У старажытных славян пчала стала сімвалам кахання, таму што аб'ядноўвала ў сабе і радасць, асалоду (мёд), і гаркоту (джала), — тое, без чаго не абходзіцца сямейнае жыццё.
Пчолы заўсёды былі паплечнікамі нябесных бостваў. Дзікі мёд звалі "ежай багоў". Хрысціяне прадоўжылі гэту традыцыю: пчаліны мёд стаў сімвалам Хрыстовай дабрадзейнасці, а джала — яго пакутамі.
Старажытныя людзі былі перакананыя, што пчолы з'яўляюцца на свет "самі па сабе, з воску і мёду", таму пчала была таксама сімвалам цнатлівасці. Так яна стала сімвалізаваць адвечную дзявоцкасць Дзевы Марыі, якая без граху зачала і нарадзіла Ісуса Хрыста.
Часам выяву пчалы можна сустрэць на надмагільных камянях, як сімвал бессмяротнасці. Магчыма таму, што абуджэнне пчалы пасля зімовага сну атаясамлівалася з уваскрасеннем пасля смерці.
Згодна са старажытнымі паданнямі, святымі пчолы сталі таму, што джалілі рукі тых, хто прыносіў пакуты Хрысту, і палягчалі яго пакуты: яны прыляталі роем і пілі яго крывавы пот у час яго хрэсных пакут. Таксама лічыцца, што менавіта пчолы першымі разнеслі вестку аб яго ўваскрэсенні. Пчалу заўсёды лічылі Боскай угодніцай, таму што яна "робіць воск на свечы" — "Богу ахвяру прыносіць".
Тыя, хто меў сто і больш вулляў, па народных уяўленнях, былі звязаны з нячыстай сілай, іх звалі знахарамі, калдунамі і ведзьмакамі. У дахрысціянскія часы ў народзе існавала паданне, што пчолы з'явіліся ў багне, таму іх ахоўнікамі лічылі вадзяніка.
Лічылася, што пчала джаліць толькі грэшнікаў: "пчолы не любяць дурных людзей", а добрага чалавека "пчала не кране".
Сярод сялян існаваў звычай: "Чалавеку злоснаму, грахоўнаму лепш пчол не заводзіць!"
Забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — "разбурыць храм Божы".
Паўсюдна лічылася, што гаспадар павінен размаўляць з пчоламі, як з разумнымі істотамі, быццам яны з'яўляюцца членамі сям'і. Ім трэба расказваць сямейныя навіны. Калі пчолы на некалькі хвілін змоўклі, а потым загулі роўна, значыць, прынялі навіны добра; калі ж выляталі з вулляў і злосна гулі — чакай непрыемнасцяў.
Лічылася, што пчолы не "ганаруюць" таго гаспадара, які любіць есці мёд.
Чужы рой, які наведаў вашу гаспадарку, лічыўся добрай прыкметай, знакам дабрабыту ў хаце і гаспадарцы. Гэты рой трэба было асабліва ахоўваць.
Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда 11.08.2010
Кoличество переходов на страницу: 1538
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |