— Леанід Фёдаравіч, прабачце за прамату, але якім ветрам вас туды занесла? Форум, як вынікае з яго назвы, быў прысвечаны юбілею, мякка кажучы, далёка не самай эфектыўнай міжнароднай арганізацыі. Уяўляю, які ж там панаваў сум: суцэльныя сухія даклады-справаздачы, у якіх напрыканцы абавязкова гучаў казённы аптымізм адносна светлай будучыні Садружнасці.
Л.Ф. Заіка: — Па-першае, вецер тут не пры чым, мяне запрасілі выступіць на форуме. Па-другое, вы, відаць, як і многія, знаходзіцеся ў палоне старых стэрэатыпаў аб СНД. Сапраўды, раней шмат мерапрыемстваў пад эгідай СНД так і праходзілі: сумна і невыразна. Але цяперашні сакавіцкі форум, яго парадак дня выгадна адрозніваліся цікавай, змястоўнай і злабадзённай дыскусіяй, якая напрамую тычылася нашай будучыні. Вастрыню размове надаваў удзел у ёй разам з вядомымі прадстаўнікамі органаў выканаўчай і заканадаўчай улады вялікага бізнэсу, буйных інвестыцыйных і фінансавых арганізацый, даследчых і экспертных цэнтраў, прафесійных саюзаў і аб'яднанняў усіх краін Садружнасці, у тым ліку і Беларусі. Самая галоўная навіна форуму: упершыню за амаль 20 гадоў існавання СНД прагучаў і быў падтрыманы прысутнымі дакладны і ясны тэзіс аб неабходнасці фарміравання на постсавецкай прасторы новай міждзяржаўнай супольнасці пад умоўнай пакуль назвай — Еўразійскі саюз. Размова ішла аб прадуманым, узважаным фундаментальным падыходзе да будучыні шэрагу краін Садружнасці. У іх цяпер з'явілася новая стратэгічная перспектыва — Еўразійскі саюз.
— І што ён будзе ўяўляць сабой як арганізацыя, дакладней, як новы саюз?
Л.Ф. Заіка: — Мяркуецца, што гэта ў пэўным сэнсе будзе новая канструкцыя міждзяржаўнага будаўніцтва. Нас чакае паступовая трансфармацыя краін Садружнасці ў Еўразійскі саюз. Саюз, які павінен прыйсці на змену часам аморфнай, недакладнай, нерашучай і не заўсёды зразумелай і паслядоўнай СНД, у рамках якой лічылася нормай не выконваць сумесна прынятыя рашэнні. Невыпадкова за Садружнасцю замацавалася рэпутацыя пляцоўкі для кансультацый кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, свайго роду камунікатыўнага цэнтра, дзе яны падчас самітаў перыядычна сустракаліся, абменьваліся думкамі, поглядамі і ўражаннямі. Цяпер, безумоўна, краіны СНД падышлі да новага гістарычнага этапу ў сваім развіцці.
— Цікавы паварот перад юбілейнай сустрэчы. Некалькі слоў аб яе выніках.
Л.Ф. Заіка: — Арганізатарамі сустрэчы сталі Выканаўчы камітэт Садружнасці і Дзелавы цэнтр эканамічнага развіцця СНД. Магчыма, дзякуючы апошняму форум ні ў якім разе не нагадваў пустую гаварыльню. Быў зроблены глыбокі (адзначаю як эканаміст) аналіз 20-гадовай дзейнасці СНД. У рамках разгляду Стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці да 2020 года ўдалося грунтоўна абмеркаваць актуальныя праблемы Дагавора аб зоне свабоднага гандлю, Міждзяржаўную мэтавую праграму інавацыйнага супрацоўніцтва, шэраг перспектыўных праектаў, акрэсліць пэўныя механізмы наступнага ўмацавання эканамічнага супрацоўніцтва краін Садружнасці. Гэтаму ў многім садзейнічала работа дыялогавай пляцоўкі "Развіццё дзелавога клімату ў СНД: прэзентацыя магчымасцяў". Удзельнікі дыскусій змаглі абмяняцца меркаваннямі з прадстаўнікамі органаў выканаўчай улады і бізнэсу для наступнага пашырэння дзелавых сувязяў. Завяршыўся форум прыняццем выніковага дакумента, які, відаць, ужо перададзены ў вышэйшыя органы заканадаўчай і выканаўчай улады краін Садружнасці ў якасці аналітычнай і рэкамендацыйнай інфармацыі. Мэты форуму, на мой погляд, былі дасягнутыя.
— А як удзельнікі форуму паставіліся да стварэння Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, вынікаў пасяджэнняў Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы і Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці (Вышэйшага органа Мытнага саюза) на ўзроўні кіраўнікоў урадаў трох краін, якія нядаўна прайшлі ў Мінску?
Л.Ф. Заіка: — Гэта тэма выклікала ў іх асаблівы і вялікі інтарэс. А падвядзенне першых вынікаў дзейнасці Мытнага саюза і перспектывы стварэння Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) увогуле, калі казаць сучаснай моладзевай мовай, сталі "хітом" форуму. Многія ўдзельнікі форуму разглядалі гэтыя знакавыя зрухі на постсавецкай прасторы як платформу, пачатак, першыя крокі ў напрамку стварэння палітычна ўплывовага і эканамічна магутнага, незалежнага, сацыяльна ўстойлівага Еўразійскага саюза. Аб ім палітыкі, навукоўцы, эксперты, аналітыкі, палітолагі гаварылі нават як аб увогуле новым цывілізацыйным аб'яднанні.
— Не здалося вам, што гэта ідэя — новая чарговая і добра замаскіраваная ініцыятыва Крамля для ўмацавання свайго ўплыву ў постсавецкіх рэспубліках?
Л.Ф. Заіка: — Не здалося. Крэмль я бы тут разглядаў як адно з цэнтральных звенняў будучага новага саюза. У Маскве, як і ў Мінску і Астане, выдатна разумеюць, што тое "воблака ў штанах", якім усе 20 гадоў фактычна з'яўлялася СНД, у свеце сучасных міжнародных выклікаў не можа ўжо існаваць у сістэме былых каардынат. Хопіць краінам СНД займацца самаідэнтыфікацыяй, пераконваць іншых у сваёй значнасці і самастойнасці. Памятаеце, напрыклад, у Грузіі і Украіны на ўсе праблемы быў свой пункт погляду, свае падыходы да іх вырашэння і г. д. Можна было падпісаць ва ўрачыстай абстаноўцы падчас саміту пакет важных міждзяржаўных дакументаў, а потым іх не выконваць ці выконваць выбарачна, толькі тыя, якія здаюцца правільнымі. А жыццё тым часам няўмольна ішло наперад, нашы ўзаемаадносіны са знешнім светам паступова пераходзяць у іншае рэчышча. Таму Еўразійскі саюз можна разглядаць як вымушаную, але своечасовую меру.
— І яго асновай стане Садружнасць Незалежных Дзяржаў?
Л.Ф. Заіка: — Не зусім так. Тут не ў змене назвы справа, а ў сутнасці новага саюза. Яго ядро ўжо ёсць — Беларусь, Расія і Казахстан. Яны здолелі пераадолець рознагалоссі, супярэчнасці, дамовіцца па прынцыповых пытаннях і стварыць рэальна дзейны Мытны саюз, ушчыльную падысці да стварэння Адзінай эканамічнай прасторы. Чым не прыклад для іншых краін СНД? Бо ў межах "тройкі" ёсць рынак свабоднага руху тавараў, капіталаў і працоўнай сілы. Дадайце сюды магутны міжнародны фінансавы цэнтр АЭП. Усё гэта будзе садзейнічаць істотнаму ажыўленню дзелавой актыўнасці. Дарэчы, такім шляхам некалі рухалася наперад еўрапейская інтэграцыя. Яе здабыткі і няўдачы ўяўляюць для нас карысны досвед. Яго неабходна ўлічваць.
— Але як улічваць асаблівую пазіцыю такой важнай краіны-ўдзельніцы СНД, як Украіна? Яна, як вядома, усімі фібрамі сваёй украінскай душы імкнецца ў другі саюз — Еўрапейскі. Як тут быць з нашай паўднёвай славянскай суседкай?
Л.Ф. Заіка: — Я бы параіў спачатку яе палітыкам кінуць спробы з камфортам уладкавацца адразу на двух крэслах. У палітыцы гэты занятак рызыкоўны. Можна зваліцца і балюча ўдарыцца. Таму Украіне трэба дакладна вызначыцца: з кім яна мяркуе звязаць свой лёс — з Еўразійскім ці Еўрапейскім саюзам? З апошнім яе палітыкі мараць аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, увогуле далучыцца да Еўрасаюза ў рэшце рэшт. Марныя спадзяванні. У бліжэйшыя 10 гадоў гэта пытанне нават не будзе сур'ёзна разглядацца ў Брусэлі. Так, нешта паабяцаюць украінскім братам, паляпаюць па-сяброўску па плячы, дадуць так званыя хатнія заданні ў якасці падрыхтоўкі для наступных тэстаў, але ўсё пакуль хутчэй за ўсё абмяжуецца на ўзроўні перамоў і размоў. Хопіць Брусэлю галаўнога болю з Грэцыяй, Партугаліяй, Іспаніяй. ЕС ужо не хоча браць на эканамічны буксір новыя праблемныя краіны. А пасля ўступлення Украіны ў ЕС там не хопіць сродкаў ніякіх стабілізацыйных фондаў, золатавалютных запасаў. Атрымоўваецца, што для Украіны застаецца ўсё менш часу, каб даць канчатковы адказ наконт членства ў Еўразійскім саюзе. Таму што быць адразу ў двух інтэграцыях немагчыма.
— Між іншым, літаральна за тры дні да маскоўскага эканамічнага форуму СНД у Мінску старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі даў адназначна зразумець, што наступствы недалучэння да Мытнага саюза будуць цяжкімі для Украіны. Ён мае рацыю?
Л.Ф. Заіка: — Так. Сказана даволі жорстка, але прынцыпова і, па сутнасці, правільна. На форуме ў Маскве Украіну ў больш мяккай форме заклікалі зрабіць свой выбар, маўляў, уважліва паглядзіце, дакладна ацаніце, з кім вам будзе лепш. Я, напрыклад, падчас дыскусіі выказаўся за тое, каб членства ў Мытным саюзе новых краін было поўным і без усялякіх адхіленняў, са строгай дысцыплінай выкання ўсіх узятых абавязацельстваў. Толькі тады Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора будуць эфектыўнымі, інакш яны паўтораць сумны лёс СНД. Я ўпэўнены, што лідарам Беларусі, Расіі і Казахстана ні ў якім разе не трэба рознымі пернікамі заманьваць Украіну ў Мытны саюз на асаблівых умовах. Ён тады разваліцца. Усе правілы гульні аднолькавыя для ўсіх.
Няма сярод уплывовых украінскіх палітыкаў аднадушнасці па гэтым пытанні? Няхай тады правядуць рэферэндум. Такім чынам у свой час да ЕС далучаліся многія яго новыя члены. Гэта справядліва і аб'ектыўна. Народу Украіны вырашаць, як яму жыць надалей. А вось тактыка сядзення на двух крэслах можа прывесці да таго, што Украіна не трапіць ні ў Еўразійскі, ні ў Еўрапейскі саюз. Наступствы гэтага сапраўды будуць цяжкімі.
— А да якой структуры Украіне было б лагічна далучыцца?
Л.Ф. Заіка: — Яе эканамічная актыўнасць, шматлікія дзелавыя сувязі і інтарэсы знаходзяцца пераважна ў Расіі і Беларусі, крыху менш у Казахстане. І я не думаю, што пасля (уявім такое) стварэння Украінай зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам нам стане горш. Не. Украіне стане горш, яна страціць сваіх гістарычных і стратэгічных партнёраў.
— А можа, Украіна разумнейшая за нас і не бачыць будучыні для Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, а таму і не імкнецца туды? Ці ёсць у іх будучыня? Што гаварылі на форуме ў Маскве на гэты конт?
Л.Ф. Заіка: — Дыскусій было шмат. Большасць выступоўцаў казала: вялікім плюсам Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы з'яўляецца тое, што яны фарміруюцца па прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі. А гэта абумоўлівае ў будучыні больш хуткае, чым здаецца сёння, эканамічнае збліжэнне з Еўрапейскім саюзам — нашым вельмі важным гандлёвым партнёрам. Дык чаму б і Украіне не выбраць такі шлях збліжэння з любімым ёю ЕС? І хто ведае, можа, з часам збліжэнне двух саюзаў скончыцца стварэннем адзінай эканамічнай прасторы ад Атлантычнага да Ціхага акіяна. Мы жывём у эпоху імклівых змен і пераўтварэнняў.
Леанід Лахманенка
Звязда, 24 сакавіка 2011
Кoличество переходов на страницу: 1352
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |