https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У гародзе лебяда — гаспадыні не бяда, ці як гатаваць пірог з пустазелля


Спрадвеку ў гаспадарчых справах паміж гаспадаром і гаспадыняй на вёсцы існаваў даволі строгі падзел паміж відамі працы. Сферай дзейнасці мужчыны, у якую жанчына не ўмешвалася, а толькі супрацоўнічала, з'яўлялася поле, луг, гумно, догляд за цяглавай жывёлай (коні, валы), выраб і рамонт усіх гаспадарчых прылад, будоўля і іншыя больш дробныя працы.

Жанчына затое адзінаўладна ўпраўлялася ў хаце і агародзе, даглядала хатніх жывёл і птушнік, даіла карову, жала жыта, вырабляла тканіны і адзенне з іх і шмат што іншае. Як кажуць, гэтай жаночай работы рабіць не перарабіць! Мужчына толькі дапамагаў ёй, але нашмат меней, чым яна яму ў яго сферы. Пра тое ў народзе нават показка была: "Мужык у жаночае рабоці столькі паможэ, сколькі кот наплачэ, не то што ена, гарутніца".

Чужакоў і дзяцей на агарод не пускаць

Асобна выдзялялася градка ў добрым, сонечным месцы пад высеўкі. Так называліся карняплоды і капуста з коранем, пасаджаныя для атрымання насення. Гэта цяпер, каб купіць пачочак насення, мы ідзем у адмысловую краму, а хадавыя культуры — гуркі, таматы, радыса — можна набыць у любым супермаркеце. Май толькі жаданне корпацца ў зямлі! Але даўней гаспадыні вырошчвалі насенне самастойна.

З гэтай нагоды ўзгадаўся выпадак з дзяцінства. Было мне гадоў 5-6, калі аднойчы, на пачатку лета, ускочыўшы нечага ў агарод, вырвала вялікую морквіну і з гонарам панесла яе да бабулі, як сапраўдная памочніца. Вой і ляманту тады было! Аказваецца я адным махам пазбавіла бабулю насення морквы на наступны год.

І ўсё ж, калі такое здаралася і насенне па нейкай прычыне не выспявала, то яго можна было сімвалічна купіць у суседкі або сваячкі. За жменю насення плацілі манетнай дробяззю, абавязкова прыгаворваючы: "Каб вялося і не звялося".

А што тычыцца малых дзяцей, то пускаць іх у агарод было не прынята па ўсёй Беларусі. Маўляў, чаго таптацца па градах. Нават прысутнасць чужых людзей на агародзе была вельмі непажаданай. Лічылася, што ліхое вока можа пашкодзіць здароваму росту раслін і будучаму ўраджаю.

На Століншчыне мне распавядалі, як маці, ідучы ў калгас на працу, выбірала ў падол фартуха з дзесятак салодкіх агуркоў і пакідала іх за межамі агарода для дзяцей, якія ласаваліся імі да вечара, бы цяперашнія дзеці бананамі.

Як абаранялі агарод ад шкоднікаў

Ад канца красавіка і напрацягу мая гаспадыня шчыравала ў агародзе. Парабіўшы грады, сеяла на іх звыклыя для нашага краю агародныя культуры. Крыху больш за сто гадоў у гародзе сялянкі акрамя абавязковай бульбы вырошчвалі капусту, моркву, буракі, рэпу, рэдзьку, бручку, боб і пасолю, салодкі гарох, кукурузу, цыбулю і часнок, агуркі і гарбузы, зрэдку салату і пятрушку, кроп і каляндру. Асобна сеялі мак, насенне якога выкарыстоўвалі ў выпечцы і ў прыгатаванні посных страў.

Акрамя таго гаспадыня мусіла весці барацьбу з такімі шкоднымі з'явамі, як веснавыя замаразкі, засуха, вераб'і, уласныя і суседскія куры, краты, блошкі, вусені, сабакі і свінні. Змерзлыя расліны з раніцы апырсквалі вадой, каб змыць іней, у засуху палівалі, супраць вераб'ёў ставілі страшыдлы (пудзіла), ад сабак і свіней агароды агароджвалі высокім і частым плотам.

Супраць вусеняў, тлі і блошак пасыпалі расліны попелам, апырсквалі настоямі горкага палыну і піжмы, а таксама садзілі побач з рознымі культурамі расліны, суседства якіх не выносяць шмат якія шкоднікі. Напрыклад, каля морквы садзілі часнок, у радках паміж цыбуляй сеялі рэдзьку, якую, пакуль тая вырасце, спажывалі, паабапал градкі агуркоў сеялі зімнюю (познюю) рэдзьку. Добрай абаронай для шматлікіх крылатых шкоднікаў былі і каноплі, якія ў невялікай колькасці наўмысна там-сям садзілі на агародзе.

Лебяда — сваячка шпіната

Полюць агарод ад мая да жытняга жніва. Калі даводзіцца палоць грады самой, заўсёды ўзгадваю бабуліну прыказку: "Калі ў гародзе лебяда — гаспадыні не бяда, а як брыца ды макрыца, памажы ты мне, сястрыца!"

І сапраўды, зацятым агароднікам добра вядома, што з брыцай і макрыцай змагацца нялёгка. Другая справа — лебяда. На ўрадлівых глебах блізкая сваячка шпіната расце буйная, з сакавітым лісцем і ў даўнія часы вырошчвалася як агародная культура. Калі пагартаць старадаўнія кулінарныя кнігі, можна вышукаць немала кулінарных рэцэптаў страў, у складзе якіх красуецца шпінат або лебяда.

Напрыклад, першая кулінарная кніга "Літоўская кухарка" Вінцэнты Завадскай у меню на чэрвень месяц штодня прапануе шмат цікавых страў, сярод якіх ёсць смаката пад назвай "Шпінат або лебяда". Дзівіцеся і спрабуйце прыгатаваць пры нагодзе.

Стравы з лебяды

Інгрыдыенты:

800 грам шпінату або лебяды;
1 сталовая лыжка мукі;
1 сталовая лыжка алею;
1 шклянка булёну або малака;
1 чайная лыжка цукру.

Як гатаваць:

Шпінат або лебяду перабраць і добра памыць, адлучыўшы ад карэнчыкаў, абтрэсці ад вады. Укінуць у кіпячую падсоленую ваду. Як стане мяккай, перакласці ў халодную ваду, апаласнуць, адціснуць і працерці праз сіта.

Распусціць лыжку масла, змяшаць з такой жа колькасцю мукі. Развесці булёнам або малаком і закіпяціць.

Пакласці ў гэтую вадкасць шпінат або лебяду, перамяшаць, пасаліць і пасаладзіць, моцна нагрэць, але не кіпяціць, бо страва счарнее.

Падаць з падсмажанымі грэнкамі, выпускнымі яйкамі, амлетам або падсмажанай цялячай пячонкай.

Магчыма, вы здзівіцеся, але для прыгатавання гэтай стравы можна выкарыстаць бацвінне радыскі, салаты або маладой крапівы. Толькі ў гэтым выпадку разводзіць страву трэба не малаком, а булёнам.

Гэта страва тычыцца шляхецкай, мяшчанскай кухні, а вось на вёсцы лебяду дадавалі разам са шчаўем і маладой бурачнай націнай у першыя стравы, якія варылі як посныя, так і на костцы.

У маёй сям'і часам пяклі пірагі, ў сярэдзіне якіх была лебяда, вараныя яйкі і смажаныя на алеі цыбуля з грыбамі. Бабуля была з заможнай сям'і, і такія пірагі былі ўспамінам аб яе дзяцінстве.

Лебяду тушылі на масле або алеі да мяккасці і крышылі, асобна смажылі вараныя сухія грыбы з цыбуляй, усё разам з яйкам перамешвалі, салілі і дадавалі здробнены зялёны кроп. Тады цеста было дражджавым, але смачна атрымваецца і са слаёным. Калі ж лянота ўчыняць цеста, то можна ў краме купіць гатовае ці выкарыстаць выпечаныя каржы і нават лаваш. Праўда, гэта будзе ўжо нешта новае, але ж хто нам на сваёй кухні забароніць? Калі ў бабулі бракавала часу, яна замест цеста пякла тоўстыя бліны, якія перакладала начынкай і пакідала на час пад сурвэткай. З'ядалася ўсё хутка, і ніякіх нараканняў не было.

Раю паэксперыментаваць і спадзяюся, што натхніла вас на кулінарную творчасць. Да сустрэчы!

Ларыса Мятлеўская
Sputnik, 17 чэрвеня 2017 


 

Кoличество переходов на страницу: 313