https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мытня і закон


Тры краіны Мытнага саюза - Беларусь, Казахстан, Расія - уступілі ў другі этап інтэграцыйнага ўтварэння: стварылі адзіную мытную тэрыторыю. Спрошчаны адміністрацыйныя працэдуры ў знешнім гандлі, адменены кантроль на ўнутранай граніцы Мытнага саюза. Мытныя органы трох краін сочаць за тым, каб усе гэтыя працэсы ажыццяўляліся без парушэнняў, у адпаведнасці з заканадаўствам. Цяпер саставы крымінальных злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў у мытным заканадаўстве трох краін у асноўным падобныя. Разам з тым ёсць і нязначныя адрозненні. Аб тым, чым адрозніваюцца крымінальнае, адміністрацыйнае і адміністрацыйна-працэсуальнае заканадаўствы Беларусі, Казахстана і Расіі, якое пакаранне чакае парушальнікаў у кожнай з краін ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

Такое злачынства, як кантрабанда, ёсць у крымінальных кодэксах усіх краін Мытнага саюза і прадугледжвае крымінальную адказнасць за незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу тавараў, якія можна аднесці да тых, што маюць павышаную небяспеку. Гэта наркатычныя сродкі, псіхатропныя, моцнадзейныя, ядавітыя, атрутныя, радыеактыўныя або выбуховыя рэчывы, узбраенне, часткі або кампаненты боепрыпасаў, ядзернай, хімічнай, біялагічнай і іншых відаў зброі масавага паражэння і іншыя такія тавары.

Разам з тым ёсць некаторыя адрозненні. Так, у Крымінальным кодэксе РФ прадугледжваецца адказнасць за незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу (кантрабанду) любых тавараў (не толькі небяспечных), калі іх кошт складае буйную суму. Акрамя таго, да аб'ектаў гэтага злачынства адносяцца стратэгічна важныя сыравінныя тавары, а таксама культурныя каштоўнасці, адносна якіх устаноўлены спецыяльныя правілы перамяшчэння праз мытную граніцу Расіі (незалежна ад кошту).

Аналагічны артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі такіх норм не змяшчае. У РБ прадугледжваецца адказнасць за незаконнае перамяшчэнне (кантрабанду) акрамя вышэйпералічаных таксама тавараў, якія аднесены да катэгорыі абмежаваных або забароненых да перамяшчэння праз мытную граніцу, калі іх кошт перавышае 2 тыс. базавых велічынь. У той жа час, у адрозненне ад КК РФ, адказнасць прадугледжана за незаконнае перамяшчэнне састаўных частак зброі або яе кампанентаў, што дае магчымасць прадухіліць увоз зброі па частках.

У Крымінальным кодэксе Казахстана ёсць два падобныя саставы злачынства "Кантрабанда": "Эканамічная кантрабанда" і "Кантрабанда выключаных з абарачэння прадметаў або прадметаў, абарачэнне якіх абмежавана". Аб'екты злачыннага замаху гэтых артыкулаў практычна супадаюць з аб'ектамі "кантрабанды" ў Крымінальных кодэксах Беларусі і Расіі. Разам з тым устаноўлена павышаная адказнасць за перамяшчэнне наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў у асабліва буйным памеры.

У КК Расіі прадугледжана крымінальная адказнасць за "незаконны экспарт або перадачу сыравіны, матэрыялаў, абсталявання, тэхналогій, навукова-тэхнічнай інфармацыі, незаконнае выкананне работ (аказанне паслуг), якія могуць быць выкарыстаны пры стварэнні зброі масавага паражэння, узбраенняў, ваеннай тэхнікі". У гэтым артыкуле больш дэталёва пералічваюцца аб'екты злачынства. Аналагічнае злачынства ў КК Беларусі ("Незаконны экспарт або перадача ў мэтах экспарту аб'ектаў экспартнага кантролю") прадугледжвае адказнасць як за закончанае перамяшчэнне, так і за замах у выглядзе перадачы аб'екта злачынства ў мэтах экспарту. А ў КК Казахстана крымінальная адказнасць за гэта дзеянне не прадугледжана.

Ёсць адрозненні і ў пакараннях за ўхіленне ад выплаты мытных плацяжоў. Такое злачынства, як "Ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў, што спаганяюцца з арганізацый або фізічных асоб", у Крымінальным кодэксе Расіі прадугледжвае больш кваліфікаваны састаў, чым "Ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў" у Крымінальным кодэксе Беларусі. Гэта значыць, у расійскім заканадаўстве размова ідзе аб ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў у асабліва буйным памеры. А ў Крымінальным кодэксе Казахстана "Ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў і збораў" прадугледжвае павышаную адказнасць за ўчыненне злачынства службовай асобай з выкарыстаннем службовага становішча і арганізаванай групай або злачыннай суполкай (злачыннай арганізацыяй). У астатнім гэтыя артыкулы супадаюць.

Істотна адрозніваецца і велічыня буйнога памеру. У КК Казахстана - гэта 1000 МРП (месячных разліковых паказчыкаў), або каля 270 тыс. расійскіх рублёў, у КК РФ - 500 тыс. расійскіх рублёў, у КК Беларусі - 2 тыс. базавых велічынь, або прыкладна 776 тыс. расійскіх рублёў.

Што датычыцца саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, то значная іх частка часткова або поўнасцю супадае. Адрозненні ёсць у тэрміналогіі, што з'яўляецца вынікам рознай тэрміналогіі ў мытным заканадаўстве.

Суб'екты адміністрацыйнай адказнасці таксама практычна супадаюць. Пры гэтым у Беларусі павышаную адказнасць нясуць фізічныя асобы - індывідуальныя прадпрымальнікі, у Расіі - службовыя асобы. У Беларусі службовыя асобы павышаную адказнасць не нясуць, хоць службовай асобай шкода можа быць нанесена значна большая, чым звычайным грамадзянінам. У Казахстане акрамя фізічных асоб, службовых асоб і юрыдычных асоб, суб'ектамі адміністрацыйнай адказнасці з'яўляюцца юрыдычныя асобы - суб'екты малога, сярэдняга і буйнога прадпрымальніцтва, а таксама юрыдычныя асобы - некамерцыйныя арганізацыі.

Ёсць істотныя адрозненні ў велічыні адміністрацыйных штрафаў. Іх памеры ў Беларусі значна вышэйшыя, чым у Расіі і Казахстане. Так, мінімальны памер штрафу за перамяшчэнне тавараў праз мытную граніцу без мытнага кантролю (ч.1 арт. 421 КоАП РК, ч.1 арт. 16.18 КоАП РФ, арт. 14.02 КоАП РБ) на фізічную асобу складае ў Казахстане - 5 МРП (каля 1350 расійскіх рублёў), у РФ - каля 1500 расійскіх рублёў, у Беларусі - 20 базавых велічынь, або прыкладна 7777 расійскіх рублёў.

Краіны Мытнага саюза дамовіліся аб аднолькавым падыходзе прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, захаванні прынцыпаў роўнасці перад законам, роўнасці абароны правоў і законных інтарэсаў асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным і адміністрацыйным працэсах на тэрыторыі Мытнага саюза. З гэтай мэтай 5 ліпеня 2010 года бакі падпісалі два міжнародныя дакументы: Дагавор аб асаблівасцях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне мытнага заканадаўства Мытнага саюза і дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Пагадненне аб прававой дапамозе і ўзаемадзеянні мытных органаў дзяржаў - членаў Мытнага саюза па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Дагаворам з улікам агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права для забеспячэння выканання мытнага заканадаўства Мытнага саюза і дзяржаў - членаў МС вызначаны прынцыпы і парадак прыцягнення да крымінальнай і (або) адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні мытнага заканадаўства. Кантроль за выкананнем мытнага заканадаўства ўскладзены на мытныя органы трох краін. Устаноўлены адзіныя нормы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўчыненне крымінальных злачынстваў на тэрыторыі некалькіх дзяржаў-удзельніц. У прыватнасці, асоба, якая ўчынiла адміністрацыйнае правапарушэнне на мытнай тэрыторыі Мытнага саюза, падлягае прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці па заканадаўству таго боку, на тэрыторыі якога выяўлена гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. У гэтым выпадку адміністрацыйны працэс (вядзенне) ажыццяўляецца па заканадаўству той краіны, у якой асоба прыцягваецца або падлягае прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці.

Пагадненне таксама ўлічвае агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права. Дакумент прызначаны забяспечыць больш шырокае садзейнічанне ў расследаванні крымінальных спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і павысіць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў гэтай галіне, вызначае парадак узаемадзеяння пры расследаванні крымінальных спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыйнага абмену. Практычная рэалізацыя пагаднення будзе садзейнічаць забеспячэнню выканання мытнага заканадаўства, дакладнага прымянення яго норм, якія ўстанаўліваюць крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за парушэнні. Гэта павысіць аператыўнасць у расследаванні крымінальных спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама якасць іх расследавання.

Такім чынам, прынятыя дакументы дадуць магчымасць мытным службам Беларусі, Казахстана, Расіі дзейнічаць узгоднена і, нягледзячы на некаторыя адрозненні ў заканадаўствах трох краін, прымяняць адзіныя падыходы да прыцягнення да адказнасці за парушэнні мытнага заканадаўства.

Лілія Крапівіна
28 июля 2010, БЕЛТА

 

Кoличество переходов на страницу: 1297


Комментарии