З пачатку новага стагодзьдзя ягады годжы і сок зь іх прадаюцца як прадукты здаровага харчаваньня ў заходніх краінах. Прадаюцца добра, бо маркетынгавыя трукі і рэкляма падаюць гэтыя ягады як сродак для амаладжэньня. Ня так даўно ягады годжы дакаціліся і да беларускай прасторы. Як і ў Расеі, тут яны рэклямуюцца часьцей за ўсё як магічны сродак для пахудзеньня. Нібыта зьеў пару лыжачак — і кіляграмы пачнуць растварацца самі сабой.
Як і ўсе ягады, годжы — багаты мікраэлемэнтамі прадукт, які мае пэўную карысьць. Пытаньне, якую менавіта. Забягаючы наперад, скажу, што да пахудзеньня ягады годжы ня маюць ні найменшага дачыненьня: ніводзін мікраэлемэнт у іх ня можа нават патэнцыйна паўплываць на гэты працэс.
Ягады годжы (Lycium Barbarum) вядомыя таксама як кітайскія воўчыя ягады. Яны належаць да таго самага сямейства пасьлёнавых што і бульба, памідор, баклажаны, перац. Іншыя назвы гэтай ягады: дзераза звычайная, шлюбнае віно, пустэльны шып, герцаг чайнага дрэва Аргайл, муралі, гукіцзы, кей цзы. Плады годжы традыцыйна выкарыстоўваюцца ў якасьці нутрыцэўтыкаў (біялягічна актыўных харчовых дабавак) у краінах Азіі (Кітай, Манголія і Тыбэт). Ёсьць таксама амэрыканскія гатункі ягад годжы; яны растуць у паўднёвых штатах ЗША.
Ягада годжы мае выгляд невялікага (1 см) эліпсоіду аранжавага або чырвонага колеру з малюсенькім ядомым жоўтым насеньнем. Ягады зьбіраюць летам і восеньню. Як правіла, іх спачатку сушаць у ценю, а потым яшчэ і на сонцы, пакуль скурка ня стане цьвёрдай і сухой, але сярэдзіна яшчэ застанецца мяккай.
У традыцыйнай кітайскай мэдыцыне ягады годжы выкарыстоўваюцца для збалянсаваньня Інь і Ян, для стымуляцыя нырак і печані, слабых суставаў і паляпшэньня зроку. Кітайскі траўнік Лі Чынг-Юн, працягласьць жыцьця якога, як сьцьвярджалі, была ад 197 да 256 гадоў, папулярызаваў ягады годжы і сам еў суп з годжы штодня.
Lycium Barbarum утрымлівае некалькі тыпаў каштоўных харчовых злучэньняў: вітаміны (B1, B2, B3, B6, C, E), 21 мінэрал, 18 амінакіслот, эфірны алей, тлустыя кіслоты, бэтаін, каратыноіды (у асноўным зэаксантын), фляваноіды (міріцэтын, квэрцэтын, кэмпфэрол) і поліцукрыды. Лічыцца, што біялягічна актыўныя элемэнты у годжы — гэта каратыноіды, бэтаін і поліцукрыды. Што тычыцца бэтаіну, то яго колькасьць вельмі нязначная ў сухіх ягадах годжы, каб аказаць мэдычны эфэкт.
Зэаксантын і зрок
Зэаксантын зьяўляецца адным з найбольш распаўсюджаных каратыноідаў, якія сустракаюцца ў прыродзе. Гэта пігмэнт, які сынтэзуецца ў расьлінах і надае аранжаваму і жоўтаму перцу, кукурузе, шафрану, ягадам годжы іх характэрны колер. Назва паходзіць ад Zea Mays (сорт звычайнай кукурузы, у якім зэаксантын забясьпечвае асноўны жоўты пігмэнт) ды Хanthos, грэцкае слова «жоўты».
Зэаксантын зьяўляецца асноўным кампанэнтам пігмэнту ў сятчатцы вока. Невялікая колькасьць зэаксантыну таксама ўтрымліваецца ў мазгах.
Зэаксантын грае важную ролю ў функцыянаваньні вачэй, бо ён адказны за вастрыню цэнтральнага зроку (яснасьць, зь якой аб’екты вылучаюцца ад іх асяродзьдзя), ён таксама памяншае наступствы асьляпленьня (так званага сіняга сьвятла).
Дарэчы, ёсьць куды больш танныя крыніцы для атрыманьня зэаксантыну зь ежы: кукуруза, перац і сухая папрыка, шафран, усе гатункі гарбуза, кабачок, ківі, вінаград, шпінат, апэльсінавы сок.
Поліцукрыды як крыніца антыаксыдантаў
Навуковыя дасьледаваньні паказалі, што поліцукрыды годжы валодаюць некаторымі антыаксыдантнымі ўласьцівасьцямі. На сёньняшні дзень аднак недастаткова доказаў сьцьвярджаць, што яны ўмацоўваюць імунітэт.
Дык як наконт пахудзеньня?
Ягады годжы ніколі не выкарыстоўваліся як сродак для пахудзеньня. Як я казала вышэй, ніводзін зь іх складнікаў ня можа нават патэнцыйна спрыяць страце вагі. «Шматлікія досьледы», на якія спасылаюцца онлайн прадаўцы ягад, не існуюць. Тыя нешматлікія дасьледаваньні, якія праводзіліся ў малых маштабах, ставілі сваёй мэтай праліць сьвятло на антыаксыдантныя і імунамадулюючыя ўласцівасьці годжы і на магчымае паляпшэньне зроку ад іх рэгулярнага ўжываньня.
Дарэчы, не існуе такога магічнага прадукту, які б сам па сабе спрыяў пахудзеньню. Ніякія ягады, спэцыі ці экзатычная садавіна не заменяць здаровай рэгулярнай дыеты. Парады па пахудзеньні чытайце ў гэтым артыкуле.
Практычная парада
Калі вы купілі ягады годжы і хочаце атрымаць зь іх максымальную карысьць, ужывайце іх у цёплым выглядзе: дадавайце ў кашы, супы, плоў або заварвайце іх кіпенем і піце як чайны напой.
N.B. Ёсьць сьведкі рызыкоўнага лекавага ўзаемадзеяньня ягад годжы з мэдыкаментам антыкаагулянтам варфарынам. Асобам, якія прымаюць варфарын, трэба устрымацца ад годжы.
Рэцэпт для натхненьня: рысавая каша з годжы
На 2 порцыі:
60 г рысавых шматкоў
300-350 мл малака ці вады
жменька ягад годжы
карыца паводле смаку
Закіпяціце ваду ці малако, засыпце рысавыя шматкі і ягады годжы. Варыце паводле інструкцыі на ўпакоўцы рысу, звычайна каля 15 хвілін. Шчодра пасыпце карыцай і падавайце.
Валерыя Красоўская
Радыё Свабода, 17 ліпеня 2014
Кoличество переходов на страницу: 984
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |