Тацяна Валодзіна: “Ці ня першай вядомай нам з маленства гісторыяй стае казка пра курку-рабку, што зьнесла яечка — ня простае, а залатое. Яечка, зь якога разгорнецца ўвесь белы свет. А курка-рабка тады — ці ня першая жыхарка і творца ўвогуле. А троху падрасьлі – і тут перад намі хатка, ды на курыных лапках, у якой жыве ня хто іншы, як Баба-Яга. Так у народнай традыцыі існуюць два палярныя вобразы курыцы — стваральнік-дэміюрг і курыца-ўвасабленьне сьмерці”.
Ракіцкі: “Наколькі куры і іншыя свойскія птушкі ўлучаліся нашымі продкамі ў кола мэдычных уяўленьняў?”
Валодзіна: “Пачнем з таго, што ляжыць на паверхні. Ужо сваім найменьнем з курыцай зьвязаная так званая курыная сьлепата. Насамрэч куры ўвечары бачаць горш, што і магло даць падставу для такога найменьня. Але ў народных вераваньнях дачыненьні немачы з “курынай” тэмай пачынаюцца ўжо з этыялёгіі.
“Курыная сьлепата ўзьнікае тады, калі падчас астатняй квадры курыца зь седала ўвечары пераляціць або пяройдзе чалавеку дарогу ці таксама калі хто сарве зельле курасьлепу. Курыную сьлепату нашы бабы добра лечаць. Дзеля гэтага яны даюць хвораму есьці курыцу, каторую ён павінен зьесьці адразу, а гарачыя печанцы прылажыць к вачом. Каб аслабаніцца ад курынае сьлепаты, трэ пры заходзе сонейка стаць пад курыным седалам да трэйка пракрычаць “кукарэку”, гледзячы на сонейка да таго часу, покуль яно caўciм зайдзе”.
Як відаць, курыца, справакаваўшы хваробу, непасрэдна ўлучалася і ў працэс яе лекаваньня. Калі ж на воку зьяўляўся ячмень, зьвярталіся па дапамогу гэтаксама да курэй”.
Ракіцкі: “Таксама прыкладалі вантробы або сьпявалі кукарэку?”
Валодзіна: “На гэты раз куры заклікаліся хваробу зьдзяўбаць. Лекарка абводзіла вакол хворага вока ячменінкай, зьлёгку паколвала самую болечку і адкідвала гэтае зерне курам. Тыя дзяўбалі і, як верылі, здымалі хваробу. Дарэчы, гэтаксама курам сыпалася зерне пасьля магічнага лекаваньня пярэпалаху. Бабка тройчы абыходзіла хворае дзіцятка, абсыпаючы яго аўсом, і клікала курэй у надзеі, што тыя выдзяўбуць накінуты на малога сьцень”.
Ракіцкі: “Але нас найперш цікавяць куры як носьбіты хваробаў, іх распачынальнікі. У іх — прычына курынай сьлепаты. А яшчэ?”
Валодзіна: “Яшчэ беларусам была вядомая хвароба з назвай ня менш экзатычнай, чым той жа птушыны грып. Гэта “крылішчы”, або “крылыска”, як звалі іх на Палесьсі. Сёлета ў час летніх вандровак давялося запісаць і такі аповед у Ляхавіцкім раёне:
“Вот ідзеш, дзе курнік, ды курыца пералеціць цераз тую жанчыну. Ці якая варона пералеціць. На плячах тады крылішча ў рабёначка. Во так голаў угору закідае, і ня сьпіць, крычыць. На сьпіне яму так коліцца. З чорнай курыцы брала пер’е, толькі адно з чорнае. Вязала іх у пучкі. Вот у каго крылішча, прыносіць дзеткі. Кладзе на гэты бок парога, а сама на той бок. А тутака начоўкі. І бярэ яна сакеру, а дзіця пад начоўкі. Маладзіца стаіць на гэты бок парога, а мая мама — на той і тое пер’е сячэ. Тая маладзіца пытаецца:
—Што ты сячэш?
— Крылішчы.
— Сячы, сячы. Каб не было.
Гэтак тры разы мама сячэ. Усё рабілася, каб сонейка заходзіла”.
У этнаграфічнай літаратуры агаворваецца і такая прычына: у час “цяжары” маці любіла абглодваць і смактаць птушыныя косткі. А раілі тады тры дні запар церці месца, якое сьвярбіць, крыламі жывой чорнай курыцы, кожнага разу прыблізна паўгадзіны. Або на Палесьсі тлумачылі — “да нігдэ мо курыца пробігла чэрэз ногі”.
Ракіцкі: “Гучыць і сапраўды вельмі экзатычна. Наколькі заканамерныя, невыпадковыя такія хваробы ў народных павер’ях?”
Валодзіна: “Цяжарным жанчынам катэгарычна забаранялася празьмернае кантактаваньне з хатняй жывёлай і птушкамі, асабліва падкрэсьліваецца, што недапушчальна біць іх нагою. Прычым, з выразнай матывацыяй: “Нельга пінаць куру, бо дзіця будзе крахтаць, варочацца”. Пры падкідваньні нагою ката ці сабакі ў дзіцяці на сьпінцы як быццам вырастала такая поўстка, шарсьціньне, што таксама не давала малому спаць”.
Ракіцкі: “Якія ж пігулкі скарыстоўваліся вясковымі лекаркамі пры такіх “птушыных” хваробах?”
Валодзіна: “Хвароба, будучы своеасаблівай рэплікай тагасьвету, выдалялася зь цела менавіта зь яго дапамогаю. Народная тэрапія і ў гэтым выпадку прадпісвала зварот да найбольш тыповага прадстаўніка хтанічных сілаў у хатняй гаспадарцы і адначасна мэдыюму паміж сьветамі — да чорнай курыцы. Да таго ж пры асобных фіксацыях пёркі вырываліся ў яе з-пад крыла — месца, сымбалічна тоеснага да пахі ў чалавека, месца зь яркай замагільнай, дэманічнай, мэдыятыўнай сэмантыкай. Такія пёры станавіліся сымбалічным прадстаўніком самое хваробы як праявы іншасьвету і належалі да “расьсячэньня”. У Капыльскім раёне раілі злавіць курыцу, павысякаць у яе крылішчы і пасекчы іх на парозе”.
Ракіцкі: “Ці не вынікае з такіх аповедаў, што куры і птушкі асабліва небясьпечныя для дзяцей? Калі так, то чаму?”
Валодзіна: “Сапраўды, пазьбягалі кантактаваньня са свойскай птушкай ня толькі цяжарныя жанчыны, але і малыя дзеці. Казалі, трэба асьцерагацца, каб курыца не праляцела часам над калыскаю, бо дзіця будзе мучыцца бяссоньнем. Але што цікава, куратнік, тое месца, дзе куры сьпяць, бачыўся як прыстанішча начніц. Начніцы — гэта духі, што спрычыняліся да працяглага хваравітага плачу”.
Ракіцкі: “Як жа ратаваліся ад такіх птушыных начніц?”
Валодзіна: “Пад сядала, калі куры ўжо сьпяць, вылівалі ваду з купелі пасьля купаньня хворага дзіцяці. Малога, які плача ўвечары і ноччу, насілі да курэй — “пад куры”, там іх падшухвалі ў прыполе, зьлёгку шлёпалі гальлём, прамаўлялі замову. У кожным рэгіёне Беларусі свая адметнасьць:
“З двух калодзежаў, з трох рэчак ваду зьліць, па зорах беручы, і тры дні на печы трымаць. І ўзьліць на дварэ на сутоках на галаву разьдзетаму, і там і чарапок кінуць, і сарочкі, і ісьці не азіраючыся: “Курачкі-сакатушкі, вазьміце ад младзенца начнушкі, вам, курачкі, сьпяваці, а младзенцу спаці”.
Відавочна, начніцы перамяшчаюцца ў куратнік, аддаюцца курам як нешта ім належнае — “зсылаю вас, крыксы, дзе куры сідзяць, не крычаць”.
Ракіцкі: “Сапраўды, повязь курыцы з хваробамі больш як відавочная. А са сфэрай сьмерці?”
Валодзіна: “У беларускай мiтапаэтычнай традыцыi курыца ўяўляецца вяшчункай.
“Сьпеў курыцы як усё адно пеўня прадказвае або нават наклiкае бяду цi нябожчыка. Пачуўшы гэты крык, казалi: “На сваю галаву!” i адсякалi зламыснай птушцы галаву на парозе хаты. Але каб упэўніцца ў дрэнным знаку, курыцу, зачуўшы яе сьпеў, кулялi ад кута да парога праз галаву, i, калі яна трапляла на выхад нагамi, то гэта прадвяшчала менавiта сьмерць. І тады — галаву на калодку!”
Крык курэй на сядале таксама не на добрае, калі курыца ў час сну адкiдвае крыло — на бяду. Iснавала павер’е, калi чалавек цяжка памiрае, ад яго прыбiралi падушку, бо быццам курынае пер’е яму перашкаджае. Дарэчы, у труну і па сёньня не кладуць падушак зь пёраў”.
Ракіцкі: “З такіх паведамленьняў паўстае курыца як сам д’ябал, чорт...”
Валодзіна: “А яна яго і папраўдзе замяшчае. Прынамсі, чорт уяўляецца часта з курынымі лапамі, як тая самая хатка Бабы-Ягі. У былічках да маладзіцы, што пахавала мужа ды надта сумуе, пачынае наведвацца нячысты, у вобліку мужа. Яна яго прымае, цешыцца, але ж худнее ды сохне. І тады матка пасыпае ёй вакол ложка попел, а на ім назаўтра — курыныя сьляды. Сьляды таго самага чорта. Ад такіх чартоўскіх курыных візытаў гэтаксама знаходзілі належныя лекі”.
Ракіцкі: “Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што народная традыцыя знаходзіць сродкі лекаваньня такіх “птушыных” хваробаў. Будзем спадзявацца, што чалавецтва таксама знойдзе лек ад птушынага грыпу”.
Крывія
Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі
Кoличество переходов на страницу: 1504
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |