Беларусы шмат ведалі не толькі пра вясёлыя святы, але і пра барацьбу з іх наступствамі. Народны антыпахмельны рэцэпт дапаможа прывесці сябе ў добрую форму, тым больш, што 2 студзеня трэба ісці на працу.
Пра пахмелле яшчэ сам Якуб Колас пісаў у сваім аднаіменным вершы: "Тфу! Пад грудзі падпірае! Кішкі зблытаны ў камяк, ну, а ў роце, каб ты знала — фэ, які нядобры смак!".
Прапануем вам рэцэпт аўсянага кісялю, які ў гэтыя дні прыйдзецца якраз дарэчы. Спадзяемся, дапаможа і спадабаецца.
Калі вы хацелі раніцай 1 студзеня паласавацца аўсяным кісялём, трэба было рыхтавацца загадзя: страва павінна настойвацца двое сутак. Але наперадзе доўгія навагоднія святы, таму рэцэпт усё яшчэ можна занатаваць.
Для таго, каб прыгатаваць традыцыйны беларускі кісель з сучасных беларускіх прадуктаў, спатрэбяцца:
Аўсяныя шматкі "Геркулес" або аўсяныя крупы
Вада
Мёд
Карыца
Замест "Геркулеса" можна выкарыстаць аўсяную муку. Калі такой няма ў хаце, дастаткова перамалоць аўсяныя крупы на млынку да кавы.
На 100 грамаў сыравіны бяром 1 літр кіпеня. Далей усё проста — заліваем муку або шматкі вадой і пакідаем на двое сутак. Асабліва нецярплівыя могуць скараціць тэрмін да адных сутак.
Пасля жмых трэба аджаць, а застаўшуюся вадкасць варыць на слабым агні, пакуль яна не загусцее. Спрабаваць традыцыйную беларускую страву, якая зараз многім можа падацца экзатычнай, лепш з мёдам і карыцай. Некаторыя гурманы рэкамендуюць дабаўляць у кісель кефір ці вяршкі.
Аўсяны кісель мае своеасаблівы смак і пах, але дапаможа страўніку, які раніцай актыўна змагаецца з наступствамі вячэрняга застолля.
Sputnik, 1 студзеня 2019
Кoличество переходов на страницу: 437
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |