У свеце з'явіўся новы трэнд у галіне здаровага харчавання — вырошчванне і ўжыванне ў ежу мікразяленіва. Галоўная яго добрая якасць — яно даступнае ў любую пару года.
Што гэта?
Гэта маладыя парасткі агароднінных або караняплодных, радзей травяністых культур. Вышыня іх не большая за 5-15 см, яны маюць мініяцюрныя сцяблінкі з семядолямі, а часам і пару першых сапраўдных лісцікаў. Ураджай збіраецца ў залежнасці ад сорту і віду расліны, але не пазней, чым праз 12 дзён пасля сяўбы.
У якасці мікразяленіва вырошчваюць як традыцыйнае зяленіва — салату, цыбулю, кроп, пятрушку, кінзу і іншыя вострыя травы, так і расліны, якія ў якасці зяленіва выкарыстоўваюцца рэдка — радыску, дайкон, буракі, або не выкарыстоўваюцца ў гэтай якасці наогул — амарант, сланечнік, нут, капусту, зялёную грэчку і іншыя.
У чым карысць?
— У склад дадзенага суперфуду ўваходзяць вітаміны груп А, В, С, Е, К, РР, мікра- і макраэлементы — магній, калій, кальцый, ёд, жалеза, фосфар, эфірныя алеі, раслінныя бялкі, флаваноіды, караціноіды, антыаксіданты, вялікая колькасць хларафілу, — пералічвае ўрач-інтэрн аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Гурыновіч.
Дакладны склад мікразяленіва залежыць ад яго віду. Напрыклад, людзі з праблемамі стрававання могуць атрымліваць клятчатку з мікразяленіва, а не з сырой гародніны, больш складанай у ператраўліванні. Крэс-салата спрыяе паляпшэнню зроку, брокалі выводзіць таксіны з арганізма, зяленіва грэчкі мае павышаную канцэнтрацыю руціну, які забяспечвае здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы, а маладое лісце радыскі павышае пругкасць скуры.
Такое зяленіва не апрацоўваюць тэрмічна: лічыцца, што пры награванні яно страчвае частку карысных уласцівасцяў. Часцей за ўсё яго ядуць сырым: дадаюць у салаты, супы, смузі, выкарыстоўваюць у якасці асноўнага гарніру да мяса і рыбы, ім дапаўняюць бутэрброды і закускі.
Асноўнае адрозненне мікразяленіва ад звычайнага — павышаная канцэнтрацыя вітамінаў і іншых нутрыентаў. Менавіта на ранняй стадыі развіцця маладыя парасткі ўтрымліваюць больш каштоўных пажыўных рэчываў, закладзеных у фазе фарміравання насення.
Як вырасціць?
Вырошчванне мікразяленіва — цікавы і займальны занятак, які не патрабуе шмат часу і істотных затрат. Усё, што для трэба, — пачак спецыяльнага насення і пажыўны субстрат. У якасці субстрату можна выкарыстоўваць спецыяльныя дыванкі, намочаную вату, вільготныя папяровыя ручнікі, пілавінне або гідрагель. Грунт рэдка выкарыстоўваецца для вырошчвання такіх парасткаў, бо ён забруджвае іх і павялічвае рызыку размнажэння бактэрый.
Самы просты спосаб — прарошчванне на марлі: складзіце марлю ў некалькі пластоў, пакладзіце на дно талеркі і добра намачыце. Насенне змясціце ў шклянку з вадой і пакіньце на 3-5 хвілін. Затым размяркуйце вільготныя семечкі па марлі, накрыйце шкляным вечкам або поліэтыленавай плёнкай і змясціце на падаконніку. Увільгатняйце насенне раніцай і ўвечары пры дапамозе пульверызатара. Калі з'явяцца першыя парасткі, зніміце вечка ці плёнку і праз 10 дзён (у залежнасці ад віду мікразяленіва) зразайце сцяблінкі і атрымлівайце карысныя для вашага арганізма вітаміны і рэчывы!
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 18 сакавіка 2022
Звязда, 18 сакавіка 2022
Кoличество переходов на страницу: 223
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |