https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сінюга


Сінюга абыходзіцца без... чаркі

Нішто чалавечае нам не чужое, прычым у нечым тое пацвярджае нават геаграфія. Бухалаўка, Бухалі, Пагулянка — нібыта прамых ці ўскосных сведчанняў вядомых традыцый на карце Беларусі патрапіць адшукаць нямала. І ўсё ж адна назва чамусьці ўражвае асабліва — Сінюга. Праўда, тут варта адразу ж заўважыць: наведаць гэту не зусім звычайную вёску на самым ускрайку Магілёўскага раёна можна без аніякай рызыкі і ўрону для здароўя.

Звычайны туман — нібыта падман

Дабірацца сюды лепш за ўсё па чыгунцы. Існуе два варыянты: дзве гадзіны з Асіповічаў або крыху больш за гадзіну — з Магілёва. Прычым і ў тым і ў другім выпадку прыйдзецца карыстацца дызелем. Ніводны з цягнікоў прыпынку на невялікай станцыі не робіць.

Пэўныя асацыяцыі — рэч натуральная. Аднак спяшацца з высновамі не трэба. Дастаткова зазірнуць у слоўнікі, каб даведацца, што гэткім жа чынам у часы Расійскай імперыі назвалі звычайную пяцірублёвую купюру. А яшчэ ў народзе сінюга — прамая кішка каровы, якая выкарыстоўвалася для вырабу каўбас.

Праўда, непасрэдна ў вёсцы можна пачуць і не менш цікавую версію.

— Усё вельмі проста: вёска знаходзіцца ў нізіне на левым беразе рэчкі Друць, таму ці не штовечар улетку яе ахутвае густы, аж да сінявы, туман, — тлумачыць мясцовы жыхар, пенсіянер Уладзімір Кузьміч Гаўрылін. — А што ж да моцных напояў, то імі тут ніколі надта не захапляліся, калі і гналі самагонку, то ў невялікай колькасці, выключна да свят. І пілі няшмат, бо не было калі — выпадала шмат працаваць.

Дубы для англічан

У сапраўдную вёску яна ператварылася толькі ў сярэдзіне 1920-х, і да таго ж — дзякуючы перасяленцам з блізкай адсюль Калічонкі, якая, праўда, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі суседняга Клічаўскага раёна. Калічонку з усіх бакоў абступаў густы, амаль непраходны лес — тут не хапала свабоднай зямлі. Вакол жа Сінюгі было вялікае поле. І гэтая акалічнасць аказалася вырашальнай, тым больш, што на кожнага "едака" ў сем'ях перасяленцаў прапанавалі ці не па два гектары.

Не менш значная перавага з'явілася неўзабаве — у 1927 годзе праз Сінюгу праклалі чыгунку.

— А плюс да таго тут была ці не самая чыстая і рыбная рэчка ў Беларусі — Друць, — распавядае Уладзімір Гаўрылін. — Днепр больш глыбокі, а рыба любіць адкладваць ікру там, дзе мяльчэй, на плёсах. Вось і атрымлівалася, што ўся яна была ў нас, добра лавіліся шчупакі, плотка, падлешчык, траплялася вельмі шмат самоў, а таксама завезены некалі мясцовым панам з Байкала вусач-мірон. Быў тут і вялікі лес — як цяпер памятаю, мы нават карысталіся драўляным посудам.

Лес даваў грошы. Узімку сінюжцы (і менавіта так — за іншую назву яны пакрыўдзяцца) вазілі прадаваць у Магілёў дровы. А пакуль не стане лёд — падзараблялі ў вольны ад сельскай гаспадаркі час сплавам бярозы, соснаў, дубоў, якія не маглі абхапіць і пяцёра хлопчыкаў. Вязалі платы і гналі іх пад Рагачоў да Дняпра, а адтуль — да Чорнага мора. Кажуць, што мясцовую драўніну з вялікай ахвотай куплялі англічане.

— Тут усе працавалі і жылі даволі багата, некаторыя нават мелі статак больш за дзесяць кароў, — адзначае Уладзімір Кузьміч. — Магчыма, таму ў 1930-х Сінюга і не пазбегла раскулачвання. Прычым адбіралі маёмасць і добрую зямлю не толькі ў тых, каго можна назваць "кулакамі". Падобны лёс не мінуў і многіх беднякоў — проста таму, што яны не хацелі ўступаць у калгас. Увогуле, гэта быў вельмі цяжкі час. Мы спазналі, што такое голад, — елі чорны хлеб з мякінай, адкопвалі леташнюю перамёрзлую бульбу і пяклі з яе каржы, у якія, каб быў хоць які-небудзь смак, дадавалі кветкі канюшыны. Але ратавалі рыба і лес. Як не было мяса, то збіралі мяшкамі махавікі — з імі варылі капусту.

Вучыцца заўжды. І паўсюль

А потым была вайна. Яе Уладзімір Гаўрылін сустрэў навучэнцам 1 курса Магілёўскага педвучылішча. Непаўналетніх на фронт не бралі, давялося вяртацца 40 кіламетраў пешшу ў Сінюгу.

— Пры адступленні было вырашана ўзарваць чыгуначны мост, камяні ад яго ляцелі па ўсёй вёсцы, — распавядае пенсіянер. — Добра памятаю, як уздоўж той жа чыгункі ішлі шматлікія змучаныя бежанцы, якім мы прыносілі хлеб ці іншую ежу. Запомніўся і бой. На вясковым полі паставілі артылерыю, якая сустрэла невялікае падраздзяленне немцаў на танкетках і матацыклах. Але немцы аказаліся хітрэйшымі, проста абышлі нашых з поўначы і ўсходу, акружылі і разбілі. Я вось часта думаю, што не трэба было пакідаць гарматы тут, трэба было адступаць да Магілёва. Усё ж Магілёў здолеў пратрымацца больш за тры тыдні — і дагэтуль не разумею, чаму яму так і не далі званне горада-героя.

Яшчэ да вайны каля Сінюгі размяшчаліся вайсковыя лагеры для пераменнага складу арміі. Усіх, хто праходзіў зборы ў чэрвені 1941-га, адразу ж адправілі на фронт. Але лагер застаўся — і неўзабаве (вядома ж, спрыяў таму і зноў жа вялікі лес) тут пачалі з'яўляцца партызаны... У адказ, каб "не кармілі партызан", немцы сталі вывозіць людзей з навакольных вёсак. Не кранулі толькі Сінюгу.

— Магчыма, справа ў тым, што каля нас на чыгуначным мосце дзяжурылі ўкраінскія паліцаі, — разважае Уладзімір Гаўрылін. — А немцы, магчыма, пакінулі вёску, каб час ад часу збіраць тут малако, яйкі, сала. Але ўсё роўна было страшна. Мы нават выкапалі ў лесе бліндаж і калі-нікалі хаваліся ў ім. Прычым каб не знайшлі тыя ж сабакі, абсыпалі накрыўку здробненым тытунём.

Пасля вызвалення ён патрапіў на фронт. А пасля заканчэння вайны яшчэ два гады праслужыў у арміі. Нібыта вайсковая кар'ера магла атрымацца, але ў 1947-м раптоўна памірае бацька, і Уладзімір Гаўрылін вырашае вярнуцца ў Сінюгу.

— Было цяжка, нават аралі на сабе — плуг цягнулі па шасцёра чалавек, — зазначае Уладзімір Кузьміч. — Але нічога, пакрысе ўсё наладзілася, разжыліся гаспадаркай, я закончыў педінстытут і прыехаў сюды — больш за 40 гадоў выкладаў у школе рускую мову і фізкультуру. Спалучэнне не надта звычайнае, але, можа, менавіта дзякуючы яму і цяпер застаюцца сілы. Нездарма ж усе кажуць, што рух — гэта жыццё.

Нягледзячы на свае 86 гадоў, ён па-ранейшаму трымае агарод, садзіць бульбу, мае курэй. І нават падтрымлівае дзяцей — два сыны і дачка жывуць у Мінску. У сваю чаргу, дзеці дапамагаюць бацьку, яны ў Сінюзе — "не рэдкія госці".

— Я заўсёды казаў дзецям, што трэба вучыцца, і ўсё жыццё вучыўся сам — нават, здавалася б, у не самых спрыяльных сітуацыях, — заўважае Уладзімір Гаўрылін. — Напрыклад, калі падчас вайны апынуўся ў Германіі, то стала цікава: а як вядуць сельскую гаспадарку немцы, чаму ў іх такія акуратныя вёскі? І звярнуў увагу на адзін момант. Пасярэдзіне двара немцы выкопвалі яму і абкладалі яе цэментам і цэглай — каб зносіць сюды салому ад кароў, гной, пустазелле з агарода. Далей усё гэта натуральна перапрацоўваецца і атрымліваецца выдатнае ўгнаенне. А да таго ж наўкол — парадак. Пазней і сам зрабіў такія ж ямы, і ў вёсцы пераканаліся: рабіць кампост нашмат лепш, чым проста вывозіць пустазелле і бульбоўнік у лес.

Ад бульбы да кветак

Некалі ў Сінюзе працавалі невялікая крамка і пачатковая школа. Потым іх "за непатрэбай" зачынілі. З "інфраструктуры" засталіся хіба што чыгуначная станцыя і вышка аднаго з аператараў мабільнай сувязі. Усяго ў вёсцы налічваецца каля паўтара дзясятка чалавек, прычым сярод іх толькі адзін вучыцца ў школе і адзін — мае працаздольны ўзрост. Астатнія ўжо пенсіянеры. І разам з тым шукаць тут якія-небудзь сляды заняпаду — дарэмная справа.

— Ці не палова дамоў не маюць пастаянных жыхароў, але ўсе дамы тут — дагледжаныя, — звяртае ўвагу старшыня Семукацкага сельсавета Валянціна Садоўская. — Бо цяпер гэта дачы. Улетку насельніцтва Сінюгі павялічваецца ўдвая.

Адзін з "мінусаў" гэтых мясцін — павышаны, крыху больш за 1 Кюры, радыяцыйны фон. Затое сярод "плюсаў" — па-ранейшаму прывабная для рыбакоў Друць і вялікі, багаты на баравікі, лес. Напэўна, таму ў наваколлі месціцца адразу некалькі буйных дачных кааператываў. Адзін з іх знаходзіцца літаральна праз колькі сотняў метраў ад Сінюгі — з іншага боку чыгункі.

— Так, вёска мае невялікія памеры, і ўсё ж назваць яе "неперспектыўнай" нельга, — перакананая Валянціна Садоўская. — Бо дзе чыгунка — там і людзі. І тут яны будуць заўсёды, проста, магчыма, у крыху іншай якасці. Бо стаўленне да жыцця змяняецца, для многіх вёска — ужо перш-наперш месца адпачынку. І красамоўным прыкладам падаюцца тыя ж дачнікі: калі раней яны абавязкова рабілі градкі, то часта цяпер проста саджаюць кветкі.

Сяргей Грыб, Магілёўскі раён
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 1261


Комментарии