https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Попел Тонежа кліча да міру


Да вайны ў вёсцы Тонеж, што ў Лельчыцкім раёне, жыло паўтары тысячы чалавек. Сёння — крыху больш за 500. Продкі многіх з іх загінулі пад кулямі і ў полымі трагедыі, якая напаткала населены пункт якраз на Каляды, у ноч з 6 на 7 студзеня 1943 года. Фашысты, раззлаваныя пастаяннымі нападамі партызанаў, жорстка адпомсцілі іх мірным сваякам. Тонеж спасціг той жа лёс, што і Хатынь.

Вялікае кровапраліцце… у царкве

Дарэчы, Лельчыцкі край заўсёды славіўся непраходнымі лясамі і балотамі, у якіх зусім няўтульна адчувалі сябе акупанты. А калі партызаны праводзілі чарговую ўдалую аперацыю па знішчэнні ворагаў, гітлераўцы спаганялі лютую злосць на мірных жыхарах. Многія з іх, кажуць старажылы, сем’ямі ішлі ў лес. Будавалі там курані — часовыя дамы, дзе па меры сіл уладкоўвалі побыт і чакалі, калі Чырвоная Армія і партызаны канчаткова пераб’юць ворага. Адзін з тых, хто сваё маленства правёў літаральна сярод хвояў ды бяроз — Міхаіл Дрынеўскі. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча нарадзіўся напярэдадні вайны ў вёсцы Тонеж. Яго бацька пайшоў на фронт, а маці з чатырма сынамі амаль увесь ваенны час хаваліся ад немцаў у лесе. Зразумела, асноўныя ўспаміны ваенных гадоў — са слоў матулі, бо занадта малы тады быў Міхась. Але ж рос ён у асяроддзі тых, каго вайна апаліла непасрэдна. Між іншым, яго бабуля па бацькавай лініі таксама апынулася сярод ахвяр студзеньскай трагедыі 1943 года.

Жыхары Тонежа расказваюць легенду пра пачатак будаўніцтва свайго вясковага храма ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Тады адна з пажылых жанчын, якая мела дар прадбачання, прадказала, што царква прастаіць зусім нядоўга, што пральецца ў ёй вялікая кроў. Так і здарылася.

Факты той страшнай ночы засталіся занатаванымі на паперы са слоў адзінай цудам выжыўшай сведкі — Таццяны Бароўскай. Яна павінна была загінуць разам са сваімі чатырма дзецьмі, але ж жанчыне быў наканаваны іншы жудасны лёс.

Бліжэй да вечара 6 студзеня 1943 года з боку Глушкавіч у Тонеж прыйшоў атрад карнікаў. Жыхароў вёскі, быццам бы дзеля абмену пашпартоў, сагналі ў царкву. Тут людзей ставілі ў шэраг і расстрэльвалі. Такім чынам забілі амаль 200 чалавек. Усе дзеці Таццяны Бароўскай адразу трапілі пад кулі, яна сама была параненая. Калі жанчына сярод цел загінулых аднавяскоўцаў прыйшла ў прытомнасць, то паспрабавала выбрацца з будынка. Дзверы яго былі замкнутыя. Яна падцягвала да высокага акна трупы забітых і па іх, як па прыступках, забралася наверх, выскачыла вонкі. Потым басанож пабегла ў лес да людзей і расказала ім жудасную гісторыю…

Тых, хто хаваўся ў скляпах і не пайшоў у царкву на верную смерць, фашысты расстрэльвалі на месцы. Хаты ж потым спальвалі, як падпалілі пасля злачынства і царкву.

Калі вясной 1943 года партызаны ўвайшлі ў сяло, то ўбачылі папялішча, пасярод якога стаяў абгарэлы храм і крыж. Вось толькі тады жыхары Тонежа, якія пазбеглі крывавай расправы, схаваўшыся ў лесе, змаглі пахаваць абгарэлыя астанкі землякоў. Сярод іх было 108 дзяцей.

Свіст куль чула да самай смерці

Сведка тонежскай трагедыі Таццяна Андрэеўна Бароўская пражыла ўсё доўгае жыццё адзінока ў маленькай хатцы на ўскраіне вёскі. Яна памёрла ва ўзросце 95 гадоў у пачатку новага стагоддзя.

Настаўніца мясцовай школы і краязнаўца Валянціна Сакалоўская памятае, як частавала ўдава семкамі школьнікаў, якія прыходзілі да старой дапамагаць па гаспадарцы, расказвала ім пра жахі вайны.

Протаіерэй Іаан Палын, які штогод служыць паніхіды на месцы трагедыі, лічыць, што быў промысел Божы і асаблівы сэнс у тым, што Таццяна Бароўская бачыла, як забівалі людзей, і змагла пра гэта расказаць:

— Нам усім трэба нагадваць пра кошт чалавечага жыцця, нават такім чынам. Каб мы цанілі жыццё адзін аднаго. Каб любоў да бліжняга і Бога была найвышэйшай каштоўнасцю.

Дарэчы, была і яшчэ адна сведка. Сямігадовая дзяўчынка Жэнька Акуліч выратавалася, калі фашысты толькі пачалі збіраць тонежцаў па хатах. Жанчына ўсё доўгае жыццё лічыла, што ў той момант ёй дапамагла сама Маці Божая. Напярэдадні дня расстрэлу бачыла сон, што быццам заходзіць у сваю хату, а там незнаёмая жанчына. Дзяўчынка спалохалася, а незнаёмка ёй кажа: «Не бойся, я — Маці Божая, я буду табе дапамагаць». На наступны дзень бацька з дзецьмі вярнуўся з лесу ў вёску. Калі карнікі пачалі ўсіх зганяць з дамоў, маленькая дзяўчынка незаўважанай выбралася ў двор, за кустоўе, і пабегла. Немцы пачалі страляць па ёй з аўтамата, але да лесу яна дабегла жывой. Свіст куль ля галавы Яўгенія Мікітаўна чула да самай смерці. Вяскоўцы памятаюць, як усё жыццё яна спынялася на месцы, дзе згарэлі яе сваякі. Стаяла — ці то размаўляла з імі, ці то малілася… Потым ішла далей.

Пра гісторыю 72-гадовай даўніны цяпер даведваецца кожны, хто знаёміцца з экспазіцыяй вясковага музея, створанага ў мясцовай школе ў 1980 годзе. Асобны куток, прысвечаны тонежскай трагедыі, ёсць і ў Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеі. Там карціна мастака Івана Бялоцкага і ваенныя артэфакты нагадваюць пра жудасны эпізод Вялікай Айчыннай вайны. Сярод спаленых і адноўленых вёсак у Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» згадваюцца і дзве вёскі Лельчыцкага раёна: Тонеж і Глушкавічы.

Краязнаўца Валянціна Сакалоўская гаворыць, што нельга вырасці абыякавым да чужога болю, калі жывеш сярод людзей, сем’і якіх закранула чорнае крыло бяды. Шмат чаго яна даведвалася ад сваёй бабулі Ганны Паўлаўны Венгуры, муж якой, як і многія, з вайны не вярнуўся. З яе ўспамінаў — боршч з крапівы і хлеб жалудовы, якія гатавалі ў лясных «сталоўках». Памятаюць тонежцы, як падчас і адразу пасля вайны іх бацькі буракі грызлі, былі рады мёрзлай бульбе, а на зямельцы елі і спалі…

— Ведаеце, мая бабка заўсёды перад тым, як сесці за стол, паварочвалася да покуці, дзе абраз і партрэт загінулага на вайне мужа, хрысцілася, а потым запрашала яго душу да стала. Многія ўдовы да свайго скону верылі і спадзяваліся, што раптам вернецца з вайны муж, не прапаў без вестак.

108 карэльскіх бяроз і новы храм

101 жыхар вёскі Тонеж з вайны так і не вярнуўся. Вялікай сям’і Міхаіла Дрынеўскага казачна пашанцавала. Яны дачакаліся свайго карміцеля.

— Памятаю, — расказвае Міхаіл Паўлавіч, — калі я пачуў паведамленне пра тое, што скончылася вайна, прыбег дадому і кажу: не будзем снедаць, будзем тату з вайны чакаць, ён зараз прыйдзе. А тата наш ваяваў яшчэ з японцамі і вярнуўся толькі ў лістападзе 1945 года.

У 1955 годзе на месцы забойства і спалення 262 тонежцаў быў пастаўлены абеліск, а ў 1994 годзе створаны мемарыяльны комплекс. Летась тут было высаджана 108 дрэўцаў карэльскай бярозы. Іх колькасць сімвалічная — менавіта столькі непаўналетніх спалілі жывымі ў будынку царквы. Здаецца, што галіны дрэў, паніклыя да зямлі, разам з людзьмі заўсёды смуткуюць пра загінулых.

Штогод тут служыцца паніхіда, на якую збіраюцца ўсе жыхары вёскі. Неўзабаве будзе магчымасць памаліцца за ўсіх, чыё жыццё заўчасна абарвала вайна, у новым храме, будаўніцтва якога практычна завершана. Усе жыхары збіралі ахвяраванні, каб зноў пачуць званы ў адноўленай вясковай царкве. Яна, як і колішняя, будзе ў гонар Мікалая Цудатворца.

Стараста прыхода Людміла Венгура ад імя аднавяскоўцаў выказвае вялізную ўдзячнасць кожнаму, хто зрабіў хаця б невялікае ахвяраванне на новы храм. У тым ліку землякам, якія даўно жывуць у іншых гарадах, але ж не забываюць пра сваю малую радзіму. Яна называе імёны Сяргея Венгуры, Юрыя Беразуева, Валянціна Буткоўскага, Мікалая Жураўскага… Дапамагаюць землякі не толькі грашыма, але і арганізацыяй работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, і заказам мастацкага іканастаса… Міхаіл Дрынеўскі, напрыклад, нядаўна ў Мінску правёў дабрачынны канцэрт. Грошы пералічылі на рахунак царквы ў Тонежы.

Зусім недалёка ад паўднёвай палескай вёсачкі праходзіць мяжа з Украінай. Жыхары населенага пункта пільна сочаць за падзеямі ў суседняй краіне яшчэ і таму, што занадта добра ведаюць, як вайна адбіваецца на лёсе пакаленняў. Людзі спадзяюцца, што ўжо да найбліжэйшага Вялікадня новы храм будзе асвечаны. У ім будуць пастаянна ўзносіцца малітвы пра душы бязвінна забітых, што прынялі пакутніцкую смерць на гэтым месцы. Святар звернецца да вернікаў і, бласлаўляючы, зноў і зноў паўторыць словы, такія важныя сёння для кожнага: «Мір усім!»

Ірына Асташкевіч 
Звязда, 11 лютага 2015


 

Кoличество переходов на страницу: 813


Комментарии