А што рабіць з дочкамі? Сватаюцца князі розныя: полацкі, менскі, чарнігаўскі, наваградскі, смаленскі, віленскі, магілёўскі...
Склікаў князь баярскую раду.
— За каго аддаваць дачок? — пытаецца.— Аддам дачок замуж — пасаг патрэбны з княства... Параднюся з аднымі князямі, а іншыя на нашыя землі будуць вока мець.
Моцна задумалася рада. Пасля вынесла прысуд: заставацца князёўнам у дзеўках, а каб вельмі не сумавалі, аддаць іх у манастыр.
Князёўны, нічога пра гэта не ведаючы, сваволілі пад наглядам служак у лесе. Старэйшай — Паланеі — было дваццаць гадоў. Маладзейшай — Луцэі — чатырнаццаць. Былі ўсе князёўны прыгожыя, чарнабровыя і стройныя. Дзівіліся людзі мясцовыя і прыезджыя на прыгажосць небывалую тураўскіх князёвен.
У гаі князёўны вянкі плялі, надзявалі адна адной ды ў люстэрка вады глядзеліся. Карагоды з дваровымі, дзеўкамі вадзілі. Іх галасы разносілі далёка за раку гукі песень напеўных. Сюды ў гай прыйшоў князь з целаахоўшкамі і паведаміў князёўнам волю баярскай рады. Не пярэчачы, выслухалі яны прысуд у нямым паклоне схіліліся. А як князь пайшоў, горка заплакалі, кідаючы вянкі ў Прыпяць.
Сціхлі гоман, песні і смех сясцёр. Шмат дзён яны плакалі і радзіліся, пасля вырашылі на Купалле шукаць папараць-кветку. На Купалле, калі ўсе паснулі і ля палаца засталася толькі варта з алебардамі князёўны паціху пракраліся з палаца і пабеглі на бераг Прыпяці.
На чоўне пераплылі Прыпяць і ў балотны хмызняк падаліся. Чым далей ідуць, тым горш робіцца. Праводзяць іх у цемры вочы драпежнікаў, чуюцца стогны, галёканне. А як да багны падышлі, тут і зусім блага стала: з купін зрываюцца, ў багну правальваюцца Але ўпарта наперад ідуць. Зайшлі ў такую глушэчу, дзе яшчэ не хадзіла нага чалавечая, дзе толькі совы крычаць, вадзяныя гады малако з балотных гарлачыкаў п'юць ды вадзянік барадой багну калыша. І тут самай малодшай з іх зрабілася страшна. Схапіла яна сясцёр за рукі, і тым зрабілася боязна.
Але ўбачылі яны наперадзе ззянне. Уздымалася яно над наваколлем. Тады наперад падаліся. Падышлі да кургана вялікага. А на кургане тым асілак з дружынай стаіць, святлом нязнаным свеціцца.
Дзівяцца князёўны. Воіны з кургана сышлі, князёвен акружылі, на курган запрашаюць. Падняліся на курган князёўны, а там баль вялікі - з залатых кубкаў мёд і брагу п'юць. Князёўнам кубкі паднеслі. Тыя выпілі, смаку мядовага не адчулі, але чым далей, тым п'янеюць больш. Пайшлі ў скокі з воінамі. Музыка грыміць, зброя бразгоча, крыкі на балоце чутны...
Доўга ці не тыя скокі цягнуліся, толькі неяк прайшоў хмель у Луцэі. Дзівіцца яна, што трымае воіна за рукі, адчувае сцюжу рукавіц яго жалезных. А вакол — з кургана бачыць — на ўсім балоце вочы звяроў блішчаць. Пазбіраліся яны да кургана, морды пазадзіралі — выюць. А далей за імі нехта у багне рагоча...
Паглядзела Луцэя на сясцёр, а тыя сабе скачуць, толькі вочы пазаплюшчвалі. Вырвалася Луцэя ад свайго кавалера, сясцёр за рукі хапае, па імёнах кліча. Сёстры апрытомнелі, да Луцэі збегліся.
Воіны ўжо князёвен не бачаць: загарэліся ў іх вочы, як у звяроў пад курганам, выхапілі яны мячы і біцца пачалі.
Збеглі князёўны ўніз з кургана, а на курган з усяго балота звяры рынуліся. Воіны іх мячамі сякуць. Звяры курган усыпалі і адзін аднаго разрываць пачалі. Такія тут крыкі і енк пайшлі, што ў князёвен валасы дыбам сталі. Кінуліся яны наўцёкі. Доўга праз балоты прабіраліся, ў багне вязлі, адзенне аб хмызняк на шматкі раздзіралі, ў рэчках балотных купаліся. Нарэшце выбіліся на палянку, на бераг возера.
На паляне той русалкі, за рукі ўзяўшыся, карагод водзяць. У святле месяца іх мокрыя целы блішчаць, з валасоў доўгіх кроплямі вада сцякае.
— Сестры нашы прыйшлі! — закрычалі русалкі. Да князёвен падбеглі, іх распранулі і ў карагодзе закружылі. Пасля ў возера пацягнулі. Скочылі князёўны ў возера, а вада сцюдзёная...
Маўчаць князёўны, а русалкі рагочуць, пад ваду ныраць клічуць. Падплыў стары з барадой, мохам аброслай, пытаецца:
— Вы да нас жыць прыйшлі? Ці што шукаеце?
— Папараць-кветку шукаем,— кажуць князёўны.
— Дайце ім кветку,— адказаў вадзянік, зарагатаў і пад вадою знік.
Возера захвалявалася, князёвен і русалак хвалі на бераг выкінулі.
Зноў у карагодзе кружаць сёстры. Цяпер іх ад ру салак не адрозніць.
Перанеслі русалкі князёвен цераз возера і па такім зыбуне павялі, што тыя нічога пад нагамі не чуюць. Убачылі яны на балоце кветкі агністыя і давай іх ірваць. Сарвуць кветку, а з яе кораня масла нейкае чорнае цячэ. Засмуціліся русалкі, плачуць: "Нашу прыгажосць нішчыце!"
Цякуць слёзы ў русалак, зліваюцца ў струмень, І вось утварылася ужо крынічка на балоце. Князёўны нічога не чуюць і не бачаць, толькі папараць-кветкі рвуць.
Праспяваў балотны певень: "Ку-ка-рэ-ку!" Зніклі русалкі, пабляклі кветкі руках у сясцёр. Ужо не здаюцца яны самацветамі. Белым колерам квітнее звычайная папараць. Толькі на самым версе каменьчыкі блішчаць.
Агледзеліся князёўны: балота наўкол, непадалёк азерца масла чорнага, крышчка цячэ, а самі яны голыя... Сцюдзёна зрабілася. Ступіла маладзейшая князёўна ў маслянае азерца ногі пагрэць і — чуе шэпт:
— Уцякай хутчэй!..
— Пабеглі,— кажа Луцэя.
Уцякаюць князёўны. Адшчыкнула каменьчык з кветкі сястра старэйшая — пацямнела адразу, хмары надышлі, бліснула маланка, пярун ударыў, лівень лінуў, і папаўзлі з балота гады шэрыя да князёвен.
Гарыць каменьчык. Бягуць сестры...
Згубіла каменьчык Паланея — стала зусім цёмна, не відаць, куды бегчы.
Адшчыкваюць сёстры ад кветак каменьчыкі, сабе шлях асвятляюць. Паабрывалі і пагублялі ўсе камсньчыкі з папараць-кветак. Тут ім гады ногі абвілі: не могуць князёўны далей бегчы. Толькі Луцэя бяжыць. Пачуўшы крыкі сясцёр, спынілася і да іх вярнулася. А тых, скручаных па руках і нагах гадзюкамі, багна паглынае.
Доўга бегала вакол сясцёр Луцэя, плакала і галасіла, аж пакуль нейкі гад шэры з купіны ёй па грудзі не скочыў і кругом стана не абвіўся. Павалілася тады і Луцэя, скруцілі і яе гадзюкі балотныя...
Апоўдні спахапіліся ў княжацкім палацы. Сталі ўсюды князёвен шукаць і — не знайшлі... Толькі праз тыдзень удалы дружыннік Базыль, закаханы ў старэйшую князёўну, дабраўшыся ў глухамань балот, знайшоў у багне маладзейшую князёўну. Выцягнуць яе з багны не здолеў і вярнуўся ў палац да князя. Дружыннікі з князем вырвалі ў твані князёвен. Балотныя гадзюкі павыпівалі ў іх кроў. Целы князёвен у палац перанеслі.
Галосіць, млее княгіня... Засумаваў князь, и, зачыніўся ў пакоях, тры дні нікога да сябе не дапускаў. Пасля загадаў:
— Рабіць князёўнам каменныя дамавіны. У камені перадаць прыгажосць іх!..
Аднекуль, з Оўруча, здалёк, прывозілі прыгожы камень. Шэсць тыдняў рабілі майстры з каменя дамавіны. Князёўны, палітыя змяіным ядам, ляжалі ў палацы як жывыя.
Неўзабаве, калі каменныя дамавіны былі зроблены, князёвен пахавалі па хрысціянскім звычаі ў скляпенні пад храмам. Удалы Базыль, падгаварыўшы малойцаў, збег ад князя на Дняпро, дзе заснавауў казацкую вольніцу.
Хутка княгіня, а за ёй і князь памерлі Сыны пачалі паміж сабой ваяваць за спадчыну. Княства аслабела і страціла былую славу...
Кoличество переходов на страницу: 7201
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |