https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Што не сумяшчаецца са спіртнымі напоямі?


Медыцынскі анекдот: пасля прыёму ва ўрача немец кажа «данке шон», француз — «мерсі», англічанін — «сэнкс», рускі — «Доктар, а калі можна выпіць?». Нягледзячы на долю гумару, наш суразмоўнік, нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гурбаніджад кажа, што насамрэч гэта адно з самых распаўсюджаных пытанняў, якое хвалюе пацыентаў пасля выздараўлення. Мы вырашылі разабрацца, ці можна пасля працяглай шпіталізацыі і выпіскі, нарэшце, расслабіцца дома з бакалам віна? (Адразу папярэджваем — ні ў якім разе!) Як спалучаецца алкаголь з прэпаратамі ад ціску ці цукровага дыябету, якія трэба прымаць пажыццёва? Якія медыкаменты ні пры якіх абставінах камбінаваць са спіртным нельга? Ці ёсць ад алкаголю карысць і якая яго бяспечная доза?
_____________________________________________

— Доктар Гумен, чым небяспечны для нас алкаголь?

— Спірт для нашага арганізма з'яўляецца канцэрагенам. Праходзячы па ўсім страўнікава-кішачным тракце, пачынаючы з поласці рота і заканчваючы кішэчнікам, ён павялічвае імавернасць узнікнення раку на ўсім сваім шляху. У людзей, якія пастаянна ўжываюць алкаголь у вялікіх дозах, верагоднасць узнікнення раку ў поласці рота, стрававода, страўніка, кішэчніка аж да прамой кішкі павышана. Акрамя таго, у жанчын, якія рэгулярна злоўжываюць спіртным, павялічваецца імавернасць развіцця раку малочных залоз, што даказана навуковымі даследаваннямі. А калі пры гэтым ёсць генетычная схільнасць, то яна павялічваецца нашмат.

Наш арганізм імкнецца нейтралізаваць алкаголь, як і любое іншае шкоднае рэчыва. У гэтым першы ўдар бярэ на сябе печань. Яе задача — расшчапіць яго і ператварыць у менш шкодныя рэчывы. Такім чынам, печань ахвяруе сабой, выратоўваючы ўвесь арганізм. Таму цыроз печані ў тых, хто доўга злоўжывае алкаголем, — звыклая з'ява. Спачатку печань павялічваецца ў памеры, а пасля мяняе сваю структуру, што мы і называем цырозам.

І чым больш чалавек ужывае алкаголю, тым больш печань прыстасоўваецца яго перапрацоўваць. Таму з часам патрабуюцца ўсё большыя і большыя дозы, і гэта звязана з тым, што печань спраўляецца ўсё лепш і лепш. Прычым не толькі з алкаголем, але і з іншымі рэчывамі, у прыватнасці з лекамі, таму з часам замест адной таблеткі нам даводзіцца прымаць дзве. Любое хімічнае спалучэнне, якое для нашага арганізма не ўласціва, печань прыстасоўваецца нейтралізоўваць.

Ад алкаголю пакутуе і нервовая сістэма. Мы ведаем, што ў алкагольным ап'яненні ў чалавека парушана каардынацыя, ён хістаецца, у яго заплятаецца язык, рэакцыі затарможаны. Гэта звязана з прыгняценнем алкаголем работы нервовай сістэмы. І, натуральна, пагражае стратай вялікай колькасці нервовых клетак, прычым яны знікаюць беззваротна. Нервовая сістэма, як вядома, не аднаўляецца. Таму спіртное, трапіўшы нават у поласць рота, шкодзіць да таго часу, пакуль цалкам не выведзецца з нашага арганізма.

У засваенні алкаголю ёсць істотная розніца паміж жаночым і мужчынскім арганізмамі. Фермент алкагольдэгідрагеназа, які ўдзельнічае ў метабалізме этанолу, больш актыўна выпрацоўваецца ў мужчын. Таму алкаголь горш і марудней выводзіцца з жаночага арганізма, а жаночы алкагалізм хутчэй развіваецца. Адпаведна, умераная доза алкаголю для мужчын і для жанчын розная. Для жанчыны яна ў два разы меншая, чым для мужчын.

— А якая ўвогуле бяспечная доза алкаголю?

— Лічыцца, што адна бяспечная доза — 14 грамаў чыстага спірту. Гэта каля 30—35 грамаў гарэлкі, ці 100 грамаў сухога віна, ці каля 300—350 грамаў піва. Мужчыны гэту бяспечную дозу могуць павялічыць удвая. Такім чынам, калі бутэльку каньяку ці гарэлкі выпіць на працягу 10 дзён, атрымліваецца адносна бяспечная доза для нашага арганізма. Але гэта не значыць, што ўжываць бяспечную дозу можна штодзень.

— А ці ёсць станоўчы ўплыў алкаголю на арганізм?

— Ёсць некалькі станоўчых момантаў, але толькі пры ўмове ўмеранага ўжывання. Алкаголь крыху змяншае імавернасць развіцця інфаркту і інсульту, бо ўплывае на ліпапратэіны высокай шчыльнасці (добры халестэрын.), якія засцерагаюць сценкі сасудаў ад утварэння халестэрынавых бляшак. Таксама ён крыху разрэджвае нашу кроў. Акрамя таго, лічыцца, што спіртное дзесьці на 25—30 % змяншае верагоднасць развіцця цукровага дыябету 2 тыпу. А таксама крыху зніжае ціск.

Аднак ні ў якім выпадку нельга рэкамендаваць лячыцца з дапамогай спіртнога. Бо калі ўзважваць плюсы і мінусы, то шкода ад алкаголю нашмат перавышае карысць. Лепш прымаць таблеткі, якія зніжаюць ціск, разрэджваюць кроў, ці змагацца з развіццём цукровага дыябету з дапамогай дыеты, чым спадзявацца з дапамогай спіртнога пазбегнуць інфаркту, інсульту і іншых хвароб. Спірт — гэта найперш канцэраген, і ён у любым выпадку будзе праходзіць праз страўнікава-кішачны тракт, печань, малочныя залозы і шкодзіць гэтым органам і сістэмам.

— Усе мы час ад часу прымаем розныя медыкаменты. Як спалучаецца алкаголь з імі?

— Самая вялікая навуковая дыскусія ўзнікла з нагоды спалучэння антыбіётыкаў з алкаголем. Ёсць пэўная група антыбіётыкаў, якая, як лічыцца, катэгарычна несумяшчальная з алкаголем. Але брытанскія вучоныя апублікавалі даследаванне пра тое, што алкаголь не ўплывае на дзеянне антыбіётыкаў і некаторых іншых груп лекаў. Паводле іх меркавання, антыбіётыкі ўсё ж такі працуюць, і не так страшна, калі чалавек прымае разам з імі пэўную дозу спіртнога.

Аднак трэба разумець: калі чалавек прымае антыбіётыкі, арганізм знаходзіцца ў стане баявой гатоўнасці. Ён змагаецца з пэўнай інфекцыяй, і для гэтага актывізуе ўсе свае рэсурсы. Ствараць яму лішні клопат па вывядзенні спірту з нашага арганізма не варта. Таму не трэба ўжываць алкаголь, нягледзячы на тое, што брытанскія вучоныя лічаць, што ён быццам бы і не моцна ўплывае на работу антыбіётыкаў.

— Ці ёсць лекі, з якімі спалучаць алкаголь вельмі небяспечна?

— Катэгарычна нельга — з парацэтамолам, аспірынам і антыгістаміннымі прэпаратамі (лекі для зніжэння алергічных праяў.). Парацэтамол і антыгістаміны ў спалучэнні з алкаголем, калі трапляюць у печань, ператвараюцца ў надзвычай таксічныя рэчывы, якія могуць істотна нашкодзіць нашаму арганізму. У вялікай дозе парацэтамол і алкаголь могуць прывесці да выкліку неадкладнай дапамогі і бальніцы.

Аспірын сам па сабе можа выклікаць страўнікавыя крывацёкі. Калі камбінаваць аспірын з алкаголем, можа рэзка павялічыцца імавернасць страўнікавага крывацёку.

Трэба разумець, што катэгарычна нельга ўжываць разам з алкаголем снатворныя. Апошнія расслабляюць нашу нервовую сістэму, і калі іх змяшаць з алкаголем, гэта можа прывесці да спынення дыхання. У тэорыі чалавек можа заснуць і памерці ад спынення дыхання. Таму ўсе антыдэпрэсанты, заспакаяльныя, якія ўплываюць на цэнтральную нервовую сістэму, і асабліва снатворныя з алкаголем нельга спалучаць ні ў якім разе.

Нельга з алкаголем ужываць і клафелін — ён моцна зніжае ціск, і гэта можа скончыцца спыненнем сэрца. З гэтай жа прычыны нельга спалучаць спіртное з віяграй і яе аналагамі. Дадзеныя прэпараты таксама зніжаюць ціск, і калі чалавек у пажылым узросце, усё можа скончыцца спыненнем сэрца.

Нельга забываць, што многія прэпараты цяпер камбінаваныя і ўтрымліваюць у сваім складзе той жа парацэтамол. Калі ў іх склад уваходзяць названыя лекі, гэта таксама дрэнна для арганізма пры спалучэнні са спіртным.

Змешванне алкаголю і энергетычных напояў таксама нічога добрага не абяцае. Прычым рызыка атрымаць негатыўныя наступствы ад спалучэння ці то медыкаментаў, ці то энергетыкаў з алкаголем павялічваецца з узростам. Чым старэйшы чалавек, тым большыя наступствы ад такога камбінавання.

— Як алкаголь спалучаецца з вітамінамі?

— Ён блакіруе іх дзеянне. Але трэба асобна сказаць пра такі вітамін, як фоліевая кіслата. Алкаголь аказвае канцэрагенны ўплыў на ДНК і выклікае мутацыю клеткі. Ужыванне фоліевай кіслаты крыху абараняе нашы клеткі ад такіх мутацый. У цэлым жа прыём вітамінаў разам з алкаголем зводзіцца на нішто.

— Як ён уплывае на анальгетыкі? Калі з дапамогай таблеткі зняць боль не ўдалося і чалавек вырашыў дадаць алкаголю...

— ...добра гэта не скончыцца. Алкаголь павялічвае пабочны ўплыў лекаў. Калі прымаем таблетку разам са спіртным, яе пабочны ўплыў можам памнажаць на некалькі разоў.

— А праз які час пасля прыёму алкаголю можна прымаць таблеткі?

— Для гэтага трэба, каб у нашым арганізме нейтралізаваўся спірт. Як мы памятаем, у жанчын алкаголь выводзіцца больш марудна. Таксама ролю адыгрывае ўзрост: чым больш сталы чалавек, тым больш у яго хранічных хвароб і ўсе органы працуюць ужо не так, як у маладосці, і тым марудней выводзіцца алкаголь. Важнай з'яўляецца і маса цела. Чым больш важыць чалавек, тым хутчэй нейтралізуецца і выводзіцца алкаголь. Вызначальнымі з'яўляюцца таксама стан здароўя і частата ўжывання спіртнога. У людзей, якія часта ўжываюць, арганізм хутчэй нейтралізуе і выводзіць алкаголь. Акрамя гэтага, шмат залежыць ад колькасці выпітага і працэнта спірту, што ўтрымліваецца ў напоі.

Тут важна не блытаць два станы: калі чалавек працверазее і калі алкаголь цалкам выведзецца з арганізма — гэта розныя паняцці. Чалавек можа працверазець, але алкаголь яшчэ застаўся ў арганізме. Таму лічыцца, што таблеткі лепш прымаць не раней, чым праз 24 гадзіны пасля ўжывання алкаголю. У ідэале — праз трое сутак.

— Праз які час пасля выздараўлення можна ўжываць спіртное? Калі чалавек выпісаўся з бальніцы, скажам, пасля каранавіруснай інфекцыі і пнеўманіі, ці можна выпіць?

— Пасля лячэння ад любой хваробы арганізму варта аднаўляцца, а для гэтага патрэбны час. Прыём алкаголю ніяк не садзейнічае аднаўленню арганізма пасля перанесенай хваробы. Таму выпіць можна не раней, чым праз 7—10 дзён. Ужыванне алкаголю адразу пасля выпіскі можа прывесці да таго, што чалавек зноў трапіць у бальніцу з тымі ж сімптомамі ці іншым захворваннем. І чым большы ўзрост, тым гэта імавернасць большая.

Нельга забываць, што рэакцыя кожнага арганізма на спіртныя напоі індывідуальная. Лекі разам з алкаголем могуць па-рознаму ўплываць на работу печані, страўніка, абвастраць гастрыт ці язву, выклікаць расстройствы нервовай сістэмы. Таму пасля бальніцы, пакуль некаторыя лекі, назапасіўшыся ў арганізме, працягваюць сваё дзеянне, дадаваць алкаголь небяспечна. Трэба аднавіць печань, страўнік павінен увайсці ў звыклы рытм, нервовая сістэма вызваліцца ад уздзеяння медыкаментаў. І тут зноў трэба памятаць пра бяспечную дозу — не больш за 14 грамаў чыстага спірту для жанчын і 28 грамаў — для мужчын. І безумоўна, размова не ідзе пра бутэльку гарэлкі ці каньяку — там будзе алкагольнае атручэнне і іншыя наступствы і без папярэдніх хвароб.

— Ёсць лекі, якія людзі мусяць прымаць усё жыццё: ад высокага ціску, прэпараты для шчытападобнай залозы або пры цукровым дыябеце. Ці магчыма з імі ужываць алкаголь?

— Я заўсёды кажу сваім пацыентам, што мы або п'ём, або лечымся. Ёсць людзі, якім нельга ўжываць алкаголь ні пры якіх абставінах, напрыклад, пры цяжкім тыпе цукровага дыябету. Алкаголь несумяшчальны з тымі прэпаратамі, якія яны прымаюць.

У кожнай сітуацыі ў залежнасці ад таго, якія прэпараты прымае пацыент, варта спытаць у свайго доктара, як быць: спыніць прыём, зменшыць дозу ці перайсці на іншую групу прэпаратаў, калі ён вырашыў ужываць спіртныя напоі. Няма ўніверсальных правіл. Калі чалавек прымае вялікую колькасць і розныя групы гіпатэнзіўных прэпаратаў (ад высокага ціску), ён настолькі «злы» гіпертонік, што нават з дапамогай прэпаратаў ціск дрэнна паддаецца карэкцыі, то ўжыванне спіртнога нічым добрым не скончыцца. Ціск падымаецца яшчэ вышэй, і ўжыванні алкаголю могуць прывесці да інфаркту ці інсульту. Людзі, якія прымаюць прэпараты ад высокага ціску, як правіла, ужо немаладыя і ў стане самастойна ўзважыць, што важней: чарка гарэлкі або здароўе і камфортнае жыццё без інфаркту і інсульту. Супрацьпаказанняў да прыёму алкаголю заўсёды больш, чым карысці.

Медыцына не стаіць на месцы, з'яўляюцца новыя прэпараты, новыя даследаванні, магчыма, будуць і новыя адкрыцці. Пакуль што ўсе навуковыя звесткі сведчаць: алкаголь згубна ўплывае на наш арганізм.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 15 лістапада 2021


 

Кoличество переходов на страницу: 225