Стрэлкі — травяністая расліна сямейства крыжакветных з маленькімі белымі кветачкамі і стручкамі ў форме сумачкі. Апошнія нагадваюць маленькую кайстру пастуха — адсюль і іншая назва стрэлак — сумачнік, пастухова сумка. У народзе стрэлкі таксама называюць сялянскай гарчыцай, альбо лыжачкай, сардэчнай травой. Аднак, незалежна ад назвы, гаючыя ўласцівасці гэтай расліны з'яўляюцца нязменнымі. І ўсё дзякуючы карысным кампанентам, якія яна ў сябе ўвабрала.
Траўка гэта — звычайнае пустазелле, якое атабарылася ў палях, агародах, на насыпах, уздоўж канавак. Але не варта спяшацца знішчаць яе на сваіх агародах і дачных участках. Стрэлкі — вельмі каштоўная лекавая і харчовая расліна, якая здаўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне многіх краін.
Па сваім багатым хімічным складзе гэта несамавітая на выгляд трава можа паспрачацца з многімі зялёнымі субратамі. У стрэлках выяўлены вітаміны А, В 2, С і К, арганічныя кіслоты (яблычная, шчаўевая, лімонная, вінная), сапаніны, алкалоіды, дубільныя рэчывы, смолы, флаваноіды. Таксама ў расліне ўтрымліваецца дастатковая колькасць калію, кальцыю, жалеза, фосфару, медзі, селену, цынку.
Няцяжка здагадацца, пры якіх захворваннях стрэлкі дапамагаюць, а пры якіх — шкодныя. Кроваспыняльнае дзеянне стрэлак абумоўлена наяўнасцю ў іх складзе вітаміну К (паскарае згусанне крыві), таму яны актыўна выкарыстоўваюцца пры матачных, лёгачных, кішэчных і нырачных крывацёках.
Увага! Пры тромбафлебіце і схільнасці да тромбаўтварэння стрэлкі супрацьпаказаны.
А здольнасць гэтай расліны ўзмацняць скарачальную функцыю гладкай мускулатуры маткі і перыстальтыку кішэчніка робіць яе незаменнай пры лячэнні запаленчых захворванняў страўніка, дванаццаціперснай кішкі, атаніі кішэчніка, але зусім непрымальная пры цяжарнасці.
У народнай медыцыне стрэлкі выкарыстоўваюць таксама як сродак для зніжэння артэрыяльнага ціску, пры гастрытах, язвавай хваробе страўніка, гемароі, запаленні мачавога пузыра і як супрацьдыярэйны сродак.
Дарэчы, стрэлкі знайшлі прымяненне не толькі ў народнай медыцыне. Маладое свежае лісце гэтай расліны выкарыстоўваюць для прыгатавання супоў, баршчоў, вітамінных салатаў, вінегрэтаў, для засолу агуркоў, памідораў, патысонаў. А здробненае насенне стрэлак цалкам можа замяніць перац і гарчыцу.
Карысныя рэцэпты
*Настой. 10 г травы заліць шклянкай кіпеню, настойваць 30 хвілін, працадзіць праз 2—3 слаі марлі. Прымаць як кроваспыняльны сродак па 1 ст. лыжцы 3—4 разы на дзень за 20 хвілін да яды. Курс лячэння — 2—3 тыдні.
У выпадку гіпертанічнай хваробы і атаніі кішэчніка добра дзейнічае настой, прыгатаваны з 3 ст. лыжак сухой або свежай травы і шклянкі кіпеню. Выпіць настой на працягу дня за тры разы.
Пры працяглых балючых менструацыях, у клімактэрычны перыяд 1 ст. лыжку сухой травы настойваюць 2 гадзіны ў 200 мл кіпеню, працэджваюць. Прымаць па 1 ст. лыжцы 4 разы на дзень.
*Адвар. 10 г сыравіны кіпяцяць у 300 мл вады 30 хвілін на слабым агні, затым працэджваюць. Прымаюць па 1 ст. лыжцы або па 1/2 шклянкі 3 разы на дзень.
*Напар. 2 ст. лыжкі сухой травы стрэлак заліць 250 мл кіпеню, настойваць у закрытай пасудзіне 2 гадзіны, працадзіць. Прымаць па 1 ст. лыжцы 4 разы на дзень або праз кожныя 2—3 гадзіны пры хваробах печані, нырак і мачавога пузыра, пры жоўцекамянёвай хваробе. Напар таксама можна выкарыстоўваць вонкава для прымочак і абмыванняў ран і выцятых месцаў.
*Сок гатуецца са свежай травы шляхам адціскання са сцёблаў і лісця маладой расліны.
Яго разбаўляюць у суадносінах 1:1 з вадой і прымаюць па 1 ст. лыжцы 3 разы на дзень да яды. Прымяняецца пры крывацёках, гемароі, ліхаманцы, дыярэі. Разведзены сок свежай расліны ўжываюць пры захворваннях печані, хваробах нырак і мачавога пузыра, пры парушэнні абмену рэчываў.
Сок закапваюць у абедзве ноздры пры насавым крывацёку.
Неразведзены сок паказаны ў выглядзе прымочак пры невялікіх ранах.
Падрыхтавала Вольга Кулінковіч
Звязда
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |