Перш за ўсё гаспадыня павінна была штодзень клапаціцца аб чысціні вядра. Па- другое, у народнай свядомасці да вядра і вады ў ім былі выпрацаваны некаторыя парады і рэкамендацыі.
* Так, адразу пасля смерці чалавека, з вядра або вёдраў, якія былі ў хаце, абавязкова вылівалі ваду, а вядро пераварочвалі. Нашы продкі былі перакананыя ў тым, што ў адваротным выпадку душа памерлага "акунецца" ў гэтую ваду, і яна (вада) стане "мёртвай", г.зн. шкоднай для жывых.
* Цяжарнай жанчыне забаранялася ступаць на тое месца, дзе стаяла вядро з вадой, калі мылі падлогу. Лічылася, што дзіця ў такім выпадку будзе хварэць на лішай.
* Цяжарнай жанчыне забаранялі хадзіць па ваду да калодзежа: пралітая вада (тады, калі ваду пералівалі з калодзежнага вядра ў сваё) магла прывесці да таго, што дзіця ў час кармлення будзе пастаянна "адліваць" малако; а раптоўны позірк цяжарнай жанчыны ў калодзеж мог прывесці да нараджэння сляпога дзіцяці.
* Пустое вядро (як і пустая бутэлька, якую трэба прыбраць са стала) заўсёды прадказвала "пустату", г.зн. няўдачу ў справах. Пустое вядро параўноўвалі з межамі — тым часам, калі на небе няма Месяца. І тут зноў на дапамогу прыходзіць фундаментальны прынцып народнай культуры: "Падобнае выклікае падобнае". Сувязь была бязмежна празрыстай і выразна матываванай: адсутнасць свяціла ў начным небе, г.зн. "касмічная пустата" магла справакаваць "пустату" як у жыцці, так і ў любой дзейнасці чалавека. Адна з назваў гэтай фазы месяца, якая прыжылася на Палессі, — "пустыя дні".
* У народным асяроддзі лічылася, што чалавек ці жывёла, зачатыя ў "межы", не будуць жыць доўга. У такі час ніколі не вадзілі карову на злучку, не саджалі наседку на яйкі і г.д. Нараджэнне "на межах" таксама лічылі адмоўным знакам. Пра такога чалавека гаварылі, што ён ніколі не народзіць дзіця (будзе такім жа "пустым", як месяц у гэты час), рана аўдавее. Па той самай прычыне "на межах" ніколі не спраўлялі вяселле: засцерагаліся, каб не застацца бяздзетнымі.
* Паўсюдна была вядома прыкмета: калі сустрэнеш на сваім шляху жанчыну з пустым вядром, удачы не будзе. Таму людзі, якія выхаваныя ў лепшых традыцыях народнай культуры, каб не нашкодзіць тым, хто ідзе насустрач, заўсёды імкнуліся іх прапусціць (пачакаць) ці клалі што-небудзь у пустое вядро.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1308
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |