Расія задумала накласці лапу на беларускі бюджэт. У Крамлі лічаць, што Беларусь мусіць падзяліцца часткай пошлінаў на вываз нафтапрадуктаў, вырабленых на нашых НПЗ з расійскай нафты. Быццам бы на гэты конт і дакумент адпаведны ёсць.
Расія штучна адсунула стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі
Сяргей Чалы: З Міністэрства эканомікі Расіі прыйшоў ліст, у якім абазначаны намер спаганяць вывазныя пошліны на экспарт нафты. Ці, ва ўсялякім разе, прэтэндаваць на іх частку ва ўмовах дзеяння Мытнага саюза.
Еўрарадыё: На чым грунтуюцца гэтыя намеры?
Сяргей Чалы: У нас ёсць пагадненне аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі, прынятае Камісіяй Мытнага саюза ў лістападзе 2009 года. І адзіная мытная тэрыторыя мусіла быць створана да 1 ліпеня 2010 года, але... З ліста Мінэканомікі вынікае, што на гэта патрэбныя два этапы.
Першы з іх скончыўся 1 ліпеня 2010 года стварэннем Мытнага саюза. Цяпер бярэм “Дамову аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фармаванні Мытнага саюза” ад 2007 года і чытаем артыкул 2:
“Рашэнне аб аб’яднанні мытных тэрыторый бакоў у адзіную мытную тэрыторыю і завяршэнні фармавання Мытнага саюза прымаецца вышэйшым органам Мытнага саюза пасля завяршэння наступных мерапрыемстваў:
б) усталяванне і прымяненне ў адносінах з трэцімі краінамі адзінага гандлёвага рэжыму”.
Але паколькі гэтая Дамова, у асноўным, тычыцца пытанняў імпарту, а пра рэгуляванне экспарту нічога не паведамляе, расіяне сцвярджаюць, што адзінага рэжыму ў гандлі з трэцімі краінамі дагэтуль няма. Адпаведна, дагэтуль не створаная і адзіная мытная тэрыторыя. На гэта патрэбны другі этап ― да 1 ліпеня 2011 года.
Адпаведна, у працы Мытнага саюза нельга кіравацца артыкулам 3 Дамовы, з якога вынікае:
“Ад моманту стварэння адзінай мытнай тэрыторыі бакі не ўжываюць ва ўзаемным гандлі мытныя пошліны, колькасныя абмежаванні і эквівалентныя ім захады”.
Еўрарадыё: Гэтую зручную логіку Расія ўжо ўдала ўжывае пры стварэнні адзінай эканамічнай прасторы. Яе і Мытны саюз разнеслі па часе: спачатку ― з 1 ліпеня 2010 года ― Мытны саюз. Пасля ― адзіная эканамічная прастора.
Сяргей Чалы: Але цяпер увогуле не зразумела, што мы стварылі 1 ліпеня 2010 года. Адзіны мытны тарыф уведзены з 1 студзеня 2010 года. А з 1 ліпеня мы мусілі вынесці ўвесь экспартны кантроль на межы Мытнага саюза. І вытворца тавараў ― Расія гэта, Беларусь ці Казахстан ― мусіў бы быць пазначаны як “Мытны саюз”.
Еўрарадыё: Пакуль не створаная адзіная мытная тэрыторыя, паміж краінамі Мытнага саюза могуць існаваць і гандлёвыя абмежаванні, і мытныя пошліны?
Сяргей Чалы: Так, і Расія актыўна выкарыстоўвае гэта і каб абараніць свой рынак, і каб зарабіць. Мы бачым гэта са студзеня 2010 года, калі былі ўведзеныя ўвазныя пошліны на расійскую нафту. І пабачым крыху пазней у сітуацыі з імпартам алкаголю.
Прэтэнзіі Расіі на адсотак экспартных пошлін з беларускіх нафтапрадуктаў беспадстаўныя
Сяргей Чалы: Але працягваем сачыць за логікай Расіі. Калі адзіная мытная тэрыторыя будзе створаная і Мытны саюз запрацуе напоўніцу, з адзінай палітыкай у дачыненні да трэціх краінаў і рэгуляваннем не толькі імпарту, але і экспарту, гэта будзе азначаць міжбюджэтнае раздзяленне не толькі ўвазных пошлін, але і вывазных. Але замест таго, каб зараз урэгуляваць гэтае пытанне, Расія прыгадвае пагадненне 15-гадовай даўніны, у якім гаворка вядзецца пра парадак размеркавання мытных пошлін на прадукцыю, вырабленую беларускімі прадпрыемствамі з расійскай сыравіны.
Еўрарадыё: Тады ўся расійская нафта ішла ў Беларусь без пошлін — і таму Расія была зацікаўленая ў тым, каб атрымліваць дывідэнды з той яе часткі, якая перапрацоўвалася на экспарт.
Сяргей Чалы: Гэтае пагадненне было заключанае ў межах даўняга Мытнага саюза паміж нашымі краінамі. Тады міжбюджэтнае размеркаванне экспартнай пошліны складала 85% Расіі на 15% Беларусі.
Ці можна сёння спасылацца на гэты праект? Дакумент з даўжэзнай назвай “Пагадненне паміж урадам Расійскай Федэрацыі і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб парадку размеркавання і залічэння ў адпаведныя бюджэты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь вывазных мытных пошлінаў на прадукцыю, вырабленую беларускімі прадпрыемствамі на экспарт з расійскай сыравіны” ад 12 траўня 1995 года захоўваў моц ― увага! ― “цягам 6 месяцаў пасля таго, як адзін з бакоў накіруе другому боку пісьмовае паведамленне пра свой намер спыніць яго дзеянне”.
Еўрарадыё: Вы так гаворыце, быццам ведаеце, што нехта ўжо накіраваў некаму такое паведамленне.
Сяргей Чалы: Так! Пастанова беларускага Саўміна ад 12 студзеня 2001 года №43 і ёсць тое самае пісьмовае паведамленне. Да сярэдзіны 2001 года пагадненне з доўгай назвай спыніла сваё існаванне. Ні пра якое міжбюджэтнае размеркаванне экспартных пошлін сёння не можа быць і гаворкі.
Еўрарадыё: Вось жа незадача: з таго часу, як Саўмін спыніў дзеянне гэтай дамовы, прайшло не тое што паўгода ― усе 9 гадоў! Але хіба пра гэта не ведаюць у расійскім Міністэрстве эканомікі?
Сяргей Чалы: Ведаюць. І таму ў лісце напісана: “...неабходна забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў, зафіксаваных у пункце 3 артыкула 4 Пагаднення аб Мытным саюзе паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь”. Забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў ― гэта не азначае настаяць на выкананні Дамовы. І гэта даволі небяспечная фармулёўка, бо “забяспечваць рэалізацыю прынцыпаў” можна рознымі шляхамі.
Адзіная эканамічная прастора ― раней за адзіную мытную тэрыторыю?
Еўрарадыё: Рэзюмуем. Спачатку Расія адцягнула стварэнне адзінай эканамічнай прасторы да сярэдзіны 2012 года, каб стварыць такі Мытны саюз, які абараняе расійскі імпарт і не замінае экспарту расійскіх энергарэсурсаў. Ды яшчэ і дазваляе зарабіць на экспартных пошлінах на нафту ў Беларусь.
Цяпер ― яшчэ адна падманка: Расія расцягнула стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі да сярэдзіны 2011 года, каб не кіравацца агульным гандлёвым рэжымам з трэцімі краінамі. Гэта ж дало ёй падставы прэтэндаваць на частку экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай сыравіны, што было прадугледжана ранейшымі беларуска-расійскімі міжурадавымі дамовамі, якія сёння ўжо адмененыя.
Сяргей Чалы: Я не ведаю нават, як больш ярка паказаць абсурднасць гэтай сітуацыі.
Еўрарадыё: Але калі адзіная мытная тэрыторыя будзе створаная, паміж бюджэтамі трох краін Мытнага саюза мусяць размяркоўвацца ўсе экспартныя пошліны. У тым ліку ― і на расійскія энергарэсурсы.
Сяргей Чалы: Я працягваю сцвярджаць, што адзіная эканамічная прастора ― гэта падман, прыдуманы, каб трымаць Мытны саюз такім, які задавальняе Расію. Гэта ― спроба Расіі не падзяліцца. А цяпер Расія спрабуе не толькі не падзяліцца, але і паквапіцца на нашае.
Пры канцы жніўня намміністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка заявіў, што нашая краіна разлічвае на завяршэнне падрыхтоўкі пакета дакументаў па фармаванні адзінай эканамічнай прасторы ― увага! ― да 1 студзеня 2011 года! І больш за тое: “Мы ўбачылі імкненне нашых расійскіх і казахстанскіх калегаў завяршыць працу да гэтага ж тэрміна”, ― дадаў сп. Еўдачэнка.
Атрымліваецца, што ў галовах чыноўнікаў адзіная эканамічная прастора, якая адмяняе гандлёвыя абмежаванні на ўнутраным рынку Мытнага саюза, можа існаваць і без адзінай мытнай тэрыторыі, стварэнне якой Расія адцягвае, каб захаваць абмежаванні.
“Сухі закон” для Мытнага саюза
Еўрарадыё: Чамусьці мы ніяк не можам “саскочыць” з тэмы Мытнага саюза.
Сяргей Чалы: А як ты тут саскочыш? За апошні тыдзень Расія ініцыявала адразу некалькі падзеяў, з якіх вынікае: Мытны саюз ні дэ-юрэ, ні фактычна не працуе так, як яго задумвалі.
Еўрарадыё: Гэта наш стары тэзіс.
Сяргей Чалы: Так, але канкрэтныя праявы кожны раз новыя. Пачнем з тых “прэтэнзій” Расіі, якія прасцей за ўсё абвергнуць.
Сяргей Чалы: Вось мытная служба Расіі змагаецца з увозам малдоўскіх і грузінскіх він і каньякоў праз Беларусь і Казахстан. Каб закрыць ад іх расійскі рынак, прыдумалі, што “наяўнасць дамовы пра адзіныя мытныя межы для краінаў Саюза не адмяняе федэральнага закона “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абарачэння алкаголю”, згодна ў якім любое перамяшчэнне алкагольных напояў праз мяжу Расіі кваліфікуецца як экспарт ці імпарт і патрабуе мытнага афармлення”.
Дык што ж гэта за Мытны саюз, унутры якога захоўваюцца імпарт і экспарт? Гэта першае. А другое ― чаму дагэтуль можна спасылацца на заканадаўчыя акты, якія мусяць быць адмененыя даўным-даўно? Добра, няхай у дачыненні да дзяржаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, гэты закон захоўваецца. Але міжнародныя дамовы ― дамовы больш вышэйшага ўзроўню ― заўжды маюць прыярытэт над нацыянальнымі.
Еўрарадыё: Чарговы пратэкцыянісцкі захад!
Сяргей Чалы: І тым больш смешны, што ў Беларусі кантроль за вытворчасцю і якасцю алкагольнай прадукцыі нашмат больш пільны, чым у Расіі. Прычым там гэта прызнаюць. Вось цытата з таго ж паведамлення: “У Беларусі вырабляюць выдатную гарэлку, там разліваюць добрыя малдоўскія і грузінскія віны, пры гэтым узровень санітарна-гігіенічнага кантролю на парадак вышэйшы, чым у нас”.
Відавочна, што гэта спроба абараніцца ад тавараў, якія вырабляюць краіны-ўдзельніцы Мытнага саюза. Што супярэчыць самой логіцы гэтага інтэграцыйнага ўтварэння.
Еўрарадыё: Але расійскі закон пра вытворчасць і абарачэнне алкаголю існаваў і да заключэння дамовы пра Мытны саюз. І амаль два месяцы паралельна з дамовай. Пра яго што, забыліся?
Сяргей Чалы: Відаць, так.
Еўрарадыё: А цяпер узгадалі?
Сяргей Чалы: Натуральна. І рэч у тым, што такіх вось дробных зачэпак за апошні час знойдзена вельмі шмат. Але логіка Мытнага саюза заключаецца якраз у адмене ўнутраных абмежаванняў. За выключэннем невялікага шэрагу тавараў, якія трапляюць пад пратакол аб выключэннях з рэжыму Мытнага саюза. Але алкагольнай прадукцыі сярод іх няма.
Мытны саюз ― для Расіі
Сяргей Чалы: Крыху раней Расія ўводзіла эмбарга на экспарт збожжа, і пад гэтую справу спрабавала “падпісаць” астатніх удзельнікаў Мытнага саюза. А калі не атрымалася, пачалі сцвярджаць, што дакументы па МС ніяк не закранаюць пытанні экспарту. Маўляў, пытанне экспарту з краінаў-удзельніц Мытнага саюза ― гэта асабістая справа саміх краінаў.
Еўрарадыё: Пра што гэта кажа нам?
Сяргей Чалы: Яны самі прызналі, што хочуць Мытны саюз, прызначаны толькі для рэгулявання імпарту.
Еўрарадыё: Такое адчуванне, што Беларусь знаходзіцца ў Мытным саюзе ў вельмі пасіўным становішчы. Расія заўжды дыктуе сваю волю, навязвае свае трактоўкі законаў і выварочвае іх, як хоча!
Сяргей Чалы: Сапраўды, цяпер атрымліваецца так: дзе Расіі ахвота ― там яна лічыць, што Мытны саюз не дзейнічае.
Еўрарадыё: І, наадварот, дзейнічае там, дзе яго не чакалі?
Сяргей Чалы: Так сказаць нельга. Але там, дзе Мытны саюз усё ж дзейнічае, ― яго імкнуцца прыстасаваць менавіта пад патрэбы Расіі і спалучыць з іншымі заканадаўчымі актамі такім чынам, каб гэта было выгадна расіянам.
Павел Свярдлоў
Еўрапейскае радыё для Беларусі, 1 верасня 2010
Кoличество переходов на страницу: 1485
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |