
Конь — адзін з найбольш шануемых персанажаў беларускай міфалогіі, вуснапаэтычнай спадчыны і абрадавай практыкі нашага народа. Міфалагічны і казачны конь — гэта сімвал часу, вечнасці, непадзельнасці космасу, гэта найбольш надзейны пасрэднік паміж светам жывых і "светам" памерлых, паміж небажыхарамі і людзьмі. Менавіта таму якраз на сівым-белым кані прыязджае на зямлю Юрый і адмыкае "зямліцу", выпускае на свет Божы "расіцу гаючую". Таму ўладальнікі коней асабліва шанавалі гэтага святога.
Конь надзелены інтуіцыяй і можа прадказваць лёс свайго ўладара. Напрыклад, калі гаспадар збіраўся ў дарогу, а ўжо запрэжаны конь пачаў фыркаць або біць зямлю капытамі, то гэта ўспрымалася нядобрым знакам. У такім выпадку паездку маглі перанесці на іншы час.

Па паводзінах каня маглі прадказваць стан надвор'я:
— конь часта фыркае — да хуткага дажджу;
— конь храпе або закідвае галаву ўверх — будзе непагадзь.
Асаблівай павагай карыстаўся конь у абрадавай практыцы беларусаў, перш за ўсё на вяселлі і пахаванні. Вясельнага каня ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, кветкамі, да дугі мацавалі званочкі, а на шыю надзявалі шархуны, якія павінны былі адганяць нячыстую сілу і даваць знак аднавяскоўцам аб прыбліжэнні вясельнага поезда.

Разам з тым у адной з легендаў расказваецца пра тое, што Бог пракляў гэту жывёліну: "Пасля нараджэння Багародзіца палажыла нованароджанага ў яслі і прыкрыла сенам, каб схаваць ад ваяроў цара Ірада. Вол, які стаяў побач, перастаў есці, а конь працягваў есці і тым самым "раскрываў" месца паратунку Хрыста. Таму Бог пракляў каня і сказаў: "Ты будзеш заўсёды есці і ніколі не наясіся", а вала блаславіў і сказаў, што яго мяса людзі будуць выкарыстоўваць у харчаванні".
Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1573
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |