Паводле народных павер'яў, зоркі — гэта акенцы, праз якія глядзяць на свет белыя анёлы. Колькі людзей на свеце, столькі і анёлаў. У кожнай жывой душы ёсць свой анёл-ахоўнік. Народзіцца чалавек — і новага анёла дасылае Бог берагчы яго ад грахоў, ад ашуканства нячыстай сілы. Зробіць анёл новае акенца, сядзе каля яго і назірае — не адводзіць вачэй ад даверанага яму сына зямлі. А сам кожную справу зямную ў кнігу нябесную запісвае. А людзям падаецца, што гэта ўсё зоры мігцяць! Памёр чалавек — зачыняецца акенца, падае яго зорка з нябёсаў на зямлю.
У народным асяродку найбольш распаўсюджаным было меркаванне аб тым, што душу ў нованароджанага ўкладае Гасподзь яшчэ ў час унутрывантробнага развіцця, а значыць, ужо на працягу ўсёй цяжарнасці дзіця ахоўвае яго анёл. не маглі людзі не заўважыць і не адзначыць той момант, калі дзіця пачынала рухацца ў жываце матулі. З гэтага моманту плод лічыўся адухоўленым, а значыць канчаткова набываў ад Творцы душу, а разам з ёй і анёла-ахоўніка.
Існавала і такое ўяўленне, што анёл да чалавека прылятае ў дзень яго нараджэння, з яго першым самастойным подыхам, вядзе яго па жыцці і ў момант смерці стаіць пры галаве, каб потым забраць яго душу да Бога на нябёсы.
Паўсюдна сярод усходніх славян існавала перакананне, што грудное дзіця — бязгрэшны чалавек, а таму — анёл Божы. У беларусаў дзіця, якое не магло яшчэ самастойна рухацца, называлі "анёлак".
Лічылася, што дзіця "размаўляе" з анёламі да таго часу, пакуль у яго не зарасце радзімец. Пасля гэтага дзіця ўжо не памятае, што яму распавялі анёлы, і пачынае размаўляць з людзьмі.
Пра чалавека, які трапляў у складаныя жыццёвыя становішчы і выходзіў з іх з гонарам, заставаўся жывым, казалі, што ў яго моцны анёл-ахоўнік.
Па народных уяўленнях, у кожнага чалавека ёсць свой анёл і свой злы дух. Яны пастаянна спрачаюцца паміж сабой, адзін дапамагае, другі — шкодзіць: анёл ахоўвае ад ліха, а нячысцік схіляе да грахоў.
Добры дух, добры анёл знаходзіцца над правым плячом чалавека. Злы дух — над левым плячом. Таму ў абрадах, якія выконвалі ачышчальную функцыю, усе дзеянні неабходна было выконваць на левы бок і праз левае плячо: тройчы плюнуць, каб не сурочылі; выліць гарэлку, якую прапаноўваюць выпіць маладым, калі яны вярталіся ў дом бацькоў пасля вянчання; каб не было сварак у сям'і, праз левае плячо трэба было тройчы перакінуць крыху солі і г.д.
Нашы продкі лічылі, што ў час сну чалавека "ахоўваюць" анёлы-ахоўнікі: яны гуляюць па хаце і пужаюць нячыстую сілу. Таму ўвечары ў хаце неабходна было абавязкова падмесці падлогу, каб "анёлам было чыста гуляць".
Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1468
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |