Яго называюць першым раманістам у беларускай літаратуры, а таксама — нашым Дастаеўскім і нашым Стэйнбекам. Удумлівы апавядальнік і глыбокі псіхолаг, Кузьма Чорны (сапраўднае імя Мікалай Раманоўскі) за свой кароткі жыццёвы век здолеў у раманах адлюстраваць лёсы некалькіх пакаленняў беларусаў, стаць у шэраг нацыянальных класікаў, а таксама ўзняць айчынную прозу на сусветны ўзровень.
Але ці шмат мы ведаем пра самога пісьменніка, яго жыццёвую дарогу? Напэўна, не. Таму кніга «Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы свет», што выйшла ў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў межах знакамітай серыі «ЖЗЛБ», стане для айчыннага чытача адкрыццём. Перадусім — адкрыццём асобы класіка. Пра тое, якія матэрыялы ўвайшлі ў гэтае выданне, як ішла праца над праектам мы гутарым з укладальніцай кнігі, загадчыкам аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галінай ШАБЛІНСКАЙ.
Кузьма Чорны з дачкой Рагнедай, 1938 г., фота з сямейнага архіва Міколы Раманоўскага.
Кузьма Чорны з дачкой Рагнедай, 1938 г., фота з сямейнага архіва Міколы Раманоўскага.
— Галіна Васілеўна, вы ўжо выступалі ў якасці ўкладальніка кніг серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Склалі тамы, прысвечаныя Янку Купалу і Уладзіміру Караткевічу. Чаму менавіта Кузьма Чорны цяпер прыцягнуў вашу ўвагу?
— Постаць Кузьмы Чорнага мяне цікавіла даўно. Здавалася б, хрэстаматыйны аўтар, але мы ведаем пра яго да крыўднага мала. Вельмі хацелася паглыбіцца ў той час, які спраўдзіў Чорнага як мастака і разам з тым не даў яму цалкам рэалізавацца. Вялікі талент — гэта заўсёды вялікая таямніца. І мяне кожны раз дзівіць тая сіла супрацьстаяння часу, абставінам, лёсу, якой валодаюць таленавітыя людзі (на жаль, не ўсе). Я, можа, выкажу парадаксальную думку, але Купала, Караткевіч і Чорны — блізкія ў выяўленні свайго боскага творчага дару. Паглядзіце, у кожнага з іх — кароткі зямны век: 60, 54 і 44 гады адпаведна. Яны перажылі палітычныя ўціскі свайго часу, а то і рэпрэсіі, і праз усе выпрабаванні — такое ахвярнае служэнне беларускаму слову і Бацькаўшчыне. Мы вымаўляем гэтыя імёны і чуем — Беларусь.
У лёсе кожнага з іх ключавое слова — мужнасць. І да Чорнага яно стасуецца ў асаблівай ступені.
— Якія крыніцы матэрыялаў выкарыстоўвалі ў працы? У якіх архівах, бібліятэках працавалі?
— Тут я хацела б падкрэсліць, што мэта гэтага выдання — расказаць пра Кузьму Чорнага як чалавека, прасачыць лінію жыцця творцы. Таму ў кнізе пераважае мемуарны жанр. І канешне, галоўныя апавядальнікі яго жыццёвай і творчай біяграфіі — сучаснікі пісьменніка. Іх успаміны параскіданы па самых розных крыніцах, у тым ліку — шмат у перыёдыцы, пачынаючы з пасляваенных гадоў. Па сутнасці, гэта былі першыя эмацыянальна-балючыя водгукі светлай памяці Чорнага, які памёр у лістападзе 1944 года.
А працаваць даводзілася ў розных месцах. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна, іншыя архіўныя і музейныя ўстановы. Нават у фондах Беларускага радыё я знайшла некалькі цікавых успамінаў пра Кузьму Чорнага, якія былі запісаны яшчэ ў 1960–1970-я гады: Алеся Пальчэўскага, Антона Бялевіча, Міколы Хведаровіча ў выкананні аўтараў. Потым я прачытала надрукаваныя варыянты і калі іх супаставіла, аказалася, што аўдыёзапісы — больш родныя.
— Многія дакументы, фотаздымкі, што ўвайшлі ў кнігу, сапраўды ўнікальныя, яны дадаюць новыя рысы да асобы Кузьмы Чорнага. Што менавіта для вас было нечаканасцю, адкрыццём у постаці і лёсе класіка?
— Сышла забранзавеласць класіка, і адкрылася жывая асоба з любоўю, болем, роздумам, пакутамі. Нават яго партрэт на супервокладцы кнігі, калі вы звярнулі ўвагу — зусім не падобны на тыя зарэтушаваныя, што мы бачылі раней. Хтосьці з маіх калег сказаў — твар еўрапейскага класіка. А Кузьма Чорны і ёсць такім.
Вядома, што 8 месяцаў турмы моцна падарвалі здароўе Чорнага і скарацілі яго век, але ўражвае тая прага да працы, якая ніколі яму не здраджвала, ні пры якіх жыццёвых абставінах. Якую сілу волі трэба было мець і якое жаданне пісаць, каб працаваць да апошняга ўздыху і верыць у тое, што ты робіш.
І гэты яго апошні запіс у дзённіку, зроблены ў дзень смерці: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..», які цяпер часта цытуюць, гучыць як прысуд пісьменніцкага лёсу, той Галгофы, якую ён прайшоў...
— А якія дакументы, здымкі мы бачым у кнізе ўпершыню?
— Некалькі фотаздымкаў з сямейнага архіва, аўтографы лістоў Чорнага да Пятра Глебкі, Адама Бабарэкі, Якуба Коласа, дароўныя надпісы пісьменніка на яго кнігах, рукапіс верша Юркі Гаўрука «Памяці Кузьмы Чорнага» 1945 года, фотаздымак пасмяротнай маскі пісьменніка. Асабіста мяне вельмі крануў дакумент з сямейнага архіва, які падрыхтаваў да друку ў гэтай кнізе ўнук Мікола Раманоўскі. Гэта «Хроніка хваробы Кузьмы Чорнага» — запісы жонкі Рэвекі Свераноўскай, якія былі зроблены ёю, калі ў Чорнага здарыўся першы інсульт у канцы 1942 года ў Маскве. І ліст дачкі пісьменніка Рагнеды да Якуба Коласа, які быў напісаны дзяўчынкай-падлеткам таксама недзе ў гэты перыяд (пісьмо без даты). Яго нельга чытаць без хвалявання. Пра ўсё не раскажаш. Гэтую кнігу трэба браць у рукі і чытаць.
— Наколькі плённай была супраца з унукам Чорнага, перакладчыкам Міколам Раманоўскім?
— Я ўдзячна спадару Міколу за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай кнігі. Ён вельмі адказна паставіўся да маёй прапановы «зазірнуць у сямейны архіў». Спадар Мікола вельмі беражліва, я б сказала, расчытаў запісы сваёй мамы Рагнеды Мікалаеўны «Мінулае», яны друкуюцца ўпершыню. Ім былі падрыхтаваны лісты Кузьмы Чорнага, якія захоўваюцца менавіта ў сямейным архіве, і гэта зноў — адкрыццё для чытача. Ён шчодра прапанаваў нам матэрыял для ілюстрацыйнага афармлення выдання, шмат цікавага расказаў пра свой род у інтэрв'ю. Мне імпануюць яго адносіны да справы ўшанавання памяці пра дзеда.
Рэдкалегія часопіса «Узвышша». Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва. Стаяць: Адам Бабарэка, Язэп Пушча. Мінск, 1927 г., фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Рэдкалегія часопіса «Узвышша». Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва. Стаяць: Адам Бабарэка, Язэп Пушча. Мінск, 1927 г., фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
— Многія з пісьменнікаў-сучаснікаў успамінаюць пра Чорнага як пра вельмі тактоўнага настаўніка-дарадцу. Пішуць, што ён з цярплівасцю чытаў іх творы, рабіў слушныя заўвагі, нават хворы працаваў і запрашаў іх дадому ў новую кватэру па вуліцы Свярдлова. Якім творцам Кузьма Чорны даў пуцёўку ў вялікую літаратуру?
— Фактычна, гэта ўсё маладзейшае пакаленне, якое прыйшло ў беларускую літаратуру пасля Кузьмы Чорнага ў 1920-я і 30-я гады. Нездарма яго называлі хросным бацькам літаратурнай моладзі. Іван Мележ лічыў яго сваім настаўнікам, талент празаіка Кузьма Чорны разгледзеў у зусім яшчэ маладога Янкі Брыля. Алесь Пальчэўскі, Антон Бялевіч, Іван Грамовіч, Павел Пруднікаў, Рыгор Няхай, Мікола Хведаровіч, Усевалад Краўчанка, Уладзімір Хадыка — спіс можна доўжыць. Праца з творчай моладдзю — гэта асаблівы дар, а ў Чорнага не было «дзяжурнага» стаўлення да маладых, усё ішло ад сэрца, і яны гэта цудоўна адчувалі.
— Ёсць у выданні і лісты пісьменніка да яго сяброў і паплечнікаў — Васіля Віткі, Пятра Глебкі, Пімена Панчанкі, Адама Бабарэкі і многіх іншых. Ці сапраўды Кузьма Чорны прыцягваў да сябе людзей?
— Так, цэлы раздзел у кнізе прысвечаны ліставанням Чорнага з рознымі людзьмі. Вядома, што пісьмаў пісьменнніка ўвогуле захавалася не так і шмат. Тым больш, я думаю, будзе цікава прачытаць іх у гэтай кнізе. А пра тое, што Чорны валодаў магнетызмам прыцягваць да сябе людзей, згадваюць многія. Гэта зайздросны талент глыбокіх натур. Хоць на пустыя размовы марнаваць час не хацеў. Інакш бы ён не паспеў столькі напісаць.
— Наколькі гучным было яго імя ў свой час, а меркаванне — аўтарытэтным?
— Гэта было адно з самых яркіх імёнаў у свой час. Да яго думкі заўсёды прыслухоўваліся, у сваіх крытычных ацэнках ён не крывадушнічаў, а густу і таленту яму было не пазычаць. І Чорнаўскае «будзе друкавацца» для маладых гучала як пароль, як надзея, што яны абавязкова будуць працаваць у беларускай літаратуры.
— У некаторых рукапісах, выявы якіх можна пабачыць у кнізе, пісьменнік паўстае і ў вобразе мастака. Тут ёсць малюнкі, накіды ілюстрацый. А як сам Кузьма Чорны ставіўся да сваіх мастакоўскіх эксперыментаў?
— На жаль, такой інфармацыяй я не валодаю. Магу толькі меркаваць, што яму было цікава ілюстраваць уласныя творы. У гэтым таксама выяўлялася яго творчая натура. Шкада, што мала захавалася малюнкаў. Таленавітыя людзі — таленавітыя ва ўсім... Дарэчы, Кузьма Чорны быў і музычна адораным чалавекам.
— Раман Чорнага «Пошукі будучыні» не так даўно быў выдадзены ў серыі «Мая беларуская кніга», выбраныя творы ва ўкладанні Міхася Тычыны выйшлі на пачатку 2000-х у серыі «Беларускі кнігазбор», а збор твораў класіка ў 8 тамах пабачыў свет аж у 1970-я. Ці ёсць патрэба ў новым зборы твораў?
— Сюды можна таксама дадаць том твораў Чорнага ў «Залатой калекцыі беларускай літаратуры», які выйшаў летась у «Мастацкай літаратуры». Быў пазнейшы збор твораў класіка ў 6 тамах, у 1990-я гады. І тым не менш патрэба, як вы кажа-
це, у новым зборы твораў Кузьмы Чорнага ёсць. Пра што, дарэчы, гаворыць у гэтай кнізе і ўнук пісьменніка Мікола Раманоўскі.
— Можна сцвярджаць, што творы Чорнага могуць здабыць новую хвалю папулярнасці і быць наноў адкрытымі нашымі сучаснікамі?
— Класічныя творы, як вядома, пішуцца «навыраст». І новае прачытанне класікі адбываецца ў кожнага пакалення. Спадчына Кузьмы Чорнага вяртае нас да спрадвечнага: зямля, чалавек, свет. І колькі будзе жыць чалавек на зямлі, ён будзе шукаць сваё месца ў гэтым свеце, будзе любіць свой дом і свой край, каб зразумець і спраўдзіць сваё «я».
А як унук пісьменніка ўспрыняў новую кнігу, якая распавядае пра яго дзядулю? Якія выданні пра Чорнага яму хацелася б пабачыць і якія адкрыцці ў вывучэнні жыццёвай дарогі класіка нас яшчэ чакаюць? На гэтыя пытанні адказвае ўнук Кузьмы Чорнага Мікола РАМАНОЎСКІ:
— Новая кніга грунтоўная і добра выдадзеная. Успамінаў за дзесяцігоддзі набралася шмат, але ўсе былі раскіданыя па розных выданнях; лісты не былі сабраныя дагэтуль ніколі, крытыка — таксама. Дзякуй укладальніцы, дызайнеру, выдаўцам. Пашкадаваць можна хіба пра тое, што аб'ём не бязмежны і не ўсё ўдалося ўключыць. Прыкладам, не ўвайшлі дзённікі і фрагменты з лістоў Васіля Віткі ваеннага часу, а гэта (асабліва дзённікі) — унікальныя сведчанні пра тое, як жыла рэдакцыя газеты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў дзядуля, на пачатку вайны вандруючы па расійскіх гарадах, а потым атабарыўшыся, некаторыя фотаздымкі і лісты — Чорнага і іншых асоб; мемуарныя запісы Рагнеды Раманоўскай (дачкі); колькі шпітальных запісаў самога Чорнага дзённікавага характару. Мабыць, упершыню ў добрай якасці публікуюцца факсіміле рукапісаў.
Увага да спадчыны Чорнага сёння недастатковая, дый, зрэшты, не толькі да яе. Але перыядычна сустракаю ў інтэрнэце, як той ці іншы чалавек піша, што чытае Чорнага, — і як жа добра, ці шукае парады, што значаць у Чорнага тыя ці іншыя словы і выразы. Вось такая цікавасць «знізу» надзвычай каштоўная.
Што да пакуль не апублікаваных матэрыялаў, пра якія мне вядома, то яны цікавыя хутчэй не для даследчыка творчасці, а для біёграфа: афіцыйныя паперы, запісы з нататніка... Мастацкія творы апублікаваныя ўсе, якія толькі захаваліся, нават, здаецца, з лішкам (перадрукоўваўся пад імем Чорнага, але не ўвайшоў у зборы твораў верш, напісаны, пэўна, нейкім ягоным фамільятам, бо сам ён вершаў не пісаў ніколі). Застаюцца неапублікаванымі два пераклады п'ес (Астроўскага і Горкага), неперадрукаванымі ў нашы дні — астатнія пераклады. У зборы твораў у 8 тамах 1970-х гадоў была апублікаваная хроніка жыцця і творчасці Чорнага, але цяпер яе трэба рабіць фактычна нанава: за савецкім часам шмат пра што і пра каго немагчыма было згадаць.
Таму, мне здаецца, не хапае найперш поўнага збору твораў Кузьмы Чорнага — з лістамі, перакладамі, нанава зверанага з першадрукамі і рукапісамі. Не хапае электроннага выдання — дагэтуль у інтэрнэце толькі адзінкавыя аповесці і апавяданні. Не хапае слоўніка мовы Чорнага . Ёсць багата біяграфічных матэрыялаў, але грунтоўнай біяграфіі няма. Дарэчы, Чорным жа займаліся не толькі літаратуразнаўцы, а і мовазнаўцы, літаратуразнаўчая анталогія ў новай кнізе прадстаўленая, а мовазнаўчую яшчэ, мабыць, варта сабраць. Страшэнна расчароўваюць пераклады Чорнага на рускую мову, якія рабіліся за савецкім часам. Мова там прадказальна знівеляваная, да таго ж шмат павыкрэслівана. Ніякага ўяўлення пра тое, за што ў нас цэняць Чорнага, гэткія пераклады даць не могуць. А рабіць нанава — гэта вялікі выклік для перакладчыка, бо трэба фактычна ствараць з нуля расійскі адпаведнік чорнаўскаму стылю. Пры тым, што беларуская і руская стылістыка збудаваныя зусім па-рознаму.
vesіaluha@zvіazda.by
Кoличество переходов на страницу: 1044
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |