* У народзе магічнай сілай валодалі не толькі асвячоныя на Вербніцу, але і проста маладыя галінкі вярбы, якія выкарыстоўвалі ў розных абрадах і рытуальных дзеяннях.
* У дзень святога Юрыя (6 мая) дзяўчаты плялі з вярбы вянкі, казалі: "каб прыбытак у хаце рос, як вярба вясной".
* Каб выйсці замуж і налета "стаць тоўстай" (г.зн. зацяжараць), неабходна было сплесці вянок і павязаць на сябе пояс з галінак вярбы.
* Невялікі пояс з галінак вярбы плялі на даёнку, каб малако "прыбывала".
* У некаторых рэгіёнах на Купалле менавіта вярбу дзяўчаты ўпрыгожвалі кветкамі, вадзілі вакол яе карагоды.
* Вядомы таксама абрад выклікання дажджу, падчас якога яго ўдзельнікі павінны былі ўбірацца ў галінкі вярбы.
* Шырока выкарыстоўвалі "старую" вярбу для перадачы сваіх хвароб. Для гэтага неабходна аперазаць сябе саламяным перавяслам, а потым употай ад усіх прыйсці да вярбы і аперазаць гэтым перавяслам яе, аддаць ёй сваю хваробу. Лічылася, што пасля гэтага вярба засохне, а хвароба адступіць.
* Той, хто лічыў сябе баязліўцам і жадаў пазбавіцца ад гэтай заганы, павінен быў у Вербную нядзелю пасля ранішняга набажэнства забіць у сцяну сваёй хаты галінку асвечанай вярбы. Лічылася, што такія дзеянні павінны былі адагнаць прыродную баязлівасць.
* Часам выконвалі абрад "вянчання" хваробы з вярбой: на вярбу ставілі запаленую свечку, чыталі спецыяльныя словы (замову), каб хвароба гэтак жа лёгка адышла, як лёгка прымаецца вярба.
* Практычна паўсюдна старую вярбу лічылі праклятым або "нячыстым" дрэвам. Існавала павер'е, што на вярбе з Вадохрышча да Вербнай нядзелі сядзіць чорт, які да гэтага дня жыве ў вадзе, а пасля гэтага дня пераходзіць у зямлю ці жыта.
* Нярэдка старую вярбу, схіленую над вадой, лічылі прытулкам вадзяніка, русалак і іншых "нячысцікаў", якія сядзяць на самым высокім дрэве і выглядваюць сабе ахвяру.
* Ва ўсходніх славян існавала павер'е, што ранняй вясной чэрці грэюцца менавіта на вярбе, а пасля таго, як галінкі вярбы пакінуць у храме ў Вербную нядзелю, яны трапляюць у ваду. Таму да Вербніцы забаранялася хадзіць у балоцістыя месцы, у вербны гушчар, у так званыя "гіблыя" месцы.
* Лічылася, што да веснавога Міколы нельга купацца, бо інакш з "чалавека вярба вырасце".
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда, 21 ліпеня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1247
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |