https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дар’я Зубко: «Мяне зацікавіла адаптацыя беларусаў у Кітаі...»


Даволі шмат універсітэцкіх вучоных з Беларусі працуе ў кітайскіх ВНУ. Кандыдат гістарычных навук Дар’я ЗУБКО жыве і працуе ў Кітаі не адзін год. Выкладчык Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў. У свой час мне давялося наведваць гэтую вышэйшую навучальную ўстанову. Тут працуе Цэнтр даследванняў Беларусі. У двары ўніверсітэта ўсталяваны помнік народнаму песняру Беларусі Янку Купалу. Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы на паліцах са славістыкай, русістыкай я знайшоў невялікі падбор кніг беларускіх пісьменнікаў — Міхася Лынькова, Васіля Быкава... Нават давялося патрымаць у руках выдадзенага ў Мінску амаль паўвека назад «Сымона-музыку» Якуба Коласа з ілюстрацыямі Міколы Селяшчука. Ёсць бібліятэка кніг і ў Цэнтры даследванняў Беларусі. Дарэчы, удзел у яе фарміраванні прымалі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда»... Наша размова з Дар’яй — пра яе кітаязнаўчыя зацікаўленні, пра тое, што зараз уяўляе беларуская кітаістыка, якія перспектывы мы маем у гэтым накірунку.

— Дар’я, перш-наперш хацеў бы запытацца, а як усё ж прыйшло да вас зацікаўленне кітаістыкай?

— Увогуле, я ніколі не думала, што буду цікавіцца Кітаем, кітайскай культурай. Раней мне здавалася гэта чымсьці недасягальным і зусім далёкім. Аднак, калі я ўпершыню паехала ў Кітай ў 2016 годзе, то зразумела, што менавіта гэтая культура, няхай сабе і зусім далёкая, не падобная да беларускай, рускай культур, мяне цікавіць для вывучэння, для даследвання. Захацелася даведацца, як людзі з іншымі культурамі адаптуюцца да кітайскай. На адной з сумесных навукова-практычных канферэнцый я пазнаёмілася са сваім будучым навуковым кіраўніком — доктарам гістарычных навук Аляксандрам Гурко. Ён падказаў, што тэма па адаптацыі беларусаў у Кітаі дагэтуль не разглядалася. Я адразу і вырашыла для пачатку менавіта ёй і заняцца.

— Уражвае ваша грунтоўная манаграфія пра беларусаў у Кітаі... Наколькі складана было сабраць такі шырокі па сваіх абсягах матэрыял?

— Матэрыял для манаграфіі сапраўды збіраўся вельмі складана. Трэба было не толькі абагульніць ужо вядомыя гістарычныя дадзеныя, але і правесці шматлікія апытанні сярод беларусаў, якія зараз пражываюць у Кітаі. Апытальны ліст атрымаўся вельмі вялікім, што сталася даволі нязручным для маіх рэспандэнтаў. Але я разумела, што калі даваць яго часткамі, то на кожную з асобных частак я не здолею сабраць патрэбную колькасць чалавек. Добра, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць гэта ў тым ліку дыстанцыйна, таму за некалькі гадоў мне удалося апытаць патрэбную колькасць рэспандэнтаў. Праца, між іншым, цікавая, якая сама па сабе падштурхоўвае да многіх тэм даследванняў. 

— Вы ўжо даволі доўга працуеце ў Кітаі, можаце зрабіць пэўныя высновы пра ўзровень зацікаўленняў кітайскага боку беларускай культурай, гісторыяй нашай краіны, беларускай літаратурай... Што найболей вылучылі б у сувязі з гэтым?

— Сярод студэнтаў сустракаецца зацікаўленасць да беларускай мовы і культуры. Вядома, яна не такая высокая, як хацелася б. Аднак некаторыя студэнты ў якасці сваіх дыпломных прац выбіраюць тэмы, звязаныя з культурай Беларусі, нашымі СМІ, беларускай міфалогіяй. Зразумела, кітайская навуковая моладзь шукае новы вопыт, зазірае ў іншыя практыкі, маладыя даследчыкі схільны да параўнання. Гэтая акалічнасць і развівае зацікаўленні Беларуссю, беларускай культурай.

— Ці можна ўжо гаварыць пра існаванне беларусістыкі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы?

— Так, я сказала б, што беларусістыка ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы ўсё ж такі хутчэй існуе, але пакуль толькі на пачатковых этапах. Паглядзім, што будзе далей. Перспектывы развіцця залежаць ад многага. У тым ліку — і ад нашай, беларускай, зацікаўленасці з разлікам на тое, каб пра нас ведалі ў свеце. 

— У Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, дзе вы зараз працуеце, існуе Цэнтр даследванняў Беларусі. Калі ласка, раскажыце крыху пра яго працу, пра тое, што ён сабою зараз уяўляе.

— Наш Цэнтр уяўляе сабой асобнае памяшканне, у якім змяшчаецца невялікая бібліятэка як навуковай, так і мастацкай літаратуры. Маюцца беларускія сувеніры і партрэты знакамітых людзей Беларусі. Пры Цэнтры праводзяцца заняткі, семінары і канферэнцыі. Часам мы ладзім відэаканферэнцыі з беларускімі ўніверсітэтамі для нашых студэнтаў, дзе яны абменьваюцца вопытам па пытаннях культуры. Таксама пры Цэнтры склалася праца па перакладах твораў беларускіх аўтараў. Дзякуючы матэрыялам, якія сабраны за апошнія гады, складаюцца падручнікі. Штогод Другі Пекінскі ўніверсітэт замежных моў праводзіць Дні міжнароднай культуры, у якіх прымае ўдзел і наш Цэнтр.

— У Кітаі ў апошнія год-паўтара з’явіліся публікацыі перакладзеных на кітайскую мову твораў беларускіх пісьменнікаў Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі, Алены Брава, Міколы Мятліцкага, Навума Гальпяровіча і іншых аўтараў. Ці ёсць які-небудзь розгалас у сувязі з гэтымі публікацыямі? Ці ёсць, на ваш погляд, перспектывы ў прадстаўленні сучаснай беларускай літаратуры ў Кітаі? Што патрэбна зрабіць для развіцця зацікаўленняў кітайскіх перакладчыкаў сучаснай беларускай паэзіяй і прозай?

— Як правіла, на сайце ўніверсітэта з’яўляецца адпаведная інфармацыя аб зробленых перакладах твораў беларускіх пісьменнікаў, а на сайце Міжнароднага радыё ў Кітаі можна знайсці інтэрв’ю з перакладчыкамі. Яшчэ Цэнтры Беларусі маюць сумесныя зносіны паміж сабой, таму кожны беларускі цэнтр у Кітаі ведае, якая праца праводзіцца ў дадзеным накірунку іншымі.

З нагоды чакання добрых перспектыў цяжка сказаць нешта канкрэтнае. Я б нават так сказала, што пакуль існуюць Цэнтры, якія фінансуюцца ўніверсітэтамі, дзе працуюць выкладчыкі з Беларусі, то такая праца будзе весціся. Нягледзячы на тое, што нашы перакладчыкі працуюць бясплатна, патрэбна ж, каб перакладзены беларускі твор усё ж такі пабачыў свет кнігай, яго яшчэ трэба апублікаваць, а гэта патрабуе ўкладання немалых сродкаў. 

Каб зацікавіць кітайскага чытата творамі беларускіх пісьменнікаў, важнае месца ў першую чаргу займае вядомасць аўтара. Калі творчасць беларускага пісьменніка будуць ведаць не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі, у англамоўных краінах, то цікавасць да яго адпаведна вырасце і сярод кітайскай аўдыторыі. Патрэбна болей і нам самім пісаць пра беларускую літаратуру ў розных замежных выданнях. Сёння для ўсіх важныя рэйтынгі, усе звяртаюць увагу на тое, колькі згадак пра таго ці іншага аўтара... 

— Ці ёсць сярод кітайскай студэнцкай моладзі чытачы і адпаведна даследчыкі творчасці беларускіх пісьменнікаў?

— Так, ёсць. Асабіста ў мяне студэнты пісалі дыпломныя работы па творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы. У другіх калег нават рабілі невялікія пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў. Таксама праводзяцца конкурсы чытачоў, на якіх студэнты дэкламуюць ў тым ліку і беларускія вершы. — У КНР на сённяшні дзень працуе некалькі, калі не памыляюся — болей дзесяці, Цэнтраў культуры, Цэнтраў даследванняў Беларусі.

— У чым вызначаецца паміж імі пэўны камунікат, ці ёсць пэўная праграма ўзгодненых дзеянняў?

— Так, я ўжо адзначыла гэтую сувязь. Цэнтры культуры і даследвання Беларусі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і перыядычна прымаюць удзел у сумесных навукова-практычных і культурных канферэнцыях. Таксама ў сацыяльных сетках існуюць агульныя чаты кітайскіх і беларускіх калег, дзе, як правіла, абмяркоўваюцца агульныя пытанні, абмяркоўваюцца вынікі зробленай працы і будуюцца планы на будучыню.

— Якія ў вас асабіста надалей планы па вывучэнню Кітая, па развіццю беларуска-кітайскіх гуманітарных, літаратурных сувязяў?

— Я хачу вывучаць кітайскую вёску: побыт, культуру, традыцыі... Таксама хачу сабраць інфармацыю аб карысных лекавых травах, сабраць рэцэпты страў, з дапамогай якіх можна лячыць многія хваробы. Напрыклад, у Кітаі прастуду я лячу курыным булёнам, але гэта не такі булён як у нас. Ён гатуецца ў гаршчочку, куды дадаюць яшчэ ягады годжы, імбір і іншыя інгрэдзіенты. А булён з чорнай курыцы карысны для жаночага здароўя. Вось я хачу больш падрабязна даведацца пра розныя рэцэпты і падзяліцца імі з беларусамі.

Што датычыцца развіцця гуманітарных беларуска-кітайскіх сувязяў, то планую працягваць пісаць падручнікі, праводзіць анлайн-семінары, канферэнцыі, запісваць відэалекцыі і далей выкладаць беларускую мову і літаратуру, каб больш кітайцаў мела магчымасць знаёміцца з самабытнай культурай нашай краіны.

— Зыходячы з свайго навуковага вопыту, з уласнага кітайскага досведу, што б вы параілі пачынаючым кітаістам у Беларусі?

— У першую чаргу ніколі не здавацца перад цяжкасцямі вывучэння кітайскай мовы і працягваць вучыцца нават пасля заканчэння ўніверсітэта. Таксама трэба абавязкова чытаць кітайскую літаратуру і глядзець кітайскія фільмы, праз якія можна даведацца аб сучаснай кітайскай моладзі, іх ладзе жыцця, інтарэсах і асаблівасцях культуры. Мне гэта вельмі дапамагае ў працы — стараюся быць са студэнтамі на адной хвалі.

— Дзякуй, Дар’я, за размову. Спадзяюся, што ад году ў год будзе дадавацца плёну ў развіцці беларуска-кітайскіх гуманітарных стасункаў, а таксама будуць пашырацца ўяўленні пра беларусаў і Беларусь, пра нашу гісторыю і культуру і ў няблізкім да нас тэрытарыяльна Кітаі. 

Гутарыў Алесь Карлюкевіч
Звязда, 27 снежня 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 112