https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каліна чырвоная


Чырвоная каліна ў народных паданнях славян была сімвалам жаночага лёсу: дзявоцкасць і даросласць, таемныя спатканні, каханне і растанне, радасць вяселля і гора здрады. Каліна квітнее белымі прыгожымі кветкамі, вылучае навокал ціхі свет чысціні і радасці. Але прыходзіць Калінакаханне, а з ёю і вяселле: радасць з горам напалову. Хутка сыходзіць калінаў цвет, хутка знікаюць пачуцці. А кволыя галінкі каліны, як і жаночы лёс (заўсёды быць пакорлівай), ломяцца пад дажджом і ветрам.

Каліна заўсёды карысталася асаблівай пашанай, хоць у некаторых мясцовасцях гэтая кустовая расліна і сёння лічыцца дрэвам, якое прыносіць і гора.

Па старажытных павер'ях, чырвоны колер валодаў вялікай сілай, таму паўсюдна лічылася, што ягады каліны ахоўваюць ад нячыстай сілы і сурокаў.

Яркі чырвоны колер ягад каліны традыцыйна асацыяваўся з крывёй. У шматлікіх народных песнях чалавек, які загінуў на чужыне, просіць, каб птушкі аднеслі вестку на бацькаўшчыну.

Немагчыма выключыць прысутнасць каліны ў абрадах сямейнай накіраванасці. Напрыклад, у вясельным абрадзе каліна павінна была забяспечыць маладым шчаслівае сямейнае жыццё. Часам у вясельных песнях сваты, калі сустракалі гасцей на вяселле, "рабілі мост з каліны". У адной з песень дзяўчына просіць "пракласці да яе калінавы масток", г.зн. даслаць да яе сватоў.

Сяброўкі нявесты запляталі ягады каліны ў вясельны вянок нявесты, у косы замест чырвоных стужак. Па народных уяўленнях, каб маладыя кахалі адно аднаго ўсё жыццё, каліна павінна быць абавязкова ў вясельным вяночку маладой.

Галінкі каліны з яркімі чырвонымі ягадамі вешалі па сценах хаты, дзе спраўлялі вяселле. На поўдні Беларусі галінку каліны вешалі на хаце як знак, што ў гэтай хаце дзяўчыну выдаюць замуж.

Ягадамі каліны ўпрыгожвалі вясельны каравай.

Калінай называлі "прыгажосць" невесты (яе цнатлівасць). Нездарма ў вясельных песнях пяецца пра тое, што "хадзіць за калінай, браць, ламаць, секчы яе" значыць выдаваць дзяўчыну замуж.

У некаторых рэгіёнах на другі дзень вяселля бацькам нявесты, якая захавала цнатлівасць, бацькі жаніха пасылалі бутэльку з віном, да якой прывязвалі ягады каліны і хлебныя каласы.

Галінку каліны з ягадамі вешалі ў галавах парадзіхі, каб яна і дзіця былі здаровымі, каб нячыстая сіла не перашкодзіла лёгкім родам. Адразу ж пасля родаў бабка-павітуха мыла твар і рукі парадзіхі, жадала быць "чырвонай, як каліна".

Калі ў сям'і нараджалася дзяўчынка, бацька павінен быў выйсці на двор і рассеяць насенне каліны.

Пры першым рытуальным купанні ў купель дзяўчынцы абавязкова клалі ягады і лісце каліны, каб яна была прыгожай, шчаслівай і здаровай.

Падчас хрэсьбін кумам і гасцям дарылі галінкі каліны, раздавалі калачы-шышкі з утыкнутымі ў іх кветкамі і ягадамі каліны. Звычайна бацька прасіў хросных "перанесці дзіця па калінавым мосце з таго ў гэты свет".

Паўсюдна гаршчок з бабінай кашай — сімвал будучага жыцця народжанага дзіцяці — упрыгожвалі-ахоўвалі яркія ягады каліны.

Доўгі час існаваў звычай, калі бабка-павітуха ў нядзелю перад Бабіным днём (8 студзеня) абыходзіла хаты, у якіх прымала нованароджаных, мазала ілбы жанчынам і дзецям ягадамі каліны, запрашала да сябе ў госці і благаслаўляла: "Будзь чырвоным, як каліна".

У дзень святой Акуліны, якая ўшаноўваецца па народным календары 20 красавіка, бясплодныя жанчыны пілі адвар з ягад каліны, якія трэба было ўзяць з вянка нявесты.

У пахавальнай абраднасці каліна прысутнічае як праваднік у іншы свет. Устойлівае спалучэнне "калінаў мост" — адзін з шырока распаўсюджаных вобразаў у славянскім фальклоры — пераход праз багну, мяжу на месца сустрэчы чалавека з той, пабочнай, магічнай сілай. Каліна расце ў нізкіх месцах, а значыць, побач з "падземным царствам". У шматлікіх славянскіх баладах у каліну ператвараецца нявестка, якую пракляла свякроў; дзяўчынка, якую сілай выдалі замуж, і г.д.

Куст каліны саджалі на магіле ў галавах ці нагах памерлага, звычайна адзінокага мужчыны, каб назаўсёды аб'яднаць яго з той нарачонай, якая засталася сумаваць па сваім каханым.

Каліна шырока выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне. Гэтая расліна ўзгадваецца ў траўніках XVІ стагоддзя. Народныя знахары выкарыстоўвалі ягады, лісце, кару і карэнне каліны як агульнаўмацавальны сродак, пры лячэнні кашлю, сардэчных захворванняў, як прафілактычны сродак ад ракавых захворванняў, ад зубнога болю.

Лічылі, што калі ўвесь час насіць пры сабе ягады каліны, гэта захавае цяжарную жанчыну ад выкідыша.

Адвар з маладой каліны — народны сродак для хуткага памяншэння выпрацоўкі груднога малака для прафілактыкі "малочнай гарачкі", а таксама як сродак пры сэксуальных праблемах і жаночых захворваннях.

І сёння каліна выкарыстоўваецца ў медыцыне як кроваспыняльны сродак, пры прастудзе, ад вугроў на твары. Тым, хто пакутуе ад гіпертаніі (павышаны ціск), неабходна есці свежую (замарожаную) каліну: па тры ягады тры разы на дзень.

Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 2210


Комментарии