https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзверы


Дзверы — месца ўваходу і выхаду, тая частка хаты, якая сімвалізавала мяжу паміж жылой прасторай і падворкам. Яны сталі амбівалентным сімвалам: з аднаго боку, забяспечвалі "ахову", "абарону", з другога боку — давалі магчымасць апынуцца ў прасторы хаты. Адчыненыя дзверы забяспечвалі сувязь са знешнім светам, зачыненыя — ахоўвалі хату ад знешняга ўмяшальніцтва.

У культуры ўсходніх славян у паўсядзённым жыцці правільным, ці нармальным, становішчам лічыліся зачыненыя дзверы. Адчыненымі яны маглі быць толькі ў тым выпадку, калі ў хаце адбываліся неардынарныя падзеі: смерць ці роды. І ў тым, і ў другім выпадку неабходна было "выпусціць" душу чалавека (таго, хто паміраў, або таго, хто павінен быў нарадзіцца).

У час пахавання дзверы трымалі адчыненымі да таго часу, пакуль з хаты не вынесуць труну з нябожчыкам. Пасля гэтага дзверы зачынялі, а часам і замыкалі, каб душа памерлага не магла вярнуцца назад.

Існавала строгае правіла: тыя, хто прыйшоў развітацца з памерлым, павінны выйсці з хаты праз тыя дзверы, праз якія і ўваходзілі.

 У народнай культуры дзверы часта былі супрацьпастаўленыя вокнам: "задушных" нябожчыкаў (самазабойц, тапельцаў і г.д.) выносілі з хаты не праз дзверы, а праз вокны.

Дзверы, якія знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад парога хаты, успрынялі на сябе яго семантыку — семантыку зоны смерці. Таму, каб абараніць дзіця ў той сям'і, дзе не гадаваліся дзеці, у дзень хрышчэння яго таксама не выносілі праз дзверы, а перадавалі праз акно на рукі хросным бацькам.

Па правілах народнай культуры, у паўсядзённым жыцці смецце ў хаце неабходна было месці ад дальняй сцяны да дзвярэй, г.зн. са "сваёй" прасторы ў чужую. У адваротным выпадку лічылася, што дачка не выйдзе замуж. І толькі ў час пахавання парушалася гэта традыцыя: смецце мялі ад дзвярэй да цэнтра хаты.

Асаблівая ўвага надавалася дзвярам у час вяселля. Нявесце не дазвалялася зачыняць дзверы бацькоўскай хаты, калі ў сям'і былі яшчэ незамужнія сёстры і нежанатыя браты. Інакш яны ніколі не створаць сваю ўласную сям'ю і назаўсёды застануцца ў бацькоўскай хаце.

Свякроўка, калі маладыя ўваходзілі ў хату, зачыняла дзверы спінай, тым самым быццам бы зачыняла нявестку ў сваёй хаце назаўсёды.

Дзверы выступалі і ахоўным сімвалам хаты, і ўсіх тых, хто за імі жыве. На дзвярах малявалі ці выпальвалі крыжы на Хрышчэнне, на Вялікдзень, у дзверы ўтыкалі рэчы-абярэгі (іголку, нож, відэлец і г.д.), над імі замацоўвалі падкову, упрыгожвалі траецкімі і купальскімі травамі, вянкамі.

Прыкмячалі, калі на Тарасія Бяссоннага (10 сакавіка) дзверы сарвуцца з петляў, чакай бяды ў хаце. Таму ў гэты дзень дзверы абавязкова аглядалі, пры неабходнасці правілі, мазалі петлі.

Пасля святаў, у выпадку нейкай пошасці, а таксама ў пэўныя дні года, неабходна было абпырскаць дзверы святой вадой, каб "змыць" чараўніцтва і ўсе беды. Часам гэты абрад выконвалі знахаркі: яны дадавалі ў хрышчэнскую ваду чацвярговую соль, попел з сямі пячэй і мылі верхнюю балку дзвярэй. Лічылася, што ў такім выпадку дом будзе захаваны на цэлы год.

Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 1423


Комментарии