https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Растворацца растваральнікі — растворацца і грошы


Пытанне аб экспарце беларускіх растваральнікаў і разбаўляльнікаў выйшла на новы ўзровень. Расія шчыльна занялася гэтым пытаннем і мае намер скончыць гэту бясплатную для Беларусі справу.

Прычым, як гаварылася ў гарбачоўскія часы, перабудову яны пачалі з сябе. Як паведамляе "РІА Новости", Урад Расіі прыцягнуў да аналізу сумніўнага экспарту растваральнікаў, разбаўляльнікаў і змазачных матэрыялаў з Беларусі, вырабленых з расійскай "нафты" (субстанцыі для іх вытворчасці) спецыялістаў Следчага камітэта РФ, паколькі ў гэтых схемах удзельнічалі таксама расійскія кампаніі.

У канцы ліпеня міжведамасная расійская група з прадстаўнікоў профільных дзяржструктур пад кіраўніцтвам Федэральнай мытнай службы правярала легальнасць вытворчасці і экспарту растваральнікаў і разбаўляльнікаў з тэрыторыі Беларусі. Вынікам працы гэтай групы ўжо стала спыненне расійскімі нафтавымі кампаніямі паставак "нафты" ў Беларусь.

Пытанне наспела

Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь у I паўгоддзі 2012 года экспартавала 2.870 млн тон растваральнікаў і складаных арганічных разбаўляльнікаў на суму $ 2.526 млрд. Практычна ўвесь аб'ём — 2.869 млн тон — быў пастаўлены ў краіны Еўрапейскага саюза.

Экспарт па выніках I паўгоддзя ў краіны ЕС склаў .554 млрд. Такім чынам, на растваральнікі і разбаўляльнікі выпадае 22% беларускага экспарту ў Еўропу, а ў агульным аб'ёме экспарту (.311 млрд) доля растваральнікаў-разбаўляльнікаў складае 10%.

Расійскі бок вельмі доўга заплюшчваў вочы на тое, што Беларусь "хімічыць" з нафтапрадуктамі. Да таго часу, пакуль Сінявокая зусім не стала "нахабнай", Расія яе не чапала. У 2011 годзе за кошт бяспошлінных растваральнікаў-разбаўляльнікаў Беларусь атрымала 700 млн долараў. Але за першае паўгоддзе 2012 гэты прыбытак склаў ужо 2 млрд долараў, што нават для Расіі ўжо грошы.

Пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў 6 чэрвеня заявіў: "Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажывання. Заўважылі, што ў справаздачнасці Мытнага саюза з'явіліся растваральнікі і разбаўляльнікі, якія не абкладаюцца пошлінамі. Рээкспартаваць можна, але, калі ласка, заплаціце пошліну".

18 ліпеня Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы заявіў, што калі ёсць парушэнні дамоўленасцей аб умовах паставак нафтапрадуктаў, то вінаватыя павінны панесці адказнасць.

Паведамленне аб тым, што ў краіну спыніліся пастаўкі "нафты", прымусіла задумацца аб наступствах.

Знешнегандлёвы баланс — у мінус

Дзяржаўныя органы Беларусі з радасцю адрапартавалі аб тым, што за пяць месяцаў года станоўчае сальда гандлю таварамі і паслугамі перавысіла 3 млрд долараў пры гадавым прагнозе 1-1,5 млрд. Гэта сапраўды вялікія лічбы. І доля незаконных растваральнікаў і разбаўляльнікаў тут досыць вялікая.

Год таму знешнегандлёвы баланс быў галаўным болем урада і складаў мінус 2,5 млрд долараў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў, аднак, цяперашнім аптымістычным лічбам урада не вельмі радуецца. Паводле яго слоў, бягучы рахунак гандлёвага балансу краіны (ён, акрамя знешнегандлёвага сальда, уключае сальда па даходах і сальда трансферту) вагаецца каля нуля. А тое, што мы нібыта столькі зарабілі, Злотнікаў называе ўдалым збегам акалічнасцей.

"Так ўдала для Беларусі супала, што выраслі не толькі аб'ёмы экспарту нафтапрадуктаў, але і цэны на іх, уключаючы растваральнікі-разбаўляльнікі. Гэта вельмі моцна ўплывае на сальда", — кажа эканаміст.

Ён звярнуў увагу, што з пачатку года на 24% упаў экспарт калійных угнаенняў — другая пасля нафтапрадуктаў пазіцыя беларускага экспарту. А ўгнаенні і нафтапрадукты — гэта каля 60% усяго экспарту краіны. Такім чынам, калі звышпрыбытковы экспарт растваральнікаў-разбаўляльнікаў Беларусі ўсё ж давядзецца спыніць, знешнегандлёвы баланс можа сысці ў глыбокі мінус.

За балансам — дэвальвацыя

Такое развіццё падзей здольна прывесці да таго, што на валютным рынку попыт на замежную валюту перавысіць прапанову. Аналітыкі лічаць, што ўжо ў верасні на падтрымку курса рубля пачнуць выдаткоўвацца рэзервы.

"Паляпшэнне сальда плацежнага балансу адбылося ў першым паўгоддзі за кошт гандлю мінеральнымі прадуктамі, якія фарміравалі львіную долю валютнай выручкі", — нагадвае аналітык Forex club у Беларусі Валерый Палхоўскі. У выпадку, працягвае ён, калі растваральна-разбаўляльны бізнес будзе прыціснуты, існуе верагоднасць, што трэнд разгорнецца ў супрацьлеглы бок і ў плацежным балансе мы ўбачым дэфіцыт. "Такое развіццё падзей будзе аказваць ціск на курс беларускага рубля", — лічыць Палхоўскі.

Аналітык думае, што Нацбанк не будзе траціць значныя золатавалютныя рэзервы для падтрымання курса нацыянальнай валюты. "Мінулы год паказаў, што гэта няўдзячны занятак: можна і рэзервы распрадаць, і ўсё роўна прыйсці да неабходнасці правядзення дэвальвацыі", — адзначае Палхоўскі.

Таму, мяркуе ён, у выпадку ўзнікнення ўстойлівага дэфіцыту замежнай валюты з-за згортвання разбаўляльнага бізнесу будзе абрана меншае з горшага, а менавіта павольная дэвальвацыя.

Шантаж

Зрэшты, як лічаць аналітыкі, дэвальвацыя можа і не быць павольнай — калі Расія звернецца ў суд за спагнаннем пошліны на нафту і за адзін раз "выпампуе" з Беларусі ўсе яе вясёлкавыя валютныя паказчыкі.

Аднак, як лічыць Злотнікаў, Масква пойдзе на іншы крок: "Расія наўрад ці будзе даваць ход гэтай справе. Не выключана, вядома, што растваральнікі-разбаўляльнікі ўрэшце будуць уведзены ў спіс тавараў, экспарт якіх абкладаецца вывазной пошлінай. Але гэтым усё і скончыцца", — прагназуе Злотнікаў.

На яго думку, патрабаваць ад Беларусі кампенсацыі Масква не будзе. "Хутчэй за ўсё, гэта стане яшчэ адным прадметам гандлю: калі вы нам не прадасце тое, што нас цікавіць, мы вам нагадаем аб нявыплачаных пошлінах. Расія зацікаўлена не столькі ў пошлінах, колькі ў шантажы імі", — мяркуе эканаміст.

Так што рана ці позна за сумніўны бізнес прыйдзецца плаціць. Справа з растваральнікамі заканчваецца, і трэба будзе шукаць новыя крыніцы даходу для беларускага бюджэту.

Сяргей Коўш
Тут і цяпер, 16 жніўня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 899


Комментарии