Сцвярджаюць, што сярод безлічы турыстычных маршрутаў найбольш арыгінальным з'яўляецца воднае падарожжа па Дунаі — рацэ, што працякае па тэрыторыі ці па мяжы адразу дзесяці краін Еўропы. І ўсё ж гэты варыянт — не лепшы. Дунай знаходзіцца далёка. Затое блізка — Дунаёк.
Пра Латышову гару і ручай
Каб трапіць у гэтую вёску, можна выбраць трасу з Быхава на Рагачоў. Але прасцей — запытацца ў Быхаве пра больш прамую дарогу ў паўднёва-заходнім напрамку. Па ёй да пункта прызначэння давядзецца праехаць каля двух з паловай дзясяткаў кіламетраў, прычым недзе на палове шляху закончыцца асфальт і пачнецца грунтоўка. Аднак своеасаблівай "кампенсацыяй" за пэўную нязручнасць будуць навакольныя краявіды — амаль суцэльны, вельмі густы лес.
Зрэшты, казаць пра гэтыя мясціны выключна як пра "глухія" не выпадае. Дакладна вядома, што яшчэ стагоддзе таму тут нават была ўласная "вытворчасць" — вінакурня, гарэлачны склад, а таксама вадзяны млын. Менш пэўнасці з іншым — назвай Дунаёк.
— Наша вёска ўтварылася на правым беразе ракі Грэза пры ўпадзенні ў яе невялікага ручая, прычым ён ніколі, нават у лютыя маразы не замярзаў — магчыма, таму людзі правялі "паралелі" са знакамітай еўрапейскай ракой і назвалі ручай Дунайком, — кажа супрацоўнік мясцовай бібліятэкі Валянціна Аляксандраўна Хмяльніцкая. — Але ёсць і другая версія. Справа ў тым, што некалі тут жылі перасяленцы з Латвіі. А назва вёскі ўтварылася ў выніку сугучча з латышскімі словамі "глеістая зямля". І зямля ў нас, асабліва каля рэчкі, на самай справе такая — глеістая, амаль белая, вязкая.
Напамінак аб латышах застаўся дагэтуль — адно з узвышшаў каля вёскі завецца Латышовай гарой. А да канца 1960-х былі ў Дунайку і асобныя латышскія могілкі. Цяпер прадстаўнікоў балтыйскага народа тут ужо няма, перад самай вайной яны масава з'ехалі на гістарычную радзіму. І ў тым ліку з-за вядомых падзей. У сувязі з утварэннем мясцовага калгаса латышоў прымусілі змяніць звыклы лад жыцця і перасяліцца з навакольных хутароў у вёску. Праўда, зламаць звычкі да канца ўсё роўна не атрымалася. На новым месцы многія хаты будаваліся паасобку, крыху наводдаль адна ад другой. А адсюль і даволі цікавае назіранне: калі намаляваць цяперашні план Дунайка, то атрымаюцца... амаль дакладныя абрысы бусла.
Але гэтая адметнасць — не адзіная. У Дунайку захавалася традыцыя ладзіць Каляды, многія з вяскоўцаў і сёння плятуць з лазы кошыкі. А хтосьці — вышывае. Прычым у бабулі Рэны Цярэнцьеўны Майстранковай, яе дачкі Ларысы Міхайлаўны Косцінай і ўнучкі Аляксандры вышыванне стала, па сутнасці, сямейным заняткам.
— Вышываць крыжыкам я пачала яшчэ пасля вайны, а час той быў цяжкі — калі-нікалі неставала нават нітак, — узгадвае Рэна Цярэнцьеўна. — І ўсё ж па-сапраўднаму заняцца гэтай справай атрымалася толькі на пенсіі, калі з'явілася больш вольнага часу. Прычым вышываннем захапілася і дачка. А за ёй — унучка.
Штосьці з сюжэтаў яны бяруць з часопісаў, а штосьці — прыдумваюць самі. Але галоўнае ў іншым. Тры майстрыхі могуць паказаць дзясяткі прыгожа аздобленых сурвэтак, вышываныя карціны, абразы. Пры гэтым уражвае: на адну такую работу можа спатрэбіцца цэлы месяц.
— Я прыехала ў Дунаёк па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага педінстутута ў 1990 годзе і, калі шчыра, першым часам тут было крыху нязвычна, — распавядае Ларыса Міхайлаўна. — Але асвоілася даволі хутка. Прырода наўкол цудоўная, вёска была вялікая, і да таго ж у ёй жыло вельмі шмат моладзі — словам, сумаваць не выпадала. Вось так і зніклі ўсе сумненні. А цяпер Дунаёк для мяне — і ўвогуле самы родны.
Грошы дае... лес
Адзін з найбольш папулярных у свеце вальсаў мае даволі красамоўную назву — "Дунайскія хвалі". І аб гэтым узгадваеш мімаволі. Дунаёк бачыў лепшыя часы, аднак цяпер грэбня яго "хвалі" пайшла ўніз.
Не надта ўрадлівая глеба тут была заўсёды, і ўсё ж вельмі доўга мясцовы калгас трымаўся "на плыву". А потым адбылося што адбылося. У 1990-х, калі падтрымка сельгасвытворцам зменшылася, здарылася некалькі неўраджайных гадоў запар. У калгаса з'явіліся даўгі, якія, як той снежны камяк, пачалі нарастаць. У вёсцы спынілася будаўніцтва жылля, зменшыліся заробкі, пачаліся праблемы з іх выплатай. Урэшце рэшт сельгаспрадпрыемства атрымала статус банкрута і з канца 2007 года спыніла сваё існаванне. Частку былых "калгасных" земляў перадалі лясніцтвам, а частку — і ўвогуле перавялі ў "запас".
З таго часу свабоднымі землямі цікавіліся два фермеры, адзін з іх меў намер вырошчваць рапс, а другі — гадаваць жывёлу. Вось толькі па невядомых прычынах у абодвух выпадках справа так і не пачалася. Так, хтосьці з былых работнікаў сельгаспрадпрыемства знайшоў сабе месца ў навакольных лясніцтвах. Але далёка не ўсе. Цяпер з чатыры дзясяткі працаздольных дунайкоўцаў не маюць "афіцыйнага" занятку.
— Людзі не апусцілі рукі, некаторыя робяць стаўку на асабістую гаспадарку, трымаюць кароў і здаюць малако, садзяць бульбу, засяваюць вялікія, па 30-50 сотак, участкі кабачкамі — потым кабачкі прадаюцца на Быхаўскі агароднінасушыльны завод, — зазначае старшыня Дунайкоўскага сельсавета Кацярына Свірыдэнка. — Іншыя ж жывуць з лесу: улетку збіраюць і здаюць нарыхтоўшчыкам ці ў лясніцтвы чарніцы і лісічкі, увосень — журавіны, узімку — шышкі. Нашы грыбы-ягады не забруджаныя радыяцыяй, іх вельмі шмат, таму хто не лянуецца — можа някепска зарабіць. І ўсё ж без сваёй вытворчасці — цяжка.
Ад ракаў да святой вады
Якіх-небудзь "вытворчых праектаў" тут сёння няма. Ды і спадзявацца на тое, што раптам "хтосьці прыйдзе і захоча ўкласці вялікія грошы", асабліва таксама не выпадае. Бо і да горада, і да чыгункі — няблізка. Плюс да ўсяго атрымліваецца не надта прывабнай статыстыка — амаль кожны другі жыхар вёскі і наваколля ўжо знаходзіцца на пенсіі.
Аднак ставіць крыж на будучым Дунайка рана. Вёска налічвае 270 жыхароў, мае ўласныя сярэднюю школу, дзіцячы садок, пошту, комплексна-прыёмны пункт, клуб, бібліятэку, ФАП, дзве крамы. А яшчэ тут проста прыгожае і надзвычай ціхае месца.
— У нас амаль што запаведнік, у лесе шмат зайцоў, дзікоў, ліс, тут можна сустрэць лася, а казулі часта пасвяцца літаральна ля дарогі, — усміхаецца Кацярына Свірыдэнка. — У рэчцы Грэзе жывуць бабры, добра ловяцца шчупакі, плоткі і акуні. А таксама — ракі. Вада сапраўды чыстая, дно прасвечваецца на некалькі метраў.
Апроч таго, тут жа — і некалькі ўнікальных помнікаў прыроды. Недалёка ад Дунайка больш за два гектары займаюць сосны-гіганты вышынёй пад 20 метраў. Крыху ў іншым баку ёсць магчымасць пазнаёміцца з 300-гадовым волатам-дубам. Аднак ці не найбольш адметны пункт наваколля — каскад з трох крыніц. Сёння каля іх стаіць адноўленая каплічка. Прычым па ваду з крыніц едуць не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі, краін Балтыі. Гэта вада не псуецца па некалькі месяцаў і, як лічыцца, мае цудадзейную сілу — дапамагае аднавіць зрок і палепшыць работу сэрца.
Пры гэтым ці не самае дзіўнае — пустыя дамы ў Дунайку амаль не карыстаюцца попытам, купіць сабе хату тут можна ці не за мільён рублёў.
— Магчыма, у нечым нам не пашанцавала, менш чым за дзесяць кіламетраў адсюль знаходзіцца буйное Чыгірынскае вадасховішча, і ўсе "дачнікі" з Быхаўскага раёна і Магілёва — менавіта там, — адзначае Кацярына Свірыдэнка. — Аднак хочацца спадзявацца, што гэта часова, што нехта зверне на вёску ўвагу і паспрабуе стварыць прынамсі адну аграсядзібу. Бо Дунаёк нічым не горшы. А дранікі, бабку, клёцкі, журавінны морс і "фірмовую" настойку з каліны для турыстаў тут прыгатуе ці не кожны.
Сяргей Грыб, Быхаўскі раён.
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1177
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |