https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Кола замест вады, сухая сумесь замест малака. Як карпарацыі бяруць нас у «заложнікі»


Усе мы маем шкодныя звычкі і не задумваемся, адкуль яны з’явіліся і кім навязаныя. Сярод іх — цяга да салодкага. Між тым, ніхто сёння не можа дакладна палічыць, колькі цукру мы ўжываем, бо ён не толькі ў цукерках і шакаладзе, а нават у каўбасах, сасісках і іншых паўфабрыкатах. А за распаўсюджваннем салодкага стаяць магутныя карпарацыі, якія і прымушаюць нас стаць цукровымі наркаманамі.

Як вытворцы салодкіх напояў і дзіцячых сухіх сумесяў захапілі свет, расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.

— Варта сказаць, што вялікі бізнес заўсёды ўплывае на палітыку. А палітыка ўплывае на лад жыцця людзей. І дзеля таго каб адзінкавыя людзі мелі вялікі даход і не страцілі свой уплыў, насельніцтва, пачынаючы ад дзяцей да сталага пакалення, і нават цэлыя суверэнныя краіны пакутуюць. Часам дзеянні гіганцкіх карпарацый і палітыкаў чымсьці падобныя на дзеянні вар’ятаў, да якіх медыцына і навука не можа дабрацца.

— Сёння, у стагоддзе інтэрнэту, гэта складана ўявіць…

— Такіх прыкладаў можна знайсці шмат нават у XXІ стагоддзі, у прыватнасці, гэта праблема цукру і кампаній, якія робяць на ім даход. Ні для каго не сакрэт, што найбуйнейшыя кампаніі, якія робяць бізнес на цукры, гэта «Кока-Кола» і «Нестле». Усе мы ведаем іх знакамітыя напоі і шакалад. Цукар з дапамогай гэтых кампаній змяніў наша жыццё, здароўе дзяцей, і, як ні дзіўна, нават паўплываў на рэлігійныя традыцыі некаторых нацый.

У цукры няма ніводнай карыснай для здароўя ўласцівасці. Нашымі продкамі ён выкарыстоўваўся рэдка і не ўваходзіў у іх рацыён харчавання. Багатыя людзі не елі цукар, а выраблялі з яго скульптуры, якімі ўпрыгожвалі стол. Рэзка павялічылася ўжыванне цукру пасля Другой сусветнай вайны. І даследчыкі заўважылі, што вырасла смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, яе можна было параўноўваць са смяротнасцю ад інфекцыйных хвароб, а тады яны была высокай, бо яшчэ не існавала эфектыўных антыбіётыкаў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вінаваты ў гэтым цукар.

Вытворцаў цукру гэта, безумоўна, напружвала. Яны наўпрост пачалі падкупляць навукоўцаў, каб тыя не проста не пісалі пра шкоду цукру, а заяўлялі, што ён мінімальна ўплывае на наша здароўе. 

А ў залішняй колькасці смерцяў ад сардэчна-сасудзістых хвароб абвінавацілі тлушчы жывёльнага паходжання. І тое таксама было невыпадкова, бо калі вытворцы пачалі змяншаць колькасць жывёльных тлушчаў у прадуктах, яны сталі не такімі смачнымі. Каб іх палепшыць, пачалі дадаваць цукар.

Насамрэч, сёння складана вызначыць, колькі цукру мы ўжываем на працягу дня, і цалкам адмовіцца ад яго немагчыма, бо ён паўсюль — у каўбасе, сасісках, фастфудзе, соусах, паколькі паляпшае смакавыя якасці. У 1960-я гады вядомыя навукоўцы са знакамітых лабараторый і ўніверсітэтаў заяўлялі, што цукар мінімальна ўплывае на здароўе чалавека. Ім удавалася 60 гадоў падманваць не толькі людзей, а нават асобныя дзяржавы, пакуль іх перапіскі з кампаніяй «Кока-Кола» не былі абнародаваны ў 1965 годзе ў газеце «Нью-Ёрк Таймс». Высветлілася, што ў той час кожны з іх атрымаў каля 50 тысяч долараў за тое, што друкавалі выгадную для цукровых кампаній інфармацыю. На цяперашнія грошы гэта каля паўмільёна долараў.

У той час навукоўцы сцвярджалі, што няважна, што вы ясцё, важна, як вы рухаецеся і колькі калорый спальваеце. А якая ежа трапляе ў страўнік — кавалачак мяса ці кілаграм цукру — гэта не мае значэння. З табліц ужывання вугляводаў, бялкоў, тлушчаў нават выключылі нормы цукру. Высновы гэтых вучоных даходзілі да смешнага: дзеці, якія ядуць шакалад, худзейшыя, чым тыя, хто яго не есць.

— Зноў жа, сёння такія маніпуляцыі куды больш складана рэалізаваць, калі мы маем шмат крыніц інфармацыі…

— Кажучы пра ўплыў «Кока-Колы» на палітыку розных краін, нельга не сказаць пра Мексіку. Мексіканскі горад Сан-Крыстабаль-дэ-лас-Касас вядомы сусветным рэкордам ужывання гэтага напою. Штодзень жыхары выпіваюць тут у сярэднім па два літры колы. З-за гэтага назіраецца вялікая колькасць смерцяў за кошт цукровага дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў.

У гэтым горадзе водаправодная вада насычана хлорам і піць яе літаральна немагчыма. Нягледзячы на вялікую колькасць насельніцтва, у горадзе прымітыўная каналізацыя, змесціва якой выліваецца ў раку, таму адтуль таксама немагчыма ўжываць ваду. У людзей застаецца тры варыянты: піць кока-колу, алкаголь ці набываць дарагую пітную ваду. Канешне, яны выбіраюць колу, бо літр гэтага напою танней, чым літр вады.

У гэтым жа горадзе знаходзіцца самы вялікі завод «Кока-Колы», які штодзень выпампоўвае з зямлі адзін мільён галонаў вады (1 галон = каля 4,5 літра). Калі ж чалавек захоча прабурыць калодзеж, мэрыя такога дазволу па прычыне засухі не дасць.

Трэба сказаць, што ў гэтым месцы жывуць карэнныя жыхары Амерыкі, індзейцы, і іх продкі не мелі ў рацыёне цукру і нават мёду. Яны нашмат больш адчувальныя да цукру і больш пакутуюць з-за ўжывання салодкіх напояў. Такім чынам, белыя людзі прынеслі мясцовым жыхарам не толькі венерычныя захворванні і вятранку, ад якой вялікая колькасць індзейцаў загінула.

Рэкламная кампанія «Кока-Колы» стартавала з 1968 года, калі Мексіка прымала Алімпіяду. Пасля было яшчэ шмат кампаній, адаптаваных для карэнных жыхароў Мексікі. І цяпер яны лічаць колу сябрам, лекарам, памочнікам у жыцці і напоем на ўсе выпадкі. Кока-колу пачалі выкарыстоўваць нават у рэлігійных і традыцыйных абрадах, ёй частуюць гасцей, і адмовіцца нельга, бо гэта знявага.

Зразумела, што ўсё гэта было б немагчыма без вялікай карупцыі, прычым на самым высокім узроўні. Вісентэ Фокс, які быў прэзідэнтам Мексікі з 2000 да 2006 года, з 1975 да 1979-га быў дырэктарам сеткі кампаніі «Кока-Кола» ў Лацінскай Амерыцы. Ён і сам не адмаўляў, што менавіта яна прапанавала яму пайсці ў палітыку.

Вядома, праблему мог бы вырашыць парламент Мексікі, дадаўшы падатак, каб кола стала даражэйшай і людзі яе менш пілі, бо калі называць сваімі імёнамі, — гэта генацыд індзейцаў. Але такі падатак ніколі не зможа набраць дастатковую колькасць галасоў у парламенце і відавочна, чаму большасць дэпутатаў галасуе за «Кока-Колу». Пры гэтым нават калі кола стане даражэйшай і людзі будуць набываць больш вады, для кампаніі гэта ніякай ролі не адыграе, бо самы вялікі завод па продажы вады ў Мексіцы таксама належыць «Кока-Коле». Таму Мексіку, дзе гіганцкая кампанія ўкаранілася ў сістэму ўпраўлення дзяржавай, называюць «краінай Кока-Кола». Гэта адна з самых вялікіх пагроз, калі вялікія карпарацыі дыктуюць уладзе, якую палітыку праводзіць, і гэта палітыка накіравана супраць нацыі, каб адзінкавыя людзі маглі тут зарабляць.

Дарэчы, Мексіка займае другое месца па вытворчасці Кока-колы пасля ЗША, на трэцім месцы — Нігерыя, якая забяспечвае гэтым напоем усю Афрыку. І ёсць дзве краіны, дзе колы няма: Куба і Паўночная Карэя.

— Тут можна запярэчыць, што людзі свядома становяцца ахвярамі рэкламнай кампаніі і набываюць колу замест вады.

— Тады прывяду іншы прыклад. Яшчэ адна падобная кампанія — шведская «Нестле», якую мы ведаем па кандытарскіх вырабах і дзіцячым харчаванні. «Нестле» была першай, хто вырабіў сухую малочную сумесь для дзіцячага харчавання. Спачатку яна прызначалася для мам, якія не мелі малака і не маглі карміць грудзямі. 

Трэба сказаць, што аналага матулінага малака не існуе. Разам з ім дзіця атрымлівае не толькі ўсе пажыўныя рэчывы, але і імунітэт. Звычайна дзеці, якія не атрымалі мацярынскае малако, па жыцці маюць праблемы з імунітэтам.

Продажы малочных сумесяў у «Нестле» ішлі дрэнна, і кампанія вырашыла памяняць палітыку. Рэкламавалася, што дзіцячая сумесь «Нестле» нашмат лепш, чым мацярынскае малако. Пасля гэтага продажы выраслі амаль у сто разоў. Цынізм гэтай рэкламнай кампаніі нават не ў тым, што па ўласцівасцях сумесь і блізка не стаяла з матчыным малаком. У ёй утрымліваецца вялікая колькасць цукру, і мы падсаджваем дзіця на гэтае рэчыва, якое Сусветная арганізацыя аховы здароўя сёння адносіць да псіхатропаў. Злоўжыванне цукрам не толькі пагаршае здароўе ў дарослых, але і ўплывае на здароўе дзяцей.

Здавалася б, на гэтым этапе «Нестле», павялічыўшы продажы, павінна было супакоіцца, але яго апетыты не змяншаліся. У наступны раз кампанія заявіла, што мацярынскае малако шкоднае і трэба замяніць яго сумесямі. Гэта рэклама «Нестле» дагэтуль лічыцца адным з самых вялікіх падманаў XX стагоддзя.

Самыя вялікія продажы дзіцячых сумесяў «Нестле» былі ў Афрыцы. Аднак там вялікія праблемы з чыстай пітной вадой. 

«Нестле» замоўчвала той факт, што сумесь трэба разбаўляць чыстай вадой, — бо пачалі б падаць продажы. Трэба сказаць, што для гэтых мэт можна кіпяціць ваду. Але паколькі ў многіх афрыканскіх краінах нізкі ўзровень жыцця, недахоп газы, людзі не маглі кіпяціць ваду. Таму тысячы дзяцей загінулі, бо маці разбаўлялі сумесь звычайнай некіпячонай вадой.

Калі ў 1980-х гадах прадстаўнікоў «Нестле» запрасілі ў Сенат ЗША, адзінае пытанне, якое ім адрасавалі, — ці можна прадаваць сумесь там, дзе няма чыстай вады. Кампанія «Нестле» адказала, што за гэта павінен адказваць распаўсюджвальнік у Афрыцы і ўсё напісана ў інструкцыі. Але інструкцыі на англійскай і французскай мове для непісьменнага насельніцтва афрыканскіх краін — проста малюнкі. Аднак гэта справа стала гучнай, і ў 1981 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя забараніла любую рэкламу дзіцячай сумесі, дзе сцвярджаецца, што яна лепш за мацярынскае малако.

Але гэта не спыніла кампанію «Нестле». У тых краінах, дзе водаправодная вады мела прыдатную якасць, напрыклад у Пакістане, яе разлівалі і прадавалі ў бутэльках. Калі цыстэрна вады з водаправода ў Пакістане каштавала 10 долараў, то ў бутэльках — 50 тысяч долараў. Літаральна з нічога рабіліся грошы. Калі ў дырэктара кампаніі «Нестле» Пітэра Брабека ў 2012 годзе спыталі пра гэта, ён адказаў, што ў міжнародныя правы чалавека не ўваходзіць доступ да чыстай вады.

Нягледзячы на тое што СААЗ забараніла рэкламу дзіцячай сумесі, «Нестле» праз дактароў і бальніцы працягвала рэкламаваць сваю прадукцыю. Яе рэкамендавалі ўрачы, ці проста забяспечвалі ўсю дзіцячую бальніцу такой сумессю. 

Вядома, гэта немагчыма зрабіць без узгаднення на ўсіх узроўнях.

Палітыка зніжэння ўзроўню ведаў урачоў у краінах другога і трэцяга свету і змяншэнне іх заработнай платы ўваходзілі і ўваходзяць у планы гэтых карпарацый. Бо маладасведчаным урачом і ўрачом, які зарабляе няшмат, заўсёды лягчэй кіраваць і кантраляваць, чым высокакваліфікаваным доктарам з добрай зарплатай.

— Які ж спосаб супрацьстаяць захадам такіх карпарацый?

— Нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца, колькасць ужывання цукру расце ў свеце на два працэнты ў год. У цяперашні час ніхто не можа растлумачыць, якая карысць ад пакарання дрэнных людзей на тым свеце, таму наша задача — клапаціцца пра нашых дзяцей і наступныя пакаленні, каб яны не трапілі ў пастку карыслівых вар’ятаў. Адзінае, што мы можам пакінуць пасля сябе і тое, чаго баяцца дзялкі ў гэтых карпарацыях, — адукаваная нацыя. Не столькі патрыятызм аб’ядноўвае людзей, колькі веды. З дапамогай добрай адукацыі мы можам захаваць наступнае пакаленне і нашу краіну. У невялікай Беларусі з дзевяцімільённым насельніцтвам гэта нескладана зрабіць.

аўтар: Алена Кравец
Звязда, 9 лютага 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 32