перакладчыцкі факультэт з чырвоным дыпломам. Пасля інстытута я валодаў прыкладна 10 мовамі на базавым узроўні. Па размеркаванні трапіў у педвучылішча, выкладчыкам англійскай, французскай і іспанскай моў. Апошнюю я вывучыў за месяц адпачынку, праўда, практычна не выходзіў увесь гэты час на вуліцу.

— Гэта проста неверагодна! У вас, напэўна, Божы дар?

— Я не сказаў бы, што мовы мне даваліся лёгка. Здольнасці, вядома, ёсць, але дасягнуў вынікаў у многім дзякуючы працы і ўседлівасці. У дзяцінстве я сур'ёзна займаўся плаваннем. Менавіта яно загартавала сілу волі і прывіла мэтанакіраванасць. Але, несумненна, другую, трэцюю, чацвёртую і г.д. мовы значна прасцей вучыць у параўнанні з першай.

— Чым кіраваліся падчас выбару моў?

— Гэта вельмі кранальны момант — выбар мовы. Я выбраў тыя, якія мне больш за ўсё падабаюцца. Шмат крытэрыяў: і літаратура, з якой ты хочаш пазнаёміцца ў арыгінале, і культура народа, і значнасць мовы як сродку зносін.

— Ці часта вы падарожнічаеце?

— У савецкія часы вучыўся ў французскім Грэноблі, па абмене студэнтаў. З гэтага пачаліся мае падарожжы. Ездзіў у Эстонію, Латвію, Літву, Германію, Венгрыю, Польшчу... За мяжой актыўна карыстаюся замежнымі мовамі, адчуваю сябе там як рыба ў вадзе.

— Вы ведаеце ажно 18 моў. Гэта адкрывае перад вамі мноства магчымасцяў. Вы можаце жыць у Францыі, Кітаі...

— Я чалавек старой загартоўкі, радзіма для мяне — не пусты гук. Можна з'ездзіць у любую замежную краіну па новыя ўражанні. Але вяртацца ўсё ж такі прыемней дадому.

— А сны сняцца на якой мове?

— На розных. Прычым вельмі часта ў сне я гавару на замежных мовах лепш, чым у жыцці.

— «Мае гады — маё багацце», — спяваў Вахтанг Кікабідзэ. Вам яшчэ толькі пяцьдзясят з хвосцікам, што для вас багацце?

— 18 моў — маё багацце. З імі ў мяне звязаны толькі станоўчыя эмоцыі. Вывучэнне моў мяне настолькі захапіла, што стала не толькі працай, але і хобі, і лёсам. Таму я шчаслівы чалавек.

Усходняя жамчужына калекцыі

— Па аб'ёме слоўнікавага запасу прынята меркаваць, наколькі адукаваны чалавек. Слоўнік Элачкі-людаедкі з рамана «Дванаццаць крэслаў» складаў 30 слоў. Колькі слоў ведаеце вы?

— Я не падлічваў. Але, можа, тысяч па 10-15 у кожнай мове. Праўда, кітайскую пачаў вучыць не так даўно, таму пакуль засвоіў недзе толькі паўтары тысячы слоў.

— Кітайская мова — адзіная ўсходняя ў вашай калекцыі. Чаму вырашылі яе вывучыць?

— Сёння сорамна не ведаць кітайскую мову.

Дарэчы, кітайскі сінтаксіс падобны да рускага. Там няма нічога цяжкага, акрамя саміх іерогліфаў, якія трэба запамінаць.

Праўда, пісаць па-кітайску я пакуль так і не навучыўся. Але чытаю і разумею на слых добра. Калі сустракаю ў горадзе кітайца, стараюся абавязкова падысці, пагутарыць. Бо любая мова патрабуе практыкі.

— Ці ёсць у вас любімыя словы?

— Люблю назіраць за «падарожжам» слоў з адной мовы ў другую. Вось вы, напрыклад, ведаеце, як ад беларускай «казы» ўтварылася нямецкае слова «Kase» (сыр)? А вельмі проста: каза дала малако, а з малака зрабілі сыр. Ці параўнайце латышскае слова «gulta» — ложак — і беларускае «гультай». Такія падарожжы даказваюць, што ўсе еўрапейскія мовы роднасныя. ...Вы прасілі мяне расказаць які-небудзь цікавы выпадак, звязаны з мовамі. Дык вось узгадаў. У лінгвістычным інстытуце нам выкладалі французскую мову ХІХ стагоддзя — Бальзака, Флабэра (на ёй у Францыі ўжо даўно больш ніхто не гаворыць). У прыватнасці, вучылі, што калі развітваешся з чалавекам, трэба казаць «Au revoіr» (о рэвуар). У Францыі ж калі кажаш «о рэвуар», значыць, што ты з гэтым чалавекам спадзяешся яшчэ сёння сустрэцца. Я, як толькі прыехаў у Грэнобль, першай справай пайшоў у бібліятэку студэнцкага гарадка. Маладая ўсмешлівая бібліятэкарка запісала мае кніжкі. Але пасля майго развітальнага «о рэвуар» чамусьці імгненна стала пунсовай.

— Падумала, што вы да яе заляцаецеся?

— Так (смяецца). Але я зразумеў гэта не адразу. Аказваецца, калі развітваешся, трэба казаць «Воnsoіr» (бонсуар).

— У вас ёсць нейкая методыка вывучэння мовы? Можаце падзяліцца?

— Ахвотна. Я бяру падручнікі і чытаю ўголас. Вучу словы ў кантэксце. Па першым часе давядзецца глядзець ледзь не кожнае слоўца. Таму раю карыстацца падручнікамі, у якіх ёсць слоўнічкі пасля тэкстаў. Гэта значна эканоміць час. Усе новыя словы, якія будзеце сустракаць, запісвайце ў агульны сшытак. А потым вучыце. Пасля гэтага яшчэ раз перачытваем усе тыя падручнікі. З такім намерам, каб не сустрэць ніводнага незнаёмага слова. Лічу, што трэба 8-10 падручнікаў прайсці па кожнай мове, каб засталіся веды. Раю набыць, калі гэта яшчэ магчыма сёння, выданні савецкага часу па англійскай мове, там значна спрошчана лексіка. Калі даб'яцеся таго, што будзеце ведаць пераклад тэкстаў без слоўнічка, можна лічыць, што гэтыя падручнікі пройдзеныя. Смела пераходзьце на мастацкую літаратуру. Паралельна з гэтым пачынайце слухаць. Гэта можа быць радыё, дзе ёсць англійскія, амерыканскія каналы. Як сказаў адзін мой сябра: у вывучэнні моў лепш адзін раз пачуць, чым дзесяць разоў пабачыць.

Вучыце мову! Не важна, якую, не важна, у якім узросце. Гэта цудоўны інструмент трэніроўкі памяці, развіцця мыслення, інтэлекту, пашырэння кругагляду. Яшчэ Гётэ казаў, што чалавек столькі разоў чалавек, колькі ён моў ведае.

— Вырашылі ўжо, якая мова будзе 19-й?

— Вырашыў спыніцца на 18. Чым благая лічба? (усміхаецца). А калі сур'ёзна, ва ўсім у жыцці галоўнае не колькасць, а якасць. Таму я буду ўдасканальваць ужо вывучаныя мовы.

«У нас няма ні перакладу Бібліі, ні казак Андэрсена»

— Вы некалькі разоў паўтарылі, што кожную вольную хвіліну, не раздумваючы, прысвячаеце вывучэнню моў. А на ўсё астатняе вас хапае?

— Жыву адзін, таму тут усё прасцей. Я яшчэ і філосаф па адукацыі, скончыў аспірантуру. Таму ў перапынках паміж вывучэннем моў з задавальненнем чытаю кнігі розных філосафаў. На жаль, у арыгінале ў мяне іх няма. Даводзіцца задавольвацца рускамоўнымі перакладамі.

— Вывучэнне моў — гэта для вас і праца, і хобі, і лёс. Прабачце, за крыху меркантыльнае пытанне, ці можна пражыць на гэтае хобі?

— Можна. Заходнія краіны добра аплачваюць пераклады сваіх твораў на беларускую мову.

— Вы падарылі жыццё на беларускай мове творам Густава Бекера, Віктора Гюго, Генры Лангфела, Жака Прэвэра, Роберта Фроста... Якіх замежных аўтараў вам бы яшчэ хацелася перакласці?

— Вось думаю, ці не перакласці раман «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсія Маркеса. У мяне ўжо ёсць арыгінал калумбійскага выдавецтва. Чытаў гэтую кнігу гадоў 20 таму, дагэтуль знаходжуся пад вялікім уражаннем. Я ж імкнуся перакладаць тое, што мне самому падабаецца.

— Вы неяк сказалі, што, працуючы над перакладам кнігі Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан-з-даху» амаль не карысталіся слоўнікам. Перакладаць без слоўніка — гэта найвышэйшы пілатаж?

— Мне лёгка было перакладаць прыгоды Карлсана, бо кніга напісана жывой гутарковай мовай. Але насамрэч не так важна, наколькі ты ведаеш гэтую, у дадзеным выпадку шведскую, мову, як важна быць сумленным перакладчыкам. Не выкарыстоўваць рускамоўных перакладаў, цікавіцца ў слоўніку значэннем кожнага забытага слова. Пераклад павінен быць як мага больш дакладным. Няякасным можна адбіць усялякую ахвоту чытаць па-беларуску. Не так даўно завяршыў пераклад нарвежскіх народных казак. Вось-вось выйдзе другая частка «Малога і Карлсана-з-даху». Неўзабаве вазьмуся за трэцюю. Таксама хочацца перакласці «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна...

— Пісьменнікі, з якімі даводзілася размаўляць, кажуць, што для дзяцей пісаць цяжэй, чым для дарослых. А перакладаць?

— Таксама. Мова перакладу дзіцячай літаратуры павінна быць узорнай. Бо чалавек засвойвае яе менавіта ў гэтым узросце. Таму на перакладчыка кладзецца надзвычай вялікая адказнасць. Думаеце, чаму я ўзяўся за пераклад дзіцячай літаратуры? Бо перакананы, што цяпер гэта самае патрэбнае. На якой мове будуць гаварыць нашы дзеці, на такой будзе размаўляць насельніцтва краіны.

— Апошнім часам на беларускую мову перакладаецца шмат дзіцячых твораў. І гэта радуе...

— Мяне таксама. Але разам з тым наша мова па-ранейшаму застаецца самай беднай еўрапейскай мовай па перакладах. У нас няма нават перакладу Бібліі з арыгінала.

Беларуская — адзіная мова ў Еўропе, на якую пакуль не існуе прамога перакладу казак Ганса Хрысціяна Андэрсена. Думаю ў найбліжэйшы час выправіць гэты прабел.

zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 909


Комментарии