* Да печы заўсёды ставіліся з вялікай увагай і павагай. На ёй адпачывалі, яна сагравала і лячыла.
* Вакол печы былі расстаўленыя ўсе хатнія атрыбуты: венік, вілы, качарга, дзяжа, — а за печкай жыў захавальнік сямейнага дабрабыту — дамавік.
* Канструкцыя печы цалкам паўтарала структуру хаты і таксама з'яўлялася ўвасабленнем міфапаэтычнай мадэлі свету. Яе структурныя гарызонты адпавядалі нашаму ўспрыманню часу. Падпечак (як і склеп) сімвалізаваў мінулае; вусце і засланка — дзень сённяшні; труба (комін), якая перакрывалася юшкай (душой, душкай), — будучыню.
* "Завіхацца каля печы" — выключна жаночы занятак. Падтрыманне агню і падрыхтоўка ежы былі падобныя на падтрыманне жыцця на зямлі.
* Печ — захавальніца агню — той энергіі, якая сімвалізуе жыццё ў хаце і яе дабрабыт. У штодзённым жыцці агонь у печы на ноч не тушылі. Перад тым, як зачыніць — "засланіць" — печ ад сонца (адгэтуль і засланка) ці агонь у печы, гаспадыня павінна была засыпаць у невялікае паглыбленне вугельчыкі і прыкрыць іх попелам. Раніцай вугельчыкі раздзімалі, і печ ажывала зноў.
* Дасведчаныя гаспадыні ведалі: каб захаваць дастатак і дабрабыт у хаце, нельга аддаваць вугельчыкі са сваёй печы, а пераязджаючы ў новую хату, трэба было абавязкова ўзяць з сабою некалькі вугельчыкаў са старой печы і перанесці ў новую.
* Печ "замірала", калі ў хаце хтосьці паміраў. Тады на працягу трох дзён агонь у печы распальваць строга забаранялася.
* Агонь у печы маглі патушыць падчас эпідэміі. Тады ва ўсім паселішчы ў хатах "астывалі" печы. А затым ад хаты да хаты неслі "жыватворны" — ажыўляльны агонь, распалены пры дапамозе трэння.
* Значная колькасць рытуалаў сямейнай скіраванасці выконвалася пры непасрэдным удзеле печкі. Белы колер печы і яе месца размяшчэння (каля парога) сведчылі пра ролю пасрэдніка паміж жывымі і мёртвымі. Вярнуўшыся з могілак і зайшоўшы ў хату, трэба было абавязкова прыкласці рукі да печы — "сагрэць" іх, затым зазірнуць у печ, каб пазбавіцца ад нуды па нябожчыку і страху перад ім.
Печ заўсёды імкнуліся трымаць зачыненай. Лічылася, калі яе не зачыніць падчас адпраўлення кагосьці ў дарогу, таму чалавеку не пашанцуе.
* Печ зачынялі, калі жанчыны садзіліся ткаць, каб праца ішла спарней.
* Выняўшы хлеб ці іншую ежу з печы, яе абавязкова зачынялі, папярэдне паклаўшы туды некалькі пален, каб дабрабыт у хаце "не пераводзіўся".
* Сярод беларусаў існавала строгая забарона: пакуль у печы выпякаецца хлеб, на яе нельга садзіцца.
* Адмысловая ўвага надавалася пячной трубе — коміну. Спецыфічны "выхад" з хаты стаў своеасаблівым каналам паміж "гэтым" і "тым" светам: з коміна вылятаюць і праз яго прылятаюць нячыстая сіла, душы памерлых, хваробы, доля-нядоля і г. д.
* Падчас памінальных дзён, якія ладзілі на працягу года, комін адкрывалі, каб душы памерлых маглі прыляцець у хату і "пачаставацца" тымі стравамі, якія гаспадары знарок пакідалі на стале на ноч.
* Калі ў хаце паміраў чалавек, комін зачынялі, а дзверы адчынялі, каб душа "не выляцела" ў трубу і не дасталася д'яблу. А калі паміраў вядзьмак, усё рабілі наадварот.
* Пры набліжэнні навальніцы трэба было абавязкова зачыніць трубу, каб нячыстая сіла не ўляцела ў хату і Ілья-грамабой не стукнуў агністай стралой (маланкай).
* Імкнуліся трымаць трубу зачыненай, калі ў хаце была цяжарная жанчына. Баяліся, што нячыстая сіла выкрадзе душу яшчэ не народжанага дзіцяці.
* На беларускім Палессі ў дзень восеньскага раўнадзенства выконваўся абрад "Жаніцьба коміна". З гэтага дня агонь уносілі ў хату, з дапамогай адмысловага рытуалу яго "прыручалі" да хаты, злучаючы "шлюбнай сувяззю" з печчу.
* Калі гублялася скаціна, гаспадыня клікала кароўку менавіта праз комін.
* Не кожны пячнік мог скласці добрую печ, а толькі той, хто валодаў пэўнай інфармацыяй і прафесійнымі навыкамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленні і захоўваліся як тайна.
Акрамя гэтага, печ служыла інфарматарам для людзей:
— з печкі выскачыў вугольчык — чакай злоснага госця;
— у печы штосьці вухкае — хтосьці сыдзе з хаты;
— цэгла выпала — у сям'і хтосьці з жанчын памрэ.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1572
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |