https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Свіныя ножкі


...А вось запечаныя свіныя ножкі — страва самая што ні на ёсць сялянская і простая. Але падабаецца і багеме. Рэцэпт паведаміла мне адна з найлепшых перакладчыц беларускай літаратуры ў Польшчы і надзвычайна цікавы чалавек Малгажата Бухалік. Менавіта яна перакладала кнігу Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і яго цені», якую сёлета вылучалі на прэстыжную польскую літаратурную прэмію Angelus.

Яна прызналася, што любіць свіныя ногі да такой ступені, што, гатуючы, заўсёды з’ядае частку проста адваранымі, бо не мае сілаў цярпець, пакуль яны яшчэ і запякуцца.

А яшчэ пані Малгажата сумуе, што прапалі ў Польшчы свіныя хвасты, а таму немагчыма стала зварыць на памянёных хвастах суп‑капусняк. Аказваецца, цяпер ва ўсім Еўрасаюзе хвасты парасятам абразаюць ва ўзросце 2‑5 дзён… Бяда! «Мусіць, стану еўраскептыкам!» — кажа перакладчыца. «Тады пераязджайце да нас, — раю я. — У нас хвастоў пакуль хапае».


***   ***

Свіныя ножкі па‑перакладчыцку

Склад:
свіныя ножкі, соль, перац чорны гарошкам, лаўровы ліст, гваздзік, маяран, іншыя спецыі на смак, мёд.
***

Узяць свіныя ножкі — чым больш, тым лепш. Адварыць іх на малым агні ў падсоленай вадзе з лаўровым лістам, зярняткамі чорнага перцу, гваздзікам, маяранам і іншымі спецыямі па смаку.

У звычайнай каструлі варыць трэба некалькі гадзін, у хуткаварцы — недзе паўтары гадзіны. Ножкі мусяць разварыцца да поўнай мяккасці і зрабіцца клейкімі.

Гатовыя ножкі дастаць, астудзіць, можна нацерці мёдам і запячы на працягу кароткага часу ў вельмі гарачай духоўцы да з’яўлення хрумсткай залацістай скарынкі.

Мастацтва прыгатавання гэтай стравы палягае ў тым, каб не перасушыць яе і каб пад хрусткай скарынкай ножкі заставаліся мяккімі, ліпкімі і сакавітымі.

Падаць з хрэнам.


Наталка Бабіна, Наша Ніва



 

Кoличество переходов на страницу: 2579


Комментарии