https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прага да жыцця


Дзеці вайны сталелі без дзяцінства. Не па гадах, а па гадзінах. Іх вочы бачылі і фіксавалі, як фотакамеры, злую, пачварную рэчаіснасць. Калі замест цацак часцей бачыш узброеных салдат, а чалавечы жах становіцца нормай жыцця. Алена ЯРАШ, адна з нешматлікіх жыхарак вёсачкі Вал, што на Барысаўшчыне, з тых часоў помніць многае. Яе жыццёвая гісторыя, прасякнутая шчырай верай, магла б стаць нядрэнным матэрыялам для аповесці. Ёй ёсць што сказаць. А нам ёсць да чаго прыслухацца

— Я нарадзілася на хутары Кішкурнае, што непадалёк ад Зембіна, у 1936 годзе, — кажа спадарыня Алена, з якой мы сустрэліся падчас талакі каля разбуранага тамтэйшага касцёла. — Перад тым, як сустрэць майго бацьку, маці ўжо была замужам за шляхцічам Адамовічам, але ён памёр пасля таго, як конь ударыў капытом у жывот. Бацьку 5 лістапада 1938 года рэпрэсіравалі па сфабрыкаванай справе. Прыдумалі, што да нас з лесу прыходзілі польскія салдаты з залатымі пагонамі. Тату маглі расстраляць. Аднак маці напісала ліст Молатаву, пад якім падпісаліся ўсе жыхары яго роднай вёскі Камёнка, пра тое, што ён сірата і за мяжой нікога не мае. Яму далі 8 гадоў, адправілі на Далёкі Усход. Ён вярнуўся дадому ў 1953-м ужо хворым чалавекам з падарванай нервовай сістэмай. Бацька крыху пажыў з намі, а пасля сышоў у сваю вёску. Але я заўжды памятаю і малюся за яго, даглядаю магілку. Усё ж такі ён мой тата…

***

— Добра памятаю, як упершыню да нас прыехалі немцы. На тэхніцы, у форме з кароткімі рукавамі. Напачатку нікога не чапалі. Але ў Зембіне жыло вельмі шмат яўрэяў. Нехта з іх уцёк, застаўся жывы, але многіх падчас вайны расстралялі. Перад тым, як забіваць, іх распраналі, шукалі грошы. Мой дзядзька быў ля той ямы пасля расстрэлу. Казаў, што людзей яшчэ жывымі пяском засыпалі. Зямля варушылася. Гэта насамрэч быў жудасны час. Дзеці хварэлі на тыф, малярыю. Пасля карнікі пачалі паліць вёскі. І калі яны прыехалі ў Вал, людзі ўжо паспелі схавацца ў лесе. Гарэла ўсё. Ратавацца пасля прыйшлося ў іншай вёсцы, у лесе, у зямлянках. Сілкаваліся ягадамі, грыбамі. Ежу гатавалі ў буржуйках, што засталіся цэлымі пасля пажару. Свой дом адбудавалі толькі ў 1948 годзе.

***

— Жыццё так склалася, што я апынулася ў паўночным Мурманску. Працавала прадаўцом, загадчыцай крамы, а пасля ўладкавалася правадніцай на чыгунку. Маці хварэла, а таму ў 1991 годзе я вярнулася ў Беларусь. Вера ў Бога была заўжды са мной. У вольны час у маладосці я пастаянна ездзіла да храмаў. Касцёл — гэта маё сэрца. Упершыню трапіла ў зембінскі храм у 1941 годзе. Немцы напачатку дазвалялі праводзіць набажэнства. Да нас прыязджаў святар. І я неяк угаварыла маці, якая выхоўвала чацвярых дзяцей, узяць мяне на імшу. Памятаю, матуля нават несла мяне на спіне, на руках, каб у патрэбны час паспець у касцёл. Сёння наша святыня разбурана. У гэтых руінах нават здымалі кіно і яшчэ больш разбівалі сцены. «Дапамагала» ў гэтым моладзь, што бавіла там вольны час.

Аднак мы добраўпарадкавалі прыкасцёльную тэрыторыю, вынеслі з могілак смецце. А дагэтуль там былі сапраўдныя джунглі! Дзякуй за дапамогу ў гэтай справе Марыі Сяржант, былому старшыні зембінскага сельсавета, яе мужу Станіславу, ксяндзу Аляксандру Тарасевічу, мясцоваму жыхару Іосіфу Брэзінскаму, Віктару Фенчуку, сябру касцёльнага камітэта, і ўсім тым, хто ўдзельнічае ў гэтай добрай справе.


***

— Для мяне Дзень Перамогі — адно з любімых святаў. Тое, што мы засталіся жывыя, было для нас вялікай перамогай, радасцю. Тады я нічога яшчэ не разумела, а цяпер, на маю думку, калі б не Чырвоная Армія, усіх нас, сабраных у зямлянцы дзяцей і бацькоў, немцы б расстралялі. Яны нас папярэджвалі, паказвалі, што калі пачняце вылазіць з яе, будзе «Пух!Пух!Пух!». Аднак нашы ўжо былі на падыходзе. Фашысты вырашылі адступаць і пакінулі нас.

***

— Мой брат Генадзь трапіў у канцлагер у Заходняй Германіі. Апынуўся сярод французаў, англічан. Яны шкадавалі яго, са сваёй пайкі кожны раз пакідалі крыху хлеба. Потым уладкаваўся працаваць да баўара. Даглядаў свойскую жывёлу. Вызвалілі яго амерыканцы. Нават прапаноўвалі пераехаць жыць у ЗША. Аднак яго цягнула на Радзіму. Гену спрабавалі пераканаць, казалі, што Беларусь выпалілі, а людзей пазабівалі. А ён расплакаўся і адказаў: «Ну, хоць магілам родных прыеду пакланіцца».

***

— У маёй гаспадарцы жывуць 5 козачак і 2 авечкі, якія перайшлі мне ад памерлага сваяка. Сама дровы нашу, ваду наліваю. Сачу за тым, каб і ў доме быў парадак. Забіваць жывёлу не магу. Мне шкада яе. У мяне вельмі ласкавыя козы. Калі я прыходжу іх даіць, ведаеце, як яны вітаюцца? Адна ножкай аб мяне трэцца, другая руку цалуе. Вось так і жывём разам з імі.

— Я вельмі задаволена тым, як склалася маё жыццё. Я духоўна багаты чалавек. А матэрыяльнага багацця мне не трэба. Я маю што абуць і апрануць. Грошы ніколі ў скарбонку не хаваю. Калі яны ў мяне з’яўляюцца, ахвярую храмам. У чым шчасце чалавека? Быць у дружбе з Богам. У кожнага ёсць свае праблемы. І перанесці без веры гэтыя пакуты складана. І я малюся штодня аб кожным з нас. Прашу: «Божа, даруй нам правіны нашыя, мы грэшныя, але мы людзі. Адзін ты, Гасподзь, бязгрэшны».

Тарас ШЧЫРЫ


 

Кoличество переходов на страницу: 722


Комментарии