https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дамавік


Хатнік, дамавік — гаспадар, добры дух і заступнік хаты, і ў той жа час крыўдзіцель гультаяватых дамачадцаў і неразумных хатніх жывёл. Адсутнасць дамавіка ў хаце, на думку нашых продкаў, прыводзіла гаспадарку да галечы і разрухі і нават да смерці. Казалі: "Без дамавіка хата трымацца не будзе". Лічылася, што дамавіка нельга ўбачыць. Але ў казках і паданнях дамавік паўставаў у выяве старога дзеда з доўгай сівой барадой, у кажусе, з добрымі разумнымі вачыма.

Дамавік ва ўсім дапамагае сваім дамачадцам: уначы ахоўвае гаспадарку ад зладзеяў, падтрымлівае агонь у печы, даглядае хатніх жывёл, сушыць збожжа і да т. п. У народзе пра дамавіка казалі так: "Каго палюбіць — таму служыць, быццам у кабалу да яго пайшоў. А ўжо каго не палюбіць, таго выжыве і са свету звядзе".

Калі раззлаваць дамавіка дрэннымі ўчынкамі, незахаваннем вызначаных рытуальных забарон і абмежаванняў, ён пачынае злавацца і шкодзіць насельнікам хаты: б'е посуд, хавае рэчы, не дае спаць (напрыклад, скіне ката сярод ночы з печы, пераверне коўдру). Сярод прычын, за якія дамавік мог пакараць дамачадцаў, былі і такія: калі хтосьці лаяўся ў хаце, хляве ці ў двары; калі гаспадыня клалася спаць без ніжняй бялізны; калі ў хаце было нехрышчонае дзіця; калі жанчына выходзіла з хаты з распушчанымі валасамі ці клалася спаць без вячэры; калі працавалі ўначы; калі ў хату прыносілі дровы і моцна кідалі на падлогу.

Лічылася, што дамавік звязаны з родам сям'і, з яе далёкімі продкамі. У пакаранне за свае грахі ён прызначаны служыць людзям і прадказваць надыходзячую бяду. У некаторых паданнях дамавік — гэта анёл, якога ў пакаранне Бог скінуў з Нябёсаў. У народзе дамавіка лічылі лепшым за астатніх "нячысцікаў" і таму прыгаворвалі: "Дамавік ад чорта адстаў, а да людзей не прыстаў".

Нашы продкі меркавалі, што кожнай хаце Бог пасылае свайго дамавіка. У той жа час пры пераездзе ў новую хату гаспадар абавязкова клікаў з сабой дамавіка, з якім яны жылі ў згодзе ў "старой" хаце.

У кожнай хаце ў дамавіка было сваё "месца пражывання". Напрыклад, на печы, за трубой, на гарышчы, ля парога, у падмосці. Лічылася, калі заняць "любімае" месца дамавіка — легчы самому, пакласці якія-небудзь прадметы, напрыклад, мяшкі са збожжам і да т.п., то можна захварэць і памерці.

Як і ўсе дэманічныя істоты, дамавік з'яўляецца ўначы. Асаблівую актыўнасць ён праяўляе ў дні шанавання продкаў, а таксама на Каляды і Купалле.

Калі куплялі карову або парасят, абавязкова звярталіся да дамавіка і прасілі яго прыглядаць за новым "таварам".

На працягу года трэба было не адзін раз залагодзіць свайго хатняга "гаспадара" — на ноч паставіць на стол гасцінцы: чарку гарэлкі, кубак малака, спецыяльна дзеля гэтага звараную салодкую кашу, акраец хлеба.

Лічылася, калі дамавік прыме гаспадарскі пачастунак, то раніцай можна заўважыць "сляды" яго частавання і адчуць, як змянялася атмасфера ў хаце.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда




 

Кoличество переходов на страницу: 2410


Комментарии