https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Тайна веку» і зубы Гітлера


У апошнія дні, калі лёс Германіі ўжо быў вырашаны і заставалася толькі падпісаць акт аб капітуляцыі, у Берліне ўсялякае можна было назіраць. Абдымкі пераможцаў з дагэтуль невядомымі ім людзьмі і жаданне сяго-таго выстраліць у паветра, бо пачуццё радасці па-ранейшаму перапаўняла. Былі і іншыя выстралы — тых, хто ніяк не хацеў здавацца. Людзі танцавалі і ад нязменнай радасці плакалі. Як жа інакш, калі такая жаданая Перамога. На гэтым фоне паблізу Рэйхсканцылярыі часам можна было заўважыць чарнявую жанчыну. Прыцягвала яна не тым, што была па званні лейтэнантам — былі і з больш высокімі званнямі. Чамусьці ў яе руках пастаянна знаходзілася штосьці накшталт сумкі. Хоць якая розніца, што нагадвала гэтая ноша. Аўтамат за спінай — таксама з’ява звычайная. Але каб нешта цягаць за сабой у гэты час?! Ніхто і здагадацца не мог, што ў гэтай паклажы зубы самога Адольфа Гітлера. Жанчына гэтая, гвардыі лейтэнант, была не толькі перакладчыцай, але і медыцынскай сястрой, таму ёй, а таксама яшчэ некалькім людзям, загадалі знайсці яго труп, расследаваць абставіны смерці.

Нарадзілася Алена Каган 27 кастрычніка 1919 года ў Гомелі. Бацькі яе былі людзьмі адукаваным, жылі заможна. Майсей Каган паходзіў з сям’і багатых купцоў. Атрымаў прафесію юрыста, з’яўляўся старшынёй праўлення Усеўкраінскага банка. Маці, у дзявоцтве Хацрэвіна, была зубным урачом, даводзілася пляменніцай вядомаму савецкаму журналісту Захару Хацрэвіну. Калі сям’я перабралася ў Маскву, Майсей Аляксандравіч займаў кіруючую пасаду ў Дзяржбанку. 

Ды ліхія часы падзьмулі ў яго бок. Выратавала тое, што памяняў месца працы. Толькі, як успамінала Алена Майсееўна, на ўсякі выпадак трымаў спакаваны «трывожны чамадан». Калі яна вярталася позна дахаты, дзверы адчыняў не адразу. З’яўляўся на парозе поўнасцю апрануты. На ўсякі выпадак...

Аднак у сям’і гэта ніяк не паўплывала на стаўленне да ўлады. Як і пераважная большасць савецкіх людзей, лічыў Савецкі Саюз самай лепшай краінай ў свеце. Як вядома, гісторыкі даўно ўстанавілі — адна з памылак Гітлера была ў тым, што ён разлічваў: у вайну прыхільнікамі яго стануць тыя, чые сем’і рэпрэсавалі, ці хто сам прайшоў праз лагеры. Не абышлося без калабарантаў, толькі іх было не столькі, на колькі разлічваў. Патрыётамі заставаліся і Каганы. 

Перад вайной Алена вучылася ў Літаратурным інстытуце і адначасова ў знакамітым на той час Інстытуце філасофіі, літаратуры і гісторыі. Пачала пісаць прозу. І тут «Вставай страна огромная...». Адразу пайшла працаваць на Другі маскоўскі завод, які змяніў свой профіль. Стаўшы рабочай, вырабляла гільзы для патронаў. Можна было б і задавальняцца такой працай. Яна ж, стомленая з непрывычкі, вечарамі наведвала курсы медыцынскіх сясцёр, каб трапіць на фронт. Ды, аказалася, такіх дзяўчат, якія не маюць прафесійнага вопыту, накіроўваюць у тылавыя шпіталі. Але якраз пачаўся набор на курсы ваенных перакладчыкаў. Чаму б не стаць ім? Нямецкую мову ведае дасканала. Праўда, з першага разу нічога не атрымалася. Другім разам — лепшым часам. 10 кастрычніка 1941 года яе на курсы ўсё ж залічылі, а праз пяць дзён з іншымі курсантамі прыплыла на параходзе «Карл Лібкнехт» у Стаўрапаль-на-Волзе. І зноў сустрэлася з паэтам Паўлам Коганам, не толькі сваім добрым знаёмым, але і...

Шмат хто ведае песню «Брыганціна». Напісаная восенню 1937 года, яна па-свойму яднае рамантыку моладзі тых гадоў з куды больш даўняй, характэрнай для эпохі геаграфічных адкрыццяў:

Надоело говорить и спорить
И любить усталые глаза...
В флибустьерском дальнем синем море
Бригантина поднимает паруса...

Ды не ўсе здагадваюцца, што аўтар слоў — Павел Коган, а музыку напісаў Георгій Лепскі. Як і пра тое, што гэта адна з першых бардаўскіх песень у Савецкім Саюзе. А яшчэ, што Алена Каган была жонкай Паўла Давідавіча. З-за сугучнасці іх прозвішчаў — Коган і Каган — сябры называлі Кокаганамі. Праўда, разам яны былі нядоўга. Падобнасць іх і ў тым, што не адразу знайшлі прызнанне ў чытача. 

Што Павел Коган таксама вучыцца на курсах ваенных перакладчыкаў, даведалася пасля залічэння на іх. Ведала, што ад нараджэння блізарукі, пад мабілізацыю не трапляў. Але каб ваяваць з гітлераўцамі, вырашыў стаць перакладчыкам. Дачку Вольгу ў ліпені адправілі з яго маці ў Новасібірск. Ды і было шмат пра што пагаварыць: усё ж не чужыя людзі. Не здагадваліся, што гэта апошняя іх сустрэча: 23 верасня 1942 года Павел Коган загінуў у баі пад Новарасійскам. Тады ж для іх пачаліся заняткі. Выкладчыкі былі дасведчаныя, а начальнікам Інстытута перакладчыкаў з’яўляўся паліглот генерал Мікалай Біязі.

У лютым 1942 года Алену Каган прызначылі перакладчыцай у штаб 30-й арміі. Першая баявая аперацыя, у якой яна ўдзельнічала, — баі пад Ржэвам у лютым-сакавіку. Пазней даследчыкі Вялікай Айчыннай вайны назавуць іх «ржэўскай мясарубкай». Перажытае незагойнай ранай засела ў яе сэрцы. Таму, стаўшы пісьменніцай, не магла не звярнуцца да тых падзей. Узяла псеўданім Ржэўская, якім пасля падпісвала ўсе свае творы: «Ржэў — маё імя. Ржэў — мой лёс, мой нязжыты боль». Пасля Ржэва стала перакладчыцай савецкай ваеннай разведкі. Удзельнічала ў баях у Беларусі, Польшчы.

Самы знакаміты перыяд у яе ваеннай біяграфіі настаў, калі яна, ужо гвардыі лейтэнант Алена Каган, стала перакладчыкам аператыўнай групы «Смерш» 3-й ударнай арміі, з наступаючымі савецкімі войскамі перасекла мяжу Германіі. Гэты момант успрымала так, як гэта было на вуснах тых, хто не сумняваўся: барацьба з гітлераўцамі падыходзіць да завяршэння: «За Бирнбаумом контрольно‑пропускной пункт — КПП. Большая арка — „Здесь была граница Германии“.

Все, кто проезжал в эти дни по Берлинскому шоссе, читали, кроме этой, ещё одну надпись, выведенную кем‑то из солдат дёгтем на ближайшем от арки полуразрушенном доме, — огромные корявые буквы: „Вот она, проклятая Германия!“

...Пожары, руины — это война вернулась на землю, с которой она сошла».

Перад тымі, хто ўваходзіў у гэтую аператыўную групу, стаяла задача з задач. Яшчэ невядома, колькі прадоўжацца баі, але ўжо няма сумнення, што Германія будзе разгромлена. Трэба было абавязкова знайсці Гітлера. Няважна: жывога ці мёртвага. Усё адно ініцыятар самай страшнай на планеце вайны не павінен знікнуць бясследна.

Пра гэта, як і пра шмат што іншае, галоўная кніга Алены Ржэўскай «Берлин, май 1945». Аднак яна выйшла не адразу. Алена Майсееўна прызнавалася: «...Волей Сталина было запрещено предать огласке, что советскими воинами обнаружен покончивший с собой Гитлер, и этот важный исторический факт был превращён в „тайну века“».

Канешне, калі б не было такой забароны, то не з’яўляліся б публікацыі аб тым, што злачынцу ўсіх часоў бачылі дзесьці ў паўднёвай Амерыцы, што нібыта хаваўся ў засакрэчаных бункерах... Антарктыды.

Яго абгарэлыя астанкі 8 мая 1945 года анатаміравалі маёр медыцынскай службы Ганна Маранц — выконваючая абавязкі галоўнага патолагаанатама 1-га Беларускага фронту. Каб захоўваць іх, сейфа не знайшлі. Тады Ганна Якаўлеўна зубы Гітлера склала ў каробку ці то з-пад парфумы, ці ад танных ювелірных вырабаў — розніцы ніякай, і ўручыла іх Алене Каган. Нават калі б не сказала: «Беражы, як вока», і так было ўсё зразумела. Як страціць гэтую каробку, калі ў ёй знаходзілася стапрацэнтнае гарантаванне ідэнтычнасці трупа Гітлера, знойдзенага ў двары Рэйхсканцылярыі.

У адной з рэцэнзій пра гэты эпізод сказана з саркастычнай усмешкай: «В самом страшном кошмаре не могло привидеться фюреру, приложившему столько усилий для истребления евреев, что одна еврейка будет копаться в его внутренностях и описывать анатомические особенности его трупа, „неаппетитные“ подробности вроде отсутствия левого яичка, а другая — таскать коробку с его зубами и досадовать, что они мешают ей отпраздновать капитуляцию Третьего рейха».

Але шляхі кнігі «Берлин, май 1945», за напісанне якой узялася ў пасляваенны час — гэтаму дапамагала тое, што пастаянна вяла дзённікі, — аказаліся пакручастымі. Яна прыйшла да чытача толькі ў пачатку так званай адлігі ў 1965 годзе, але з немалымі купюрамі. Поўная версія з’явілася толькі ў 2005 годзе і мела вялікі рэзананс, была перакладзена на шмат моў. 

Толькі да цяжкасцей ёй было не прывыкаць. З імі сустрэлася яшчэ тады, калі напісала свае першыя апавяданні. Канешне, пра тое, што добра ведала, прайшоўшы праз пакуты бітвы пад Ржэвам. У якое выдавецтва ні звярталася, атрымлівала адмоўны адказ. 

Не з-за таго, што бачылі хібы ў мастацкіх адносінах, а ўспрымалі аповед па змесце песімістычным. Ход яе творам быў дадзены толькі пасля таго, як быў зменены падыход у адлюстраванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці, не ў апошнюю чаргу ў мастацкай літаратуры. Праўдзівасць патрабавала ўсебаковага адлюстравання падзей, не абыходзячы і негатыўных бакоў. Шмат чаго з таго, што Алена Ржэўская аддала ў архіў, давялося аднаўляць па памяці. Так, запіс «у меня зубы Гитлера» быў замазаны з-за сакрэтнасці.

Уражвае сваёй сюжэтнай насычанасцю, шматлікімі фактамі і кніга «Геббельс. Портрет на фоне дневника». Яна з’явілася пасля таго, як у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя атрымала доступ да матэрыялаў. Дарэчы, гэтымі творамі маскоўскае выдавецтва «Книжники» распачало выданне Збору твораў Алены Ржэўскай у васьмі тамах. Напісана ж ёю вельмі шмат. Прынамсі, у трэці том увайшлі аповесці «От дома до фронта» і «Февраль — кривые дороги», у якіх апавядае пра навучанне на курсах перакладчыкаў, знаходжанне на фронце пад Ржэвам. Алена Ржэўская з’яўляецца аўтарам і такіх твораў, як «Ворошенный жар», «Ближние подступы», «Далёкий гул», «Знаки препинания» і іншых. 

Што гэта не толькі дакументальная проза, а па-сапраўднаму высокамастацкая, сведчаць нават асобныя выпадкі, узятыя з паўсядзённага ваенна-армейскага жыцця. Як гэты: «Награждали разведчиков.

— Служу Советскому Союзу!

Один и другой — так. А третий — немного постарше, порасторопнее, быстрые, цепкие глаза на побитом оспой лице — добавил решительно, зычно:

— Наша рота крепка, как советская власть, чиста, как слеза Божьей матери. Смерть немецким оккупантам!»

Ці такі, звязаны з допытам «фрица, зелёного в зелёном, всклокоченного, белоголового вражину в сапогах с прикрученными шпагатом рваными голенищами. Фашиста, сатану, Гитлера — ведут». Радуецца, што пашанцавала: «разговаривает с военной женщиной. Женщина в таких особых его обстоятельствах — это добрый знак, это знак милосердия, и он надеется, ему сохранят жизнь, а он не зря будет есть русский хлеб в плену, он готов работать и работать, как только немцы умеют. И не австрийка ли вы, фрейлейн, так похожи!

— Нет, не австрийка. Еврейка.

Он замолкает, цепенея; его белая всклокоченная бедная головушка клонится, клонится, словно подставляя себя под расплату. В палатке, где нас двое — он и я, — такая тишина, что слышно, как падает вода из рукомойника, прибитого снаружи к дереву».

Да мірнага жыцця Алена Майсееўна вярнулася ўлетку 1945 года. Была ўзнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За боевые заслуги» і «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.». Пражыла доўгае жыццё, пайшоўшы ў вечнасць 25 красавіка 2017 года.

Алесь Марцинович
Звязда, 15 чэрвеня 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 63