https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзень рыбалова


30 сакавіка ў народзе адзначаюць Дзень рыбалова, які прыпадае на прысвятак Аляксей Цёплы. Самы час выпраўляцца на рыбалку.

На Палессі кажуць, што на "Аляксея лёд такі слабы, што яго і рыба хвастом разаб'е". І сапраўды, час для лова рыбы самы што ні ёсць спрыяльны: згаладалая за зіму рыба шукае ежу, падымаецца з цёмных глыбінь вадаёмаў на паверхню, каб пагрэцца на вясновым сонейку і глынуць кіслароду, якім менавіта гэтым часам багатая вада.

У гэты дзень таксама існавалі пэўныя забароны на гаспадарчую працу, таму сяляне адпачывалі. Забыцца на строгія правілы маглі толькі аматары рабнага лову: яна апантана плялі сеткі, аглядалі іншыя рыбалоўныя прылады. У народзе так і казалі: "Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць".

Канец свету настане, калі перакуліцца вялізная рыба

Занятак рыбнай лоўляй вядомы на Беларусі з часоў палеаліту: да распаўсюджання земляробства яна была амаль адзінай крыніцай існавання мясцовага насельніцтва. Пра гэта сведчаць знаходкі археолагаў на стаянках першабытных людзей: касцяныя кручкі,  вастрыі гарпуноў, асцей, сеткавыя грузілы. Выявы рыб сустракаюцца на касцяных рэчах, косткамі замест іголак сшывалі адзенне, а з пазванкоў жанчыны рабілі пацеркі і завушніцы.

Мабыць, такія ўпрыгожванні былі нечым большым, таму што паводле балта-славянскай міфалогіі рыба — выразнік мужчынскага пачатку бо атаясамліваецца з апладняльнай стыхіяй вады.

Эратычна-шлюбная сімволіка рыбы тлумачыцца і ў славянскіх сонніках. Усім вядома, калі маладая жанчына пабачыць у сне вялікую рыбіну, то хутка зацяжарае і народзіць сына, калі дробную, то дзяўчынку. Калі ж тое бачылася пажылым людзям, гэта прадракала хваробу, паколькі рыба была яшчэ і адзнакай свету мёртвых.

Акрамя таго, нашы продкі верылі, што зямля трымаецца на велізарнай рыбе і калі па нейкай прычыне яна перакуліцца, то настане канец свету. Калі ж яна проста варушыцца, то чакай землятрусаў.

Крыху гісторыі

Прадаваць рыбу на беларускіх кірмашах пачалі ў феадальны перыяд, але прамысловага рыбалоўства у тыя часы практычна не было: рыбу лавілі ў асноўным для сябе. Прыгонныя рыбаловы пастаўлялі рыбу ў маёнткі і духавенству. Яны ж павінны былі вязаць сеткі, віць невадныя вяроўкі, рамантаваць снасці. Гэта называлася "хадзіць да панскага неваду". Акрамя гэтага часта пры маёнтках і манастырах меліся людзі, асноўнай працай, якіх была лоўля рыбы.

Разводзіць рыбу ў Беларусі пачалі толькі ў Сярэднявеччы. Актыўна рабілі запруды і капалі сажалкі, ў якіх самавольна рыбу лавіць было нельга. Пакаранне за гэта было ўстаноўлена Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 года.

Прагрэсу развіццё прамысловага рыбалоўства дасягнула тады, калі адмянілі прыгоннае права.  З ростам гарадскога насельніцтва павялічылася патрэба ў харчовых прадуктах, у тым ліку і рыбных. Рыбу стала магчымым прадаваць за грошы. Увод у эксплуатацыю чыгуначных ліній даваў магчымасць не толькі транспарціраваць рыбу ў гарады і мястэчкі  беларускіх губерняў, але і вывозіць яе за мяжу. Напрыклад, у Германію экспартавалася рыбная луска, якая выкарыстоўвалася пры вырабе штучнага жэмчугу.

У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вадаёмамі на Беларусі валодалі казна, памешчыкі, манастыры і сялянская грамада. Большасць з іх здавалася ў арэнду. Арандатары стваралі арцелі рыбакоў, а злоўленая рыба збывалася скупшчыкам, якія прадавалі яе на кірмашах.

Калі рыбна, дык і юшна

Калісці ж у мінскіх вадаёмах была процьма рыбы. Этнограф, журналіст, фалькларыст Павел Шпілеўскі, вандруючы па Мінскай губерніі ў 1853-55 гадах пісаў: "Досыць зазірнуць на Нясвіжскі кірмаш, на таргі мінскія, слуцкія, пінскія, мазырскія і рэчыцкія, на безліч усялякіх гатункаў свежай вэнджанай рыбы, якая прадаецца на іх, каб атрымаць ясны доказ добрага стану рыбацтва ў старажытным месцазнаходжанні крывічоў. Рыбам рэчак і азёр Мінскай губерніі няма ліку, аднак узгадаем некаторыя з іх: самы, бялугі, асётры, шчупакі, судакі, ліны, карасі, ляшчы, вугры, цырты, беларыбіца, уюны…".

Разводзіць карпаў і фарэль (стромгу) некаторыя памешчыкі пачалі яшчэ больш за 100 гадоў таму. Рыбаводныя гаспадаркі меліся ў маёнтку Альба князя, маёнтку Смаляны памешчыка Цітова, маёнтку Пескі памешчыка Паслаўскага.

Пэўны час у гэтай справе быў зацішак. Затое цяпер сэрца цешыць сапраўднае адраджэнне рыбаводнай справы. Немала гаспадарак прадстаўляюць сваю прадукцыю па кірмашах малых і буйных гарадоў Беларусі.

Як з карпа атрымаць селядзец

Рэцэптам падзялілася Галіна Ціхан з вёскі Востраў Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Трэба адзначыць, што цуды ператварэння рыбы аднаго гатунку ў другі — з'ява ў беларускай кулінарыі вядомая. Калі жаданай рыбы не было, вынаходлівыя кухаркі гатавалі страву з іншай рыбы, дасягаючы блізкага смаку. Напрыклад, гартаючы старонкі кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" можна даведацца як прыгатаваць "хатнюю траску са шчупака" і "хатняга ласося з вэнджанага сома".

Практыка паказала, што сучасным гаспадыням вядомы тыя старыя хітрыкі і калі ў вясковую краму раптам не завезлі любімых селядцоў, а салёнай рыбы хочацца, то можна зрабіць іх з карпа.

Інгрыдыенты:

1 карп
1 л. вады
30 гр. воцату
150 гр. цукру
200  гр. солі
4 лаўровых ліста
15 шт. чорнага перцу
1 цыбуліна
1 ст. лыжка алею 

Як гатаваць расол:

У халодную ваду усыпаць соль, пакласці  лаўровы ліст і перац гарошкам, давесці да кіпення і ўліць воцат, гатаваць яшчэ тры хвіліны, зняць з агню і астудзіць.
карп у расоле
Як гатаваць селядзец:

Пачысціць ад лускі карпа, выпатрашыць, адрэзаць галаву, хвост і плаўнікі, памыць, парэзаць на кускі шырынёй у 2 см, пакласці ў расол з вады, солі, спецый і воцату на дваццаць чатыры гадзіны пад гнёт.

Прасаліўшуюся рыбу дастаць з расолу, паліць алеям, пакласці асобна нарэзаную кольцамі цыбулю і падаваць да стала  з варанай бульбай.

Смачна есці!

Sputnik, 30 сакавіка 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 871