За рашэньнем Крамля пачаць зьнішчальную кампанію супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі цяжка ўбачыць уцямную стратэгію. Масква абураная процідзеяньнем Лукашэнкі стварэньню мытнага саюзу Беларусі, Казахстана і Расеі, аднак стратэгія, мэта якой зьняважыць Лукашэнку і аслабіць ягоны рэжым – гэта шлях у нікуды.
Масква сутыкаецца з моцным супрацівам Лукашэнкі яе плянам палітычнай і эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Лукашэнка ў сваю чаргу бачыць у гэтых інтэграцыйных плянах і ў скасаваньні расейскіх эканамічных субсыдый прамую пагрозу сваёй аўтарытарнай уладзе, асабліва ў момант, калі ён імкнецца атрымаць свой чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін у пачатку 2011 году.
Зразумела, што Маскве спадабалася б Беларусь без Лукашэнкі, але яна не зрабіла нічога, каб падрыхтаваць глебу для пераменаў у Менску, якія Масква магла б кантраляваць. У апазыцыі ня існуе фігураў, якія Масква магла б падтрымаць. Усе апазыцыянэры заклікаюць да інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз і невядомыя за межамі Менску і Брусэлю. Стаўка на прэм’ера Сяргея Сідорскага бяз згоды Лукашэнкі была б асуджаная на правал.
Рэйтынг папулярнасьці Лукашэнкі – каля 50%, рэйтынгі ягоных апанэнтаў меншыя за 10%. Такім чынам Лукашэнка з’яўляецца відавочным фаварытам выбраў, якія адбудуцца ў наступным годзе.
Масква спрабавала запалохаць беларускага прэзыдэнта інфармацыйнымі атакамі. Ідэя палягала ў тым, каб прымусіць яго ставіцца больш паважліва да пажаданьняў Масквы. Але гэтая тактыка мае свае межы, і пры яе рэалізацыі цяжка павярнуць назад, не губляючы твар. Да таго ж яна пакідае Лукашэнку магчымасьць крокаў у адказ.
Калі вы абвінавачваеце замежнага лідэра ў арганізацыі палітычных забойстваў, вам лепш мець доказы. Каб вашы словы не разыходзіліся са справамі, вы павінны прыцягнуць яго да суду, як гэта зрабілі Злучаныя Штаты з Садамам Хусэйнам.
Найменш рызыкоўнай стратэгіяй было б захаваньне эканамічнага ціску на Лукашэнку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ў спалучэньні з прапановай яму саліднага пакету гарантыяў і бонусаў у выпадку мірнага сыходу.
Менш прымальным варыянтам ёсьць непрызнаньне вынікаў выбараў у Беларусі; гэта патрабуе шчыльнай каардынацыі з Вашынгтонам і Брусэлем.
Проста лаянка на адрас Лукашэнкі не зьяўляецца стратэгіяй.
Радыё Свабода, 26 ліпеня 2010
Кoличество переходов на страницу: 978
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |