Каб дазнацца пра свой лёс старажытныя грэкі хадзілі да аракулаў, а беларускія мужычкі з гэтай нагоды глядзелі на граковыя гнёзды. 17 сакавіка ў народным календары адзначаецца прысвятак Герасім Гракоўнік — дзень прылёту гракоў.
Галінка з граковага гнязда — лепшы сродак ад дэпрэсіі
У народзе кажуць: "убачыў грака — вясну сустракай " і "грак на гары — вясна на двары ". Нашы продкі заўважылі ў гракавых крыках вялікі сэнс: калі яны шумна грачаць і ляцяць да сваіх гнёздаў, то вясна будзе дружная.
Грак — руплівы работнік, таму той, хто нарадзіўся ў гэты дзень будзе клапатлівым гаспадаром. Акрамя таго, свае імяніны ў гэты дзень спраўляюць праваслаўныя Улляна, Васіль, Вячаслаў, Герасім, Даніла, Павел, Рыгор, Якаў і каталікі Патрык, Збігнеў і Ян.
З гракамі, якія любяць сяліцца каля чалавека, звязана вялікая колькасць народных прыкмет. Напрыклад, пяро гэтай птушкі, знойдзенае на пашы, здольнае аберагчы таго, хто носіць яго з сабой ад сурокаў і інакшых непрыемнасцяў.
Вяскоўцы верылі, што, калі які небудзь чалавек хоча дазнацца пра сваё будучае, няхай ідзе паглядзець, як будуюць свае гнёзды гракі. Калі абранае гняздо ўстаіць на дажды і ветры, усё будзе добра. Дрэнны знак, калі птушынае збудаванне скінецца.
Нават сухія галінкі ад гэтых гнёздаў падымалі з зямлі і неслі ў хату. Лічылася, што іх наяўнасць здольная прадухіліць любую дэпрэсію.
Палесскія бобэныкі — для прадбачлівых гаспадынь
На гэтым тыдні Аўдоцця Вясноўка прадказала цёплае лета, сонечную восень і добры ўраджай на боб, таму добрым гаспадынькам спатрэбіцца рэцэпт новай стравы — бобэныкі.
Рэцэпт гэты я вышукала падчас кулінарнай вандроўкі амаль на мяжы з Украінай — у вёсцы Залятынне ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Дарэчы, месца гэтае — сапраўдны грачыны рай і людзі там жывуць працавітыя і руплівыя.
Жыхарка гэтай палесскай вескі Таццяна Дзялун патлумачыла, што "бобэныкі" — гэта бульбяныя піражкі з бабовай начынкай. Гатаваць іх проста, але боб ці фасолю трэба загадзя замачыць.
Прадукты на бобэныкі
Каб прыгатаваць бобэныкі - спатрэбяцца самыя простыя прадукты
На вёсцы робяць гэта так: у другой палове дня боб заліваюць вадой і пакідаюць на ноч, а раніцай, калі агонь гарыць у печы, гатуюць страву, якую ядуць у абед.
Інгрэдыенты:
Бульба —1 кг
Боб або фасоля — 200 г
Тлушч свіны (здор) — 200 г
1 яйка
Смятана
Як гатаваць:
Зварыць боб, дадаць у яго 1 сталовую лыжку здору, крышку солі і добра ператаўчы, можна для гэтага выкарыстаць блэндар, а пасля астудзіць.
Надраць бульбу як для дранікаў, адціснуць праз марлю, дадаць у бульбяную масу яйцо і соль, перамяшаць. Узяць лыжкай бульбу і распляскаць яе на далоні, а ў сярэдзіну пакласці крыху бабоў, загарнуць і абсмажыць на здоры прыкладна па 5 хвілін з кожнага боку. Ядуць бобэныкі цёплымі са смятанай.
Заўвага:
Здор — нутраны свіны тлушч. Магчыма, яго і можна замяніць на алей, але са здорам выйдзе смачней і пажыўней. І яшчэ, у арыгінальным рэцэпце ў фасолю або боб не дадаюць смажаную цыбулю, як закрасу, але я дадала і атрымалася вельмі смачна.
Гэтак пад'еўшы прыемна пагрэцца на веснавым сонцы і паназіраць за птушкамі. Добрага вам настрою і смачна есці!
Ларыса Мятлеўская
Sputnik, 17 сакавіка 2018
Sputnik, 17 сакавіка 2018
Кoличество переходов на страницу: 390
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |