https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Люстэрка


Люстэрка як сімвал адлюстравання і падваення рэчаіснасці ў народнай культуры атрымала статус "мяжы" паміж зямным і "іншым" светам, светам духаў. Здольнасць адлюстроўваць навакольны свет надала гэтай рэчы шмат цікавых якасцяў. Нашы продкі лічылі, што ў люстэрку можна ўбачыць мінулыя, цяперашнія і будучыя падзеі, надзялялі яго звышнатуральнай сілай. Тым самым падкрэслівалася асаблівая значнасць гэтай рэчы.

Разбітае, трэснутае люстэрка ў хаце (г.зн. парушэнне гэтай нябачнай "мяжы") заўсёды выклікала трывогу і лічылася прадказальнікам бяды.

Калі ў хаце паміраў чалавек, неабходна было завесіць ці перавярнуць люстэрка да сцяны. У момант прыходу "смерці" ў хату мы не павінны ўбачыць гэту "мяжу" адкрытай.

Акрамя гэтага, лічылася, што смерць "падвоіцца ў люстэрку", г.зн. забярэ яшчэ кагосьці.

У некаторых рэгіёнах, каб захаваць сваю сям'ю ад новай смерці, пасля пахавання да люстэрка першай падносілі кошку.

Часам люстэрка завешвалі яшчэ да надыходу смерці — каб палегчыць адыход чалавека ў іншы свет.

Люстэркі ў хаце заставаліся завешанымі да моманту вынасу цела і пахавання, часам — да 9 ці 40 дзён пасля смерці, радзей — на працягу ўсяго памінальнага года.

Забаранялася глядзецца ў люстэрка ноччу, а таксама ў час навальніцы і ўдараў маланкі. Лічылася, што ў такія хвіліны можна ўбачыць сваю смерць, пасталець раней часу, страціць сваю прыгажосць і здароўе, бачыць дрэнныя "цяжкія" сны: "глядзецца на ноч у люстэрка — наклікаць на сябе смерць".

Тыя ж забароны на кантакт з люстэркам існавалі і ў момант нараджэння дзіцяці. Парадзісе, перад якой у гэты час быў "адчынены шлях у гэты свет", катэгарычна забаранялася глядзецца ў люстэрка.

На працягу першага года жыцця дзіцяці забаранялася кантактаваць з люстэркам. Лічылася, што дзіця ўбачыць там сваю сталасць, згубіць спакой і сон, доўгі час не будзе размаўляць, будзе заікай, спужаецца, яго жыццё "перавернецца" і яно перастане расці і развівацца.

Нягледзячы на ўсё вышэйпералічанае, здольнасць падвойвацца ўспрымалася ў народнай культуры як станоўчая якасць. Лічылася, што нячыстая сіла страчвае сваю магічную здольнасць шкодзіць чалавеку, калі адаб'ецца ў люстэрку. Таму разам з іншымі абярэгамі (напрыклад, асвячонай вярбой, крапівой, чацвярговай соллю, забітай сарокай і інш.) невялікае люстэрка як абярэг ад нячыстай сілы клалі ў калыску дзіцяці, насілі ў кішэні, вешалі ў хляве.

Часам пасля вянчання маладым падносілі люстэрка, у якое яны павінны паглядзець разам — "каб жыць у пары".

Менавіта люстэрка часцей за ўсё выкарыстоўвалі ў варожбах. Для гэтага неабходна было на Святкі з захадам сонца не ў хаце (напрыклад, у лазні) зірнуць у люстэрка, каб там убачыць суджанага. Часам для таго ж бралі два люстэркі, такім чынам ствараючы калідор паміж тым і гэтым светам.

У народзе лічылася: "Калі разаб'еш люстэрка, цябе чакае сем няшчасцяў". Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, народныя знахары раілі кінуць чацвярговую соль праз левае плячо, а люстэрка кінуць у раку.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 1644


Комментарии