https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Знойдзены беларускія Рамэа і Джульета


Гэта гісторыя можа расчуліць да слёз: такое велічнае ў ёй каханне. Часам яна выклікае дрыжыкі: ну а як жа, дэкадансны твор, з уласцівымі яму ноткамі страху. А яшчэ гэта раман пра Беларусь, якую мы не... страцілі. Кожны носіць яе адлюстраванне, глыбока схаванае ў сэрцы. І толькі час ад часу наважваецца прычыніць перад іншым заслону таемнасці: паглядзі, на якой зямлі мы жывём, нават не ўяўляючы яе дзівосаў.



Раман Людмілы Рублеўскай «Дагератып», які пару месяцаў таму выйшаў у выдавецтве Андрэя Янушкевіча, прадстаўляе добра сканструяваны свет нашай мінуўшчыны. Гэта надзейны мур — так спакусна пасяліцца ў ім назаўсёды, калі б толькі была такая магчымасць для вандроўкі ў часе.

На пачатку твора галоўны герой, якога завуць Гальяш, збіраецца з'ехаць у Амерыку — ужо і рэчы спакаваныя. І нявеста з-за акіяну кожныя паўгадзіны тэлефануе па скайпе. Усё нібыта вырашана і амаль няма сумневаў, што пара развітацца з Радзімай. Але на антрэсолях у кватэры раптам знаходзіцца стары альбом з сямейнымі фотаздымкамі. Герой марудзіць, не спяшаецца адгарнуць вокладку: даведацца праўду пра сваё мінулае ці лепш пакінуць усё як ёсць? Ён, біёлаг па адукацыі, як ніхто іншы ўсведамляе, што значыць паходжанне роду і як многае гэта можа змяніць...

Тэкст сканструяваны так, што пасля кароткага знаёмства з сучаснасцю чытач адразу трапляе ва ўнутранае кола рамана — і бачыць іншы час і зусім іншых персанажаў: «Як усё, што змяняе жыццё, гэтыя героі з'явіліся проста і нечакана». У горадзе N канца XІX стагоддзя навамодную фатаграфічную майстэрню адкрывае чарнявая, караткастрыжаная прыгажуня Багуслава і пасівелы спадар Ніхель, быццам бы яе бацька. Аднак што насамрэч яднае гэтых дваіх і якая сапраўдная мэта іх прыезду ў N, стане зразумелым значна пазней.

Адметна, што ў гэтым творы не проста рэканструюецца папярэдняя эпоха. Ён спрэс насычаны роздумамі пра тое, што многае, важнае з нашай гісторыі, на жаль, было страчана: «А Багуслава — каб магла б тады крычаць, закрычала б, каб не адвучылі плакаць — плакала б... Але яна сапраўды была атручаным парасткам, пустазеллем, якое толькі выпадкова не выпалалі». Паколькі падобныя думкі ў тэксце сустракаюцца паўсюдна, робіцца відавочна, што гэта не проста згадкі з біяграфій герояў. Гэта адсылкі да гістарычных каранёў беларусаў, якіх увесь час імкнуліся раз'яднаць. А вось што кажа яе напарнік: «Я нарадзіўся тут, — памаўчаўшы, прамовіў Ніхель. — Праўда, не магу сказаць, што буду жыць тут». Зноў тое ж пакутлівае пытанне пошуку свайго месца на мапе свету.

Новыя героі, якіх уводзіць аўтарка, таксама апантаныя толькі адной ідэяй: адшукаць, захаваць і, калі спатрэбіцца, схаваць ад чужых вачэй штосьці важнае. Гэта два бедныя студэнты (адзін з іх апрануты ў вышыванку), якія любой цаной (і не толькі апошнімі накопленымі грашыма, але і шантажом і пагрозамі) імкнуцца ўгаварыць фатографаў накіравацца ў злавесны маёнтак Жухавічы, каб зняць там унікальную этнаграфічную калекцыю, якая літаральна праз пару дзён можа быць знішчана: «А тут такая катастрофа... Спадчыннік Каганецкіх, чалавек, які ўсё жыццё цягаецца па нейкіх суматрах ды явах, прыехаў, каб пахаваць мачыху — і знішчыць бацькавы калекцыі! З блаславення, вядома, мясцовых святароў». «Цемрашалы, — выгукнуў Давыд. — Мала ім таго, што столькі бясцэнных кніг з уніяцкіх кляштароў, абразоў мясцовай работы, прызнаных недастаткова праваслаўнымі, тут спалена!» Уся кампанія выпраўляецца ў падарожжа, якое ў любую хвіліну можа абярнуцца трагедыяй.

Асаблівае месца ў творы займае любоўная лінія. Гісторыя, што разварочваецца на старонках твора, можа пасапернічаць у сваёй вабнасці з гісторыяй Рамэа і Джульеты. Персанажы, якім у жыцці дагэтуль не надта шанцавала, раптам аказваюцца здольнымі на вельмі шчырыя пачуцці.

У адзін момант гераіня апынаецца сам-насам з... чалавекам-ваўкалакам. І яна не бяжыць прэч. Яе каханне настолькі моцнае, што спрабуе змяніць нават звера. Багута чытае верш-закляцце, які вось-вось можа абудзіць ваўкалака. Але праз краты клеткі на яе не кідаецца морда са звярыным выскалам. Героі зліваюцца ў пацалунку. І гэта, бадай, адзін з самых рамантычна-гатычных момантаў кнігі.

«Дагератып» напісаны надзвычай кінематаграфічна. Яскрава бачыцца ліцвінская готыка ў ззянні занядбанай і велічнай прыгажосці. Вялікая колькасць дэталяў надзвычай яскрава вымалёўвае ва ўяўленні ўсё, што імкнулася паказаць аўтарка.

Людміла Рублеўская вяртае нас у першае кола, сучаснае. Адметна, што ў ім так шмат асабістага з жыцця пісьменніцы. Яшчэ да таго, як перанесціся ў XІX стагоддзе, яна расказвае пра афіцыёз на працы, пра пагрозы звальнення з-за надта рэзкага артыкула... Падаецца, акурат гэта магла перажываць і сама Людміла. Дэталі з побыту творцы зноў і зноў прабіваюцца ў тэксце. І міжволі задумваешся: а што, калі б аўтарка не працавала ў штодзённай газеце; мажліва, мы б тады атрымалі не дэкадансны раман, а цэлую эпапею пра XІX стагоддзе, створаную ў наш час?.. А пакуль, калі заціхае тлум дзённых спраў, Людміла Рублеўская па начах піша свае кнігі, па адной на год.

Варта асобна сказаць і пра выдаўца Андрэя Янушкевіча. Прафесійны гісторык, пэўны час ён працаваў даследчыкам, у тым ліку ў Мірскім замку. Але марыў пра выпуск папулярнай літаратуры на гістарычныя тэмы. Таму і зрабіўся выдаўцом. Не ўсё атрымлівалася адразу, але цяпер на рахунку яго каманды не адзін паспяховы праект.

Грошы на «Дагератып» былі сабраныя праз краўдфандынг (ахвяраванні). Разам склалася ўсё. Кніга, якую нельга было не напісаць. Выдавец, які не мог не надрукаваць яе. І чытачы, гатовыя выдаткаваць грошы на літаратурнае аднаўленне XІX стагоддзя. І на тое, каб убачыць Рамэа і Джульету ў беларускай рэінкарнацыі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Крыніца 



 

Кoличество переходов на страницу: 508


Комментарии