Двор — тэрыторыя (знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад хаты), на якой размяшчаюцца гаспадарчыя пабудовы: свіран, хлеў, куратнік, лазня, студня і інш..
Па народных уяўленнях — гэта частка жылой, засвоенай прасторы.
Разам з тым, двор суседнічаў і з чужой тэрыторыяй. Каб абараніць сябе і сваю гаспадарку, двор агароджвалі, паказваючы мяжу паміж сваім і чужым светам. Двор з усімі яго пабудовамі станавіўся тым невялікім "царствам", у якім гаспадарыла, або кіравала, сям'я, усталёўваючы свае парадкі. Выраз "не да двара прыйшлася", відаць, паказвае на тую ятроўку, якая не пажадала прыняць гэтыя правілы.
* Двор неабходна было перыядычна аглядаць. Калі ўвагу гаспадара прыцягвалі незвычайныя прадметы ці прадметы, якія да гэтага часу ніколі тут не знаходзіліся, гэта расцэньвалі як шкоднасныя дзеянні нядобразычліўцаў.
* Разам з гэтым, ва ўсходніх славян існаваў шэраг магічных дзеянняў, якімі імкнуліся засцерагчы сябе і сваю гаспадарку ад праяў нячыстай сілы. У дні каляндарных свят, напрыклад, на Вадохрышча, двор і ўсе пабудовы крапілі святой вадой, на дзвярах малявалі крэйдай ці выпальвалі грамнічнай свечкай крыжы.
* На Спаса двор па ўсім перыметры абсыпалі асвячоным макам.
* Вынас чаго-небудзь з двара таксама заўсёды знаходзіўся пад пільнай увагай. Лічылася, што з вынесеным прадметам з гаспадаркі сыдзе дабрабыт.
* У той жа час пры лячэнні шматлікіх хвароб народныя лекары ставілі сваякам хворага ўмову: сабраць па трэсачцы або саломінцы з 3, 7, 9 ці 12 двароў.
* Калі хату абараняў, засцерагаў дамавік, то двор ахоўваў дваравы. На яго літасць спадзяваліся дамачадцы, купляючы новую хатнюю жывёлу. Для гэтага гаспадары выносілі ў двор хлеб, соль, малако і прасілі дваровага, напрыклад, прыняць новую карову і паклапаціцца пра яе.
* На тэрыторыі двара гаспадар выбіраў такое месца, куды не павінна была "ступіць нага чалавека". Гэта было небяспечнае месца. Менавіта сюды вылівалі ваду пасля абмывання памерлага чалавека, выносілі смецце і т. п. Гэта месца магло стаць месцам пахавання "задушных нябожчыкаў": вісельнікаў, тапельцаў, нехрышчоных дзяцей.
* Неабходна было прытрымлівацца шэрагу забарон: пасля заходу сонца не выносіць у двор смецце, не выліваць брудную ваду, не браць ваду з калодзежа.
* У той жа час пасля заходу сонца і да ранку ў дні памінання продкаў, на Дабравешчанне і Вялікдзень у двары палілі вогнішчы. Гэты звычай меў назву "грэць нябожчыкаў".
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1332
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |