https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Птушка — сімвал часу


Адной з найбольш цікавых, але мала даследаваных праблем міфапаэтычнай спадчыны беларусаў з'яўляецца "арнітаморфны код", або іначай — сімволіка птушак, з якімі чалавек кантактаваў даволі актыўна. З цягам часу птушкі занялі вельмі важнае месца ў фальклорнай спадчыне беларусаў, сталі аб'ектам глыбокага асэнсавання фактычна ва ўсіх жанрах вусна-паэтычнай творчасці.

* Акрамя таго, што некаторыя птушкі прадвызначалі лёс чалавека, многія з іх былі самым незвычайным чынам звязаны з часам правядзення тых ці іншых абрадаў або земляробчых работ. Штогадовы рытмізаваны прылёт іх з выраю і адлёт назад быў пакладзены нашымі продкамі ў аснову адной з сістэм вымярэння каляндарнага часу. Яскравым сведчаннем таму сталі шматлікія загадкі: "Дванаццаць арлоў, пяцьдзясят дзве галкі зняслі адно яйцо" (год, месяцы, тыдні); "Выхадзілі дванаццаць малайцоў, выносілі пяцьдзясят два сокалы, выпускалі трыста шэсцьдзясят пяць лебедзяў".

* У казачным эпасе беларусаў добра вядомы сюжэт пра тое, як жораў заляцаўся да чаплі. Хадзілі яны, хадзілі адно да аднаго ў госці, але так і не заручыліся. Адразу на памяць прыходзяць загадкі, у якіх гэты ж матыў асэнсоўваецца па-іншаму, аднак тыпалагічна блізка: "Сястра да брата ў госці ідзе, а брат ад яе хаваецца", "Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое — уночы". Зразумела, што ў адным і ў другім выпадку гаворка ідзе пра Сонца і Месяц, якія ходзяць следам адно за адным, але касмічны шлюб паміж імі так ніколі не будзе заключаны.

* Менавіта да птушкі — зязюлі — той, якая "лёгка" жыве, бо не выхоўвае сваіх дзетак, чалавек звяртаўся, каб даведацца, колькі яму яшчэ гадоў адмерана: колькі разоў "ку-ку" пачуеш — столькі гадоў і пражывеш.

* Асэнсаванне часу праз сімволіку птушкі самым непасрэдным чынам звязана з пабудовай Сусвету і падзелам яго на свет жывых і "той" свет (памерлых). У шматлікіх казках матыў дапамогі незвычайнай птушкі вар'іруецца па-рознаму, аднак яго сімволіка застаецца заўсёды аднолькавай. Ненажэрная, незвычайных памераў птушка — гэта ўвасабленне смерці або існавання ў той сістэме каардынат, у якой гадзіннік павінен будзе спыніцца на акрэслены час (на адзін год).

* Становіцца зразумелым, чаму птушка, якая раптам залятала ў хату або моцна стукалася ў акно, так палохала людзей. Па меркаванні нашых продкаў, яна прылятае ў тую хату, з якой хутка адляціць душа ў вырай, а значыць, нехта хутка памрэ.

* Птушкамі, якія выступалі пасрэднікамі паміж светам жывых і светам памерлых і якіх надзялялі здольнасцю прадвяшчаць, лічылі ворана-крумкача, сароку, зязюлю і саву: "Сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі... Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае смерць аднаго з жыхароў гэтага дома. Па куванні зязюлі даведваюцца, ці доўгае будзе жыццё, а таксама пра замужжа, багацце. Крык савы над домам — дрэнны знак".

* Акрамя гэтага, вешчунамі лічылі і дробных птушак — такіх, як сініца, ластаўка, верабей: "Калі дробныя птушкі раптоўна залятаюць у хату цераз акно, гэта можа прадказваць рознае: а) ластаўка заляціць — прыйдзе непажаданая вестка, а калі ў доме ёсць нявеста — прыйдуць сваты ці жаніх; б) верабей заляціць — будуць неістотныя звесткі; зойдзе наведнік; в) сініца б'ецца ў шкло — трэба чакаць вялікага няшчасця.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда, 1 кастрычніка 2011



 

Кoличество переходов на страницу: 1656


Комментарии