https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сакрэт добрага старэньня? Задаволенасьць


Нягледзячы на тое, што я маю шмат сяброў ва ўзросьце 70, 80 і нават 90 гадоў, я занадта позна зразумеў, што наша рэакцыя на старэньне залежыць ад выбару, які мы робім сваёй галаве, а не ў трэнажорнай залі.

Гэтак у газэце The New York Times піша Робэрт Голдфарб, аўтар кнігі «Што замінае мне рухацца наперад».

Уцёкі ад старасьці

88-гадовы бізнэс-кансультант і пісьменьнік Голдфарб апісвае, як ён змагаецца са старэньнем ў трэнажорнай залі — бегае і нават падымае цяжкасьці. Ён разумее, што жыцьцё знаходзіцца на фінішнай прамой, і хоча прайсьці гэтую апошнюю адлегласьць у добрым здароўі і добрай кандыцыі.

Голдфарб практычна ня мае праблем са здароўем і, тым ня менш, мае адну праблему. Ён разумее, што чым больш пацее ў трэнажорнай залі, тым больш баіцца атрымаць дрэнную навіну ад свайго тэрапэўта.

Голдфарб спрабаваў захаваць і добрую кандыцыю свайго мозгу. Ён граў у інтэрнэт-гульні для мозгу, рашаў альгебраічныя задачы і нават хадзіў на заняткі ва ўнівэрсытэт.

Але нягледзячы на тое, што ён мае шмат сяброў ва ўзросьце 70, 80 і нават 90 гадоў, ён занадта позна зразумеў, што рэакцыя на старэньне залежыць ад выбару, які людзі робяць у сваёй галаве, а не ў трэнажорнай залі.

Рознае ўспрыманьне старасьці

Паводле аўтара артыкулу, адны ягоныя сябры паводзяць сябе як ахвяры часу. Яны ўспрымаюць жыцьцё як ланцуг расчараваньняў: боль і пакуты ад хвароб, наступ тэхналёгіяў, няўвага з боку дзяцей і лекараў.

А іншыя сябры, нягледзячы на боль у суставах і іншыя фізычныя праблемы, знаходзяць суцяшэньне ва ўспрыманьні старасьці як чарговага этапу жыцьця. Голдфарб кажа, што мог бы выкарыстаць слова «гераічны» для апісаньня іх жыцьцёвай пазыцыі, але з такім падыходам ня згодзяцца найперш яны самі.

І вось які прыклад прыводзіць. Нядаўна яму пазваніў адзін сябар з бальніцы і паведаміў, што ў выніку інсульту асьлеп. Голдфарб стаў яму спачуваць і пачуў у адказ: «Боб, магло быць горш. Я мог стаць не сьляпым, а глухім».

Голдфарб кажа, што нягледзячы на ўсе свае фізычныя і разумовыя трэніроўкі, сам ён ня мае сілы сказаць такія слова ў такім выпадку.

Ключавое слова — задаволенасьць

Голдфарб піша, што знайшоў у некаторых сваіх сяброў, якія вытанчана ўспрымаюць жыцьцёвыя нягоды, адну ключавую якасьць — задаволенасьць.

Задаволенасьць жыцьцём мае і той ягоны сябар, які асьлеп, і іншы, які мае пратэзы абедзьвюх ног. Голдфарб раптам зразумеў, што гэтыя ягоныя таварышы скардзяцца менш, чым тыя, хто мае параўнальна меншыя фізычныя праблемы.

У аснове задаволенасьці жыцьцём, паводле аўтара, ляжыць мудрасьць, якую за гады свайго жыцьця набылі ягоныя сябры.

Як навучыцца задаволенасьці

Робэрт Голдфарб апісвае выпадак, які здарыўся зь ім падчас нядаўняга абеду на адкрытай тэрасе аднаго з рэстаранаў. Дворнік пачаў зьбіраць лісьце пыласосам, які працаваў вельмі гучна. Голдфарб спыніў размову, каб перачакаць шум, і заўважыў, што іншыя старыя за суседнімі столікамі проста пачалі размаўляць троху гучней, каб чуць адзін аднаго.

Вось у гэтай розьніцы рэакцыяў на раздражняльнік, на думку аўтара The New York Times, і палягае крыніца мудрасьці і задаволенасьці жыцьцём, якую ён таксама хацеў бы мець.

Сяргей Абламейка
ablameikos@rferl.org
Радыё Свабода, 10 кастрычніка 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 787