Прыблізна ў сямідзесятых гадах 19-га стагоддзя буйны магнат граф Тышкевіч (яго маёнтак быў пад Астрашыцкім Гарадком) выпісаў сваёй сям'і з Аўстрыі мадз'яра-лекара. Якое было поўнае імя іншаземца - невядома. Доктар, пачаўшы практыку ў графскім маёнтку, ў хуткім часе стаў вядомы пад імем Ферэнц. Ён быў, напэўна, адукаваны, гуманны чалавек, выконваў не толькі абавязкі графскага лекара, але і лекаваў усіх, хто да яго прыходзіў па дапамогу - жыхароў мястэчка, сялян з бліжэйшых вёсак. А праз колькі гадоў, ужо шырокавядомы ў наваколлі, лекар Ферэнц ці то купіў, ці то атрымаў у падарунак ад сваіх вяльможных пацыентаў невялічкі маёнтак, дзе абсталяваў нешта накшталт аптэкі і амбулаторыю. Доўгі час Ферэнц быў адзіны на ўсю немалую акругу доктарам. Яго вядомасць, папулярнасць раслі з кожным годам. Да вучонага лекара прыходзілі, прыязджалі аж з трох валасцей. Таму, хто цяжка захварэў, звычайна раілі: «Ты б да Ферэнца схадзіў». Ці пыталіся ў сваякоў: «А да Ферэнца вазілі?» Да Ферэнца ішлі і ехалі па лекі, па параду...
У сучаснай Дафарэнцыі слядоў старога маёнтка і бальніцы Ферэнца ўжо няма. Вядома, што мясцовыя знахары спалілі і аптэку і дом канкурэнта...
Кoличество переходов на страницу: 1500